Шэметава (вёска, Мядзельскі раён)
| Шэметава, трансьліт. Šemietava | |
| Населены пункт | |
Касьцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі | |
| Краіна | Беларусь |
|---|---|
| Вобласьць | Менская |
| Раён | Мядзельскі |
| Сельсавет | Занарацкі |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 54°50′14″ пн. ш. 26°32′47″ з. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Колькасьць |
|
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | +375 1797 |
| Паштовы індэкс | 222382 |
| Нумарны знак | 5 |
| Шэметава на мапе Беларусі ± Шэметава | |
Шэ́метава[1] (трансьлітарацыя: Šemietava), Шамято́ва (трансьліт. Šamiatova) — вёска ў Мядзельскім раёне Менскай вобласьці Беларусі. Уваходзіць у склад Занарацкага сельсавету.
У 1940—1960 роках — цэнтар Шэметаўскага сельсавету. Да 28 траўня 2013 вёска ўваходзіла ў склад Сырмескага сельсавету[2].
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Знаходзіцца за 10 км на ўсход ад пасёлку Сьвір і за 25 км на паўднёвы захад ад цэнтру места Мядзела. Каля вёскі працякае рака Вялікі Перакоп (Малінаўка), якая ўпадае ў возера Сьвір. На поўдзень ад вёскі праходзіць аўтадарога Занарач — Сьвір — Лынтупы.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Фальварак Шэмэтава належаў заможнаму роду Шэметаў гербу «Лебедзь». Пасьля Шэметава перайшло ва ўласнасьць ашмянскага падкаморага Адама Боскага гербу «Ясеньчык». Ён ня меў дзяцей, і па сьмерці маёнтак перайшоў да ягонай сястры Кацярыне Каспаравай Швыкоўскай. У 1638 року ейная дачка Соф’я Янава Стаброўская прадала Шэметава Пятру-Паўлу і Ганьне з Кіевічаў Пшазьдзецкім гербу «Рох ІІІ». Ад іх Шэметава перайшло да сына, наваградзкага кашталяна Мікалая Ўладыслава, а пасьля да ягонай дачкі Сусаны Крыштафавай Зяновічавай, ваяводзіне менскай. Пазьней ва ўладаньні Сулістроўскіх, Скірмунтаў.
У 1861 року ў маёнтку Шамятоўшчына налічвалася 282 крапасных душаў мужчынскай стаці і 64 двары, 960 дзесяцінаў. У 1862 збудаваная вінакурня з паравым рухавіком. У 1864 адкрытая народная вучэльня. Дзейнічалі лазьня, пральня, цагляны завод, маслазавод, вадзяны млын, 4 рыбныя сажалкі.
У 1890 року — 23 дымы, 233 жыхары, валасная ўправа.
Зь верасьня 1915 року Шэметава — на нямецкім боку фронту; з кастрычніка таго ж году ў сядзібе Шамятоўшчына разьмясьціўся штаб нямецкай 75-й рэзэрвовай дывізіі генэрал-лейтэнанта фон Зэйдвіца.
За польскім часам Скірмунты займаліся прамысловым гадаваньнем рыбы. Дзеля гэтага збудавалі вялікую сыстэму штучных сажалак. На землях апошняга ўладальніка Шэметава Баляслава Скірмунта была нават мэліярацыя. У аранжарэі вырошчвалі экзатычную садавіну: апэльсіны, абрыкосы, вінаград.
Пасьля прыходу савецкіх уладаў маёнтак і зямля адабраныя ва ўласьніка. Гелена Скірмунт з маці здолелі зьехаць у Польшчу.
У навагоднюю ноч 1942 року партызаны аддзелу Фёдара Маркава спалілі сядзібу, забіўшы 19 мірных жыхароў, сярод іншых Габрыелу Скірмунт, ейную дачку Лідзію Габрыелу Карыбут-Дашкевіч, князь Юзэфа Друцкага-Любецкага.
Па вайне — вёска ў складзе Сырмескага сельсавету. 23 траўня 2013 року ўвайшла ў склад Занарацкага сельсавету[3].
Дзейнічае рыбны гадавальнік «Шэметава»[4] нацыянальнага парку «Нарачанскі». Агульная плошча 22 сажалак — 45 га.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Касьцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі (канец XVIII — пачатак XIX стагодзьдзя, мураваны).
- Вінакурня пачатку XX стагодзьдзя, збудаваная Баляславам Скірмунтам. Захаваліся руіны бакавога цаглянага фасаду і цокальнага паверху з бутавага камяню.
- Кузьня.
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Сядзіба Скірмунтаў, збудаваная прыблізна ў 1770—1780-х Аляізам Сулістроўскім зь лістоўніцы ў барочным стылі. У пачатку XIX стагодзьдзя перабудаваная ў стылі клясыцызму. Зьнішчаная ў часе пажару 1943 року.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu)
- ^ «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 (рас.)
- ^ «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Архіўная копія ад 31 сакавіка 2016 на Wayback Machine.
- ^ Форель в Шеметово — Блог Магазина Рыболовных Снастей Reel.by Праверана 2016-06-02 г. Архіўная копія ад 2016-06-10 г.