Эдвард Вайніловіч
Эдвард Вайніловіч, 1903 год | |
Герб «Вайніловіч» («Сыракомля адрозны») | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 13 кастрычніка 1847 Сьляпянка Менскага павету |
Памёр | 16 чэрвеня 1928 (80 гадоў) Быдгашч, Польшча |
Пахаваны | |
Род | Вайніловічы |
Бацькі | Адам Вайніловіч Ганна з Ваньковічаў |
Жонка | Алімпія з Узлоўскіх |
Дзеці | Алена, Сымон |
Дзейнасьць | палітык, мэцэнат |
Подпіс | |
Рэгаліі | |
Эдвард Антоні Леанард Вайніловіч (польск. Edward Woyniłłowicz; 13 кастрычніка 1847, маёнтак Сьляпянка каля Менску — 16 чэрвеня 1928, Быдгашч, Польшча) — беларускі й польскі палітычны і грамадзкі дзяяч.
Адзін з найбагацейшых абшарнікаў Меншчыны (маёнткі Савічы, Пузаў Цімкавіцкай воласьці Слуцкага павету і іншыя), фундатар некалькіх сакральных будынкаў, у тым ліку Сьвятых Сымона й Алены ў Менску.
Радавод
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадстаўнік старажытнага беларускага[1] шляхецкага роду Вайніловічаў гербу ўласнага — «Сыракомля адрозны», сын Адама і Ганны з Ваньковічаў. Гістарычна Вайніловічам належалі вялікія зямельныя ўладаньні ў Наваградзкім ваяводзтве, галоўным маёнткам былі Савічы ў Слуцкім павеце.
…я мушу адзначыць што быў наш род мясцовым, беларускім, гербу ўласнага… | ||
—Успаміны Эдварда Вайніловіча |
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 13 кастрычніка 1847 году ў маёнтку Сьляпянцы пад Менскам, які належаў бацькам ягонай маці Эдварду Ваньковічу і Міхаліне з Манюшкаў. Немаўля назвалі ў гонар дзеда.
З мэдалём скончыў Слуцкую гімназію (1861). У 1865 годзе паступіў у Пецярбурскі імпэратарскі тэхналягічны інстытут, які скончыў ў 1869 годзе. А ў 1872 годзе стаў слухачом Сельскагаспадарчай акадэміі ў Прушкаве (Польшча). Праходзіў стажаваньне на заводах Нямеччыны і Бэльгіі[2], пазьней працаваў інжынэрам-тэхнолягам на Пуцілаўскім заводзе ў Пецярбургу.
Па сьмерці бацькі пераехаў у Савічы, дзе займаўся арганізацыя сельскагаспадарчай працы на аснове найноўшых дасягненьняў у гэтай галіне.
У 1883 годзе атрымаў прызначэньне на ганаровага міравога судзьдзю Слуцкага павету, а ў 1888 годзе абіраўся віцэ-старшынём Менскага Таварыства Сельскай Гаспадаркі. Старшынём арганізацыі афіцыйна мог быць толькі расеец, аднак Эдвард Вайніловіч фактычна кіраваў працай таварыства, пакуль забарону не скасавалі і ён не ўзначаліў таварыства.
Тройчы абіраўся ў расейскую Дзяржаўную Думу. У 1906 годзе — сябра Дзяржаўнага Савету Расеі ад Менскай губэрні. Адмовіўся ад прапанаванай Пятром Сталыпіным пасады віцэ-міністра сельскай гаспадаркі Расейскай імпэрыі[3]. У 1906—1909 гадох у Дзяржаўным савеце Расейскай імпэрыі быў сябрам фінансавай камісіі[4].
Асабістае жыцьцё і харытатыўная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1882 годзе пабраўся шлюбам з Алімпіяй Узлоўскай. У сям’і нарадзілася двое дзяцей — Алена (1884—1903) і Сымон (1885—1897). Іх заўчасная сьмерць зрабілася для Эдварда Вайніловіча вялікай трагедыяй. У памяць пра сваіх дзяцей ён збудаваў на тагачасным ускрайку Менску касьцёл. Будаваньне касьцёла сьвятых Сымона й Алены ў Менску завершылася ў 1910 годзе.
Заснавальнік камітэту абароны жыдоў і татараў-мусульманаў у Клецку, тамака ж збудаваў сынагогу. Выступаў фундатарам ня толькі касьцёлаў, але і праваслаўных цэркваў.
На ніве беларушчыны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сымпатызаваў беларускаму руху, фінансава падтрымліваў яго, але будучы абшарнікам, земляўласьнікам, ня мог падтрымліваць тыя левыя погляды, якія дамінавалі ў беларускім руху таго часу.
Валодаючы беларускай мовай гэтак жа добра, як і польскай, і стала ўжываючы яе ў стасунках зь вясковымі працаўнікамі ў сваёй гаспадарцы, я некалькі дзесяцігодзьдзяў падтрымліваў бесьперапынны кантакт з усімі праявамі беларускага руху перадусім у Менску, дзе сустракаўся з Антонам Луцкевічам і Казімерам Кастравіцкім, пазьней у Вільні і Петраградзе з Вацлам Іваноўскім, Браніславам Шыпілам і г.д. Беручы ў беларускіх згуртаваньнях сякі-такі матэрыяльны ўдзел, урэшце мусіў зь іх штораз выходзіць, бо распачатая ў іх праца, спачатку ў кірунку самапазнаньня і нацыянальнага адраджэньня — «Лучынка», «Саха», «Загляне сонца і ў наша аконца» — у канцы заўжды прымала сацыялістычныя кірунак і лёзунгі, якім, насуперак сваім перакананьням, служыць я ня мог. | ||
—Успаміны Эдварда Вайніловіча |
У 1917 годзе працаваў у земскіх арганізацыях разам зь дзеячамі беларускага руху Аркадзем Смолічам і Раманам Скірмунтам, падтрымаў утварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Удзельнічаў у паседжаньнях Рады БНР. Даў наступную ацэнку гвалтоўнай палітыцы русіфікацыі Беларусі ўладамі Расейскай імпэрыі[5]:
…расейскі ўрад да таго русіфікаваў краіну, што, калі б яшчэ пару пакаленьняў прайшло праз народныя вучэльні, то беларуская мова зьнікла б цалкам, і Масква за паўтараста гадоў панаваньня зацерла б сьляды ўсіх завадовых адрозьненьняў. | ||
У 1918 годзе ва ўмовах акупацыі Нямецкай імпэрыяй ад імя мясцовых абшарнікаў выступіў з плянам аднаўленьня Вялікага Княства Літоўскага. Стварыў «Зьвяз абшарнікаў Менскай губэрні». У сьнежні 1918 годзе выехаў у Варшаву, быў адным з арганізатараў «Зьвязу палякаў зь беларускіх ускраінаў», які ў студзені 1919 году прапанаваў усталяваць мяжу Польскай Рэспублікі да Дняпра і Дзьвіны. У красавіку 1919 году ўдзельнічаў у пераўтварэньні «Зьвязу абшарнікаў Менскай губэрні» у «Зьвяз абшарнікаў у Літве і Беларусі ў Варшаве». У траўні 1919 году разам з В. і Л. Дубейкаўскімі стварыў у Варшаве «Польска-беларускае таварыства для культурнага і палітычнага супрацоўніцтва на Беларусі». У канцы жніўня 1919 выехаў у Менск, у верасьні вярнуўся ў маёнтак Савічы. Працягваў грамадзкую дзейнасьць у Слуцку, выяжджаў у Менск і Варшаву. У гэты час быў прыхільнікам незалежнай Беларусі ў зьвязе з Польшчай, выступаў супраць падзелу Беларусі палякамі і бальшавікамі.
Беларускі зьезд Случчыны, які ўзьняў Слуцкае паўстаньне, праходзіў 14 і 15 лістапада 1920 году ў доме Вайніловіча ў Слуцку[6].
Выгнаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ваеннае ліхалецьце, Кастрычніцкі пераварот і Польска-савецкая вайна зрабіліся для Эдварда Вайніловіча часам новых выпрабаваньняў. 19—21 лютага 1918 году рэвалюцыйныя салдаты і падбухтораныя бальшавікамі сяляне навакольных вёсак учынілі жахлівы пагром Савічаў — радавой сядзібы Вайніловічаў.
Загінуў плён культурнай працы 11-ці пакаленняў, загінула ўсё, што мы зьбіралі ад сярэдзіны 16 стагодзьдзя ў начыньнях, партрэтах, прадметах мастацтва, а галоўнае, у дакумэнтах, упарадкаваных і скаталягізаваных так, як гэта бывае хіба толькі ў славутых дзяржаўных архівах | ||
—Успаміны Эдварда Вайніловіча |
Па адыходзе Случчыны пад кантроль бальшавікоў Эдвард Вайніловіч пакінуў Беларусь і пераехаў у польскі Быдгашч. Тут ён збудаваў вялікі дом для дзяцей-сіротаў, пакінутых і беспрытульных, і да канца свайго жыцьця апякаўся імі.
Эдвард Вайніловіч памёр ў Быдгашчы 16 чэрвеня 1928 году і быў пахаваны на мясцовых старафарных могілках. На надгробным помніку зьмясьцілі надпіс: «Traktatem ryskim z swej ziemi wygnany, deptać musiałem obce łany» (па-беларуску: Прагнаны з сваёй зямлі Рыскай дамовай, я мусіў хадзіць па чужых палёх).
Вяртаньне ў Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2006 годзе з дазволу касьцельных уладаў, міністэрстваў замежных справаў Беларусі і Польшчы парэшткі Эдварда Вайніловіча былі перавезеныя з Быдгашча ў Менск. 11 чэрвеня 2006 году адбылося іх ўрачыстае перапахаваньне ля касьцёла сьвятых Сымона й Алены на Пляцы Незалежнасьці ў Менску.
У 2007 годзе касьцельная грамада зьвярнулася да менскіх гарадзкіх уладаў з прапановай перайменаваць вуліцу Берсана, што праходзіць побач з касьцёлам у вуліцу Эдварда Вайніловіча. У верасьні 2008 году вуліца была перайменавая, аднак Камуністычная партыя Беларусі выказала пратэст з гэтай нагоды, і неўзабаве Міністэрства юстыцыі скасавала пастанову Менгарвыканкаму[7].
Маральны ідэал
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Памятаючы пра маральныя і чалавечыя якасьці Эдварда Вайніловіча, Каталіцкі Касьцёл у Беларусі рыхтуе дакумэнты для яго бэатыфікацыі[8].
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1882 год — ордэн сьвятога Станіслава III ступені
- 1886 год — ордэн сьвятой Ганны III ступені
- 1894 год — ордэн сьвятога Станіслава II ступені
- 1898 год — ордэн сьвятой Ганны II ступені
- 1902 год — ордэн сьвятога Ўладзімера IV ступені
- Срэбны мэдаль у памяць «царствования» расейскага імпэратара
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- E. Woyniłłowicz. Wspomnienia, 1847—1928. — Wilno: Komitet Uczczenia s. p. E. Woyniłłowicza, 1931. — 365 s. (была надрукаваная толькі першая частка ўспамінаў).
- Э. Войнилович. Воспоминания: Пер. з польск. — Мн.: Выданьне Менскае рыма-каталіцкае парафіі сьв. Сымона і Алены, 2007. — 380 с. — 250 экз.
- R. Jurkowski. Listy Edwarda Woyniłłowicza do Mariana Zdziechowskiego z lat 1905—1928, Cz. I. // Echa Przeszłości VIII. — Olsztyn: Uniwersytet Warmińsko-Mazurski w Olsztynie, 2007. — S. 209—220. — ISSN 1509-9873.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Баравы Р., Чарняўская Л. Вайніловічы // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 202.
- ^ Грыцкевіч А. Вайніловіч Эдвард // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 201.
- ^ Арлоў У. (5 сакавіка 2007) Эдвард Вайніловіч Радыё Свабода — Праграма "Імёны Свабоды". Праверана 26 траўня 2011 г.
- ^ Іван Гаргун. Першы беларускі бізнэсмэн // Ігуменскі тракт. — 6 траўня 2014. — № 15 (73).
- ^ Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. — Львоў, 2010. С. 22—23.
- ^ Грыцкевіч А. Вайніловіч Эдвард // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 202.
- ^ ТБМ працягвае змаганне за вуліцу Вайніловіча ў Мінску, БелаПАН, 18 сьнежня 2007 г.
- ^ Завальнюк У. Шукаем нашчадкаў роду Вайніловічаў. Згуртаваньне Беларусаў Сьвету Бацькаўшчына. Праверана 6 сакавіка 2011 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Хмялеўская, Г. Церні Крэсаў аповесьць пра Эдварда Вайніловіча і яго сям’ю / Гізэля Хмялеўская. — Менск: Выдавец Віктар Хурсік, 2015.
- Ціткоўскі І Эдвард Вайніловіч(недаступная спасылка) // Інфа-Кур’ер, 15 чэрвеня 2006.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Augusiewicz S. Rodowód Woyniłłowiczów na Sawiczach. Próba rekonstrukcji genealogii rodu w XVI—XX w // Przegląd wschodni. — Olsztyn: Gebethner i Ska, 2006. — Т. 10. — № 1 (37). — S. 21—42. — ISSN 0867-5929.
- Chmielewska G. Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie. — Łomianki: Wydawnictwo LTW, 2011. — 369 s. — ISBN 978-83-7565-128-7.
- Drożdżewicz L. Znad doliny Łosośny: Proces beatyfikacyjny obywatela Kresów // „Znad Wilii”. Nr 2 (66), 2016. S. 30.
- Woyniłłowicz Edward // Encyklopedia polskiej emigracji i Polonii, pod red. K. Dopierały. T. 5. — Toruń, 2005. — S. 343—344.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Marek Jerzy Minakowski. Edward Woyniłłowicz h. Syrokomla (пол.) Genealogia Potomków Sejmu Wielkiego. Przodkowie.com. — Serwis genealogiczny pod patronatem Stowarzyszenia Potomków Sejmu Wielkiego. Праверана 25 траўня 2011 г.
- Gizela Chmielewska. (20 сьнежня 2005) Święci nie potrzebują sutanny (пол.) Gazeta Bydgoszcz. Gazeta.pl. Праверана 25 траўня 2011 г.
- Aleksandra Lewińska. (8 сьнежня 2005) Z wielką tęsknotą (пол.) Gazeta Pomorska Праверана 25 траўня 2011 г.
- Adam Gajewski. (2005) Czy będzie "bydgosko-mińska" beatyfikacja? (пол.) Przewodnik Katolicki № 46. Drukarnia i Księgarnia Świętego Wojciecha. Праверана 25 траўня 2011 г.