Галіпальскі паўвостраў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Галіпалі

Галі́пальскі паўвостраў (Галі́палійскі паўвостраў, Галі́палі, па-турэцку: Gelibolu, па-грэцку: Καλλίπολις, у старажытнасьці Хэрсанэс Фракійскі) — паўвостраў у эўрапейскай частцы Турэччыны. Разьмешчаны паміж Сараскім залівам Эгейскага мора і пралівам Дарданэлы. Даўжыня каля 90 км (з паўднёвага захаду на паўночны ўсход), шырыня да 20 км. Вышыня да 420 м.

Адміністрацыйна паўвостраў уваходзіць у склад іла Чанакале, гістарычна і геаграфічна ў рэгіён Усходняя Фракія. На ўзьбярэжжы праліву Дарданэлы знаходзіцца горад Гэлібалу (старая назва Галіпалі, 40 тыс. жыхароў у 1990 годзе).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У антычныя часы, паўвостраў Галіпалі быў больш вядомы як Хэрсанэс Фракійскі (па-грэцку: Χερσoνησoς Θραικια). Вядомы горад Хэрсанэс Фракійскі, заснаваны афінянамі ў VI ст. да н.э. і зьвязаны з імем Мільтыяду. Грэцкая назва «Каліпаль» (пазьней скажоная да «Галіпалі») упершыню зьяўляецца ў часы апошніх македонскіх цароў, у II стагодзьдзі да н.э..

У Сярэднявеччы Галіпалі меў вялікае значэньне як месца, дзе вэнэцыянскія і гэнуэскія купцы складалі свае тавары. У 1190 г. тут перапраўляліся ў Малую Азію армія крыжакоў пад правадырствам Фрыдрыха Барбаросы; у 1204 г. горад заваяваны вэнэцыйцамі, у 1306 г. абложаны, спустошаны і разбураны каталёнцамі.

У 1354 г. у выніку моцнага землятрусу крапасныя ўмацаваньні Галіпалі сур’ёзна пацярпелі і горад стаў лёгкай здабычай для асманаў. У тым жа годзе ён быў захоплены туркамі. Аднак у 1366 г. Рымскі Папа абвясьціў крыжовы паход на турак, які ўзначаліў Амадэй IV Савойскі. У тым жа годзе крыжакі адваявалі горад і перадалі назад Бізантыі. Сьвятое войска палічыла на гэтым свае мэты выкананымі і вярнулася ў Эўропу.

Але Бізантыя была занадта слабая, каб самой утрымліваць Галіпалі. У 1376 г. Андронік IV сам перадаў паўвостраў туркам-асманам. Гэты шчодры дар спрыяў узбагачэньню асманскай дзяржавы на мытных зборах ад транзытнага гандлю.

У 1416 г. паміж Лямпсакам і Галіпалі вэнэцыянскі флёт атрымаў марскую перамогу над туркамі. Галоўнае ваеннае значэньне Галіпалі было ў магчымасьці закрыць шлях па моры, і па зямлі на паўвостраве. Францускімі інжынэрамі ў 1864 г. тут былі пабудаваны шэраг умацаваньняў, у 1877 г. абноўленых і ўзмоцненых.

Падчас Першай сусьветнай вайны ў 1915-1916 гадах на паўвостраве праходзілі цяжкія баі паміж войскамі Антанты і асманскімі войскамі падчас Дарданэльскай апэрацыі.

У 1920—1921 гадах на Галіпальскім паўвостраве разьмясьціліся часткі Расейскай арміі генэралу Урангеля, эвакуіраваныя з Крыму. Расейскі вайсковы лягер у Галіпалі ператварыўся ў вайсковы цэнтар Белай эміграцыі. 22 лістапада 1921 году ў Галіпалі было створана Таварыства Галіпалійцаў — адна з актыўных вайсковых антыкамуністычных арганізацыяў Расейскай Белай Эміграцыі.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Галіпальскі паўвостраўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў