Акадэмічны праект рэформы беларускага правапісу 1933 году
Акадэмічны праект рэформы беларускага правапісу 1933 году — праект рэформы беларускага правапісу, распрацаваны групай навукоўцаў Інстытуту мовазнаўства ў 1930—1933 гадох. Нягледзячы на свой заўважны русіфікацыйны ўхіл[1], адкінуты кіраўніцтвам СССР як занадта памяркоўны ў справе набліжэньня беларускай мовы да расейскай.
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У лютым — жніўні 1930 году паводле справы «Саюзу вызваленьня Беларусі» НКВД БССР арыштаваў шэсьць з васьмі аўтараў папярэдняга праекту рэформы беларускага правапісу, складзенага ў 1927—1929 гадох.
У 1930 годзе групе навукоўцаў Інстытуту мовазнаўства даручылі складаньне новага, пазбаўленага «нацдэмаўскага ўплыву»[2], праекту рэформы беларускага правапісу. У наступным годзе кіраўніком Інстытуту прызначылі Пятра Бузука — раней арыштаванага, але ў адрозьненьне ад іншых беларускіх мовазнаўцаў, вызваленага праз сваё небеларускае паходжаньне. Пры гэтым існуюць зьвесткі, што прафэсар лічыў існы правапіс найлепшым адлюстраваньнем жывой народнай гаворкі, таму выступаў супраць ягоных рэформаў[3][4].
Новы праект, у адрозьненьне ад свайго папярэдніка, мусіў адпавядаць цэламу сьпісу супярэчлівых адно аднаму, узаемавылучных, не заўсёды выканальных (або наагул невыканальных) патрабаваньняў[5]:
- У сьвятле «змаганьня з нацдэмаўшчынай» — дыстанцыявацца ад прынцыпаў і даробку «нацдэмаў», што азначала найперш адмову ад зьменаў, прапанаваных Праектам-1930, а на роўні прынцыпаў — ад пурызму.
- Як новы праект, рэфармацыйны — істотна адрозьнівацца ад тарашкевіцы.
- Адгукаючыся на патрэбу пашырэньня пісьменнасьці — быць істотна прасьцейшым за тарашкевіцу, што на практыцы магло спрыяць або фанэтызацыі («як чуецца — так і пішацца»), або русіфікацыі (стаць наборам мэханічных адпаведнасьцяў расейскаму пісьму або наўпрост адлюстроўваць расейскія напісаньні).
- Ухіляючыся ад «вялікадзяржаўніцкіх тэндэнцый, якія выяўляліся ў імкненьні даныя факты замежных слоў перадаваць абавязкова ў рускім вымаўленьні (лампа, сацыалогія, арыхмеціка, фанэціка)» (с. 8) — захоўваць традыцыйнае, уласьцівае тарашкевіцы афармленьне, не дапускаючы расейскага ўплыву.
- Улічваючы патрабаваньне збліжацца з мовамі іншых народаў СССР — масава ўводзіць саветызмы (найперш маскалізмы й расейскія наватворы з савецкага навамоўя, а таксама «ідэалягічна правільныя» інтэрнацыяналізмы), што адчувальна ўплывала на аблічча мовы, на яе графічны бок.
- У выпадках значнай дыялектнай разьбежнасьці пэўных фанэтычных зьяваў — улічваць іх лінгвагеаграфію, выбіраючы найбольш пашыраныя.
- «Чуйна прыслухаючыся да народнае мовы, да мовы гарадзкога і сельскага пралетарыяту, беднякоў і сераднякоў, а не кулацтва, шляхты й мяшчанства» — прасяваць моўны матэрыял празь сіта палітычнае цэнзуры.
- Беручы пад увагу пэрспэктыву аб’яднаньня беларускіх этнічных тэрыторыяў («далейшае разьвіцьцё сусьветнае рэвалюцыі») — не абмінаць моўных праяваў з Заходняе Беларусі, найперш дыялектных[2].
Існасьць зьменаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нягледзячы на тое, што праца ішла ў моцна палітызаванай атмасфэры эскаляцыі русіфікатарскіх тэндэнцыяў, змаганьня з «нацдэмаўшчынай», сталінскіх рэпрэсіяў і гвалтоўнай калектывізацыі, праект выявіўся надзвычай супярэчлівым і рознавэктарным. Так, разам зь зьменамі, скіраванымі на відавочнае набліжэньне беларускай мовы да расейскай, у ім былі дыямэтральна супрацьлеглыя прапановы, у прыватнасьці: падпарадкаваньне лічэбнікаў яканьню (дзявяты, дзясяты, пяцьдзясят); правядзеньне аканьня ў пазычаньнях[6] (маналёг, каапэрацыя, фанэтыка, Арджанікідзэ, Афэнбах; але нэто, інкогніто, солё, Лёкарно); сьцягненае напісаньне падоўжаных ньн, льл, зьз, сьс, дзьдз, цьц, жж, шш, чч — н, л, з, с, дз, ц, ж, ш, а таксама ў лічэбніках цц — [7] (насене, галё, зяе, рызё, калосе, судзя, жыцё, збожа, заціша, ночу; адзінацаць, трыцаць); увядзеньне асобных літараў для гукаў [дз], [дж][2].
Такім чынам, у галіне правапісу ўласнабеларускіх словаў дакумэнт прапаноўваў глыбокую рэвізію ранейшай практыкі, у афармленьні іншамоўнае лексыкі — захоўваў тарашкевіцкую аснову і амаль паўтараў праект 1930 году, нягледзячы на абвешчаную яго стваральнікамі вайну «нацдэмаўскім устаноўкам»[5].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вікіпэдыя мае праект «Беларуская мова» |
- Беларускі клясычны правапіс (тарашкевіца)
- Акадэмічны праект рэформы беларускага правапісу 1930 году
- Палітычны праект рэформы беларускага правапісу 1933 году
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 15.
- ^ а б в Прадмова // Акадэмічны праект рэформы беларускага правапісу 1933 году
- ^ Гладкі Я. Чутае — перажытае — бачанае. Машынапіс. Архіў БІНІМу (Нью-Ёрк).
- ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 19.
- ^ а б Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 20.
- ^ Запрудзкі С., Кулеш Г. Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918―1941: хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта: у 2 ч. — Менск: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2008. — Т. 2. — С. 162. — 258 с. — 200 ас. — ISBN 978-985-485-881-4
- ^ Запрудзкі С., Кулеш Г. Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918―1941: хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта: у 2 ч. — Менск: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2008. — Т. 2. — С. 161. — 258 с. — 200 ас. — ISBN 978-985-485-881-4
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Запрудзкі С., Кулеш Г. Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918―1941: хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта: у 2 ч. — Менск: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2008. — Т. 2. — 258 с. — 200 ас. — ISBN 978-985-485-881-4
- Саўка З. Мазаічная артаграфія (частка 1) // ARCHE Пачатак. № 11, 2008. С. 13—22.
- Саўка З. Мазаічная артаграфія (частка 2) // ARCHE Пачатак. № 12, 2008. С. 10—22.