Перайсьці да зьместу

Мовы «Зорных войнаў»

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Мовы Зорных войнаў»)

Мо́вы сусьве́ту «Зо́рных во́йнаў» — мовы, на якіх размаўлялі або размаўляюць у сусьвеце «Зорных войнаў» паводле сюжэту сагі.

У сусьвеце сагі існуе вялікая колькасьць моваў, яны маюць вызначаную ролю ў ейнай сюжэтнай лініі. Носьбіты гэтых моваў часта не разумеюць адзін аднаго, аднак, напрыклад, у сазе прысутнічае пэрсанаж — робат C-3PO, які мае здольнасьць ажыцьцяўляць пераклад з больш як шасьці мільёнаў моваў сусьвету «Зорных войнаў»[1]. Дзякуючы гэтаму C-3PO выступае ў ролі своеасаблівага пасярэдніка паміж героямі сагі.

Аўрэбэш — альфабэт, ужываны ў сусьвеце сагі.

Асноўная галяктычная мова

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найчасьцей узгадванай у сазе моваю зьяўляецца г. зв. асноўная галяктычная (пры гэтым сама назва відавочна ня ўказвалася ў сюжэце, назва таксама скарачаецца да «асноўная»). Асноўная галяктычная мова адыгрывае ў сусьвеце «Зорных войнаў» ролю лінгва франка[2] — то бок мовы, якая зьяўляецца адным з асноўных сродкаў міжэтнічнага кантактаваньня. Пісьмовасьць мовы засноўваецца на альфабэце аўрэбэш, які ўтрымлівае літары для пазначэньня гукаў, аналягічных гукам стандартнага лацінскага альфабэту з 26 літараў, а таксама дыграфы для пазначэньня спалучэньняў літараў (адпаведных, напрыклад, ангельскім th, sh, ng і г. д.).

Боксаўская мова — гэта штучная мова, якая паводле сюжэту зьяўляецца адмыслова распрацаваным гандлёвым лінгва франка. Мова распрацаваная гандлёвым флётам на аснове некалькіх іншых і выкарыстоўваецца пры вядзеньні гандлю паміж прадстаўнікамі розных відаў сусьвету.

Іншаю мовай з роляй лінгва франка зьяўляецца гацкая мова, на якой размаўляюць шматлікія супольнасьці ды віды хатаў (у прыватнасьці, на мове размаўляюць Джаба Хат і Ўота, гэтая мова ў сусьвеце зьяўляецца моваю выкананьня песень гурту Max Rebo), пры гэтым мову выкарыстоўваюць таксама і людзі. Мова мае распаўсюджаньне на плянэце Татуін і іншых навакольных мясцовасьцях. Пры канструяваньні мовы за аснову ў фанэтыцы ўзятая мова кечуа[3].

Эвокі (жыхары Эндару) размаўляюць на г.зв. «прымітыўным дыялекце» адной з моваў, якою валодае C-3PO. Распрацоўкаю мовы займаўся гукавы дызайнэр «Вяртаньня джэдая» Бэн Бэрт[4]. Паводле словаў Бэна Бэрта, у якасьці асновы для стварэньня мовы ён выкарыстаў «тыбэцкую (якою Бэрт, паводле яго словаў, натхніўся пасьля прагляду гутаркі па-тыбэцку на адной зь перадачаў каналу ВВС), нэпальскую ды іншыя мангольскія мовы» (паводле цытаты; насамрэч тыбэцкая і нэпальская мова не належаць да групы мангольскіх моваў).

Празь некалькі год Бэн Бэрт вызначыў пачутую ім на перадачы каналу BBC мову як калмыцкую. Паводле словаў Бэрта, ён сустрэўся з 80-гадовым калмыцкім мужчынам і ажыцьцявіў зь ягоных словаў запіс калмыцкае народнае казкі, які потым быў выкарыстаны ў якасьці фанэтычнае будоўлі мовы эвокаў. Для стварэньня сцэны, у якой C-3PO размаўляе па-эвоцку, ангельскі актор Энтані Дэніелс працаваў з Бэнам Бэртам, у выніку чаго на базе вышэйпамянёнага запісу быў вынайдзены шэраг словаў для эвоцкае мовы[5].

Марсія Калкоўскі (унівэрсытэт Лэтбрыджу) сьцьвярджае, што канструяваньню фанэтыкі эвоцкае мовы спрыялі матэрыялы тыбэцкае мовы поруч з калмыцкай, а таксама фрагмэнты з моваў індзейцаў Паўночнай Амэрыкі, потым стваральнікі мовы зьвярнуліся па дзевяць тыбэцкіх жанчынаў, што жылі ў навакольлях Сан-Францыска, а таксама адну калмыцкую жанчыну. Прыкладам, у некаторых сцэнах «Зорных войнаў» выкарыстоўваліся некаторыя тыбэцкамоўныя будысцкія малітвы. Гэтая акалічнасьць зьбянтэжыла некаторых прадстаўнікоў тыбэцкае дыяспары, паколькі, на іх думку, вызначаныя фразы маглі не адпавядаць падзеям, што адбываліся ў фільме падчас вымаўленьня гэтых выразаў[6].

Шырыўук (таксама вядомая як вукі) — мова, на якой размаўляе раса вукі. Найбольш адметнаю рысаю фанэтыкі мовы зьяўляецца частае ўжываньне рову ды рыку[7]. Мова вукі можа быць зразумелай для прадстаўнікоў іншых відаў, аднак яны няздольныя на дакладнае паўтарэньне фанэтыкі гэтае мовы праз адрозьненьні ў фізыялёгіі вукі ад іншых відаў. У той час наадварот, вукі ня могуць авалодаць правільным вымаўленьнем асноўнае галяктычнае мовы і праз гэта ня могуць размаўляць на ёй, аднак могуць разумець гэтую мову. Між тым, у творы Тыматы Зана «Спадчыньнік імпэрыі» Лея Аргана Сола знаходзіць прадстаўніка вукі з дэфэктам вымаўленьня, праз што мова шырыўук становіцца значна больш зразумелай для Леі.

Іншая мова вукі (ксасік) распаўсюджаная на востраве Ўартакі (а таксама іншых навакольных рэгіёнах) плянэты Кашыіік.

Ітарыянцы маюць па два роты, па адным з абодвух бакоў галавы. Праз гэтую асаблівасьць у іхнай фізыялёгіі фанэтыка ітарыянскае мовы зьяўляецца немажлівай для авалоданьня іншымі відамі сусьвету «Зорных войнаў». Нягледзячы на гэта, ітарыянцы здольныя размаўляць на асноўнай галяктычнай і быць зразумелымі пры гэтым для іншых.

Мова джэаносцаў (інсэктоідны від, які сустракаецца ў другім эпізодзе) характарызуецца няўнасьцю ў фанэтыцы пстрыкальных зычных.

Мова таскен (плянэта Татуін), на думку ўласна носьбітаў мовы, зьяўляецца цяжкай для разуменьня носьбітамі іншых моваў. Мова таскенаў характарызуецца частым выкарыстоўваньнем роваў і баявых клічаў пры зьяўленьні на публіцы.

Іншыя мовы ўлучаюць у сябе джаўскую (характарызуецца высокім голасам носьбітаў), тўілэцкую (або рылскую; характарызуецца спалучэньнем у гутарцы як вымаўленьня, так і жэстаў, якія робяцца адмысловымі хвастамі наверсе галавы), радыянскую ды гапанскую (штучная лінгва франка жыхароў ізаляванае часткі галяктыкі, якія з прычыны сваёй ізаляванасьці не карыстаюцца асноўнай галяктычнай).

Дроіды і кампутары

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дроіды і кампутары ў Зорных войнах карыстаюцца як натуральнымі, так і штучнымі мовамі. Іншыя дроіды, прыкладам R2-D2, могуць выкарыстоўваць мовы вызначаных знакаў (напрыклад, у выпадку R2-D2 гэта мова гудкоў і сьвісткоў, вядомая як двайковая. Існуюць прылады для перакладу гэтае мовы на асноўную галяктычную). Некаторыя ня-дроіды могуць разумець падобныя мовы праз трывалую працу над гэтымі дроідамі.

На працягу фільмаў па сазе можна спаткаць арабскія лічбы (сустракаюцца ў кампутарах для адліку адлегласьці або часу), лацінскі альфабэт (чацьверты эпізод). Іншыя тэксты зьяўляюцца непераборлівымі або закадравымі, у 2004 годзе ў сусьвеце сагі зьяўляецца альфабэт аўрэбэш.

Праектаваньне моваў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У адрозьненьне ад, напрыклад, эльфійскіх (Дж. Р. Р. Толкін) і клінганскае (Star Trek) моваў, мовы сусьвету «Зорных войнаў» не зьяўляюцца дэталёва распрацаванымі. Напрыклад, гукі вукі ды гудкі дроідаў збольшага нясуць эмацыйную афарбоўку. Найчасьцей ужываная ў сазе мова — асноўная галяктычная — у асноўным зьяўляецца ідэнтычнай мове агучкі фільму (напрыклад, ангельскай) з даданьнем некаторых зьменаў у ідыёмах і дапаўненьнях словаў, зьвязаных са спэцыфікай сусьвету сагі.

Між тым, мандоа (мова мандалёрцаў) за сёньняшнім часам распрацоўваецца Карэн Трэвіс да стану працоўнае мовы «Зорных войнаў»[8].

Іншыя мовы могуць зьмяшчаць адсылкі да існых на Зямлі моваў, хоць і малавядомых большасьці гледачоў. Напрыклад, у эпізодзе «Новая надзея», падчас размовы Грыда з Ханам Сола гучыць спрошчаная вэрсія мовы кечуа, імя Джаба, хутчэй за ўсё, зьяўляецца запазычаньнем з расейскага жаба.

  1. ^ Neil Frude, The Robot Heritage (Century Pub., 1984), 176.
  2. ^ Encyclopedia of Fictional and Fantastic p.173-178, http://books.google.com/books?id=cQhke8K9G60C&pg=PA176&dq=%22Star+Wars%22+languages&ei=kpkYSYPCDI-SMpaTrdQE
  3. ^ Crit Minster, Paula Newton, and Ricardo Segreda, Viva Travel Guide to Peru: Exploring Machu Picchu, Cusco, the Inca Trail, Arequipa, Lake Titicaca, Lima and Beyond (Viva Travel Guide to Peru: Exploring Machu Picchu, Cusco, the Inca Trail, Arequipa, Lake Titicaca, Lima and Beyond), 26.
  4. ^ Frank Northen Magill, Great Events from History II: 1897—1921 (Salem Pr Inc, 1993), 2393.
  5. ^ Ben Burtt, DVD commentary, The Return of the Jedi
  6. ^ Marcia S. Calkovsky. Is There Authoritative Voice in Ewok Talk? On Postmodernism, Fieldwork, and the Recovery of Unintended Meaning, in: Culture, Canadian Anthropology Society, 1991. Vol. XI №1-2.
  7. ^ Daniel Amara, Prima Temp Authors Staff, Star Wars Galaxies: An Empire Divided: Prima’s Official Strategy Guide (Prima Games, 2003), 22.
  8. ^ Яна паведамляе на сваім вэб-сайце: «Yes, it’s true. There’s now a Mandalorian language, Mando’a. I developed it for Lucasfilm and now it’s a functioning language that you can learn and speak.» Глядзіце «Ke jorhaa’ir Mando’a!» на Karen Travis Science Fiction and Fantasy Author.
  • Ben Burtt, Star Wars: Galactic Phrase Book & Travel Guide, ISBN 0-345-44074-9.
  • Stephen Cain, Tim Conley, and Ursula K. Le Guin, «Star Wars», Encyclopedia of Fictional and Fantastic Languages (Greenwood Publishing Group, 2006), 173-176.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]