Перайсьці да зьместу

Вінчэнца Мантэльля

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вінчэнца Мантэльля
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 18 чэрвеня 1974(1974-06-18)[1][2] (52 гады)
Рост 172 см
Вага 70 кг
Пазыцыя нападнік
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
1990—1995 Эмпалі 51 (26)
1995—1996 Джэноа 34 (21)
1996—1999 Сампдорыя 83 (54)
1999—2009 Рома 192 (84)
2007 → Фулгэм 10 (2)
2007—2008 → Сампдорыя 13 (4)
Зборныя
1999—2005 Італія 20 (3)

Вінчэ́нца Мантэ́льля (па-італьянску: Vincenzo Montella; нар. 18 чэрвеня 1974 году, Кастэльлё-ды-Чыстэрна, Кампанія) — італьянскі прафэсійны футбаліст і футбольны трэнэр. Выступаў на пазыцыі нападніка за «Рому» да 2009 году. З 1999 па 2005 год правёў 20 матчаў за зборную Італіі, забіў у іх 3 галы. Удзельнік чэмпіянату Эўропы 2000 году (2-е месца) і чэмпіянату сьвету 2002 году.

Мантэльля пачынаў сваю кар’еру ў клюбе Сэрыі «C» «Эмпалі» ў 1990 годзе, а ў 1995 годзе перайшоў у клюб Сэрыі «B» «Джэноа», за які ўжо ў першым (і адзіным) сэзоне забіў 21 гол. Пасьля гэтага Мантэльлю набыла «Сампдорыя», якая выступала ў Сэрыі «A». У гэтай камандзе Вінчэнца шмат забіваў і два гады запар (1997 і 1998) быў адным з найлепшых бамбардзіраў чэмпіянату. Яго добрая гульня прывяла да запрашэньня ў «Рому», пасьля вылету «Сампдорыі» з Сэрыі «A». За яго былі заплачаныя вялікія грошы (25 млн эўра), але ў першым жа сэзоне Вінчэнца стаў іх апраўдваць, забіўшы 18 галоў і зрабіўшы дубль у вароты «Ляцыё», галоўнага суперніка «Ромы» ў чэмпіянатах Італіі. Разам з Франчэска Тоцьці і Марка Дэльвэкіё Мантэльля склаў атакоўнае трыё рымскага клюбу, якое ўяўляла сабой адну з найлепшых атак у Сэрыі «A». У сэзоне 2000—2001 Мантэльля 13-ю галамі дапамог камандзе выйграць чэмпіянат, а ў сакавіку 2002 году ён прывёў у захапленьне заўзятараў клюбу, забіўшы чатыры мячы ў вароты «Ляцыё», у выніку чаго «Рома» перамагла 5:1.

У сэзоне 2003—2004 Мантэльля гуляў вельмі мала з-за траўмаў. Але ў наступным сэзоне ён прадэманстраваў файную форму і забіў за «Рому» ў чэмпіянаце 21 гол. Сэзон 2005—2006 ізноў не атрымаўся з-за траўмаў, Вінчэнца перанёс дзьве апэрацыі на сьпіне і плячы, згуляўшы ўсяго 13 матчаў у чэмпіянаце.

4 студзеня 2007 году Мантэльля адправіўся ў арэнду ў лёнданскі «Фулгэм», дзе стаў асноўным нападнікам. У дэбютным хатнім матчы Кубка Ангельшчыны супраць «Лэстэр Сіці» ён забіў два галы, а неўзабаве забіў і «Сток Сіці» ў наступным раўндзе гэтага турніру. 13 студзеня Мантэльля згуляў свой першы матч у чэмпіянаце Ангельшчыне супраць «Ўэст Гэму», а 20 студзеня забіў свой першы гол у ангельскім чэмпіянаце, рэалізаваўшы пэнальці ў матчы з «Тотэнгэмам». Італьянец стаў вельмі папулярны сярод заўзятараў «Фулгэму» пасьля чатырох галоў у трох матчах запар. 8 траўня, за тыдзень да канца тэрміну арэнды, Мантэльля вярнуўся ў «Рому».

На сэзон 2007—2008 гадоў Мантэльля адправіўся ў свой першы клюб «Сампдорыю» ізноў на правах арэнды.

2 ліпеня 2009 году Мантэльля аб’явіў пра завяршэньне сваёй кар’еры прафэсійнага гульца[3].

Мантэльля згуляў свой першы матч за зборную Італіі 5 чэрвеня 1999 году супраць Ўэйлзу. Таксама ён прымаў удзел у чэмпіянаце Эўропы 2000 году (у фінале выйшаў на замену) і чэмпіянаце сьвету 2002 году. З 2005 году Мантэльля не атрымліваў запрашэньняў у нацыянальную каманду і, такім чынам, прапусьціў чэмпіянат сьвету ў Нямеччыне і чэмпіянат Эўропы ў Аўстрыі і Швайцарыі.

  1. ↑ Vincenzo Montella // Transfermarkt (мн.) — 2000.
  2. ↑ VINCENZO MONTELLA // Argentine Soccer Database (гішп.)
  3. ↑ Grazie Vincenzo (італ.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]