Она Міцюце
Она Міцюце | |
Ona Miciūtė | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Ona Miciūtė |
Псэўданімы | Nerytė |
Нарадзілася | 14 сьнежня 1909 |
Памерла | 2 лютага 1973 (63 гады) |
Муж | Янка Шутовіч |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэтка, перакладніца, бібліёграфка, бібліятэкарка |
Гады творчасьці | 1929—1973 |
Жанр | верш, апавяданьне |
Мова | летувіская |
Дэбют | 1929 |
Значныя творы | Žiburiai pelkėse (1938), Pirmoji šakelė (1972) |
Она Міцюце (па-летувіску: Ona Miciūtė; (14 сьнежня 1909, Вільня, Расейская імпэрыя — 2 лютага 1973, Вільня, Летувіская ССР) — летувіская паэтка і перакладніца.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася ў Вільні ў працоўнай сям’і, дзе пастаянна адчуваўся недахоп хлебу. Акрамя Оны, у сям’і былі яшчэ дзьве сястры і брат, таму голад і галеча былі звычайнай справай. Аднак зь першых дзён сьвядомага жыцьця яна горача ішла да навукі. Жывучы ў прытулку, скончыла пачатковую школу. Пазьней скончыла Віленскую гімназію Вітаўта Вялікага, дзе жыла ў студэнцкім інтэрнаце. Пасьля заканчэньня гімназіі і атрыманьня стыпэндыі Віленскага Летувіскага камітэту, у 1932 г. паступіла на аддзяленьне гуманітарных навук Віленскага ўнівэрсытэту імя Стэфана Баторыя, абраўшы паляністыку (у праграму таксама ўваходзіла дысцыпліна бібліятэказнаўства) і другі кірунак — летуаністыка. У 1937 годзе скончыда Віленскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «польская мова і літаратура»[1].
Супрацоўнічала зь літаратурнымі выданьнямі «Varsnos» і «Varpos». Удзельнічала ў працы Віленскага летувіскага мастацка-літаратурнага таварыства і Віленскага летувіскага студэнцкага саюзу. У 1939—1941 гг. працавала на Віленскім радыё перакладніцай на польскую і летувіскую мовы. У гады гітлераўскай акупацыі да красавіка 1942 году працавала бібліятэкаркай. У 1944—1950 гг. працавала старшай бібліёграфкай Інстытуту летувіскай літаратуры і загадніцай адьдзелу рукапісаў летувіскай літаратуры[1].
У той час яна напісала навуковую працу «Рукапісная спадчына Сыманаса Даўкантаса» (выданьне Інстытуту летувіскай літаратуры)[1].
Муж Оны Міцюце — беларускі дзеяч і літаратуразнаўца Янка Шутовіч быў арыштаваны органамі НКУС 19 лістапада 1944 году і прысуджаны да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Паэтка была выключаная з Саюзу пісьменьнікаў Летувы і звольненая з працы[1].
Забытая, ігнараваная, з слабым здароўем, яна працавала бібліятэкаркай у школе, перакладала польскую літаратуру, вылівала ў дзёньніку горкую праўду пра савецкую акупацыю і дачакалася вяртаньня мужа зь лягераў. Ейныя творы за савецкім часам доўга не друкаваліся[2].
Памерла ў 1973 годзе ў Вільні.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя вершы паэткі былі апублікаваныя ў 1929 годзе[3].
У 1938 годзе Віленскае Летувіскае мастацка-літаратурнае таварыства выдала ейны першы зборнік лірыкі «Žiburiai pelkėse» («Агні на балотах»)[4].
Ейныя сьветапогляд і паэтыка нэарамантычныя, творчасьць блізкая да паэзіі С. Нэрыс. Пісала вершы для дзяцей, напісала п’есу «Stebuklingoji dėžutė» («Скрыня шчасьця», 1957), аўтабіяграфічную аповесьць пра дзяцінства «Першая галінка» («Pirmoji šakelė», 1972). Перакладала на летувіскую мову творы польскіх пісьменьнікаў Ю. Анджэеўскага, М. Дамброўскай, Я. Парандоўскага і інш[3].
У 1979 годзе пасьмяротна выйшаў зборнік вершаў «Rudens gėlės» («Восеньскія кветкі»)[4].
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Žiburiai pelkėse, 1938.
- Išdaigėlė, vaikams, 1959.
- Pavasarėlio puokštė, vaikams, 1969.
- Slėnių paukščiai, 1971.
- Pirmoji šakelė, autobiografinė apysaka, 1972.
- Rudens gėlės, rinktinė, 1979.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Ona Miciūtė. Visuotinė lietuvių enciklopedija, T. XV (Mezas-Nagurskiai). — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2009. 32 psl.
- ^ Alma Lapinskienė. «Aš — tik Vilnelė…» Vilniaus krašto lyrikė Ona Miciūtė, tekstai.lt, http://www.tekstai.lt/component/content/article/3112-alma-lapinskiene-as-tik-vilnele-vilniaus-krasto-lyrike-ona-miciutr
- ^ а б Marija Macijauskienė. Nepabūgusi sunkumų. XXI amžius, 2004 m, https://web.archive.org/web/20230723064439/https://www.xxiamzius.lt/numeriai/2004/12/15/atmi_03.html
- ^ а б Gražina Rozancevaitė, Knygų paroda «Poetei Onai Miciūtei — 100», Mykolo Romerio universitetas, https://intranet.mruni.eu/lt/universitetas/biblioteka/detail.php/knygu-paroda-poetei-onai-miciutei-100/74971/1637#.Yk1FSsjP3IU(недаступная спасылка)