Перайсьці да зьместу

Дубіская дамова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дубіская дамова
Тып дамовы палітычнае пагадненьне
Падпісаная 31 кастрычніка 1382
 ·  месца выспа ракі Дубісы
Набыла моц ніколі
Бакі Тэўтонскі ордэн
Ягайла, Скіргайла

Дубі́ская дамова (па-летувіску: Dubysos sutartys) — дамова, якая складалася з трох прававых актаў, сфармуляваных 31 кастрычніка 1382 году вялікім князем літоўскім Ягайлам, яго братам Скіргайлам і Конрадам фон Валенродам, маршалам тэўтонскіх рыцараў. Цягам грамадзянскай вайны ў ВКЛ у 1381—1384 гадах тэўтонскія рыцары дапамаглі Ягайлу і Скіргайлу перамагчы іхняга дзядзьку Кейстута і яго сына Вітаўта. Намагаючыся ажыцьцявіць абацаньні, дадзеныя Ягайлам падчас вайны, тэўтонскія рыцары зладзілі перамовы аб заключэньні пагадненьня[1]. Дакумэнты былі падпісаныя пасьля шасьцідзённых перамоваў на высьпе ракі Дубісы[2]. Дамова не была ратыфікаваная і ніколі не ўступала ў моц. Вайна працягнулася ўлетку 1383 году.

  • У першым акце Ягайла абяцаў ахрысьціць сябе і перавесьці Вялікае Княства Літоўскае ў хрысьціянства цягам чатырох гадоў[3].
  • Паводле другога акту жамойцкая зямля, якая адасабляла Тэўтонскі ордэн у Прусіі ад яго адгалінаваньня ў Лівоніі, перадавалася крыжакам наўпрост да ракі Дубісы[3]. Цягам ужо 100-гадовага крыжацкага паходу гэта было ўпершыню, калі Літва адмаўлялася ад Жамойці[4].
  • Паводле трэцяга акту фармаваўся чатырохгадовы вайсковы альянс — абодва бакі паабяцалі дапамагаць адзін аднаму супраць агульных ворагаў. Ягайла таксама пагадзіўся не пачынаць вайну без дазволу ордэнскай краіны[2]. Такія ўмовы абмяжоўвалі сувэрэнітэт Ягайлы. Некаторыя гісторыкі выказваліся, што такога кшталту пагадненьне ўсталёўвала лорд-васальскія ўзаемаадносіны[1].

Усе тры акты (захаваліся арыгіналы толькі двух, трэці вядомы толькі зь перапісанага рукапісу 1410 году[1]) былі падпісаныя ўсімі сынамі Альгерда і Юліяны Цьвярской (Ягайлам, Скіргайлам, Карыбутам, Кірыгайлам, Вігунтам і Сьвідрыгайлам), і Ганулам[2], віленскім купцом, які ў чэрвені 1382 году адчыніў мескую браму, даючы магчымасьць Ягайле зьвергнуць Кейстута. Юліяна падпісала толькі той акт, паводле якога Жамойць адыходзіла Ордэну[1]. Летувіскія гісторыкі Данілевічус і Ёнінас паставілі аўтэнтычнасьць гэтага акту пад пытаньне, разглядаючы яго як падробку 1410-х гадоў, але іхнія навуковыя меркаваньні не зьяўляюцца шырока распаўсюджанымі[1].

Спробы ратыфікацыі і наступствы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кейстут памёр у Крэўскай турме 15 жніўня 1382 году. Вітаўту некалькімі месяцамі раней удалося ўцячы ў крыжацкі ордэн, дзе ён прасіў пратэкцыі і дапамогі[5]. Гэта дало дадатковую перавагу крыжакам, якія настойвалі на ратыфікацыі пагадненьня. Пяць разоў вялікі магістар прапаноўваў дату, але Ягайла няўхільна адмаўляўся[6]. Заключная сустрэча была прызначаная на 19 ліпеня 1383 году на той самай высьпе, дзе праводзілася першае паседжаньне. Ягайла прыбыў як было дамоўлена, але крыжацкая дэлегацыя на чале зь вялікім магістрам Конрадам Зёльнэрам фон Ротэнштайнам затрымалася каля Хрыстмэмэля за некалькі міляў ад прызначанага месца сустрэчы з-за мелкаводзьдзя Нёмана[6][7]. Пакрыўджаны Ягайла не зьбіраўся сыходзіць са свайго месцапалажэньня, каб сустрэць вялікага магістра. Дэлегацыі разьдзяліліся.

Тэўтонскія рыцары абвясьцілі вайну 30 ліпеня[2]. Яны ахрысьцілі Вітаўта і падтрымалі яго барацьбу супраць Ягайлы за вяртаньне сваёй вотчыны. Урэшце, улетку 1384 году Вітаўт і Ягайла замірыліся: Вітаўт вярнуў сабе бацькоўскія землі (акрамя Трокаў), а Ягайла ў 1386 годзе быў каранаваны як кароль Польшчы. Да канца невядома, чаму дыпляматычныя перамовы паміж Ягайлам і крыжакамі праваліліся. Некаторыя сьцьвярджаюць, што Ягайла ўжо ведаў пра магчымасьць шлюбу з польскай каралевай Ядзьвігай і ўзыходу на польскі сталец[1]. Іншыя сьцьвярджаюць, што Юліяна, маці Ягайлы, адмовілася хрысьціцца ў каталіцтва з-за свайго праваслаўнага веравызнаньня[2].

  1. ^ а б в г д е Ivinskis, Zenonas (1933—1944). «Dubysos sutartys». in Vaclovas Biržiška. Lietuviškoji enciklopedija. 7. Kaunas: Spaudos Fondas. pp. 94-96. LCC 37032253  (лет.)
  2. ^ а б в г д Ivinskis, Zenonas (1978). Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties. Rome: Lietuvių katalikų mokslo akademija. pp. 276—277. LCC 79346776  (лет.)
  3. ^ а б Kiaupa, Zigmantas; Jūratė Kiaupienė, Albinas Kunevičius (2000) [1995]. The History of Lithuania Before 1795 (English ed.). Vilnius: Lithuanian Institute of History. pp. 127 ISBN 9986-810-13-2.  (анг.)
  4. ^ Jonas Zinkus, et al., ed (1985—1988). «Dubysos sutartys». Tarybų Lietuvos enciklopedija. I. Vilnius, Lithuania: Vyriausioji enciklopedijų redakcija. pp. 463. LCC 86232954
  5. ^ Kiaupa, Zigmantas; Jūratė Kiaupienė, Albinas Kunevičius (2000) [1995]. The History of Lithuania Before 1795 (English ed.). Vilnius: Lithuanian Institute of History. pp. 125—126. ISBN 9986-810-13-2.  (анг.)
  6. ^ а б Ivinskis, Zenonas (1988) [1930]. «Vytauto jaunystė ir jo veikimas iki 1392 m.». in Paulius Šležas. Vytautas Didysis. Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija. pp. 20-22. OCLC 25726071  (лет.)
  7. ^ Urban, William (2006). Samogitian Crusade. Chicago: Lithuanian Research and Studies Center. pp. 174. ISBN 0-929700-56-2. «Праз два месяцы, калі вялікі магістар адплыў па Нёману, ён узяў з сабой біскупаў Эрмланда і Памэзаніі, мерачыся ахрысьціць Ягайлу. Мелкаводзьдзе вымусіла яго прыпыніць свае караблі ля Хрыстмэмэля, дзе іх сустрэў Скіргайла і патлумачыў, што Ягайла чакаў іх за пятнаццаць міляў ад мяжы.»  (анг.)