Юсіф Вэзір Чэмэнзэмінлі
Юсіф Вэзір Чэмэнзэмінлі | |
азэрб. Yusif Vəzir Çəmənzəminli | |
Юсіф Вэзір у студэнцкія часы, 1911 | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 12 верасьня 1887 Шуша, Расейская імпэрыя, цяпер Нагорна-Карабаская Рэспубліка / Азэрбайджан[a] |
Памёр | 3 студзеня 1943 (55 гадоў) ГУЛАГ, ст. Сухабязводная, Горкаўская вобласьць, РСФСР, СССР, цяпер Расея |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік, публіцыст, драматург, гісторык, фальклярыст |
Жанр | проза і драма |
Мовы | азэрбайджанская, расейская |
Юсіф Вэзір Чэмэнзэмінлі (па-азэрбайджанску: Yusif Vəzir Çəmənzəminli; 12 верасьня 1887, Шуша — 3 студзеня 1943, ГУЛАГ на ст. Сухабязводная, Горкаўская вобласьць) — азэрбайджанскі пісьменьнік, публіцыст, драматург, гісторык, фальклярыст і палітычны дзяяч. Друкаваўся пад псэўданімамі: «Сэрсэм», «Чэмэнзэмінлі Алігулухан», «Зарасб», «Чэмэнзэмінлі Алі Хан», «Курбан Саід».
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раньнія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 12 верасьня 1887 году ў горадзе Шушы. Ягоны бацька Мэшэдзі Мірбаба бэка Вэзіраў дасканала ведаў фарсі й турэцкую мовы, ведаў літаратуру (любіў Фірдаўсі і Фізулі), выкладаў мугам і за сваё жыцьцё пабываў у многіх краінах Усходу.
Атрымаўшы пачатковую адукацыю ў школе Молы Мэхці, які праславіўся пад псэўданімам «Кар Халіфа», ён працягнуў навучаньне ў расейскай школе гораду Агдам. У 1896 годзе ён вярнуўся ў Шушу й паступіў у Рэальную вучэльню, якая сярод тагачасных сярэдніх навучальных установаў Каўказу лічылася адной з найлепшых. У школе ён больш увагі надаваў біяграфіям мастакоў і скульптараў, і не пасьпяваў па матэматыцы. Праз гэта застаўся на другі год. Яшчэ зь дзіцячых гадоў ён займаўся маляваньнем, спачатку ён маляваў карціны, а пасьля стаў маляваць грамадзка-палітычныя карыкатуры. Вучачыся ў Шушанскай рэальнай школе ён напісаў на расейскай мове свой першы верш «Скарга». Юсіф Вэзір паказаў некалькі сваіх вершаў свайму настаўніку расейскае мовы Клемію. Настаўнік прачытаўшы вершы параіў яму чытаць Антона Чэхава. Сатырычныя апавяданьні Чэхава яму вельмі спадабаліся, у далейшым гэта паўплывала на станаўленьне яго як пісьменьніка кароткіх апавяданьняў. Падчас вучобы ў Шушанскай рэальнай школе ён разам са сваім стрыечным братам Мір-Гасанам Вэзіравым (у далейшым адным з 26-ці бакінскіх камісараў) выдаваў штомесячны гумарыстычны часопіс на расейскай мове «Фокусьнік».
Пасьля крывавых падзеяў 1905 году ў Шушы падчас армяна-азэрбайджанскае разьні, пасьля доўгай хваробы памірае ягоны бацька й увесь цяжар па ўтрыманьні сям’і кладзецца на плечы Юсіфа. Прадаўшы маёмасьць бацькі ў Агдаме, пасьля вяртаньня ў Шушу Юсіф Вэзір захварэў. Падчас доўгае хваробы іхнае сям’і дапамагалі суседзі — тры браты з Паўднёвага Азэрбайджану, якім калісьці даў прытулак бацька Юсіф Вэзіра Мэшэдэ Мірбаба. Пасьля 3-х месяцаў хваробы, па выздараўленьні Юсіф дае абяцаньне, што калі ў будучыні ён стане вядомым чалавекам, то абавязкова возьме сабе псэўданім «Чэмэнзэмінлі ў гонар вёскі сваіх суседзяў з Паўднёвага Азэрбайджану.
У 1907 годзе Юсіф Вэзір едзе ў Баку й паступае ў Бакінскую рэальную школу. У 1911 годзе ў газэце «Сада» й сатырычным часопісе «Мола Насрэдын» друкуюцца ягоныя апавяданьні.
Скончыўшы ў 1909 годзе Бакінскую рэальную вучэльню ён адпраўляецца ў Пецярбург. У Пецярбургу ён піша сваё вядомае апавяданьне «Пуцёўка ў рай» і верш, прысьвечаны народнаму герою Дагестану Шамілю.
Кіеўскі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1910 годзе ён паступіў на юрыдычны факультэт Імпэратарскага Ўнівэрсытэту Сьвятога Ўладзімера ў Кіеве. За ўвесь час навучаньня ва ўнівэрсытэце ён не перапыняў сувязі з радзімай. За гэтыя гады Юсіф Вэзір ня раз друкаваўся ў газэтах і часопісах, якія выдаюцца ў Азэрбайджане. Менавіта ў гэты пэрыяд убачылі сьвет такія ягоныя працы, як «Фактычнае становішча азэрбайджанскай мусульманкі», «Крывавыя сьлёзы», «Маці й мацярынства». Пазьней былі напісаныя артыкулы «Азэрбайджанская аўтаномія», «Хто мы й чаго хочам?», «Гісторыя літоўскіх татараў», «Нашая вонкавая палітыка», «Праблемы нашае нацыі й культуры» й да т.п.
У 1915 годзе з прычыны Першае сусьветнае вайны царскі ўрад перанёс Кіеўскі ўнівэрсытэт у Саратаў. Скончыўшы ўнівэрсытэт, Юсіф Вэзір уладкоўваецца на працу судзьдзёй у Саратаўскую судовую палату. Празь недахоп сродкаў на харчаваньне, ён вяртаецца ў Кіеў. Дзе, уступіўшы ў арганізацыю «Земства» ён едзе на фронт. Падчас лютаўскае рэвалюцыі Юсіф Вэзір знаходзіўся на Галічыне. Падзеі тых часоў ён апісаў у сваіх раманах «Студэнты» й «У 1917-м годзе».
Дыпляматычная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1917 годзе Юсіф Вэзір вяртаецца з Галічыны ў Кіеў. Пасьля ўсталяваньня Ўкраінскае Народнае Рэспублікі, стварае ў Кіеве азэрбайджанскае таварыства, і ўзначальвае яго. Пасьля ўсталяваньня Ўкраінскае Народнае Рэспублікі 1 лістапада 1918 году Юсіф Вэзір быў прызначаны дыпляматычным прадстаўніком Азэрбайджанскае Дэмакратычнае Рэспублікі ва Ўкраінскай дзяржаве[1]. Адначасова з студзеня 1919 году быў дыпляматычным прадстаўніком Азэрбайджанскае Дэмакратычнае Рэспублікі ў Крыме, і ў Польшчы. Акрамя дзяржаўных, ваенных і эканамічных інтарэсаў, мэтай дыпляматычнага прадстаўніцтва было азнаёміць украінскую грамадзкасьць з Азэрбайджанам. Прадстаўніцтва арганізуе вечары, друкуе ў газэтах і часопісах артыкулы пра гісторыю, літаратуру, культуру, гандаль і эканоміку Азэрбайджану.
У 1919 годзе абрываецца сувязь з Азэрбайджанам. Юсіф Вэзір едзе ў Сімфэропаль, дзе ён вымушаны быў застацца на некалькі месяцаў. Тут ён уладкоўваецца на працу дарадцам у Міністэрстве юстыцыі. У крымскай газэце «Мілят» друкуецца ягоны артыкул «Азэрбайджан і азэрбайджанцы» і ў 1919 годзе выходзіць ягоная кніга «Літоўскія татары».
Па вяртаньні на радзіму ён у газэце «Азэрбайджан» друкуе сэрыю артыкулаў «Нашая вонкавая палітыка», «Нашыя нацыянальныя й культурныя пытаньні».
Празь некаторы час паводле прапановы старшыні Рады Міністраў Азэрбайджанскае Дэмакратычнае Рэспублікі (АДР) Насіб-бэк Усуббэкава ён адпраўляецца ў Стамбул ў якасьці азэрбайджанскага амбасадара. Займаючыся ў Стамбуле дыпляматычнымі справамі ён працягваў сваю літаратурную дзейнасьць, і ў 1921 годзе выдае кнігі «Погляд на азэрбайджанскую літаратуру» й «Азэрбайджан — гістарычны, геаграфічны й эканамічны», якія былі поўныя навуковымі назіраньнямі пісьменьніка.
Кіеўскі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля ўсталяваньня Савецкае ўлады ў Азэрбайджане Юсіф Вэзір аб’яўляе аб спыненьні сваёй дзейнасьці. Ён едзе ў Парыж да свайго малодшага брата Мірабдуле, які вучыўся на факультэце дыпляматыі Парыскага інстытуту палітычных навук. Празь немагчымасьць працы ў якасьці юрыста ў Францыі ён працаваў рабочым на лякаматыўным і аўтамабільным заводах у горадзе Клішы недалёка ад Парыжу. Ён таксама супрацоўнічаў з газэтай «Парыскія навіны», дзе друкаваў свае артыкулы пад загалоўкам «Усходнія лісты».
Пасьля заўчаснае сьмерці малодшага брата, Юсіф Вэзір вырашае вярнуцца на радзіму. Ён піша лісты прадстаўніку Саветаў у Парыжы й старшыні Азэрбайджанскае Савецкае Рэспублікі народнаму камісару Газанфару Мусабэкаву. Старшыня камуністычнае партыі Азэрбайджану Сяргей Кіраў сустрэў з радасьцю жаданьне Юсіфа Вэзіра вярнуцца. І ў 1926 годзе Юсіф Вэзір назаўжды вяртаецца з эміграцыі ў савецкі Азэрбайджан.
Бакінскі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вярнуўшыся на радзіму, Юсіф Вэзір працуе рэдактарам мастацкага аддзелу ў выдавецтве «Бакінскі працоўны», затым у грамадзка-культурным аддзеле Камітэту па Дзяржаўным Плянаваньні й адначасова займаецца выкладаньнем. Спачатку выкладаў на факультэце ўсходазнаўства і пэдагогікі Азэрбайджанскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а затым на факультэтах азэрбайджанскае й расейскае мовы ў Пэдагагічным, Мэдыцынскім і Нафтавым інстытутах. Адначасова Юсіф Вэзір быў адным з рэдактараў «Расейска-Азэрбайджанскага слоўніка» пад рэдакцыяй Рухулы Ахундава. У 1930—1935 гадох ён выдае свае раманы «Дзявоцкая крыніца», «Студэнты», «У 1917-м годзе», піша камічную п’есу «Хазраці Шахрыяр».
Юсіф Вэзір працаваў і над перакладамі. Ён пераклаў з расейскае на азэрбайджанскую творы Льва Талстога, Івана Тургенева, Аляксандра Няверава, Мікалая Гогаля й іншых. У 1937 годзе ён скончыў свой гістарычны раман «Паміж двох агнёў», але выдаць раман ён не пасьпеў. Раман быў надрукаваны з скарачэньнямі ў часопісе «Азэрбайджан» толькі ў 1960 годзе пад назвай «У крыві». За 3-4 месяцы да звальненьня з Саюзу пісьменьнікаў Азэрбайджану Юсіф Вэзір перадаў «Азэрфільму» кінасцэнар свайго твору «Алтунсач». Нягледзячы на тое, што твор быў ухвалены кіраўніцтвам «Азэрфільму», дамова так і не была складзеная, праз крытыку ягонага раману «Студэнты».
У 1937 годзе Юсіф Вэзір паводле розных падставаў быў адхілены ад працы.
У 1940 годзе ён быў асуджаны й адпраўлены ў лягер для зьняволеных у Горкаўскую вобласьць на станцыю Сухабязводнае, дзе й сканаў у 1943 годзе.
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Алі й Ніно[b]
- Студэнты
- У 1917-м годзе
- Паміж двох агнёў («У крыві»)
- Дзявоцкая крыніца
- Алтунсач
- Пуцёўка ў рай
- Яго высокасьць едзе ў Парыж
- Фактычнае становішча азэрбайджанскае мусульманкі
- Крывавыя сьлёзы
- Хто мы й чаго жадаем?
- Гісторыя літоўскіх татараў
- Нашая вонкавая палітыка
- Праблемы нашае нацыі й культуры
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Места ўваходзіць у склад тэрыторыі, што кантралюецца непрызнанай Нагорна-Карабаскай Рэспублікай
- ^ Аўтарства аспрэчваецца
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Паведамленьне газэты «Азэрбайджан» аб прызначэньні Ю. Вэзірава дыпляматычным прадстаўніком ва Ўкраіне (Азэрбайджан. 3 лістапада 1918 году № 25)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Юсіф Вэзір Чэмэнзэмінлі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў