Перайсьці да зьместу

Эдвард Вайніловіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Эдвард Адамавіч Вайніловіч»)
Эдвард Вайніловіч
лац. Edvard Vajniłovič
Эдвард Вайніловіч, 1903 год
Эдвард Вайніловіч, 1903 год

Герб «Вайніловіч» («Сыракомля адрозны»)
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 13 кастрычніка 1847
Сьляпянка Менскага павету
Памёр 16 чэрвеня 1928 (80 гадоў)
Быдгашч, Польшча
Пахаваны
Род Вайніловічы
Бацькі Адам Вайніловіч
Ганна з Ваньковічаў
Жонка Алімпія з Узлоўскіх
Дзеці Алена, Сымон
Дзейнасьць палітык, мэцэнат
Подпіс Выява аўтографу
Рэгаліі
Крыж Камандорскі Ордэну Адраджэньня Польшчы Ордэн сьв. Ўладзіміра IV ступені (Расейская Імпэрыя) Ордэн сьв. Ганны II ступені (Расейская Імпэрыя) Ордэн сьв. Ганны IIІ ступені (Расейская Імпэрыя) Ордэн сьв. Станіслава ІІ ступені (Расейская Імпэрыя) Ордэн сьв. Станіслава ІІІ ступені (Расейская Імпэрыя)
Малады Э. Вайніловіч

Эдвард Антоні Леанард Вайніловіч (польск. Edward Woyniłłowicz; 13 кастрычніка 1847, маёнтак Сьляпянка каля Менску — 16 чэрвеня 1928, Быдгашч, Польшча) — беларускі й польскі палітычны і грамадзкі дзяяч.

Адзін з найбагацейшых абшарнікаў Меншчыны (маёнткі Савічы, Пузаў Цімкавіцкай воласьці Слуцкага павету і іншыя), фундатар некалькіх сакральных будынкаў, у тым ліку Сьвятых Сымона й Алены ў Менску.

Чырвоны касьцёл, герб Вайніловічаў

Прадстаўнік старажытнага беларускага[1] шляхецкага роду Вайніловічаў гербу ўласнага — «Сыракомля адрозны», сын Адама і Ганны з Ваньковічаў. Гістарычна Вайніловічам належалі вялікія зямельныя ўладаньні ў Наваградзкім ваяводзтве, галоўным маёнткам былі Савічы ў Слуцкім павеце.


« …я мушу адзначыць што быў наш род мясцовым, беларускім, гербу ўласнага… »

—Успаміны Эдварда Вайніловіча

Нарадзіўся 13 кастрычніка 1847 году ў маёнтку Сьляпянцы пад Менскам, які належаў бацькам ягонай маці Эдварду Ваньковічу і Міхаліне з Манюшкаў. Немаўля назвалі ў гонар дзеда.

З мэдалём скончыў Слуцкую гімназію (1861). У 1865 годзе паступіў у Пецярбурскі імпэратарскі тэхналягічны інстытут, які скончыў ў 1869 годзе. А ў 1872 годзе стаў слухачом Сельскагаспадарчай акадэміі ў Прушкаве (Польшча). Праходзіў стажаваньне на заводах Нямеччыны і Бэльгіі[2], пазьней працаваў інжынэрам-тэхнолягам на Пуцілаўскім заводзе ў Пецярбургу.

Па сьмерці бацькі пераехаў у Савічы, дзе займаўся арганізацыя сельскагаспадарчай працы на аснове найноўшых дасягненьняў у гэтай галіне.

У 1883 годзе атрымаў прызначэньне на ганаровага міравога судзьдзю Слуцкага павету, а ў 1888 годзе абіраўся віцэ-старшынём Менскага Таварыства Сельскай Гаспадаркі. Старшынём арганізацыі афіцыйна мог быць толькі расеец, аднак Эдвард Вайніловіч фактычна кіраваў працай таварыства, пакуль забарону не скасавалі і ён не ўзначаліў таварыства.

Тройчы абіраўся ў расейскую Дзяржаўную Думу. У 1906 годзе — сябра Дзяржаўнага Савету Расеі ад Менскай губэрні. Адмовіўся ад прапанаванай Пятром Сталыпіным пасады віцэ-міністра сельскай гаспадаркі Расейскай імпэрыі[3]. У 1906—1909 гадох у Дзяржаўным савеце Расейскай імпэрыі быў сябрам фінансавай камісіі[4].

Асабістае жыцьцё і харытатыўная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дзеці Э. Вайніловіча Алена і Сымон

У 1882 годзе пабраўся шлюбам з Алімпіяй Узлоўскай. У сям’і нарадзілася двое дзяцей — Алена (1884—1903) і Сымон (1885—1897). Іх заўчасная сьмерць зрабілася для Эдварда Вайніловіча вялікай трагедыяй. У памяць пра сваіх дзяцей ён збудаваў на тагачасным ускрайку Менску касьцёл. Будаваньне касьцёла сьвятых Сымона й Алены ў Менску завершылася ў 1910 годзе.

Заснавальнік камітэту абароны жыдоў і татараў-мусульманаў у Клецку, тамака ж збудаваў сынагогу. Выступаў фундатарам ня толькі касьцёлаў, але і праваслаўных цэркваў.

На ніве беларушчыны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сымпатызаваў беларускаму руху, фінансава падтрымліваў яго, але будучы абшарнікам, земляўласьнікам, ня мог падтрымліваць тыя левыя погляды, якія дамінавалі ў беларускім руху таго часу.


« Валодаючы беларускай мовай гэтак жа добра, як і польскай, і стала ўжываючы яе ў стасунках зь вясковымі працаўнікамі ў сваёй гаспадарцы, я некалькі дзесяцігодзьдзяў падтрымліваў бесьперапынны кантакт з усімі праявамі беларускага руху перадусім у Менску, дзе сустракаўся з Антонам Луцкевічам і Казімерам Кастравіцкім, пазьней у Вільні і Петраградзе з Вацлам Іваноўскім, Браніславам Шыпілам і г.д. Беручы ў беларускіх згуртаваньнях сякі-такі матэрыяльны ўдзел, урэшце мусіў зь іх штораз выходзіць, бо распачатая ў іх праца, спачатку ў кірунку самапазнаньня і нацыянальнага адраджэньня — «Лучынка», «Саха», «Загляне сонца і ў наша аконца» — у канцы заўжды прымала сацыялістычныя кірунак і лёзунгі, якім, насуперак сваім перакананьням, служыць я ня мог. »

—Успаміны Эдварда Вайніловіча

У 1917 годзе працаваў у земскіх арганізацыях разам зь дзеячамі беларускага руху Аркадзем Смолічам і Раманам Скірмунтам, падтрымаў утварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Удзельнічаў у паседжаньнях Рады БНР. Даў наступную ацэнку гвалтоўнай палітыцы русіфікацыі Беларусі ўладамі Расейскай імпэрыі[5]:

« …расейскі ўрад да таго русіфікаваў краіну, што, калі б яшчэ пару пакаленьняў прайшло праз народныя вучэльні, то беларуская мова зьнікла б цалкам, і Масква за паўтараста гадоў панаваньня зацерла б сьляды ўсіх завадовых адрозьненьняў. »
Касьцёл Сьвятых Сымона й Алены

У 1918 годзе ва ўмовах акупацыі Нямецкай імпэрыяй ад імя мясцовых абшарнікаў выступіў з плянам аднаўленьня Вялікага Княства Літоўскага. Стварыў «Зьвяз абшарнікаў Менскай губэрні». У сьнежні 1918 годзе выехаў у Варшаву, быў адным з арганізатараў «Зьвязу палякаў зь беларускіх ускраінаў», які ў студзені 1919 году прапанаваў усталяваць мяжу Польскай Рэспублікі да Дняпра і Дзьвіны. У красавіку 1919 году ўдзельнічаў у пераўтварэньні «Зьвязу абшарнікаў Менскай губэрні» у «Зьвяз абшарнікаў у Літве і Беларусі ў Варшаве». У траўні 1919 году разам з В. і Л. Дубейкаўскімі стварыў у Варшаве «Польска-беларускае таварыства для культурнага і палітычнага супрацоўніцтва на Беларусі». У канцы жніўня 1919 выехаў у Менск, у верасьні вярнуўся ў маёнтак Савічы. Працягваў грамадзкую дзейнасьць у Слуцку, выяжджаў у Менск і Варшаву. У гэты час быў прыхільнікам незалежнай Беларусі ў зьвязе з Польшчай, выступаў супраць падзелу Беларусі палякамі і бальшавікамі.

Беларускі зьезд Случчыны, які ўзьняў Слуцкае паўстаньне, праходзіў 14 і 15 лістапада 1920 году ў доме Вайніловіча ў Слуцку[6].

Ваеннае ліхалецьце, Кастрычніцкі пераварот і Польска-савецкая вайна зрабіліся для Эдварда Вайніловіча часам новых выпрабаваньняў. 19—21 лютага 1918 году рэвалюцыйныя салдаты і падбухтораныя бальшавікамі сяляне навакольных вёсак учынілі жахлівы пагром Савічаў — радавой сядзібы Вайніловічаў.


« Загінуў плён культурнай працы 11-ці пакаленняў, загінула ўсё, што мы зьбіралі ад сярэдзіны 16 стагодзьдзя ў начыньнях, партрэтах, прадметах мастацтва, а галоўнае, у дакумэнтах, упарадкаваных і скаталягізаваных так, як гэта бывае хіба толькі ў славутых дзяржаўных архівах »

—Успаміны Эдварда Вайніловіча

Па адыходзе Случчыны пад кантроль бальшавікоў Эдвард Вайніловіч пакінуў Беларусь і пераехаў у польскі Быдгашч. Тут ён збудаваў вялікі дом для дзяцей-сіротаў, пакінутых і беспрытульных, і да канца свайго жыцьця апякаўся імі.

Эдвард Вайніловіч памёр ў Быдгашчы 16 чэрвеня 1928 году і быў пахаваны на мясцовых старафарных могілках. На надгробным помніку зьмясьцілі надпіс: «Traktatem ryskim z swej ziemi wygnany, deptać musiałem obce łany» (па-беларуску: Прагнаны з сваёй зямлі Рыскай дамовай, я мусіў хадзіць па чужых палёх).

Вяртаньне ў Беларусь

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Месца пахаваньня Э. Вайніловіча ля Чырвонага касьцёла

У 2006 годзе з дазволу касьцельных уладаў, міністэрстваў замежных справаў Беларусі і Польшчы парэшткі Эдварда Вайніловіча былі перавезеныя з Быдгашча ў Менск. 11 чэрвеня 2006 году адбылося іх ўрачыстае перапахаваньне ля касьцёла сьвятых Сымона й Алены на Пляцы Незалежнасьці ў Менску.

У 2007 годзе касьцельная грамада зьвярнулася да менскіх гарадзкіх уладаў з прапановай перайменаваць вуліцу Берсана, што праходзіць побач з касьцёлам у вуліцу Эдварда Вайніловіча. У верасьні 2008 году вуліца была перайменавая, аднак Камуністычная партыя Беларусі выказала пратэст з гэтай нагоды, і неўзабаве Міністэрства юстыцыі скасавала пастанову Менгарвыканкаму[7].

Памятаючы пра маральныя і чалавечыя якасьці Эдварда Вайніловіча, Каталіцкі Касьцёл у Беларусі рыхтуе дакумэнты для яго бэатыфікацыі[8].

  • E. Woyniłłowicz. Wspomnienia, 1847—1928. — Wilno: Komitet Uczczenia s. p. E. Woyniłłowicza, 1931. — 365 s. (была надрукаваная толькі першая частка ўспамінаў).
  • Э. Войнилович. Воспоминания: Пер. з польск. — Мн.: Выданьне Менскае рыма-каталіцкае парафіі сьв. Сымона і Алены, 2007. — 380 с. — 250 экз.
  • R. Jurkowski. Listy Edwarda Woyniłłowicza do Mariana Zdziechowskiego z lat 1905—1928, Cz. I. // Echa Przeszłości VIII. — Olsztyn: Uniwersytet Warmińsko-Mazurski w Olsztynie, 2007. — S. 209—220. — ISSN 1509-9873.
  1. ^ Баравы Р., Чарняўская Л. Вайніловічы // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 202.
  2. ^ Грыцкевіч А. Вайніловіч Эдвард // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 201.
  3. ^ Арлоў У. (5 сакавіка 2007) Эдвард Вайніловіч Радыё Свабода — Праграма "Імёны Свабоды". Праверана 26 траўня 2011 г.
  4. ^ Іван Гаргун. Першы беларускі бізнэсмэн // Ігуменскі тракт. — 6 траўня 2014. — № 15 (73).
  5. ^ Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. — Львоў, 2010. С. 22—23.
  6. ^ Грыцкевіч А. Вайніловіч Эдвард // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 202.
  7. ^ ТБМ працягвае змаганне за вуліцу Вайніловіча ў Мінску, БелаПАН, 18 сьнежня 2007 г.
  8. ^ Завальнюк У. Шукаем нашчадкаў роду Вайніловічаў. Згуртаваньне Беларусаў Сьвету БацькаўшчынаПраверана 6 сакавіка 2011 г.
  • Хмялеўская, Г. Церні Крэсаў  аповесьць пра Эдварда Вайніловіча і яго сям’ю / Гізэля Хмялеўская. — Менск: Выдавец Віктар Хурсік, 2015.
  • Ціткоўскі І Эдвард Вайніловіч(недаступная спасылка) // Інфа-Кур’ер, 15 чэрвеня 2006.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
  • Augusiewicz S. Rodowód Woyniłłowiczów na Sawiczach. Próba rekonstrukcji genealogii rodu w XVI—XX w // Przegląd wschodni. — Olsztyn: Gebethner i Ska, 2006. — Т. 10. — № 1 (37). — S. 21—42. — ISSN 0867-5929.
  • Chmielewska G. Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie. — Łomianki: Wydawnictwo LTW, 2011. — 369 s. — ISBN 978-83-7565-128-7.
  • Drożdżewicz L. Znad doliny Łosośny: Proces beatyfikacyjny obywatela Kresów // „Znad Wilii”. Nr 2 (66), 2016. S. 30.
  • Woyniłłowicz Edward // Encyklopedia polskiej emigracji i Polonii, pod red. K. Dopierały. T. 5. — Toruń, 2005. — S. 343—344.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Marek Jerzy Minakowski. Edward Woyniłłowicz h. Syrokomla (пол.) Genealogia Potomków Sejmu Wielkiego. Przodkowie.com. — Serwis genealogiczny pod patronatem Stowarzyszenia Potomków Sejmu Wielkiego. Праверана 25 траўня 2011 г.
  • Gizela Chmielewska. (20 сьнежня 2005) Święci nie potrzebują sutanny (пол.) Gazeta Bydgoszcz. Gazeta.pl. Праверана 25 траўня 2011 г.
  • Aleksandra Lewińska. (8 сьнежня 2005) Z wielką tęsknotą (пол.) Gazeta Pomorska Праверана 25 траўня 2011 г.
  • Adam Gajewski. (2005) Czy będzie "bydgosko-mińska" beatyfikacja? (пол.) Przewodnik Katolicki № 46. Drukarnia i Księgarnia Świętego Wojciecha. Праверана 25 траўня 2011 г.