Цэнтральная Беларусь
Цэнтра́льная Белару́сь — этнаґрафічны рэґіён Беларусі, які займае большую частку Менскае і заходнюю ўскраіну Магілёўскае вобласьцяў. На поўначы мяжуе з Паазер’ем, на ўсходзе — з Падняпроўем, на поўдні — з Усходнім Палесьсем, на захадзе — з Панямоньнем.
Насельніцтва этнаґенэтычна склалася на славянскай аснове (патомкі дрыгавічоў і крывічоў).
Мова Цэнтральнае Беларусі належыць да сярэднебеларускіх гаворак, пераходных між паўднёва-заходнімі і паўночна-ўсходнімі гаворкамі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З X ст. паўночная частка рэґіёну ўваходзіла ў склад Полацкага княства. У пачатку XII ст. вылучыліся самастойныя Менскае, Ізяслаўскае, Лагойскае княствы. У XIV ст. Цэнтральная Беларусь увайшла ў ВКЛ. З пачатку XV ст. Менскі ўдзел знаходзіўся ў складзе Віленскага ваяводзтва (у 1566 годзе было ўтворанае Менскае ваяводзтва з цэнтрам у Менску).
Паўднёвая частка Цэнтральнае Беларусі ў старажытнасьці была цесна зьвязаная з Тураўскім княствам, дзе вылучыліся Слуцкі і Клецкі ўдзелы. У канцы XII ст. Слуцкі ўдзел зрабіўся самастойным княствам, якое ў складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай існавала як асобная адміністрацыйная адзінка да канца XVIII ст.
Пасьля 2-га падзелу Рэчы Паспалітае (1793) Цэнтральная Беларусь увайшла ў склад Менскае ґубэрні.
У сярэднявеччы Цэнтральная Беларусь разьмяшчалася на сумежжы Белае Русі і Чорнае Русі і як этнаґрафічны рэґіён з сваімі адметнымі рысамі склалася ў XVIII—XIX ст. У ім былі сканцэнтраваныя этнакультурныя рысы, характэрныя амаль для ўсіх рэґіёнаў Беларусі. Рэґіён адыграў важную ролю ў фармаваньні беларускае народнасьці і культуры (Слуцак, Нясьвіж, Клецк, Капыль і іншыя месты доўгі час былі буйнымі цэнтрамі культурнага і палітычнага жыцьця).
Паселішчы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Характар сельскіх пасяленьняў мяняецца з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад і поўдзень ад невялікіх вёскаў, раскіданых сярод лясоў, да шматдворных сёлаў на адкрытай мясцовасьці. Пасяленьні вызначаліся выразным плянаваньнем, нярэдка мелі браму ў канцы вуліцы, якая нанач зачынялася. Вясковае жыльлё і хлявы звычайна будавалі на адным баку вуліцы, а гумны, сьвірны, адрыны — на другім. На тэрыторыі рэґіёну існавалі амаль усе тыпы забудоў (вянковы, пагонны, Г-падобны). Традыцыйнае сялянскае жыльлё — хата + сенцы, хата + сенцы + клець, зрэдку — хата + хата + сенцы. Да сянец часам дабудоўвалі ґанак. Зруб ставілі з сасновых бярвёнаў, зьвязаных ў просты вугал з астаткам («у чашку»). Стрэхі крылі саломаю «пад шчотку», на ўсходзе пераважала драўлянае крыцьцё.
Адзеньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У традыцыйным народным адзеньні жанчын рэґіёну былі пашыраныя кашуля з полікамі стрыманага дэкору, суконны клятчасты або паласаты андарак (або льняная спадніца), фартух, ґарсэт, каптур з «вушкамі», хустка або намітка (гл. капыльска-клецкі строй, ляхавіцкі строй, слуцкі строй, вілейскі строй).
Своеасаблівым арнамэнтам і калярыстычнаю гамаю вызначаюцца слуцкае ткацтва і капыльскае ткацтва.
Кераміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мясцовая кераміка па сваёй тэхналёґіі і мастацкіх якасьцях вызначалася разнастайнасьцю і спалучала ў сабе рысы, уласьцівыя суседнім рэґіёнам. У адных і тых жа ганчарных цэнтрах вядома па некалькі спосабаў апрацоўкі гліны і вырабу посуду. Фармовачную масу рыхтавалі звычайна з гліны аднаго ґатунку (часам з дамешкам жарствы) і апрацоўвалі на нажным ганчарным крузе з рухомай восьсю.
У XIX — пачатку XX ст. найбольш пашыраны быў задымлены і паліваны посуд (бабруйская кераміка, гарадоцкая кераміка, дарасінская кераміка), а таксама абвараная кераміка (сіняўская кераміка).
Вырабы размалёўвалі ў выглядзе хвойных галінкаў, стылізаваных кветкаў, паяскоў, хвалістых лініяў (івянецкая кераміка, ракаўская кераміка).
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Цэнтральная Беларусь // БЭ. — Мн.: 2004 Т. 18. Кн. 1. С. 467.
- Этнокультурные процессы Центральной Беларуси в прошлом и настоящем / А. Вл. Гурко [и др.]; науч. ред. А. Викт. Гурко ; Нац. акад. наук Беларуси, Центр исслед. белорус. культуры, языка и лит., Фил. «Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора им. К. Крапивы». — Минск : Беларуская навука, 2016. — 539 с : ил.
- Зеленский И. Материалы для географии и статистики России: Минская губерния. Ч. 1—2. СПб., 1864.
- Титов В. С. Историко-этнографические регионы в экспозиции Белорусского государственного музея народной архитектуры и быта. Мн., 1982.
- Титов В. С. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов, XIX — начало XX в. Мн., 1983.