Таварыства прыяцеляў беларусаведы
Таварыства прыяцеляў беларусаведы — навуковы гурток студэнтаў-беларусаў пры Віленскім унівэрсытэце ў 1931—1939 рр.
Кіроўны орган — «урад», які ў розны час узначальвалі Вітаўт Тумаш, Хведар Ільяшэвіч, Антон Шукелойць. Актыўны ўдзел у працы Таварыства прымалі Мар’ян Пецюкевіч, Станіслаў Станкевіч, Іван Касяк, Чэслаў Будзька, Янка Хвораст, Я. Клагіш, С. Нарушэвіч і інш. Асноўнай мэтай лічыла «згуртаваць людзей, якія хочуць паглыбіць свае веды ў галіне беларусазнаўства, а таксама весьці ў гэтым напрамку сыстэматычную навуковую працу». У сваёй дзейнасьці кіравалася статутам, зацьверджаным сэнатам унівэрсытэту ў 1934. Знаходзілася пад апекай куратараў прафэсара Э. Кашмідэра (да 1936) і інш. Мела 4 сэкцыі (філялягічную, этнаграфічную, гістарычна-эканамічную, літаратурную), у якіх рыхтавалі рэфэраты (напр., у 1934 на 14 сходах зачытаны 16 рэфэратаў), праводзілі дыскусіі. Арганізоўваліся этнаграфічныя экспэдыцыі па тэрыторыі Заходняй Беларусі. Для гэтага былі падрыхтаваны спэцыяльныя выданьні: «Увагі… дзеля запісываньня пахаронных абрадаў і абрадаў памінальных дзён» М. Пецюкевіча (1933), «Апытальнік да зьбіраньня дыялектычных і некаторых агульных асаблівасьцей беларускай (крывіцкай) мовы» Янкі Станкевіча (1935). Сябры таварыства апрацоўвалі практычны польска-беларускі слоўнік, садзейнічалі ў краязнаўчай працы беларускім суполкам у Латвіі. 3 1935 пачалося стварэньне ўласнай бібліятэкі (у 1937 налічвалася больш за 500 кніг, шмат рукапісаў), арганізоўваліся канцэрты, часта з удзелам хору Рыгора Шырмы. Таварыства прыяцеляў беларусаведы было ініцыятарам розных урачыстасьцей, у т.л. ў гонар 300-годзьдзя зь дня сьмерці Льва Сапегі (1933). На літаратурных вечарынах чыталі свае творы Міхась Машара, Натальля Арсеньнева, Хведар Ільяшэвіч, Максім Танк, Алесь Бярозка, Міхась Васілёк і інш. Таварыства мела цесны кантакт зь Беларускім студэнцкім саюзам, часопісам «Студэнцкая думка». Спыніла дзейнасьць у верасьні 1939 р.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вабішчэвіч А. Таварыства прыяцеляў беларусаведы // ЭГБ, Т.6, кн. І. — Мн., 2001.