Перайсьці да зьместу

Валеры Шкаруба

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Валеры Шкаруба
Дата нараджэньня 10 сьнежня 1957
Месца нараджэньня Барысаў, Менская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Дата сьмерці 19 лістапада 2020[1]
Месца сьмерці Менск, Беларусь
Месца пахаваньня
Адукацыя Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1981)
Месца вучобы
Занятак жывапіс
Навуковая сфэра малярства[2]
Плынь магічны рэалізм
Працы сэрыя краявідаў «Спрадвечнае»
Пад уплывам Людміла Міронава
Уплыў на Вольга Шкаруба
Узнагароды
Ордэн Францішка Скарыны
Ордэн Францішка Скарыны
Мэдаль Францішка Скарыны
Мэдаль Францішка Скарыны
Дзяржаўная прэмія Беларусі

Вале́ры Фё́даравіч Шкару́ба (1957, Барысаў, Менская вобласьць, цяпер Беларусь — 2020, Менск, Беларусь) — беларускі мастак-жывапісец.

Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2002) за сэрыю краявідаў «Спрадвечнае». Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі (2014). Сябра Беларускага саюзу мастакоў (1989). Узнагароджаны мэдалём (2008)[3] і ордэнам Францішка Скарыны (2020)[4].

Гадаваўся ў сям'і вайскоўца ў вайсковым мястэчку Барысава. Пачаў маляваць з 4-х гадоў і бавіў за маляваньнем шмат часу ў самоце, бо пазьбягаў аднагодкаў празь дзіцячае заіканьне, пакуль ня вылечыўся[4]. У 6 гадоў стаў маляваць алоўкамі[5]. У сьнежні 2007 году Валеры Шкаруба прыгадваў: «маленства прайшло на ўскрайку Барысава, у прыватным доме. Я жыў у амаль вясковым асяродку. Побач — Бярэзіна, лес, палі. Шмат і з асалодай пісаў навакольныя краявіды... ў Барысаве была адкрытая студыя выяўленчага мастацтва. Я меў магчымасьць атрымаць першапачатковую мастацкую адукацыю»[6]. У 1965—1973 гадох займаўся ў выяўленчым гуртку Дома піянэраў у Барысаве, пасьля чаго 3 гады навучаўся ў студыі выяўленчага мастацтва Палаца культуры ў Барысаве. Вучыўся ў сярэдняй школе № 16 Барысава, якую скончыў у 1975 годзе[7].

У ліпені 2018 году Шкаруба заўважыў: «у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут я паступіў толькі з 4-га разу», хоць меў «11 гадоў заняткаў у студыі выяўленчага мастацтва ў Барысаве»[8]. Пры гэтым, Шкаруба адзначаў, што «паступіў на дызайнэрскае аддзяленьне тэатральна-мастацкага інстытуту» (БДТМІ), але «меў посьпехі ў жывапісных штудыях, наведваў вячэрнія заняткі па малюнку. У інтэрнаце жыў і сябраваў толькі з жывапісцамі». У Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце істотны ўплыў аказала выкладніца Людміла Міронава, якая «складвала ў шапку 15—20 паперак з назвамі мастацкіх стыляў, а мы выцягвалі іх па адной. Камусьці трапляў імпрэсіянізм, камусьці кубізм або сюррэалізм. А пасьля звычайны нацюрморт мы мусілі напісаць у прапанаваным варыянце. Гэта было няпроста. Мы гадзінамі чыталі кнігі ў бібліятэцы, вывучалі тэорыю. Напісаўшы твор, павінныя былі тлумачыць сваю пазыцыю перад усёй групай. Гэта навучыла адстойваць свае перакананьні, дапамагло, калі цалкам перайшоў у станковы жывапіс»[6]. У 1981 годзе скончыў дызайнэрскае аддзяленьне БДТМІ. У 1984 годзе пачаў удзельнічаць у мастацкіх выставах[7].

Пра вяртаньне да жывапісу Шкаруба прыгадваў: «У якасьці дызайнэра у НДІ ЭВМ працаваў 10 гадоў. Распрацоўваў выгляд першых кампутараў, якія тады называліся ПВМ — пэрсанальныя вылічальныя машыны. Маю пачак прамысловых вынаходніцтваў». Пры гэтым, «кожны вечар вёў дзіцячую студыю, займаўся жывапісам». Пазьней перайшоў да працы мастаком: «Празь 5 гадоў паступіў у моладзевае аб’яднаньне, праз 8 — у Саюз мастакоў (1989). З таго моманту цалкам заняўся жывапісам». Наконт свайго падыходу да маляваньня Шкаруба згадваў: «Пішу працы доўга. Магу над адной карцінай шчыраваць цэлы месяц. ... Да адной працы магу напісаць, напрыклад, 5 эскізаў і толькі тады адчуць сябе гатовым выйсьці на вялікі памер»[6]. У 1980-я гады жыў у менскім мікрараёне Зялёны Луг і хадзіў маляваць з натуры ў Севастопальскі парк і яблыневы сад каля сучаснай Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі[5]. Таксама маляваў Цнянскае вадасховішча і краявіды лецішчаў Менскага раёну, Браслаўскія азёры і Слабодку ў Браслаўскім раёне. У 1991 годзе ў 34-гадовым веку зрабіў першую асабістую выставу. У 2002 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за сэрыю карцінаў «Спрадвечнае». На атрыманыя ад прэміі грошы набыў некалькі дзясяткаў мастацкіх альбомаў, якія перадаў у бібліятэку Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У 2005 годзе быў прадстаўніком ад Беларусі на 1-м Вэнэцыянскім біенале (Італія) з творамі ў жанры магічнага рэалізму[4].

За 1988—2007 гады правёў асабістыя выставы пэйзажу за мяжой у 2 краінах Азіі — Кітаі і Японіі, а таксама ў 6 краінах Эўропы — Аўстрыі, Бэльгіі, Італіі, Нямеччыне, Расеі і Францыі. Атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за сэрыю краявідаў «Спрадвечнае». У карцінах пераважна адлюстроўваў пераходныя станы ў прыродзе — апошні прамень сонца і вечар, зьмярканьне і туман. Часта маляваў зімовыя відарысы. Сьвятло служыла сродкам колеравага пераходу ў працах «Апошняе сьвятло», «Водбліскі», «Да сьвятла», «Раніца», «Тамленьне» і «Чорны лес». У карцінах «Адліга», «Дарога», «Смуга» і «Цёплы сьнег» выяўляў аддаленыя абрысы ў тумане. Спалучаў у творах аскетычнасьць колеравага вырашэньня і графічную дакладнасьць. У выніку тонкія градацыі амаль манахромнага калярыту давалі адчуваньне каляровасьці ды ўзнаўлялі вільготнае восеньскае паветра і туманную смугу сырой халоднай раніцы. Задуменнасьцю і смуткам пранізаныя ягоныя палотны «Дакрананьне», «Мэлёдыя цішыні» і «Прымірэньне». На карцінах «Напружаньне», «Павявае холадам» і «Халодны змрок» выяўляліся трывога і хваляваньне. У кампазыцыях «Белы сьнег», «Вечар», «Прыналежнасьць» і «Роздум» зьвярталася ўвага на шорах і шэпт. Частку твораў прысьвяціў дарозе, праз вобраз якой выяўляў пачуцьцё хваляваньня («Дарога») і страхуУ цемру»), няўтульны выбар («На раздарожжы» і «Непазьбежнасьць») ды трывогу («Да невядомага» і «На павароце»). Сярод іншага, маляваў нацюрморты і партрэты[9].

У студзені 2008 годзе на асабістай выставе ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі прадставіў звыш 50 працаў жывапісу[5]. 6 лютага 2014 году атрымаў ганаровую годнасьць заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі[10]. На лістапад 2015 году карціны Шкарубы знаходзіліся ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі, абласных і раённых музэях Беларусі, а таксама ў музэях Кітаю і Нямеччыны. Сярод іншага, творы мастака захоўваліся ў прыватных зборах ЗША і 3-х краінаў Азіі — Кітаю, Турэччыны і Японіі, а таксама ў 10 краінах Эўропы — Аўстрыі, Бэльгіі, Грэцыі, Даніі, Італіі, Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Славеніі і Францыі[3]. Пагатоў, Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі меў 8 працаў Шкарубы, у тым ліку карціну «Белае зьмярканьне» 1991 году, якую падарыла намесьніца старшыні Камітэту Шагала — Мерэт Мэер-Грабэр[11]. У студзені 2018 годзе атрымаў годнасьць ганаровага грамадзяніна Менскай вобласьці[12]. 14—18 лютага 2018 году ўзяў удзел у штогадовай Выставе сталічнага мастацтва ў Парыжы пад апякунствам прэзыдэнта Францыі[13].

20 лістапада 2015 году ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Івана Каладзеева разьмясьцілі Карцінную галерэю Валерыя Шкарубы. «Беларуснафта-Менскаблнафтапрадукт» выдаткавала на ўладкаваньне памяшканьня 600 млн рублёў (37 000 даляраў). Валеры Шкаруба перадаў у Галерэю 30 сваіх карцінаў вартасьцю 60 000 даляраў[3].

24 студзеня 2018 году на тэлеканале «Беларусь 3» адбылася прэм'ера 10-сэрыйнага фільма Алега Лукашэвіча «Сучаснае мастацтва Беларусі», 1-я частка якога прысьвячалася Валерыю Шкарубу[14]. На 2020 год Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі меў 12 карцінаў Валерыя Шкарубы[4]. На 2021 год імянная галерэя Валерыя Шкарубы ў Барысаўскай раённай бібліятэцы налічвала 35 твораў Шкарубы[15].

  1. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Сышоў з жыцьця Валеры Шкаруба // Белтэлерадыёкампанія, 19 лістапада 2020 г. Праверана 23 студзеня 2022 г.
  2. ^ Škaruba, Valeryj Fedaravìč // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  3. ^ а б в Тацяна Лазоўская. Галерэя Валерыя Шкарубы ў Барысаве // Зьвязда : газэта. — 19 лістапада 2015. — № 224 (28082). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ а б в г Надзея Вусава. Лінія жыцьця Валерыя Шкарубы // Зьвязда. — 24 лістапада 2020. — № 229 (29343). — С. 9.
  5. ^ а б в Іна Беразінская. Пра вечнае, пра гармонію сусьвету // Літаратурная Беларусь. — Студзень 2008. — № 14–15. — С. 30.
  6. ^ а б в Н.Ш. Валеры Шкаруба: «Імкнуся перадаваць нябачнае» // Мастацтва. — Сьнежань 2007. — № 12 (297).
  7. ^ а б Ад каронавіруса памёр беларускі мастак Валеры Шкаруба // Радыё «Рацыя», 19 лістапада 2020 г. Праверана 23 студзеня 2022 г.
  8. ^ Ганна Курак.. Валеры Шкаруба: «Па натуры я перфекцыяніст» // Газэта «Зьвязда», 30 ліпеня 2018 г. Праверана 23 студзеня 2022 г.
  9. ^ Валеры Жук. Красамоўства маўчаньня // Мастацтва : часопіс. — Сьнежань 2007. — № 12 (297).
  10. ^ Заслужаным людзям — заслужаныя ўзнагароды // Зьвязда. — 7 лютага 2014. — № 23 (27633). — С. 1.
  11. ^ Ірына Сьвірко. Восеньскае сьвятло Валерыя Шкарубы // Рэспубліка : газэта. — 20 лістапада 2015. — № 6372. — ISSN 1991-5322.
  12. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Заслужаны дзеяч мастацтваў Валеры Шкаруба - ганаровы грамадзянін Менскай вобласьці // Белтэлерадыёкампанія, 31 студзеня 2018 г. Праверана 23 студзеня 2022 г.
  13. ^ Аб удзеле беларускіх мастакоў у салёне «Арт Капіталь» у г.Парыжы // Амбасада Беларусі ў Францыі, 17 лютага 2018 г. Праверана 23 студзеня 2022 г.
  14. ^ Фільм Алега Лукашэвіча пра сучаснае мастацтва пакажуць на беларускім ТБ // Радыё «Спадарожнік», 19 студзеня 2018 г. Праверана 23 студзеня 2022 г.
  15. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Валерыя Шкарубу ўспамінаюць сёньня ў Барысаве // Белтэлерадыёкампанія, 10 сьнежня 2021 г. Праверана 23 студзеня 2022 г.