Талінскі порт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Талінскі порт»
эст. Tallinna Sadam
Выява лягатыпу
Тып акцыйнае таварыства
Лістынг на біржы Талін:
Заснаваная 1230 (793 гады таму)
Уласьнікі Урад Эстоніі (67%)
Краіна Эстонія
Разьмяшчэньне Талін
Галіна сфэра паслугаў
Даччыныя кампаніі TS Laevad[d]

Талінскі порт (ТП) — найбольшы марскі порт Эстоніі, вядомы прынамсі з 1230 году.

На 2022 год быў найбольшым паводле грузаперавозак і перавозак людзей портам на Балтыйскім моры. Ад 13 ліпеня 2018 году паямі прадпрыемства гандлявалі на Талінская фондавая біржа. Урад Эстоніі меў 67 % паёў «Талінскага порту», а рэшта належала інвэстыцыйным і пэнсійным фондам, а таксама прыватным укладальнікам. За 2021 год адбылося 5500 заходаў паромаў і круізных караблёў, якія перавезьлі 10,6 млн чалавек праз прыстані старога Таліна (16 га) і Саарэмаа (10 га). Таксама адбылося 1700 заходаў грузавых караблёў, якія перавезьлі 20 млн тонаў грузаў праз прыстані ў Муузе (76 га) і Палдыскі (34 га). Ажыцьцяўлялася пагрузка вадкіх, навалачных і сухіх грузаў, а таксама кантэйнэраў. Даччынае прадпрыемства «Караблі ТП» мела 5 паромаў — «Лейгер», «Тыю», «Цёл», «Пірэт» і «Рэгула». За год на гэтых паромах перавезьлі 2,3 млн чалавек і 1 млн самаходаў па 2 маршрутах РахукюлаХэльтэрмаа і ВірцуКуйвасту. Даччынае прадпрыемства «Грузаперавозкі ТП» мела ледакол «Ботніка», які расчышчаў прыстані на поўначы Эстоніі ўзімку[1].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жніўні 1230 году Лівонскі ордэн запрасіў з вострава Готлянд 200 нямецкіх купцоў для бязмытнага гандлю праз Рэвэльскі порт паводле права Вісьбю. У 1259 годзе Рэвэль заключыў ад імя Ганзейскага зьвязу пагадненьне аб гандлі з Ноўгарадам. У 1346 годзе мясцовыя купцы атрымалі выключнае права складаваць у порце тавары з Ноўгараду. У 1365 годзе Рэвэльская рада забараніла скідаць карабельны баляст на партовы мост. У 1372 годзе пад кіраўніцтвам Эвэрта Кале на поўначы пабудавалі аглядную вежу. У 1380 годзе на паўночным захадзе ўзьвялі каменны пірс для абароны ад непагадзі. Яшчэ 2 масты пабудавалі на звалах каля прыстані. Першы карабель, які прыбываў увесну, перасталі абкладаць падаткам. Увосень 1429 году бура разбурыла партовыя масты. 18 лютага 1430 году Рэвэльская рада накіравала запыт бурмістру Дэрпта наконт майстра плытоў для аднаўленьня мастоў. У наступныя гады масты пачынілі, ахоўны пірс пашырылі і пабудавалі дом для варты на ўскрайку порта. У Ганзейскі дзень 1442 году ў Штральзундзе адзначылі пераняцьцё Рэвэльскім портам галоўнай ролі ў саляным гандлі з Ноўгарадам праз тамашні дом сьвятога Пятра[2].

У 1506 годзе ўхвалілі статут мытняў, якія за плату правяралі перавоз тавараў паводле накладных. Стараста порта загадваў яго ачысткай і пачынкай. Кожная з 20 мытняў мела па 2 караблі і па 1-й лодцы. Караблеўладальнікаў абавязалі ратаваць пацярпелых караблекрушэньне і супрацьдзеіць разбойнікам. У 1513 годзе за кошт Ганзейскага зьвязу пачалі ўзводзіць Дагерорцкі маяк, які скончылі ў 1531 годзе. Дагэтуль у якасьці маяка выкарыстоўвалі вежу царквы сьвятога Олафа ў Рэвэлі, якая дасягала 159 мэтраў у вышыню і была найвышэйшым будынкам у сьвеце. У 1525 годзе Рэвэльская рада дазволіла шляхціцам прадаваць збожжа наўпрост у порце паводле настаяньня магістра Лівонскага ордэну Вальтэра Плетэнбэрга. У 1529 годзе ўзьвялі Вялікую пляжную браму з гарматнай вежай «Тоўстая Маргарыта» для абароны порта. У 1530-м стварылі ратавальную службу, узьвялі мураваную вартавую вежу і расставілі марскія знакі на водным шляху порта. У 1561 годзе швэцкі кароль Эрык XIV пацьвердзіў прывілей Рэвэля на партовы склад. У 1568 годзе ў Рэвэльскі порт прыбыў 1-ы нямецкі круізны карабель. 18 сьнежня 1581 году бура патапіла некалькі караблёў у порце, у выніку чаго загінула каля 50 швэцкіх шляхціцаў. У 1589 годзе ў Рэвэльскі порт на караблях прыбылі кароль Швэцыі Юган III і кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт Ваза, якія правялі перамовы[3].

У 1623 годзе швэцкі кароль Густаў II Адольф перадаў Рэвэльскаму порту мытні местаў Фінскай затокі ў арэнду да 1629 году, за выняткам Выбарга. У выніку Рэвэльскі і Выбарскі парты сталі адзінымі са складамі для замежных купцоў. У 1628 годзе ўвяла мыта ў памеры ад 2-х да 5 % ад вартасьці тавару, які праходзіў праз порт. У 1629 годзе мясьнікі Рэвэля атрымалі каралеўскі прывілей на прывоз у порт жывых жывёлаў. У 1638 годзе паводле раскладу пачалі плаваць паштовыя караблі ў Стакгольм праз Поркалу і Або ў Фінляндыі, а таксама з прыпынкам на Аляндзкіх астравах. Пры гэтым, карабель браў на борт людзей. У 1673 годзе ў порце адкрылі шатляндзкае прадстаўніцтва Томаса Клэйхілза. У 1685 годзе ўсталявалі правілы карыстаньня портам, бо мясцовым купцам ужо належала каля 30 караблёў[4]. 2 лютага 1714 году на загад расейскага цара Пятра І пачалася будоўля адміралцейства ў Рэвэльскім порце. 27 студзеня 1718 году меская рада абвясьціла пра збор па сякеры ад кожнага месьціча на будоўлю адміралцейства. У 1722 годзе ўзьвялі Адміралцейскія майстэрні для караблебудаўніцтва на 250 працаўнікоў. У 1760 годзе ўзьвялі верхні маяк у Суўрупі. У 1795 годзе бавоўна склала 34 % увозу ў порт на суму ў 530 000 рублёў. Дагэтуль у асноўным перавозілі лён. У 1797-м на поўнач ад купецкага маста ўзьвялі ахоўную дамбу. Заходнюю прыстань прызначылі для вайсковых караблёў. Грузавая прыстань каля купецкага маста мела даўжыню 320 мэтраў. У 1799 годзе на набярэжнай усталявалі новыя артылерыйскія батарэі[5].

У 1807 годзе ўзьвялі асобны ад заходняга пірса хвалярэз і ўсталявалі батарэю з 24-ма гарматамі. За год у порт зайшлі 82 замежныя грузавыя караблі. Цягам 1816—1818 гадоў узьвялі паўночны прычал. У 1827-м упершыню прыбыў ангельскім колавы параход «Георг IV». У 1835 годзе дабудавалі 2-і паўднёвы маяк вышынёй 35 мэтраў, які атрымаў мянушку Чырвонага. У 1836-м у порце ўпершыню адвялі дзялянкі пад прыватныя хлявы. 22 траўня 1837 году з Гэльсынгфорса прыбыў параход «Шторфюрстэн» Параходнага таварыства Або, які пачаў рэгулярнае плаваньне ад Або праз Гэльсынгфорс і Рэвэль да Санкт-Пецярбургу. Таксама ў 1837-м па маршруце пачаў плаваць драўляны колавы параход «Меншыкаў». У 1844-м дабудавалі ўсходнюю прыстань, дзе таксама разьмясьцілі вайсковыя караблі. У 1846 годзе ад ракі Хар'япэі да паўднёвага канца прыстані пабудавалі дамбу даўжынёй 260 сажняў, каб абараніць гавань ад наносу пяску[6]. У 1850-м асобны хвалярэз злучылі з заходнім прычалам і ўсталявалі гадзіньнікі для зьверкі храномэтраў капітанамі. 5 верасьня 1854 году ў Рэвэльскім порце выпрабавалі 1-ю расейскую драўляную падлодку, якую пабудавалі ў майстэрнях Рэвэльскага адміралцейства. У 1856 годзе паўночную прыстань умацавалі адваламі руды да вышыні 10 футаў. Наземны канец прычала Вікторыя ўзьвялі ў якасьці кабатажнага маста. На 1858-м параходы «Аляксандр II» і «Грэфве Бэрг» плавалі па маршруце Санкт-Пецярбург — Рэвэль — Рыга. «Паўднёвафінскае суднаходнае прадпрыемства» пачало рэйсы на зафрахтаваных параходах «Аляксандар» і «Мікалай» па маршруце Хэльсынгфорс — Рэвэль — Любэк. Таксама пачала працу суднаходная лінія Гэльсынгфорс — Рэвэль — Штэтын. У 1859-м пабудавалі 2-і суўрупскі ніжні маяк вышынёй 15 мэтраў. У 1861-м на лініі Рэвэль — Гэльсынгфорс запрацавалі сталёвыя параходы. У 1862 годзе на Купецкім мосьце пабудавалі пасажырскі прычал. У 1864-м мескай управе перадалі заходнюю прыстань, якая належала вайсковаму флёту. 20 лістапада 1869 году да порта падвялі чыгунку па лініі Балтыйскі — Рэвэль — Тосна. У 1873-м мескай управе перадалі астатнія прыстані і масты порта. У 1874-м на штармавой набярэжнай Рыстна ўзьвялі францускі мэталічны маяк вышынёй 30 мэтраў. За год зь Пецяргофа па чыгунцы ў порт перавезьлі 377 000 тонаў грузаў. У 1880 годзе на па́лях заходнюю прыстань пашырылі зь левага боку на 140 сажняў. У 1885-м новую гавань дабудавалі прычаламі. У 1886 годзе з порта паставілі 912 тонаў «Рэвэльскай кількі». 1 красавіка 1891 году пры падтрымцы Рэвэльскага біржавога камітэту адчынілі 1-павярховы дом маракоў. У 1893 годзе скончылі будаўніцтва яхт-клюбу на паўднёвым прычале. У 1896-м паўднёвы верхні маяк замянілі мураванай вежай вышынёй 40 мэтраў. У 1898 годзе запусьцілі паравы буксір «Асыстэнт»[7].

1 жніўня 1901 году адчынілі вузкакалейную чыгунку працягласьцю 3,7 км, якая зьвязала порт зь местам. У 1902 годзе дабудавалі басэйн суднарамонтна-мэталюргічнага заводу, на паўднёвым беразе якога разьмясьцілі стапэль для тральшчыкаў. 1 студзеня 1903 году ў Расейскай імпэрыі ўхвалілі «Статут аб мясцовым кіраваньні марскімі партамі», паводле якога ўтварылі ўправу Рэвэльскага порта. У 1904 годзе стапэль для рамонту караблёў на Рэвэльскім суднарамонтна-мэталюргічным заводзе. У 1905 годзе ў порт правялі электрычнасьць і запалілі 52 электралямпы, якія сілкавала электрастанцыя заводу. У 1906-м для заводу закупілі плывучыя док і кран грузападымальнасьцю па 1600 тонаў. 27 траўня 1908 году ў Рэвэльскай затоцы на караблі сустрэліся расейскі імпэратар Мікалай ІІ і брытанскі кароль Эдуард VII, да якіх далучыўся старшыня расейскага ўраду Пётар Сталыпін. 14—15 ліпеня 1908 году на Рэвэльскім рэйдзе сустрэліся імпэратар Мікалай ІІ і францускі прэзыдэнт Арман Фальер. 29 сьнежня 1908 году ў Рэвэльскім порце запрацавала радыёстанцыя Балтыйскага флёту, якая стала 1-й у Эстоніі. У 1911 годзе прыём рыбы перанесьлі з мастоў грузавой прыстані ў асобны рыбалоўны порт. 21—22 чэрвеня 1912 году на паўднёвай прыстані порта сустрэліся расейскі імпэратар Мікалай ІІ і нямецкі імпэратар Вільгельм II. 11 лістапада 1918 году камандзір Лігі абароны на паседжаньні Часовага ўраду Эстоніі прызначыў Оскара Трэйльмана камандзірам Талінскага порта. 5 красавіка 1919 году ўтварылі Агенцтва суднаходзтва, каб кіраваць гандлёвым флётам. У 1920 годзе параходы «Калевіпоэг» і «Гаўтхіёд», якія належалі шатляндзкаму прадпрыемству «Томас Клэйхілз і сын», плавалі ў Стакгольм і назад двойчы на тыдзень. Параход «Ваза» плаваў у Штэтын і назад кожныя 2 тыдні[8]. У 1935 годзе таваразварот Талінскага порта склаў 74 % ад агульнага таваразвароту 29 партоў Эстоніі. За год яго наведалі каля 20 замежных караблёў, большасьць зь якіх зь Фінляндыі. З Таліну караблі хадзілі ў Капэнгаген, Ратэрдам, Стакгольм і Хэльсынкі. 11 кастрычніка 1939 году Чырвоны флёт СССР прыплыў у Талінскі порт, які зачынілі для гандлёвых і рыбалоўных караблёў. 25 чэрвеня 1940 году Балтыйскі флёт захапіў Талінскі вайсковы флёт. 29 кастрычніка 1940 году Савет народных камісараў СССР ухваліў Указ аб заснаваньні Эстонскага народнага параходзтва, якому падпарадкавалі Талінскі порт і іншыя парты Эстоніі. 1 студзеня 1941 году Талінскі порт перадалі Гідраграфічнай службе Вайскова-марскога флёту СССР. 28 жніўня 1941 году Ўзброеныя сілы Нямецкай дзяржавы захапілі порт у ходзе Нямецка-савецкай вайны. 25 студзеня 1945 году Савет народны камісараў Эстонскай ССР перадаў частку порта пад вайскова-марскую базу. У 1960 годзе на ўсходнім беразе Палясаарэ пачалі ўзводзіць збудаваньні для акіянічных караблёў, якія да канца 1960-х гадоў пераўтварылі ў новы марскі порт. У 1961-м адчынілі суднаходную лінію ў Эгну. У 1967 годзе Талінскі порт адчынілі для замежных караблёў. У кастрычніку 1970 году прычалы і склады падзялілі на скандынаўскія, прыбярэжныя, афрыканскія, навалачныя, танкерныя, ачышчальныя і драўнінапагрузачныя[9].

У красавіку 1992 году ў Эстоніі стварылі дзяржаўнае прадпрыемства «Талінскі порт», якое ў 1996-м пераўтварылі ў акцыйнае таварыства[10].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Аб прадпрыемстве (эст.) // АТ «Талінскі порт», 2022 г. Праверана 1 траўня 2022 г.
  2. ^ 11—15 стагодзьдзі (эст.) // АТ «Талінскі порт», 2022 г. Праверана 1 траўня 2022 г.
  3. ^ 16-е стагодзьдзе (эст.) // АТ «Талінскі порт», 2022 г. Праверана 1 траўня 2022 г.
  4. ^ 17-е стагодзьдзе (эст.) // АТ «Талінскі порт», 2022 г. Праверана 1 траўня 2022 г.
  5. ^ 18-е стагодзьдзе (эст.) // АТ «Талінскі порт», 2022 г. Праверана 1 траўня 2022 г.
  6. ^ Пачатак 19-га стагодзьдзя (эст.) // АТ «Талінскі порт», 2022 г. Праверана 1 траўня 2022 г.
  7. ^ Канец 19-га стагодзьдзя (эст.) // АТ «Талінскі порт», 2022 г. Праверана 1 траўня 2022 г.
  8. ^ Пачатак 20-га стагодзьдзя (эст.) // АТ «Талінскі порт», 2022 г. Праверана 1 траўня 2022 г.
  9. ^ Сярэдзіна 20-га стагодзьдзя (эст.) // АТ «Талінскі порт», 2022 г. Праверана 1 траўня 2022 г.
  10. ^ Гісторыя (эст.) // АТ «Талінскі порт», 2022 г. Праверана 1 траўня 2022 г.