Перайсьці да зьместу

Бітва на Косавым полі (1389)

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бітва на Косавым полі
Карціна Адама Стэфанавіча «Бой на Косаве»
Дата: 15—16 чэрвеня 1389
Месца: Косава поле каля Прышціны
Вынік: Перамога турак,
сьмерць абодвух ваеначальнікаў,
страта значнай часткі абодвух войскаў
Супернікі
Мараўская Сэрбія
Вукава зямля
Каралеўства Босьнія
У складзе арміяў:
Гасьпітальеры
Асманская імпэрыя
Камандуючыя
князь Лазар Хрэбялянавіч
князь Вук Бранкавіч
вялікі ваявода Ўлатка Вукавіч
султан Мурад I
прынц Баязыд I
прынц Якуб †
Колькасьць
Ад 12 000 да 33 000[1][2][3]Ад 27 000 да 40 000[1][2][3]
Страты
ЗначныяЗначныя

Бітва на Косавым полі (па-сэрбску: Косовска битка, бој на Косову; па-турэцку: Kosova Meydan Muharebesi) — буйная бітва, якая адбылася 15—16 чэрвеня 1389 году паміж аб’яднанымі войскамі сэрбскіх фэўдалаў і Басьнійскага каралеўства і турэцкім войскам на Косавым полі, у 5 кілямэтрах ад сучаснай Прышціны. Сэрбскія войскі ўзначальвалі князь Лазар Хрэбялянавіч, Вук Бранкавіч і вялікі ваявода Ўлатка Вукавіч. Асманскім войскам камандаваў султан Мурад I разам з сваімі сынамі Якубам і Баязыдам.

Падчас бою загінула большая частка абодвух войскаў і абодва правадыры: Лазар, які трапіў у палон і быў пазьней пакараны, і Мурад, меркавана забіты Мілашам Обілічам. Нягледзячы на перамогу асманскіх войскаў, адразу ж пасьля бою войска султана сьпешным маршам накіравалася да Адрыянопалю з-за вялікіх стратаў, а таксама з-за асьцярогі спадчыньніка Мурада Баязыда, што сьмерць ягонага бацькі можа прывесьці да смуты ў Асманскай імпэрыі. Косаўская бітва адыгрывае важную ролю ў сэрбскай нацыянальнай самасьвядомасьці, гісторыі і фальклёры.

Лазар і Мілаш Обіліч ушаноўваюцца як сьвятыя праваслаўнай царквой[4][5].

Падзеі напярэдадні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля бітвы на Марыцы асманы пашырылі кола сваіх васалаў, ім падпарадкаваліся гарады на Эгэйскім узьбярэжжы і важныя транспартныя пуцявіны. У 1383 годзе асманы наблізіліся да Салонікаў, захапіўшы горад Сэрэ і навакольныя вобласьці. Ужо тады да іх зьвярталіся манахі з атонскіх кляштараў, чые валадарствы апынуліся пад пагрозай і якія спрабавалі абараніць свае прыстанкі ад спусташэньня. Пасродкам паўвострава Галіпалі асманы падтрымлівалі сувязь з Малой Азіяй, а таксама наладзілі кантакты з Вэнэцыяй і Генуяй, якія варагавалі паміж сабой за ўплыў над рэштай некалі магутнай Бізантыі[6].

Тэрыторыя сэрбскіх княстваў, 1375—1395 гады

У гэты пэрыяд туркі вызначыліся з стратэгіяй сваёй экспансіі[6]. Яны ахвотна ўдзельнічалі ў міжусобіцах хрысьціянскіх кіраўнікоў, пры гэтым паступова асвойваючы іхныя тэрыторыі і падпарадкоўваючы сабе тых, каму раней абяцалі дапамогу. Падставай для падначаленьня сабе той або іншай вобласьці звычайна зьяўлялася сьмерць мясцовага кіраўніка або ўсобіцы ў ягонай сям’і. Свае паходы асманы прадпрымалі на досыць далёкія адлегласьці. Як правіла, ва ўсіх абласьцях Балканскага паўвострава турэцкія атрады зьяўляліся задаўга да таго, як асманская дзяржава станавілася іх непасрэдным суседам[6].

На землях князя Лазара Хрэбялянавіча туркі зьявіліся яшчэ ў 1381 годзе, калі княскі ваявода Црэп разьбіў іх на Дубраўніцы блізу Парачыну[6][7]. Верагодна, турэцкі атрад апынуўся там пасьля апэрацыі ў Баўгарыі. У 1386 годзе асманы распачалі значна больш сур’ёзнае ўварваньне. Іх войска ўзначальваў сам Мурад, які дайшоў да Плочніку, што на рацэ Топліцы. Падчас гэтага паходу туркі атакавалі грачаніцкі кляштар, дзе згарэла ўнутраная вежа, якая захоўвала каштоўныя рукапісы і кнігі[6].

У жніўні 1388 году, скарыстаўшыся варожасьцю басьнійскага караля Твэртка з Балшычамі, турэцкае войска пад правадырствам вядомага ваеначальніка Шахіна ўварвалася ў межы Білеча, дзе было разьбітае[7]. Паступова асманы ўзмацнялі націск на межах Сэрбіі[6]. Ад земляў князя Лазара і Вука Бранкавіча іх аддзялялі толькі ўладаньні Драгаша Дэянавіча на ўсходзе і спадчыньнікаў Вукашына Мрняўчэвіча на поўдні, якія былі турэцкімі васаламі. У той жа час з-за ўнутранага канфлікту ў вугорскім каралеўстве Лазар і Вук Бранкавіч фактычна апынуліся адрэзанымі ад хрысьціянскіх земляў. Падчас вугорскай усобіцы яны падтрымалі Ладзіслава Нэапальскага, такім чынам, маючы сувязі зь ім і з харвацкімі гарадамі[8].

У пачатку лета 1389 году турэцкі султан Мурад распачаў паход на Сэрбію. У складзе ягонага войска акрамя турак былі атрады васалаў і найміты. Падрыхтоўка да паходу ішла доўгі час, пра яе ведалі як сэрбскія кіраўнікі, так і іншыя дзяржавы, напрыклад Вэнэцыя[7]. Празь землі сваіх васалаў у Македоніі султан выйшаў на Косава поле, адкуль мог зрушыцца ў любым кірунку. Даведаўшыся пра набліжэньне Мурада, князь Лазар і Вук Бранкавіч тэрмінова сабралі войска. На дапамогу ім прыйшоў буйны атрад ваяводы Ўлатка Вукавіча, пасланы басьнійскім каралём Твртка I[9].

Сілы бакоў і вылучэньне арміяў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дакладная колькасьць змашаўшыхся ў абедзьвюх арміях невядомая. Розныя дасьледчыкі даюць розныя ацэнкі.

Колькасьць турэцкіх войскаў, па некаторых зьвестках, складала ад 27 000 да 40 000 чалавек[1][2][3]. Сярод іх было ад 2 000 да 5 000 янычараў, 2500 коньнікаў асабістай гвардыі султана , 6 000 сыпахаў , 20 000 азапаў і акынджы і да 8 000 воінаў васальных дзяржаваў[10]. Турэцкія войскі вясной 1389 году з Плоўдзіву вылучылі ў Іхтыман . Адтуль праз Вэлбужд яны дасягнулі Кратава, дзе заставаліся некаторы час і, затым прайшоўшы праз Куманава, Прэшэва і Гнілянэ, 14 чэрвеня выйшлі да Косава поля[10]. Акрамя султана і яго сыноў у войску знаходзіліся вядомыя турэцкія вайскаводы таго часу — Эўрэнос, Шахін , Алі-паша й іншыя [11] .

Войска Лазара было меншым і налічвала ад 12 000 да 33 000 ваяроў[1][2][3]. 12 000 — 15 000 чалавек знаходзіліся пад непасрэдным камандаваньнем Лазара, 5 000 — 10 000 пад камандаваньнем Вука Бранкавіча і прыкладна столькі ж ваяроў пад камандаваньнем басьнійскага ваяводы Ўлатка Вукавіча[10]. Разам зь ім прыйшоў атрад рыцараў-гасьпітальераў[12]. Аб падрыхтоўках сэрбаў да бітвы вядома менш. Гісторыкі сыходзяцца на думцы, што збор войскаў адбыўся ў месьце Нішы, на правым беразе Паўднёвай Маравы. Сэрбы заставаліся там да прыходу вестак аб руху турак праз Вэлбужд, пасьля чаго войска Лазара праз Прокупле выйшла да Косава поля, якое было важным раздарожжам і адкрывала туркам некалькі маршрутаў для руху ўглыб сэрбскіх земляў[10].

Карціна Стэва Тодаравіча «Сабор у Прызрэне напярэдадні Косаўскай бітвы»

На думку дасьледчыка Жэлька Файфрыча, войска саюзьнікаў шмат у чым саступала турэцкаму. У ім не было цэнтралізаванага кіраўніцтва, яно была падзелена паміж трыма галоўнымі камандзірамі — Лазарам, Вукам Бранкавічам і Ўлаткам Вукавічам[11]. Таксама саюзьніцкая армія была незбалянсаванай складова. Яе асноўную частку складала цяжкая кавалерыя у латах, досыць слаба прыкрытая пяхотай[11]. Гэта, у сваю чаргу, давала значную перавагу турэцкаму войску, у якому былі шырока прадстаўленыя розныя тыпы войскаў, падпарадкаваныя аднаму камандзіру — султану Мураду[11]. Таксама варта адзначыць, што з часоў цара Душана сэрбскія войскі ня мелі буйных бітваў з войскамі іншай дзяржавы. Іх ваенны досьвед у асноўным грунтаваўся на сутыкненьнях паміж самімі сэрбскімі фэадаламі. У той самы час турэцкая армія была загартаванай у разнасатайных войнах, яе досьвед павялічваўся на працягу амаль 30 год пераможных ваенных кампаній[11].

Дыскусійным застаецца пытаньне аб ролі астатніх сэрбскіх фэадалаў[11]. Напрыклад Марка Мрняўчэвіч не прыйшоў на дапамогу войскам Лазара, аднак невядома, ці быў ён у лягеры турэцкага султана. Драгаш Дэянавіч хоць і прапусьціў асманскае войска праз свае землі, сам браць удзел у бітве на баку турак ня стаў. Таксама невядома, дзе падчас бітвы быў Джурадж Страцыміравіч, які раней дапамагаў туркам і быў ворагам басьнійскага караля Твэртка I[11].

Пазыцыі арміяў перад боем

Бітва адбылася 15 чэрвеня 1389 году паблізу сучаснага места Прышціна ў Косаве.

Войскі разьмясьціліся наступным чынам: султан Мурад узначаліў цэнтар свайго войска, флянгамі камандавалі яго сыны Баязыд I (правы) і Якуб (левы). Перад асноўнымі сіламі асманскага войска ў лінію пашыхтаваліся 1000 лучнікаў, ззаду разьмясьціліся азапы і акынджы, а ў цэнтры турэцкага шыхту — янычары . Там жа знаходзіўся Мурад з сваёй аховай. Невялікі атрад быў выдзелены для прыкрыцьця абозу[10].

Цэнтрам сэрбскай арміі камандаваў сам князь Лазар, Вук Бранкавіч камандаваў правым флянгам, Улатка Вукавіч — левым. Па ўсім фронце сэрбскай арміі разьмясьцілася цяжкая коньніца, на флянгах — конныя лучнікі. За імі знаходзіліся атрады пяхоты[10].

Сэрбскія і турэцкія крыніцы даюць супярэчлівыя зьвесткі аб ходзе бітвы, таму рэканструкцыя бою ўяўляе цяжкасьці для гісторыкаў. Бітва пачалася з абстрэлу турэцкімі лучнікамі сэрбскіх пазыцыяў і атакі сэрбскай цяжкай коньніцы, якая ўрэзалася клінам у турэцкія пазыцыі[13]. Прарваўшы левы флянг асманаў, сэрбы не дамагліся посьпеху ў цэнтры і на правым флянгу туркаў. Тым ня менш, левае крыло турэцкай арміі пад камандаваньнем Якуба панесла цяжкія страты. Неўзабаве лёгкая турэцкая кавалерыя і пяхота контратакавалі закутых у латы сэрбскіх коньнікаў і адкінулі іх.

Сэрбскім воінам удалося дамагчыся пэўнага посьпеху і ў цэнтры, троху адціснуўшы турак. Аднак на правым флянгу Баязыд I перайшоў у контратаку, адціснуўшы сэрбаў і ўдарыўшы па іхнай пяхоце[a]. Паступова абарона сэрбскай пяхоты была прарваная, і яна пачала адступаць. Вук Бранкавіч, імкнучыся выратаваць рэшту войска, пакінуў поле бою. Пазьней народная пагалоска абвінаваціла яго ў здрадзе. Усьлед за ім з поля бою сышла і рэшта атрадаў Улатка Вукавіча і князя Лазара. Сам Лазар у ходзе бою паранены трапіў у палон і быў страчаны ў той жа дзень[9].

Султан быў забіты яшчэ ў пачатку бою. Паводле некаторых дадзеных, яго забіў сэрбскі князь Мілаш Обіліч, які, меркавана, выдаўшы сябе за перабежчыка, пранік у шацёр султана і закалоў яго нажом, пасьля чага быў забіты султанскай аховай[7][11]. У флярэнтыйскім лісьце каралю Твэртку гаворыцца, што Мурад быў забіты адным з 12 шляхетных сэрбаў, якія ў пачатку бою змаглі прарвацца скрозь шэрагі турэцкіх воінаў[14]. Паводле сьцьвярджэньняў турак, якія прыводзіў бізантыйскі гісторык XV стагодзьдзя Халкакандыл, Мурад быў забіты Мілашам Обілічам пасьля бітвы, сэрб прыкінуўся мёртвым і забіў Мурада, калі той аглядаў поле бою[9][b]. Пасьля гібелі султана турэцкае войска ўзначаліў ягоны сын Баязыд I.

Калі Баязыд даведаўся пра гібель бацькі, ён паслаў ганца ды старэйшага брата Якуба, які яшчэ ня ведаў аб здарэньні. Баязыд перадаў Якубу, быццам бы іхны бацька Мурад аддаў ім новыя загады. Калі Якуб прыбыў да Баязыда, яго задушылі. Такім чынам , Баязыд стаў адзіным спадчыньнікам Мурада і ўзначаліў асманскую дзяржаву[15].

Вынікі і наступствы бітвы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Памятная манэта «600 гадоў Косаўскай бітве», СФРЮ, 1989 год

Турэцкае войска пасьля бітвы пакінула Косава поле і рушыла на ўсход, бо новы султан Баязыд баяўся за сваю ўладу і імкнуўся замацаваць свой ​​уплыў. Вук Бранкавіч, які валодаў тэрыторыяй, дзе адбылася бітва, застаўся пры ўладзе і не адразу скарыўся туркам [9].

Гібель абодвух кіраўнікоў і факт таго, што Баязыд не застаўся ў Сэрбіі, каб выкарыстаць перамогу свайго войска, выклікала дыскусію аб тым, наколькі пераканаўчай была турэцкая перамога і ці была атрыманая перамога наогул якім-небудзь з бакоў[7]. І на працягу некалькіх месяцаў пасьля бітвы ў суседніх краінах не было вядома, хто перамог[11].

Басьнійскі кароль Твэртка I апавяшчаў жыхароў гораду Трагір, якім валодаў, і сяброўскай Флярэнцыі пра вялікую перамогу хрысьціянаў і гібелі нямногіх сваіх людзей. Гібель турэцкага султана была ўспрынятая ў Бізантыі й іншых эўрапейскіх краінах як пацьверджаньне перамогі сэрбаў[9]. Падобнай пазыцыі прытрымліваўся і бізантыйскі летапісец Кідон, які абвінаваціў імпэратара Мануіла II Палеалога, што ён ня хоча скарыстацца паразай туркаў і рушыўшым усьлед за гібельлю Мурада I усобіцамі ў Асманскай імпэрыі[11] . Адзін зь летапісаў Дуброўніку XV стагодзьдзя сьцьвярджае, што перамогу не здабыў ніводзін з бакоў, бо страты сярод воінаў былі вельмі вялікімі[11].

Аднак у Мараўскай Сэрбіі адразу зразумелі значэньне і магчымыя наступствы бітвы. У баі загінуў ня толькі князь Лазар, які пакінуў спадчыньнікам малалетняга сына Стэфана. Загінула амаль усё арыстакратыя, вялікія былі страты і сярод простых ваяроў[7]. У краіне неўзабаве ўсталявалася думка, што для адпору новаму турэцкаму або будзь-якому іншаму ўварваньню ня хопіць моцы[7] .

Адлюстраваньне бітвы ў фальклёры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Карціна Аляксандра Добрыча «Мілаш Обіліч»
Карціна Ураша Прэдзіча «Косаўская дзяўчына»

Бітва войска Лазара з туркамі адыгрывае значную ролю ў сэрбскім фальклёры. Паданьні пра бітву множыліся. У хрысьціянскім асяродзьдзі паўстаў матыў здрады, спачатку прыпісваны басьнійскаму атраду і нейкаму Драгаславу, а пасьля — Вуку Бранкавічу. Ужо ў першыя дзесяцігодзьдзі пасьля бою зьяўляецца легенда пра абылганага віцязя, які прабраўся ў турэцкі лягер і забіў султана. Пад уплывам рыцарскай эпікі была ўсталяваная сувязь паміж забойцам Мурада і здраднікам Лазара — абедзьве ролі адводзіліся княскім шваграм[9].

Да канца XV стагодзьдзя ўжо было вядомае паданьне пра вечар князя і яго ўрачыстую прамову. Узьнік цэлы цыкль народных песень з мноствам маляўнічых дэталяў. Паводле народных паданьняў, Косаўская бітва стала прычынай перасяленьняў, паслужыўшы пачаткам пералому ў разьвіцьці плямёнаў і родаў. На думку вядомага сэрбскага гісторыка Сімы Чыркавіча, яна стала найважнейшай гістарычнай падзеяй, якая «ярчэй іншых урэзалася ў народную сьвядомасьць»[16]. Падобнае меркаваньне агучыў і іншы вядомы сэрбскі гісторык Уладзімер Чоравіч[7]. Легенды пра бітву аж да XX стагодзьдзя служылі, з аднаго боку, заклікам да гераічных подзьвігаў і самаахвяраваньня, а зь іншага — для асуджэньня здрады[16].

Да цяперашняга часу захаваліся такія народныя песьні і паданьні аб косаўскай бітве, як «Слава кнеза Лазара ў Крушевцу», «Бановић Страхиња», «Косовка девојка», «Смрт мајке Југовића», «Цар Лазар и царица Милица», «Зидање Раванице». На думку сэрбскага дасьледчыка Дзімітрые Багданавіча, гэтыя й іншыя народныя песьні фармуюць комплекс станоўчых, адмоўных і трагічных герояў сэрбскай нацыянальнай гісторыі[17].

  1. ^ За гэтую контратаку Баязыд I атрымаў мянушку «Бліскучы».
  2. ^ Магіла султана Мурада да сёньняшніх дзён захавалася на Косавым полі, яна не была зруйнавана, незважаючы нават на шматлікія войны паміж сэрбамі і туркамі.
  1. ^ а б в г Cox, John K. The History of Serbia. — Greenwood Press. — P. 30 (анг.)
  2. ^ а б в г Sedlar, Jean W. East Central Europe in the Middle Ages, 1000—1500. — University of Washington Press. — P. 244 (анг.)
  3. ^ а б в г Cowley Robert, Geoffrey Parker. The Reader’s Companion to Military History. — Houghton Mifflin Books. — P. 249 (анг.)
  4. ^ Emmert, Thomas (1996), «„Milos Obilic and the Hero Myth“», Journal of the North American Society for Serbian Studies Т. 10 (анг.)
  5. ^ Святой верный князь Лазарь (рас.)
  6. ^ а б в г д е Чиркович Сима. История сербов. — М.: Весь мир, 2009. — С. 107 — ISBN 978-5-7777-0431-3 (рас.)
  7. ^ а б в г д е ё ж Владимир Чоровић. Историја Срба. Библиотека Растко. (сэрб.)
  8. ^ Чиркович Сима. История сербов. — М.: Весь мир, 2009. — С. 108 — ISBN 978-5-7777-0431-3 (рас.)
  9. ^ а б в г д е Чиркович Сима. История сербов. — М.: Весь мир, 2009. — С. 109 — ISBN 978-5-7777-0431-3 (рас.)
  10. ^ а б в г д е Vojna Enciklopedija. — Beograd: Vojnoizdavacki zavod, 1972. — С. 659 (сэрб.)
  11. ^ а б в г д е ё ж з і к Жељко Фајфрић. Сьвета лоза кнеза Лазара. Библиотека Растко. (сэрб.)
  12. ^ Hunyadi and Laszlovszky, Zsolt and József. The Crusades and the military orders: expanding the frontiers of medieval Latin Christianity. — Budapest: Central European University Press. Dept. of Medieval Studies. — P. 285—290 (анг.)
  13. ^ Vojna Enciklopedija. — Beograd: Vojnoizdavacki zavod, 1972. — С. 660  (сэрб.)
  14. ^ Wayne S. Vucinich & Thomas A. Emmert. Kosovo: Legacy of a Medieval Battle. — University of Minnesota, 1991 (анг.)
  15. ^ Imber, Colin. The Ottoman Empire: The Structure of Power, 2nd ed.. — New York: Palgrave Macmillan, 2009. — P. 85 — ISBN 0-230-57451-3 (анг.)
  16. ^ а б Чиркович С. История сербов. — М.: Весь мир, 2009. — С. 110. — ISBN 978-5-7777-0431-3
  17. ^ Димитрије Богдановић. Књига о Косову. Библиотека Растко. (сэрб.)
  • Ломоносов Матвей. Русские исторические источники Косовской битвы 1389 г.. — Пермь: Пермский госуниверситет, 2005. — С. 25 (рас.)
  • Чиркович Сима. История сербов. — М.: Весь мир, 2009. — 448 с — ISBN 978-5-7777-0431-3 (рас.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]