Перайсьці да зьместу

Другая расейска-чачэнская вайна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «ДРЧВ»)
Другая расейска-чачэнская вайна
Моладзь у чачэнскім войску (1999)
Дата: 26 жніўня 1999 — 15 красавіка 2009
Месца: Ічкерыя
Прычына: Уварваньне(en) Ісламскай міжнароднай брыгады ў Дагестан
Вынік: Расейская акупацыя Ічкерыі
Тэрытарыяльныя
зьмены:
Улучэньне Ічкерыі ў склад Расеі
Супернікі
РасеяЧачэнская Рэспубліка Ічкерыя
Камандуючыя
Аляксандар Баранаў(en)Доку Ўмараў
Колькасьць
80 тыс. (1999)22 тыс. (1999)
Страты
7217 забітых, 15 549 параненых16 299 забітых
Агульныя страты
30 886 забітых цывільных

Другая расейска-чачэнская вайна — 10-гадовая вайна Расеі супраць Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыі, што цягнулася са жніўня 1999 году да красавіка 2009-га і скончылася зьнішчэньнем дэ-факта незалежнай чачэнскай дзяржаўнасьці. Пачалася праз 10 дзён пасьля заняцьця Ўладзімерам Пуціным пасады прэм’ер-міністра Расеі. Ён заявіў аб незаконнасьці ўлады Аслана Масхадава (кіраўніка Ічкерыі) і чачэнскага парлямэнту.

Паветраныя бамбаваньні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

6-8 верасьня 1999 г. расейскія бамбавікі ў ходзе паветраных налётаў на сёлы Ведзяно, Нажай-Юрт(en) і Замай-Юрт(ce) (Нажай-Юртаўскі раён(en)) забілі 26 мірных жыхароў[1]. 10 верасьня лік ахвяраў расейскіх паветраных бамбаваньняў дасягнуў 128 чалавек[2]. 23 верасьня расейскія самалёты нанесьлі ракетныя ўдары па грозьненскім лётнішчы(en) імя шэйха Мансура і пасёлку Долінскі(ru) (Грозьненскі раён)[3]. 24 верасьня ахвярамі расейскага бамбаваньня складоў з палівам і тэлевізійных будынкаў у ваколіцах Грознага сталі 9 чалавек[4]. Агулам 23-30 верасьня расейская авіяцыя зрабіла звыш 350 баявых налётаў на Чачэнскую Рэспубліку Ічкерыю, у тым ліку 30 верасьня нанесла 20 ракетна-бомбавых удараў. За час расейскіх бамбаваньняў загінула 600 жыхароў краіны[5].

Пачатак наземнага ўварваньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

30 верасьня 1999 г. расейская бранятанкавая калёна на 10 км заглыбілася на тэрыторыю Навурскага раёну(en) Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя[6]. 5 кастрычніка расейскае войска захапіла паўночны бераг ракі Церак[7]. Расейскае лётнае войска працягвала панаваць у паветры праз адсутнасьць у чачэнскага войска самалётаў. У выніку бамбаваньня працягвалі гінуць і мірныя жыхары. На 11 кастрычніка ад пачатку расейскага ўварваньня чачэнскае войска страціла каля 200 жаўнераў забітымі[8]. 12 кастрычніка расейскія войскі працягнулі наступ вакол Грознага. 29 кастрычніка расейская авіяцыя абстраляла ля вёскі Шамі-Юрт(ce) (Ачхой-Мартанаўскі раён(en)) канвой Чырвонага Крыжа, забіўшы 27 чалавек[9].

На 4 лістапада чачэнскае войска налічвала каля 22 тыс. жаўнераў і мела на ўзбраеньні 28 танкаў, 60 адзінак бранятэхнікі, некалькі рэактыўных сыстэмаў залпавага агню (РСЗА) «Град» і 70 пераносных зэнітных ракетных комплексаў (ЗРК) «Стынгер»[10]. 8 лістапада расейскае войска выпусьціла 100 ракетаў па сёлах Бамут (Ачхой-Мартанаўскі раён), Ведзяно, Ітум-Кале, Сернаводзкая(ce) (Сунжанскі раён(en)) і Шатой. Ад пачатку вайны загінулі каля 4 тыс. чалавек[11]. 11 лістапада расейскія войскі пачалі баі за Шаль (места на паўднёвы-ўсход ад Грознага). Урэшце расейскія войскі пачалі здабываць месты вакол Грознага. 12 лістапада расейскае войска захапіла Гудэрмэс у выніку 2-тыднёвай аблогі[12]. 27-28 лістапада расейскія самалёты зрабілі звыш 100 баявых вылетаў. Расейская гарматніца таксама бамбавала Грозны, забіўшы звыш 500 чалавек[13].

1 сьнежня расейскае войска атачыла Аргун і бамбіла каля 30 паселішчаў Ічкерыі, найбольш сяло Алхан-Юрт(ce) (Урус-Мартанаўскі раён) і гарады Аргун, Грозны і Ўрус-Мартан[14]. Затым расейскае войска захапіла Ўрус-Мартан і Аргун. 4 сьнежня расейскае войска захапіла Алхан-Юрт, дзе забіла 17 вяскоўцаў і разрабавала хаты[15]. Тады ж расейскія вайскоўцы аб’явілі, што яны акружылі Грозны, але наступ углыб места не пачыналі. 15 сьнежня чачэнскае войска зьнішчыла на паўднёвым усходзе Грознага з процітанканкавай зброі 7 расейскіх танкаў і 8 бронетранспартэраў разам з 115 жаўнерамі, якія ўварваліся з прадмесьця Ханкалы[16]. Таксама пры дапамозе гранатамётаў удалося адбіць напад расейскай бранятанкавай калёны на паўднёвым захадзе сталіцы[17]. 17 сьнежня расейскія парашутысты захапілі памежны шлях у Грузію. 20 сьнежня расейскае войска забіла 40 з 300 чачэнскіх жаўнераў, якія спрабавалі прабіцца ў аточаны Грозны[18]. 28 сьнежня расейскія бамбавікі(en), штурмавікі(en) і агнявыя верталёты выканалі 53 вылеты[19]. На пачатак 2000 г. ад пачатку вайны загінулі 275 расейскіх жаўнераў.

9 студзеня чачэнскае войска(ru) атачыла расейскі штаб у Аргуне. Расейская авіяцыя ажыцьцявіла 80 бамбаваньняў у гарах. У выніку нападу расейскіх 160-га палка і 138-ай матарызаванай пяхотнай брыгады(en) (пас. Каменка(en), Выбарскі раён, Ленінградзкая вобласьць) на сяло Дуба-Юрт(ce) (Шалінскі раён(en)) страты расейскага войска дасягнулі 465 чалавек забітымі[20]. 10 студзеня чачэнскае войска атачыла Шалі, уступіла ў Гудэрмэс ды працягвала баі за Ачхой-Мартан, Грозны і Ўрус-Мартан[21], забіўшы за дзень 28 расейскіх жаўнераў. 12 студзеня кіраўнік расейскага войска на Паўночным Каўказе генэрал Віктар Казанцаў(en) (нар. 1946; г.п. Коханаў, Талачынскі раён, Віцебская вобласьць) абвясьціў аб накіраваньні ўсіх чачэнскіх мужчынаў ва ўзросьце ад 10 да 60 гадоў у канцэнтрацыйныя лягеры[22]. На 16 студзеня расейскае войска страціла 741 жаўнера забітымі[23]. 24 студзеня выкрылася згвалтаваньне расейскімі жаўнерамі чачэнскіх жанчынаў у Алхан-Юрце, Грозным і Шалі. Ад пачатку вайны загінулі звыш 10 тыс. жыхароў і 900 расейскіх жаўнераў, у тым ліку 529 ад пачатку месяца. 25 студзеня лік забітых расейскіх вайскоўцаў дасягнуў 1055, чачэнскіх — 400[24]. На 26 студзеня 2000 г. Міністэрства абароны і Міністэрства ўнутраных справаў Расеі страцілі са жніўня 1999 г. 1173 (25,2%) вайскоўцы забітымі і 3487 — параненымі: 830 (70,8%) забітых і 2235 (64,1%) параненых вайскоўцаў Мінабароны, 317 і 1166 адпаведна — унутраных войскаў МУС Расеі[25].

26 сьнежня 1999 г. расейскае войска пачало ўварваньне ў сталіцу з 4 бакоў, страціўшы 4 жаўнераў[26]. На 2 студзеня 2000 г. за тыдзень штурму з Грознага ў шпіталь Маздоку (Паўночная Асэтыя) паступілі каля 200 цяжка параненых расейскіх жаўнераў[27]. 3 студзеня чачэнскае войска выбіла расейскіх захопнікаў з заходняй часткі гораду і адваявала Алхан-Юрт[28]. 5 студзеня чачэнскае войска вызваліла ўсходняе прадмесьце Ханкала. На паўднёвым захадзе сталіцы паланілі 60 расейскіх жаўнераў[29]. 6 студзеня чачэнскае войска прарвала расейскую аблогу на поўдні Грознага, утварыўшы калідор для выхаду ў горы[30]. 9 студзеня расейскае войска забіла ракетным ударам па галоўнай плошчы сталіцы 240 чалавек, якія сабраліся для атрыманьня грашовай дапамогі ў Рамадан[31].

18 студзеня расейскае войска аднавіла наступ з поўначы, захаду і ўсходу[32], у ходзе якога загінуў начальнік аддзела баявой падрыхтоўкі 58-ай расейскай арміі Міхаіл Малафееў(ru)[33]. 22-23 студзеня расейскае войска страціла 30 жаўнераў забітымі. На 25 студзеня ад расейскіх бомбаў на ўсходзе сталіцы загінулі 3,5 тыс. чалавек[34]. 30 студзеня чачэнскае войска забіла 50 расейскіх жаўнераў у цэнтры Грознага[35]. 31 студзеня расейскае войска забіла 9 чачэнскіх жаўнераў і мэра Грознага Лечу Дудаева[36]. 1 лютага загінулі кіраўнік штаба абароны Грознага Асланбек Ісмаілаў(ru) і генэрал Хункарпаша Ісрапілаў[37]. Баі ў Грозным працягваліся да 2 лютага. Адным з кіраўнікоў чачэнскага войска ў Грозным быў Іса Мунаеў.

Пасьля заканчэньня баёў за Грозны пачалося заваёўваньне расейцамі гор. Чачэнцы яшчэ не былі выбітыя з Шатою й Ведзяно. Расейцы гэта ўчынілі ў лютым 2000 году. Пасьля гэтага, 29 лютага 2000 году расейскія вайскоўцы абвясьцілі аб заканчэньні вайны. Неўзабаве чачэнскія войскі нанесьлі шэраг удараў, якія сьведчылі аб здольнасьці да супраціву, нягледзячы на шэраг паражэньняў чачэнцаў (баі за Улускерт, Камсамольскае і да т. п.). Але зь цягам часу адкрытыя баі сьціхаюць. Чачэнцы ўсё больш пачынаюць займацца падрывамі й выбухамі на дарогах, дзяржаўных установаў. Шэраг чачэнскіх сэпаратыстаў, шукаючы ратунку, зьбягаюць у Грузію. Расейцы патрабуюць ад уладаў Грузіі іх выдаць. З-за гэтага ціску чачэнскія вайскоўцы прарываюцца з баямі ў Чачэнію. Да 2009 году баявыя дзеяньні паступова ў Чачэніі сьціхаюць.

Дзьмітры Мядзьведзеў сустракаецца з Аляксандрам Борнікавым па пытаньні аб заканчэньні вайны ў Чачэніі

Апоўначы 16 красавіка 2009 году расейскі ўрад скасаваў на тэрыторыі Чачэніі надзвычайнае становішча, накіраванае супраць спробаў аднаўленьня незалежнасьці Ічкерыі[38]

  1. ^ Сяржук Сокалаў-Воюш. Навіны 8 верасьня 1999 г. // Радыё «Свабода», 8 верасьня 1999 г. Праверана 15 верасьня 2014 г.
  2. ^ Віталь Тарас. Навіны 10 верасьня 1999 г. // Радыё «Свабода», 10 верасьня 1999 г. Праверана 15 верасьня 2014 г.
  3. ^ Кастусь Бандарук. Навіны 23 верасьня 1999 г. // Радыё «Свабода», 23 верасьня 1999 г. Праверана 15 верасьня 2014 г.
  4. ^ Кастусь Бандарук. Навіны 24 верасьня 1999 г. // Радыё «Свабода», 24 верасьня 1999 г. Праверана 15 верасьня 2014 г.
  5. ^ Віталь Цыганкоў. Навіны 30 верасьня 1999 г. // Радыё «Свабода», 30 верасьня 1999 г. Праверана 15 верасьня 2014 г.
  6. ^ Сяржук Сокалаў-Воюш. Навіны 1 кастрычніка 1999 г. // Радыё «Свабода», 1 кастрычніка 1999 г. Праверана 15 верасьня 2014 г.
  7. ^ Віталь Тарас. Навіны 07 кастрычніка 1999 г. // Радыё «Свабода», 7 кастрычніка 1999 г. Праверана 15 верасьня 2014 г.
  8. ^ Кастусь Бандарук. Навіны 11 кастрычніка 1999 г. // Радыё «Свабода», 11 кастрычніка 1999 г. Праверана 15 верасьня 2014 г.
  9. ^ Алена Ціхановіч. Навіны 03 лістапада 1999 г. // Радыё «Свабода», 3 лістапада 1999 г. Праверана 15 верасьня 2014 г.
  10. ^ Сяргей Навумчык. Навіны 04 лістапада 1999 г. // Радыё «Свабода», 4 лістапада 1999 г. Праверана 15 верасьня 2014 г.
  11. ^ Кастусь Бандарук. Навіны 08 лістапада 1999 г. // Радыё «Свабода», 8 лістапада 1999 г. Праверана 15 верасьня 2014 г.
  12. ^ Кастусь Бандарук. Навіны 22 лістапада 1999 г. // Радыё «Свабода», 22 лістапада 1999 г. Праверана 15 верасьня 2014 г.
  13. ^ Сяржук Сокалаў-Воюш. Навіны 29 лістапада 1999 г. // Радыё «Свабода», 29 лістапада 1999 г. Праверана 16 верасьня 2014 г.
  14. ^ Сяржук Сокалаў-Воюш. Навіны 02 сьнежня 1999 г. // Радыё «Свабода», 2 сьнежня 1999 г. Праверана 16 верасьня 2014 г.
  15. ^ Кастусь Бандарук. Навіны 23 сьнежня 1999 г. // Радыё «Свабода», 23 сьнежня 2014 г. Праверана 17 верасьня 2014 г.
  16. ^ Мікола Іваноў. Навіны 17 сьнежня 1999 г. // Радыё «Свабода», 17 сьнежня 2014 г. Праверана 17 верасьня 2014 г.
  17. ^ Віталь Тарас. Навіны 16 сьнежня 1999 г. // Радыё «Свабода», 16 сьнежня 2014 г. Праверана 17 верасьня 2014 г.
  18. ^ Кастусь Бандарук. Навіны 21 сьнежня 1999 г. // Радыё «Свабода», 21 сьнежня 2014 г. Праверана 17 верасьня 2014 г.
  19. ^ Вольга Караткевіч. Навіны 29 сьнежня 1999 г. // Радыё «Свабода», 29 сьнежня 2014 г. Праверана 17 верасьня 2014 г.
  20. ^ Віталь Тарас. Навіны 10 студзеня 2000 г. // Радыё «Свабода», 10 студзеня 2000 г. Праверана 18 верасьня 2014 г.
  21. ^ Кастусь Бандарук. Навіны 11 студзеня 2000 г. // Радыё «Свабода», 11 студзеня 2000 г. Праверана 18 верасьня 2014 г.
  22. ^ Мікола Іваноў. Навіны 12 студзеня 2000 г. // Радыё «Свабода», 12 студзеня 2000 г. Праверана 18 верасьня 2014 г.
  23. ^ Сяржук Сокалаў-Воюш. Навіны 18 студзеня 2000 г. // Радыё «Свабода», 18 студзеня 2000 г. Праверана 18 верасьня 2014 г.
  24. ^ Сяржук Сокалаў-Воюш. Навіны 26 студзеня 2000 г. // Радыё «Свабода», 26 студзеня 2000 г. Праверана 18 верасьня 2014 г.
  25. ^ Абнародаваны афіцыйныя зьвесткі аб стратах у Чачні // Зьвязда : газэта. — 27 студзеня 2000. — № 19 (23870). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  26. ^ Віталь Тарас. Навіны 27 сьнежня 1999 г. // Радыё «Свабода», 27 сьнежня 2014 г. Праверана 17 верасьня 2014 г.
  27. ^ Вольга Караткевіч. Навіны 03 студзеня 2000 г. // Радыё «Свабода», 3 студзеня 2000 г. Праверана 17 верасьня 2014 г.
  28. ^ Сяржук Сокалаў-Воюш. Навіны 04 студзеня 2000 г. // Радыё «Свабода», 4 студзеня 2000 г. Праверана 17 верасьня 2014 г.
  29. ^ Сяржук Сокалаў-Воюш. Навіны 05 студзеня 2000 г. // Радыё «Свабода», 5 студзеня 2000 г. Праверана 17 верасьня 2014 г.
  30. ^ Вольга Караткевіч. Навіны 06 студзеня 2000 г. // Радыё «Свабода», 6 студзеня 2000 г. Праверана 17 верасьня 2014 г.
  31. ^ Ягор Маёрчык. Навіны 27 студзеня 2000 г. // Радыё «Свабода», 27 студзеня 2000 г. Праверана 18 верасьня 2014 г.
  32. ^ Мікола Іваноў. Навіны 19 студзеня 2000 г. // Радыё «Свабода», 19 студзеня 2000 г. Праверана 18 верасьня 2014 г.
  33. ^ Сяржук Сокалаў-Воюш. Навіны 24 студзеня 2000 г. // Радыё «Свабода», 24 студзеня 2000 г. Праверана 18 верасьня 2014 г.
  34. ^ Вольга Караткевіч. Навіны 25 студзеня 2000 г. // Радыё «Свабода», 25 студзеня 2000 г. Праверана 18 верасьня 2014 г.
  35. ^ Кастусь Бандарук. Навіны 31 студзеня 2000 г. // Радыё «Свабода», 31 студзеня 2000 г. Праверана 18 верасьня 2014 г.
  36. ^ Вольга Караткевіч. Навіны 01 лютага 2000 г. // Радыё «Свабода», 1 лютага 2000 г. Праверана 18 верасьня 2014 г.
  37. ^ Сяргей Навумчык. Навіны 02 лютага 2000 г. // Радыё «Свабода», 2 лютага 2000 г. Праверана 18 верасьня 2014 г.
  38. ^ Вайна ў Чачні афіцыйна скончылася // Радыё «Свабода», 16 красавіка 2009 г. Праверана 8 траўня 2014 г.