Перайсьці да зьместу

Аўшра

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аўшра, 1884 г. № 10—11

«Аўшра́», арыг.: «Auszra» (па-летувіску: Aušra [аўшра́]— сьвітанак) — першая летувіская грамадзка-літаратурная штомесячная газэта. Выдавалася зь лютага 1883 па чэрвень 1886 году, усяго выйшла 40 нумароў (29 кніг): у 1883 годзе — 10 (8 кніг), 1884 годзе — 12 нумароў (7 кніг), 1885 годзе — 12 нумароў (8 кніг), 1886 годзе — 6 нумароў (6 кніг). Першыя пяць нумароў былі надрукаваныя ў Рагніце, пачынаючы з 6-га — у Тыльзыце. З-за фармату й пэрыядычнасьці Аўшру нярэдка называюць часопісам. Наклад выданьня не перавышаў 1 000 асобнікаў. З-за фінансавых цяжкасьцяў выхад быў спынены ў 1886 годзе

Распаўсюджваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Аўшру» тайна перавозілі й распаўсюджвалі ў Летуве й шэрагу іншых абласьцей Расейскай імпэрыі, яе атрымлівалі й летувісы, якія жылі ў Заходняй Эўропе й ЗША. Колькасьць падпісчыкаў з году ў год мянялася. Першапачаткова, у 1883 г. у газэты было 69 падпісчыкаў (64 — у Вялікай і 5 у Малой Летуве). У 1884 годзе ў Сувальскую губэрню высылалася 120 экз., у астатнія часткі Вялікай Летувы, галоўным чынам на Жмудзь — 184 экз. Усяго ў 1884 годзе разышлося недзе 300 экзэмпляраў. У 1885 годзе выслана толькі 250 нумароў, а ў 1886 годзе — 175. Колькі перапраўлялася празь мяжу — невядома. Заставалася нераспаўсюджанай значная частка накладу, бо асобныя нумары выходзілі ў колькасьці 1000 экзэмпляраў.

Непрададзеныя газэты выдавец Марцінас Янкус аддаваў у антыкварныя крамы Ўсходняй Прусіі. Да 1903 году газэта была поўнасьцю распрададзеная й зрабілася бібліяграфічнай рэдкасьцю. Папулярнасьць выданьня аказалася вельмі доўгатрывалай. Яшчэ ў 90-я гг. XIX стагодзьдзя кніганошы дастаўлялі чытачам «Аўшру» ў расейскую Летуву[1].

У газэце былі зьмешчаныя тэксты прыкладна 70 аўтараў, недзе 20 псэўданімаў дагэтуль не раскрытыя. Супрацоўнікі газэты, ці «аўшраўцы» (па-летувіску: Aušrininkai), паходзілі зь сямей заможных сялянаў, якія сталі зьяўляцца пасьля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе. Большасьць зь іх атрымала адукацыю ў расейскіх унівэрсытэтах і вольна размаўляла па-польску. З-за частых зьменаў у рэдакцыі газэта ня мела яснай і дакладнай праграмы. Басанавічус не прадстаўляў сабе «Аўшру» ў якасьці палітычнага выданьня; у першым выпуску ён дэкляраваў, што газэта засяродзіцца на справах культуры. Аднак хутка «Аўшра» стала на нацыяналістычныя рэйкі. Газэта дапамагла крышталізаваць многія ідэі, зьвязаныя зь летувіскай нацыяй і самавызначэньнем летувісаў. Яна пачала адмаўляць ідэю аднаўленьня Вялікага княства Літоўскага. Аўтары пачалі думаць пра незалежную нацыянальную летувіскую дзяржаву.

У газэце друкаваліся матэрыялы на розныя тэмы — ад зьвязаных зь сельскай гаспадаркай да паведамленьняў ад летувіскіх суполак у Злучаных Штатах, але гістарычныя матэрыялы былі найбольш папулярным. Уступам да першага нумару служыла лацінская прымаўка Homines historiarum ignari semper sunt pueri, ці Людзі, якія даўніну ня зьведваюць — назаўсёды дзеці. Яна засноўвалася на работах Сіманаса Даўкантаса, першага гісторыка, які напісаў гісторыю Летувы на летувіскай мове й намаляваў ідэалізаваную карціну магутнага ВКЛ. «Аўшра» выступала супраць летувіскай палянізаванай шляхты, аднак імкнулася пазьбегнуць канфрантацыі з царскімі ўладамі, спадзеючыся на хуткую адмену забароны на летувіскі друк лацінкай.

Газэта была заснаваная групай аднадумцаў на чале зь Ёнасам Басанавічусам. Друкавалася ў Прусіі, бо ў Расеі лацінкавы летувіскі друк быў забаронены, і таемна кніганошамі перапраўлялася ў Летуву, дзе нелегальна распаўсюджвалася. «Аўшра» адыграла значную ролю ў фармаваньні нацыянальнай самасьвядомасьці летувісаў, удасканаленьні летувіскай літаратурнай мовы, разьвіцьці летувіскай літаратуры. У «Аўшры» былі апублікаваныя патрыятычныя вершаваныя творы на тэмы гістарычных лёсаў Летувы — Майроніса, Андруса Вішцяліса, Ксавэраса Сакалаўскаса-Ванагеліса, Пятраса Армінаса-Трупінэліса й інш., творы пісьменьнікаў папярэдняга пакаленьня, якія захаваліся ў рукапісах — Дыянізаса Пошкі, Валерыёнаса Ажукальніса, Антанаса Баранаўскаса, гісторыка-літаратурныя артыкулы Мечысловаса Давайніса-Сільвестрайціса, Станісловаса Дагіліса й інш. аўтараў, а таксама рэцэнзіі й іншыя матэрыялы.

Рэкляма "Летувіскага календара «Аўшры» на 1886 г.

Газэта ўплывала, праўда ў невялікай ступені, на нацыянальную інтэлігенцыю, аднак распачала й нацыянальнае абуджэньне сялянства. Добрай ідэяй згуртаваных вакол «Аўшры» людзей было выдаваньне календароў для народу. Яны выходзілі ў Летуве ў пэрыяд да забароны лацінскага альфабэту, а таксама бесьперапынна ва Ўсходняй Прусіі. Летувіскія сяляне ахвотна іх набывалі. У 1883 годзе Марцінас Янкус і Юргіс Мікшас вырашылі выдаць каляндар на 1884 год. Пад назвай «Lietuviszkasis Auszros kalendorius» (па-беларуску: Летувіскі каляндар «Аўшры») ён выйшаў накладам у 5 000 асобнікаў. Нягледзячы на канкурэнцыю з прускімі выданьнямі, календары мелі посьпех, бо выдаўцы падрыхтавалі на 1885 і 1886 гг. іх ў колькасьці 5-6 000 экзэмпляраў.

Календары «Аўшры», акрамя храналягічнага разьдзелу, утрымлівалі пералік датаў і сьвятаў, а таксама літаратурную частку. Там былі весткі пра цікавыя падзеі ў сьвеце, публікаваліся некаторыя вершы й апавяданьні, кароткія артыкулы пра гістарычных асобаў (напрыклад Вітаўта й Міндоўга), парады па вядзеньні гаспадаркі. Для простых людзей, якія дагэтуль сустракаліся ў асноўным з малітоўнікам, календары былі цікавымі.[2].

Крыніцы й заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Ochmański J. Litewski ruch narodowo-kulturalny w XIX wieku, do 1890 roku, Białystok, 1965, S. 157
  2. ^ Ochmański J. Litewski ruch narodowo-kulturalny w XIX wieku, do 1890 roku, Białystok, 1965, S. 158.
  • История литовской литературы. — Вильнюс: Vaga, 1977. — С. 113—114.
  • Ochmański J. Litewski ruch narodowo-kulturalny w XIX wieku, do 1890 roku, Białystok, 1965.

Вонкавыя старонкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]