Верхняя Лужыца
Ве́рхняя Лу́жыца (па-нямецку: Oberlausitz, па-верхнелужыцку: Hornja Łužica, па-дольнасорбску: Górna Łužyca, па-польску: Łużyce Górne, па-чэску: Horní Lužice) — гістарычная вобласьць у Нямеччыне і Польшчы. Разам зь Ніжняй Лужыцай складае вобласьць Лужыцу, названую ад славянскага племені лужычаў. Абедзьве Лужыцы населеныя лужыцкай меншасьцю.
Большая частка Верхняй Лужыцы ўваходзіць у склад нямецкай Саксоніі, прыкладна ахопліваючы раёны Баўцэн і Гёрліц. Паўночна-заходняя частка з Руляндам і Тэтаў уваходзіць у брандэнбурскі раён Верхні Шпрэевальд-Ляўзыц. Польская частка, на ўсход ад ракі Нысы, адносіцца да Ніжнесылескага ваяводзтва. Невялікая палоска зямлі на поўначы вакол Лэнкніцы, як і польская частка Ніжняй Лужыцы, адносіцца да Любускага ваяводзтва.
Гістарычны цэнтар Верхняй Лужыцы — Будышын (Баўцэн), найвялікшае места — Гёрліц/Згажэлец, з 1945 року падзелены між Нямеччынай і Польшчай. Назва Lusatia superior упершыню занатаваная ў 1474 року як адрозьненьне ад паўночных земляў Ніжняй Лужыцы, якая тады мела назву Лужыцкая марка. Іншая назва Верхняй Лужыцы — Мільска — паходзіць ад заходнеславянскага племені мільчанаў.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У раньнім бронзавым веку (XI—IX стагодзьдзі да Н. Хр.) на незаселеную тэрыторыю прыйшлі плямёны лужыцкай культуры з Багеміі і Лужыцкай Нысы. Ля Лёбаў знойдзенае ўмацаваньне, датаванае X стагодзьдзем да Н. Хр. На скале над Шпрэе паўстала яшчэ адно паселішча, дзе пазьней быў збудаваны замак Ортэнбург(de).
З VII стагодзьдзя рэгіён насялілі славяне. На абшары між сучаснымі местамі Каменц і Лёбаў разьмяшчалася племя мільчанаў. Іхнім цэнтрам было ўмацаванае места, дзе цяпер разьмяшчаецца баўцэнскі замак Ортэнбург. Яшчэ адно раньняе славянскае паселішча знаходзілася ў даліне Нысы. Умацаваныя гарадзішчы зьяўляліся племяннымі цэнтрамі і месцам пражываньня правадыроў плямёнаў.
У X стагодзьдзі Генрык Птушнік зьдзейсьніў шэраг наездаў з мэтай паняволеньня палабскіх славянаў. У 932 мільчане былі вымушаныя плаціць даніну. Па сьмерці Генрыка яны непрацяглы час мелі свабоду, аднак ужо ў 939 року зноў былі заваяваныя Атонам I. У выніку Мільска стала часткай Саксонскай маркі, а з 965 — навастворанай Майсенскай маркі.
З 1002 року польскі князь Балеслаў I Храбры неаднакроць заваёўваў Лужыцкую марку, а 30 студзеня 1018 паводле Баўтцэнскага міру з каралём Нямеччыны й імпэратарам Сьвятой Рымскай імпэрыі Генрыхам II Балеслаў Храбры далучыў Лужыцу да Польшчы.
У 1031—1032 роках Верхняя Лужыца была вернутая Нямеччыне і ўвайшла ў склад маркграфства Майсэн.
У 1156 імпэратар Фрыдрых Барбароса заключыў хаўрус з князем Уладзіславам II Пржэмыславічам, паабяцаўшы яму карону і аддаўшы Ортэнбурскі замак ды Будысінскую зямлю. З гэтага часу пачаўся першы чэскі пэрыяд у гісторыі Верхняй Лужыцы.
З пачаткам гусіцкіх войнаў XV стагодзьдзя Лужыцкая ліга процістаяла Рэфармацыі. За гэта гусіты захапілі і разбурылі Каменц, Райхенбах і Лёбаў; выстаяць здолелі толькі Цытаў і Ляўбан. У 1469 Верхняя Лужыца нават аддзялілася ад Багеміі з-за утраквісцкага вызнаньня караля Іржы з Падэбрадаў, і перайшла на бок вугорскага караля Мацея Корвіна. Аднак па ягонай сьмерці ў 1490 року рэгіён вярнуўся ў валоданьне чэскай Кароны.
З пачаткам Рэфармацыі Лютэравы ідэі хутка распаўсюдзіліся ў Верхняй Лужыцы, нягледзячы на супрацьстаяньне шляхты і караля Людвіка II. У Гёрліцы і Баўцэне пратэстанцтва было афіцыйна прынятае ўжо ў 1523 і 1524 роках адпаведна, а празь некалькі дзесяцігодзьдзяў яно распаўсюдзілася па ўсёй вобласьці.
У 1635 року Лужыца паводле Праскага міру адышла да Саксоніі, а ў 1815 паўночна-ўсходняя частка была аддадзеная Прусіі.
13 кастрычніка 1913 году ў Воярацах быў заснаваны Зьвяз лужыцкіх сэрбаў «Домавіна».