Перайсьці да зьместу

Віктар Шутовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Віктар Шутовіч
Род дзейнасьці беларускі каталіцкі сьвятар, публіцыст
Дата нараджэньня 27 кастрычніка 1890
Месца нараджэньня в. Шутавічы, Ашмянскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 1 сакавіка 1960
Месца сьмерці Барысаў, БССР
Месца пахаваньня
Занятак публіцыст, каталіцкі сьвятар
Помнік Віктару Шутовічу на «Каталіцкіх могілках» у Барысаве

Ві́ктар Шуто́віч (27 кастрычніка 1890, в. Шутавічы, Ашмянскі павет — 1 сакавіка 1960, Барысаў) — беларускі каталіцкі сьвятар, публіцыст.

Пачатковую адукацыю атрымаў у Смаргоні. Паступіў у Віленскую рыма-каталіцкую духоўную сэмінарыю, якую скончыў у 1913 годзе. Быў высьвячаны на сьвятара ў 1913 годзе ў Вільні.

Сьвятарскае служэньне пачаў на пасадзе вікарыя ў касьцёле ў Лідзе. Праз чатыры месяцы працы ў Лідзе, быў пераведзены на пасаду вікарыя ў Віленскую катэдру. У хуткім часе паступіў ў Пецярбургскую рыма-каталіцкую духоўную акадэмію. Скончыў два курсы акадэміі і, ня маючы грошай, каб вучыцца далей, пакінуў вучобу.

З 1917 году служыў пробашчам парафіі ў Барадзенічах Браслаўскага павету, дзе адзначыўся ня толькі казаньнямі на беларускай мове[1][2], але і арганізоўваў беларускія школы, зьбіраў фальклёр. Пасьля 10 гадоў служэньня ў касьцёле сьв. Юзафа ў Барадзенічах 12 студзеня 1927 году на загад Віленскага архібіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага кс. Віктар Шутовіч быў зьняты з пасады пробашча Барадзенiцкай парафіі. Дэлегацыя ад усёй парафіі, просьбы з мноствам подпісаў, каб пакінуць кс. Шутовіча ў Барадзенічах не дапамаглі. Фармальнай нагодай для пазбаўленьня пасады пробашча сталіся скаргі мясцовых польскіх чыноўнікаў, настаўнікаў і актывістаў, якім не падабалася беларуская дзейнасьць сьвятара. Царкоўныя ўлады вінавацілі ксяндза Віктара Шутовіча ў тым, што ён нібыта сеяў нянавісьць у парафіі, страціў давер у ксяндзоў з суседніх парафіяў і працаваў на шкоду Царкве, бо адмовіўся займацца справай адабраньня ў праваслаўных царквы ў в. Ёды. За гэта ён быў пераведзены на пасаду вікарыя ў парафіі ў Лідзе[3], а з 1928 году — у Тшцянным каля Ломжы. Ксяндза Віктара Шутовіча ў 1928 годзе судзілі за «падбурэньне адной часткі насельніцтва проці другой».[4] Суд адбыўся ў Браславе 15-га сьнежня, і на падставе амністыі справа была скасавана.[5]

З 1929 па 1932 год кс. Віктар Шутовіч служыў у ЗША, а з 1932 году ён працаваў вікарыем і школьным прэфэктам у Хорашчы каля Беластоку. Служыў у менскім Чырвоным касьцёле (ад вясны 1944 да 1945). 26 студзеня 1945 арыштаваны савецкімі ўладамі, асуджаны на 10 гадоў турмы. Вызвалены 20 сакавіка 1955, вярнуўся ў Менск, атрымаў парафію (нелегальна, з 1956) у Барысаве, дзе й памёр.

Апрацаваў зборнік «Калядныя песьні», выдадзены Нінай Абрамчык у Бэрліне.

  1. Kryčačaja niesprawiadliwaść.  (бел.) // Biełaruskaja Krynica : газэта. — 21 stydnia 1927. — № 4. — С. 1.
  2. Кастусь Шыталь. Беларуская мова ў Касцёле ў пачатку ХХ стагоддзя. // Каталіцкі веснік : часопіс. — 2022. — № 8 (137). — С. 3.
  3. S. Chłopski. Da nas pišuć. Z adwiedzin ks. Šutowiča.  (бел.) // Biełaruskaja Krynica : газэта. — 1 krasawika 1927. — № 14. — С. 4.
  4. Z biełaruskaha žyćcia. Buduć sudzić ks. Šutowiča.  (бел.) // Biełaruskaja Krynica : газэта. — 5 stydnia 1928. — № 2. — С. 4.
  5. Z biełaruskaha žyćcia. Sud nad ks. W. Šutowičam.  (бел.) // Biełaruskaja Krynica : газэта. — 23 wieraśnia 1928. — № 44. — С. 4.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]