Каралявецкая дамова 1384 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Каралявецкая дамова 1384 году — пагадненьне, заключанае ў Караляўцы 30 студзеня 1384 году падчас Грамадзянскай вайны ў ВКЛ 1381—1384 гадоў паміж Вітаўтам Вялікім і прадстаўнікамі Тэўтонскага Ордэна[1].

Вітаўт, аб’яднаўшыся з Тэўтонскім ордэнам, вёў міжусобіцу са сваім стрыечным братам Ягайлам. Дзеля таго, каб гарантаваць падтрымку з боку крыжакоў у грамадзянскай вайне, Вітаўт падпісаў дамову, паводле якой Жамойць усутыч да ракі Нявежы і гораду Коўна адыходзіла да крыжацкага Ордэна[1]. У 1382 годзе Ягайла абяцаў крыжакам Жамойць толькі да ракі Дубісы, але так і не ратыфікаваў Дубіскую дамову[2]. Жамойць была неабходнай крыжакам, бо яе тэрыторыя фізычна аддзяляла іх ад злучэньня зь Лівонскім ордэнам на поўначы. Вітаўт таксама паабяцаў стаць ордэнскім васалам[1]. У лютым некалькі рэгіёнаў Жамойці выказалі сваю падтрымку Вітаўту і крыжакам[1].

16 ліпеня 1384 году Вітаўт у другі раз ратыфікаваў Каралявецкую дамову ў Новым Марыенбэргу, новазбудаванай крыжацкай цьвердзі на беразе Нёману[3]. Зрэшты, пагадненьне было разарванае ў гэтым жа месяцы пасьля замірэньня Вітаўта і Ягайлы. Вітаўт зьнішчыў крыжацкія замкі і вярнуўся ў Літву. Падчас грамадзянскай вайны ў ВКЛ 1389—1392 гадоў Вітаўт ізноў папрасіў ваеннай дапамогі ў Тэўтонскага ордэна. 19 студзеня 1390 году ён падпісаў Лыцкую дамову, якая пацьвярджала Каралявецкую дамову, толькі дзеля таго, каб ізноў парушыць яе ў 1392 годзе[4]. Вітаўт аддаваў Жамойць крыжакам яшчэ двойчы: паводле Салінскай дамовы (1398) і Рацёнскага дагавору (1404).

Летувіскі гісторык Данілевічус і польскі гісторык Канечны паставілі пад сумнёў аўтэнтычнасьць гэтае дамовы, адзначаючы, што яна можа быць крыжацкай падробкай[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Ivinskis, Zenonas (1988) [1930]. «Vytauto jaunystė ir jo veikimas iki 1392 m.». in Paulius Šležas. Vytautas Didysis. Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija. pp. 24. OCLC 25726071. (лет.)
  2. ^ Urban, William (2006). Samogitian Crusade. Chicago: Lithuanian Research and Studies Center. pp. 172—174. ISBN 0-929700-56-2. (анг.)
  3. ^ Ivinskis, Zenonas (1988) [1930]. «Vytauto jaunystė ir jo veikimas iki 1392 m.». in Paulius Šležas. Vytautas Didysis. Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija. pp. 25. OCLC 25726071(лет.)
  4. ^ Urban, William (2006). Samogitian Crusade. Chicago: Lithuanian Research and Studies Center. pp. 197. ISBN 0-929700-56-2. (анг.)