Эмір Кустурыца
Эмір Кустурыца | |
сэрб. Емир Немања Кустурица | |
Дата нараджэньня | 24 лістапада 1954[1][2] (69 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | кінарэжысэр, сцэнарыст |
Навуковая сфэра | фільм[3] і музыка[3] |
Месца працы | |
Гады дзейнасьці | 1978 — цяпер |
Сябра ў | Акадэмія навук і мастацтваў Рэспублікі Сэрбскай, Саюз пісьменнікаў Сербіі[d] і Emir Kusturica & The No Smoking Orchestra[d] |
Дзеці | Стрыбар Кустурыца[d] |
Узнагароды | «Залаты леў» (1981), «Залатая пальма» (1985, 1995), Ордэн мастацтваў і літаратуры (2007), Ордэн сьвятога Савы (2011) |
IMDb | ID nm0001437 |
Сайт | www.kustu.com |
Эмір Кустурыца (нар. 24 лістапада 1954, Сараева, цяпер Босьнія і Герцагавіна) — сэрбскі рэжысэр, сцэнарыст і музыка. Пачаў здымаць кароткамэтражныя фільмы яшчэ ў сярэдняй школе. Скончыў аддзяленьне рэжысуры на факультэце кіно і тэлевізіі Акадэміі музычных мастацтваў (FAMU) у Празе.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сын — Стрыбар, музыка. Дачка — Дуня, драматург.
У 2005 г. перайшоў з мусульманства ў хрысьціянства (праваслаўе). У 2010 напісаў кнігу «Сьмерць — неправераная чутка», якую прэзэнтаваў 28 кастрычніка ў Бялградзе (Сэрбія)[4].
Кіно
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Студэнцкі фільм «Герніка» («Guernika») атрымаў узнагароду на Фэстывалі студэнцкіх фільмаў у Карлавых Варах. Пасьля завяршэньня навучаньня вяртаецца ў Босьнію і Герцагавіну, дзе працуе на сараеўскай тэлевізіі. Першы тэлевізійны фільм «Нявесты прыходзяць» (па-сэрбску: Nevjeste dolaze, 1979) выклікаў шмат спрэчак і неўзабаве быў забаронены. Наступная праца «Буфэт „Тытанік“» (па-сэрбску: Бифе «Титанк», 1980) паводле аднайменнага апавяданьня Іва Андрыча атрымала ўзнагароду за рэжысуру на тэлевізійным фэстывалі ў Славеніі.
У паўнамэтражным кінематографе дэбютаваў фільмам «Ці памятаеш ты Долі Бэл?» (па-сэрбску: Sjećas li se Dolly Bell?, 1981). Гэты фільм атрымаў «Залатога льва» на кінафэстывалі ў Вэнэцыі за найлепшы кінематаграфічны дэбют, а таксама быў ўганараваны на фэстывалі ў Пуле.
Наступны фільм «Бацька ў камандыроўцы» (па-сэрбску: Otac na službenom putu, 1985) прынёс Кустурыцу «Залатую пальму» на кінафэстывалі ў Кане (Францыя). Гэты фільм быў намінаваны на прыз Амэрыканскай кінаакадэміі «Оскар» як найлепшы замежны фільм, хоць ён ня меў вялізнага камэрцыйнага посьпеху (касавыя зборы ў ЗША склалі крыху больш за $16 000).
У 1989 годзе фільм «Дом для павешаньня»(па-сэрбску: Dom za vešanje) зноў атрымаў узнагароду на кінафэстывалі ў Кане, а таксама ўзнагароду Рабэрта Расэліні. У міжнародным пракаце гэты фільм меў назву «Час цыганоў» (па-ангельску: Time of the Gypsies).
Эмір Кустурыца выкладаў рэжысуру ў Акадэміі сцэнічнага мастацтва ў Сараеве, а таксама ва ўнівэрсытэце «Калюмбія» ў Нью-Ёрку.
Амэрыканскі студэнт паказаў Кустурыцу сцэнар, паводле якога ў 1993 годзе быў зьняты яго першы ангельскамоўны фільм «Сон Арызоны» (па-ангельску: Arizona Dream). Фільм атрымаў «Срэбранага мядзьведзя» і спэцыяльную ўзнагароду журы на кінафэстывалі ў Бэрліне.
Яшчэ адну «Залатую пальму» Кустурыца атрымаў за фільм-драму «Падзямельле»/«Жыла была краіна» (па-сэрбску: Bila jednom jedna zemlja) у 1995 годзе. У 1998 годзе стварае рамантычную камэдыю-фарс з жыцьця балканскіх цыганоў «Чорная котка, белы кот» (па-сэрбску: Crna mačka beli mačor), за якую атрымлівае «Срэбранага льва» на кінафэстывалі ў Вэнэцыі.
У 2004 годзе выйшаў фільм «Жыцьцё ёсьць цуд» (па-сэрбску: Život je čudo), адзначаны асаблівай прэміяй на Канскім кінафэстывалі.
Музыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эмір Кустурыца граў на бас-гітары ў гурце «Паліць забаронена» («Zabranjeno pušenje»). Цяпер у складзе гурта «No Smoking Orchestra» грае на гітары. Разам з гуртом гастралююць з назвай «Emir Kusturica & No Smoking Orchestra». 19 сьнежня 2008 году Эмір Кустурыца выступіў з канцэртам у Палацы рэспублікі ў Менску[5].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Emir (Nemanja) Kusturica // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ Emir Kusturica // Munzinger Personen (ням.)
- ^ а б Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Вольга Чайкоўская. Паміж «Аватарам» і «Андрэем Рублёвым» // Зьвязда : газэта. — 12 лістапада 2010. — № 222 (26830). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ Тацяна Зяньковіч. У Менску выступіў Эмір Кустурыца з аркестрам «Паліць забаронена» // БелаПАН, 21 сьнежня 2008 г. Праверана 27 студзеня 2014 г.