Ян Пац
Герб «Газдава» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1550 |
Памёр | верасень ці кастрычнік1610 |
Род | Пацы |
Бацькі | Дамінік Пац Ганна Лозка |
Жонка | Крысціна Нарушэвіч<br\>Соф'я Вішнявецкая |
Дзеці | Крыстап<br\>Аляксандар<br\>Аўрэліан<br\>Ян Казімер<br\>Павал<br\>Фелікс<br\>Ганна |
Ян Пац (па-польску: Jan Pac, 1550 — верасень ці кастрычнік 1610) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Чашнік ВКЛ з 1581, віленскі цівун з 29 красавіка 1589, менскі ваявода з 9 сакавіка 1600 «па Андрэю Завішы», камянецкі і даўгяліцкі староста.
Жыцьцяпіс
З магнацкага роду Пацаў гербу «Газдава», сын Дамініка і Ганны, дачкі берасьцейскага войскага Андрэя Барысавіча Лозкі і Ганны. Зводны брат па матчынай лініі Іпація Пацея.
У 1582 атрымаў прывілей на вёску Дымнікі ў камянецкай дзяржаве. У 1584 атрымаў падобныя прывілеі на сёла Ківіле і Кліколе на Жмудзі, якія яму саступіў смаленскі кашталян ягоный стрый Мікалай Пац. У 1585 прызначаны каралем камісарам дзеля размежаваньня каралеўскіх земляў з маёнткамі, належачымі Пацам. На сойме 1587 прапанаваў выбраць на трон Рэчы Паспалітай цара Фёдара Іванавіча. У 1588 кароль дазволіў яму выкупіць камянецкае староства ў нашчадкаў берасьцейскага ваяводы Гаўрылы Гарнастая. У тым жа годзе прадаў князю Мікалаю Крыштапу Радзівілу мястэчка Кунаса недалёка ад Нясьвіжа за 12000 коп грошаў. У 1592 абраны маршалкам інквізыцыйнага сойму. У 1594 быў мадэратарам дыспута езуіта ксяндза Сміглецкага з арыянамі. У 1595 канцлер Леў Сапега са згоды караля саступіў яму даўгяліцкую дзяржаву. На Варшаўскім сойме 1596 прызначаны камісарам дзеля размежаваньня падляскага, берасьцейскага ваяводзтваў і гарадзенскага павета. Кальвініст, з 1600 католік. Купіў мястэчка Чартарыйск на Валыні ў князя Юрыя Міхайлавіча Чартарыйскага, які абумовіў сябе права на пражываньне у замку Чартарыйскім на працягу сямі год. Але Ян Пац быў з гэтым нязгодзен і сам там пасяліўся. У адказ 5 сьнежня 1602 князь Юры Чартарыйскі са сваімі людзьмі і сябрамі Бенэдыктам Гулевічам і брацлаўскім кашталянам Мікалаем Сямашкай напалі на Чартарыйск і пабілі людзей Паца, а яго самога паранілі. Пац паклікаў грабежнікаў на каралеўскі суд, але праз нейкі час абодвы бакі дасягнулі у 1603 замірэньня з дапамогай ваяводы віленскага князя Крыштапа Радзівіла і ваяводы валынскага князя Аляксандра Астроскага. Юры Чартарыйскі адмовіўся ад вольнага пражываньня ў замку Чартарыйскім і прадаў яго 400000 злотых, а Пац у сваю чаргу запісаў Чартарыйскаму замак і мястэчка Муравіца(pl) ў Валынскім ваяводзтве.
Першы шлюб з Крысьцінай Нарушэвіч, дачкой смаленскага кашталяна і віленскага цівуна Станіслава і Камаеўскай, быў бязьдзетным. У другім шлюбе з Соф'яй Вішнявецкай (1569 – 4 лютага 1619), дачкой валынскага ваяводы Андрэя і Яўфіміі Вяржбіцкай, меў сямёра дзяцей:
- Крыстапа, памёршага маладым;
- Аляксандра;
- Аўрэліана, манах бернардын Антоні;
- Яна Казімера;
- Паўла, памёршага маладым;
- Фелікса, памёршага маладым;
- Ганну, першы раз у шлюбе з полацкім кашталянам Мікалаем Багуславам з Братошына Дэспат-Зяновічам які загінуў 7 верасьня 1621 у бітве пад Хоцінам, а другі раз з паюрскім цівуном Крыштапам Крышпінам Кіршенстэйнам.
Пасля сьмерці Яна Паца яго жонка пабралася шлюбам у другі раз з расенскім і скерстымонскім старостай Крыштапам Вацлавам Шэметам. Памёрла 4 лютага 1619 у Бярэзані, пахавана ў катэдры сьвятога Станіслава ў Вільне.
Літаратура
- Niesiecki K. Herbarz Polski, wyd. J.N. Bobrowicz, Lipsk 1839-1846.
- Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego: 1385—1795. Kraków, 1885.
- Wolff J. Pacowie: materyjały historyczno-genealogiczne, 1885]
- Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej, Poznań, T.1-31, 1879—1908.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0