Перайсьці да зьместу

Фарс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Прагляд фарсу ў тэатры (Кузьма Пятроў-Водкін)

Фарс (лац. farcio — начыняю) — малая, аднаактная пацяшальная камэдыя. Узьнік каля 12 ст. ў гарадах Заходняй Эўропы ў якасьці жартоўнай устаўкі (начыньня) ў літургічнай драме, містэрыі і плошчавым карнавальным паказе. Росквіту дасягнуў у францускай літаратуры 14—16 стагодзьдзяў, дзе акрэсьліўся ў самастойны жанр народнага паказу. Выяўленчыя асаблівасьці: карыкатурнасьць дзейных асобаў (з выкарыстаньнем вобразаў-масак), буфанаднасьць прыёмаў, эксцэнтрычнасьць паказу падзеяў, схільнасьць да адвольных зьнешніх эфэктаў, вострасюжэтных грубавата-пікантных абставінаў і зьніжанай лексыкі. У ходзе разьвіцьця часам набліжаецца да сатырычнай камэдыі. Разам зь пераважна пацяшальным прызначэньнем выконвае ролю палітычнай сатыры і памфлету. Да фарсавасьці ў сваіх творах шматкроць прыбягалі Бэртальд Брэхт, Лёпэ дэ Вэга, Карлё Гальдоні, Жан Мальер, Мігель Сэрвантэс і Ўільям Шэксьпір. Многія прыёмы захаваліся ў сучаснай цыркавой клаўнадзе і сьвяточна-карнавальных паказах. У беларускай драматургіі выяўленчыя прыёмы таксама шырока выкарыстоўваліся (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч «Пінская шляхта», Янка Купала «Прымакі», Леапольд Родзевіч «Конскі партрэт», Уладзіслаў Галубок «Ветрагоны», Еўсьцігней Міровіч «Каваль-ваявода», Андрэй Макаёнак «Трыбунал» і Алесь Петрашкевіч «Куды ноч, туды сон»)[1].

  1. ^ Сьцяпан Лаўшук. Фарс // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 16. — С. 326-327. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0263-6