Перайсьці да зьместу

Беларускае Падняпроўе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рэґіёны Беларусі:

     Панямоньне

     Паазер’е

     Падняпроўе

     Заходняе Палесьсе

     Усходняе Палесьсе

     Цэнтральная Беларусь

Падняпроўе, паштовая марка Беларусі

Падняпро́ўе — гісторыка-этнаґрафічны рэґіён Беларусі, які займае Магілёўскую, частку Віцебскае й Гомельскае вобласьцяў. На поўначы па водападзеле Дняпра ды Заходняе Дзьвіны мяжуе з Паазер’ем, на захадзе па левабярэжжы Бярэзіны й Дняпра — з Цэнтральнаю Беларусьсю і Ўсходнім Палесьсем.

Лінґвістычная мапа Беларусі адзначае дыялектныя асаблівасьці гаворак Падняпроўя, што вылучаны ва ўсходне-магілёўскую ґрупу паўночна-ўсходняга дыялекту. Неаднароднасьць культурных ляндшафтаў дазваляе вылучыць у Падняпроўі некалькі лякальных раёнаў (падраёнаў) — левабярэжжа і правабярэжжа Дняпра, Пасожжа ды Бярэзінскі раён — з уласьцівым кожнаму зь іх комплексам мясцовых этнакультурных прыкметаў.

У старажытна-рускі пэрыяд (9—12 ст.) ішоў інтэнсіўны працэс сьціраньня племянных этнакультурных адрозьненьняў, зьліцьцё славянскіх плямёнаў у адзіную народнасьць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі раўнінны рэльеф і дняпроўская сыстэма суднаходных рэк, якія адгульвалі важную ролю ва ўнутраных і зьнешніх культурна-эканамічных сувязях. Гістарычны лёс Падняпроўя быў зьвязаны з старажытным Кіевам і з гісторыяю іншых усходне-славянскіх зямель.

Этнакультурны комплекс, фальклёрныя традыцыі і народныя гаворкі Падняпроўя маюць шмат агульных рысаў з суседняю Смаленшчынаю і заходняю Браншчынаю (у 12 ст. значная частка Падняпроўя ўваходзіла ў Смаленскае, паўднёвая — у Чарнігаўскае княствы). У той час у Падняпроўі важныя адміністрацыйныя і эканамічныя цэнтры — Копысь, Ворша, Друцк, Мсьціслаў, Прапошаск (цяперашні Слаўгарад), Крычаў, Лучын, Гомель, Рагачоў, Чачэрск і іншыя. У канцы 12 ст. з Смаленскага вылучылася Мсьціслаўскае княства, якое да сярэдзіны 14 ст. увайшло ў склад ВКЛ, але захоўвала ў ім пэўную аўтаномію.

На раньніх сярэднявечных мапах Эўропы (мапы Н. Кузана — канец 15 — пачатак 16 ст., С. Мюнстэра — 1540) левабярэжная частка Падняпроўя пазначаная пад назваю Белая Русь. На больш позьніх мапах (Ґ. дэ Бапляна, Я. Сандарта — 2-я пал. 17 ст., Т. Кітхіна — 1740, і інш.) Белая Русь лякалізаваная ўжо ў верхнім Падняпроўі і Паазер’і. Такое вызначэньне Белае Русі захавалася да сярэдзіны 19 ст., калі канчаткова была пашыраная (праз агульнасьць гістарычнага лёсу і этнічнае культуры) на ўсю тэрыторыю сучаснае Беларусі. Пасьля 1-га падзелу Рэчы Паспалітае (1772) Падняпроўе далучанае да Расеі, на яго землях утвораная Магілёўская ґубэрня, якая ў асноўным супадала зь межамі рэґіёну. Пасьля 1917 року і ўтварэньня БССР Падняпроўе з 1924 року ў складзе БССР (Гомельскі і Рэчыцкі паветы былі далучаныя ў 1926).

Гаспадарчыя заняткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сельскія пасяленьні звычайна разьмяшчаліся па берагах невялікіх рэк і ў міжрэччах. На характар расьсяленьня ўплывала суседзтва з воднымі шляхамі, урадлівасьць мясцовых глебаў. Найбольш густа заселенаю й аґрарна разьвітай была левабярэжная частка Падняпроўя, у прыватнасьці Аршанска-Магілёўская раўніна. Зьмешаныя хваёва-лісьцевыя лясы і дубровы, што ўкрывалі гэтую тэрыторыю, у 18 — пач. 20 ст. на значных плошчах былі высечаныя, і на іх месцы ўтварыліся масівы акультураных зямель. Адносна спрыяльныя глебава-кліматычныя ўмовы садзейнічалі пашырэньню хлебаробства. З тэхнічных культураў сеялі лён і каноплі. Аґракультура Падняпроўя мела рэґіянальныя рысы, што выяўлялася ў спосабах і прыёмах апрацоўкі глебы, мясцовых варыянтах земляробчых прыладаў (сох, ільнамялак, барон), формах фэўдальнае рэнты і інш.

У лясных краях прыкметнаю падмогаю ў гаспадарцы былі здабыўныя промыслы. Частка насельніцтва ішла ў адыходныя промыслы ў суседнія ґубэрні Расеі. У Гомельскім павеце (пераважна ў сучасным Веткаўскім раёне) было шмат пасяленцаў-старавераў, якія сяліліся тут з 1685. Шматлікія зь іх займаліся рамізьніцтвам, ваджэньнем суднаў, будаўніцтвам, ткацтвам, пчалярствам. Частка — гандлем і камэрцыяю (бралі ў арэнду сады, скуплялі ў мясцовых сялянаў сушаныя грыбы, ягады, мёд, воск, гандлявалі лесам, хлебам, сольлю).

Сельскія пасяленьні ў параўнаньні з суседнім Паазер’ем вызначаліся большымі памерамі (15—30 сядзіб) і выразнаю вулічнаю таніроўкаю. Замкнутыя або Г-падобныя сядзібныя забудовы разьмяшчаліся абапал вуліцы, якая мела акрэсьленую цэнтральную частку і канцы. Вуліца агароджвалася па баках і сканчвалася нярэдка з абодвух канцоў шырокімі брамамі, якія зачыняліся на ноч. З маладворных пасяленьняў былі пашыраныя засьценкі.

Пасьля адмены прыгоннага права назіраўся міґрацыйны рух насельніцтва на захад, у лясныя раёны Бярэзінскага басэйну, дзе ўзьнікалі новыя пасяленьні. Міґранты прыносілі з сабою вытворчы досьвед і этнакультурныя традыцыі, прыстасоўваючы іх да мясцовых умоваў; ставілі дабротныя дамы і гаспадарчыя пабудовы, абносілі іх трывалым парканам з брамамі на вуліцу.

Распаўсюджаныя тыпы плянаваньня традыцыйнага жыльля: хата + сенцы + клець, хата + сенцы + хата, хата + трысьцен. Апошні выконваў ролю сенцаў, нярэдка (калі ў ім ставілі печ) ператвараўся ў жылое памяшканьне. Сьвіран (амбар, інбар) для збожжа ставілі насупраць хаты. Хлявы (хлеў, пуня) прымыкалі да жыльля праз павець або разьмяшчаліся ў глыбіні двара. Сярод дапаможных памяшканьняў стопкі сустракаліся рэдка, замест іх у Падняпроўі былі распаўсюджаныя функцыянальна блізкія скляпы (паграбы). Прасторныя гумны з стрэхамі на сохах мелі сушню — звычайную стадолу або двух’ярусную асець зь ямнаю печчу. Больш прыкметная кантынэнтальнасьць клімату, наяўнасьць сушань пры гумнах, як і добрая вэнтыляцыйнасьць апошніх, рабілі непатрэбнымі азяроды, што тут былі рэдкаю зьявай. Для сушкі лёну часьцей ужывалі лазьні, што мелі падоўжаную страху, што абапіралася з аднаго боку на 2 слупы, утвараючы навес.

Канструкцыйная аснова жыльлёвых пабудоваў — зруб з круглых бярвёнаў, зьвязаных у просты кут з парэшткам, на штандарнай аснове. Стрэхі на лемягах (закотам) і стаянках (пазьней — на кроквах) крылі саломаю «пад колас», радзей — камлём уніз («пад грабёнку»). У раёнах, багатых лесам (Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі паветы), пашыраныя стрэхі, крытыя дошкамі, дорам, дранкаю (шчапа). Пэўным арх. абліччам і арґанізацыяю інтэр’еру адрозьнівалася народнае жыльлё на поўдні рэґіёну. Маляўнічаю дэкаратыўнасьцю вызначалася веткаўская разьба, якою аздаблялі франтоны, ліштвы, карнізы, ґанкі, брамы і весьніцы.

Народнае адзеньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Народнае адзеньне Падняпроўя ўвасобіла старажытныя рысы, уласьцівыя традыцыйнаму касьцюму славянскіх народаў, зазнаўшы пэўны ўплыў усходніх і эўрапейскіх строяў. Тыповае верхняе адзеньне — зьлёгку прыталеныя кажухі і шыракаполыя сьвіткі сьветла-шэрага колеру з стаячым каўняром бяз ґузікаў (падвязваліся вакол таліі шарсьцяным плеценым поясам), а таксама кафтан-армяк тыпу бурноса, укарочаная паўсьвітка і кажушок (паўшубак). У традыцыйным жаночым адзеньні яшчэ на пачатку 20 ст. бытавалі старажытныя панёвы, узорныя андаракі, сшытыя зь безрукаўкаю-ґарсэтам (ліф, кабат), і саяны, аналяґічныя расейскім сарафанам. Жаночыя кашулі шылі з плечавымі ўстаўкамі (полікамі), нагрудная частка якіх з больш тонкага кужэльнага палатна. Іх упрыгожвалі вышыўкаю і тканым арнамэнтам чырвонага або камбінаванага (чырвонага з чорным) колераў (магілёўскі строй, краснапольскі строй), аздаблялі сакаленьнем, маршчэньнем (буда-кашалёўскі строй). Самабытным узорна-дэкаратыўным стылем упрыгожваньня вылучаецца адзеньне паўднёвых раёнаў (неглюбскі строй). У арнамэнце сьвяточнага адзеньня і тканінаў дамінавалі адносна буйныя ґеамэтрычныя ўзоры, у Пасожжы часьцей сустракаліся расьлінныя матывы. Ва ўзорным ткацтве ўжывалася браная тэхніка, у вытворчасьці андараковай тканіны пераважала 2-нітавае ткацтва. Своеасаблівымі прыёмамі аздабленьня вылучаюцца традыцыйныя тканыя неглюбскія ручнікі і буда-кашалёўскія ручнікі.

Рэґіянальнаю асаблівасьцю вызначалася кераміка. Посуд з чырвонае гліны з тонкімі сьценкамі аздаблялі на гарлавінах або плечыках хвалістымі паяскамі, што наносіліся завостраным прутком па сырой гліне. Ён быў лёгкі і грацыёзны.

  • Падняпроўе // БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 502—503.