Балтыйскі суднарамонтны завод

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Каардынаты: 59°27′58″ пн. ш. 24°39′1″ у. д. / 59.46611° пн. ш. 24.65028° у. д. / 59.46611; 24.65028

«Балтыйскі суднарамонтны завод»
эст. Balti Laevaremonditehas
BLRT Grupp Noblessner Building Tööstuse 48 Tallinn 11 September 2013.JPG
Тып акцыянэрнае таварыства
Дэвіз Трывала і надзейна
Заснаваная 12 чэрвеня 1912 (108 гадоў таму)
Заснавальнікі «Шнайдэр-Крэзо» (Францыя), «Расейска-Азіяцкі банк»
Уласьнікі «Эрыёл» (45%), холдынг «БСЗ» (40%)
Краіна Эстонія
Разьмяшчэньне Талін
Адрас вул. Коплі, д. 103[1]
Ключавыя фігуры Вераніка Іваноўская[2]
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя баржа, катэр, паром, траўлер, прамысловыя газы, мэталаканструкцыі
Паслугі грузаперавалка, грузаперавозкі, суднарамонт
Абарачэньне Green Arrow Up Darker.svg425,8 млн эўра (2018 год)[3]
Апэрацыйны прыбытак Green Arrow Up Darker.svg302,2 млн эўра (2018 год)
Чысты прыбытак Green Arrow Up Darker.svg18,5 млн эўра (2018 год)
Лік супрацоўнікаў 4000 (2020 год)
Даччыныя кампаніі «Заходнебалтыйскае суднабудаваньне» (Летува), «Туркуская рамонтная верф» (Фінляндыя)

«Балты́йскі суднарамо́нтны заво́д» («БСРЗ») — прамысловае прадпрыемства Эстоніі, заснаванае ў чэрвені 1912 году ў якасьці «Расейска-Балтыйскага суднабудаўнічага заводу».

На 2020 год прадпрыемства ажыцьцяўляла будаўніцтва і пачынку караблёў, вытворчасьць мэталаканструкцыяў і прамысловых газаў, а таксама марскія грузаперавозкі. «БСРЗ» меў 52 даччыныя і 4 сумесныя прадпрыемствы ў 7 краінах Эўропы — Латвіі, Летуве, Польшчы, Расеі, Украіне, Фінляндыі і Эстоніі. На прадпрыемствах групы працавала каля 4000 адмыслоўцаў[4], зь іх 1600 — у Эстоніі[5]. У лік пайшчыкаў уваходзіла каля 60 фізычных і юрыдычных асобаў[6]. На ліпень 2019 году найбольшымі пайшчыкамі былі: АТ «Эрыёл» (45% паёў), якое належала мальтыйскаму ТАА «Солв Інтэрнэшнл»; холдынг «БСЗ» (40%), які належаў Валерыю Каваленку (40%), Міхаілу Гнідзіну (40%) і Ўладзімеру Торапаву (20%)[3].

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2020 год група «Балтыйскага суднарамонтнага заводу» ажыцьцяўляла:

  • суднабудаваньне ў Клайпедзе (Летува) і Таліне;
  • суднарамонт у Клайпедзе, Таліне і Турку (Фінляндыя);
  • вытворчасьць мэталаканструкцыяў для нафтавых глыбакаводных плятформаў у Клайпедзе і Таліне;
  • апрацоўку каляровага і чорнага мэталапраката ў Маарду (Хар’юскі павет);
  • перапрацоўку старых суднаў на мэталалом у Таліне;
  • вытворчасьць зварачных, лекавых, рэжучых і харчовых газаў у Таліне;
  • аўтамабільныя і марскія грузаперавозкі ў Латвіі, Летуве, Расеі, Украіне і Эстоніі;
  • грузаперавалку ў Клайпедзкім і Талінскім партах;
  • партовыя паслугі на вэрфях у Клайпедзе, Таліне і Турку[7].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

12 чэрвеня 1912 году набыў моц Указ Дзяржаўнай думы Расейскай імпэрыі, які дазволіў заснаваць «Расейска-Балтыйскі суднабудаўнічы завод» у Рэвэлі (Эстляндзкая губэрня) на паўвостраве Коплі. Уласьнікам заводу было «Расейска-«Балтыйскае суднабудаўнічае і мэханічнае акцыянэрнае таварыства», якое заснавалі францускае збройнае прадпрыемства «Шнайдэр-Крэзо» (дэп. Сона і Люара) і «Расейска-Азіяцкі банк». Паводле праекту пецярбурскага дойліда Аляксандра Дзьмітрыева, на паўвостраве пачалі ўзводзіць цэхі, заводакіраўніцтва зь інжынэрным і тэхнічным бюро, набярэжныя, стапелі, хвалярэз, чыгунку і плывучы карабельны док. У сьнежні 1912 году завод атрымаў 1-ы заказ на будаўніцтва 6-і эсьмінцаў. У лютым 1913 году заключылі дамову на будаўніцтва 2-х лёгкіх крэйсэраў. У чэрвені 1913 году сярод 5000 работнікаў 3000 працавала на будаўніцтве. 18 лістапада 1913 году заклалі першы эскадраны крэйсэр «Гаўрыіл», які выйшаў у мора 22 верасьня 1916 году. Пры канцы 1914 году з пачаткам Першай сусьветнай вайны наладзілі вытворчасьць турбінаў і катлоў для суднаў, боепрыпасаў і падлодак. У 1916 годзе лік працаўнікоў вырас да 7500, большасьць якіх жыла ў пабудаваных побач казармах. Завод утрымліваў узьведзеныя страўню, краму, царкву і трамвайную лінію да Рэвэля на патрэбы работнікаў. Таксама пры заводзе збудавалі электрастанцыю, што была 8-кратна магутнейшай за мескую, 2 артэзіянскія калодзежы і каналізацыю. Пры канцы 1920 году пасьля Вайны за незалежнасьць Эстоніі асвоілі вытворчасьць рэек і транспартэраў, а таксама пачынку караблёў, паравых машынаў, паравозаў, вагонаў і кранаў. Таксама ў красавіку 1920 году вырабілі мэталаканструкцыі для Нарвенскага чыгуначнага маста. У 1927 годзе завод разарыўся пасьля нацыяналізацыі. У 1936 годзе яго будынкі здалі ў наём хімічнаму прадпрыемству «Орта», машынабудаўнічаму заводу «Эткавель» і цаглянаму заводу пад склады. Заводакіраўніцтва перадалі Талінскаму політэхнічнаму інстытуту. У 1944 годзе нямецкія войскі падарвалі большасьць будынкаў пры адступленьні ў ходзе Нямецка-савецкай вайны[8].

У 1947 годзе Міністэрства суднабудаўнічай прамысловасьці СССР аднавілі прадпрыемства ў якасьці «Балтыйскага суднарамонтнага заводу № 890», які стаў чыніць караблі Вайскова-марскога флёту СССР. У 1956 годзе на заводзе пачалі будаваць самаходныя шалянды, баржы, плывучыя краны і прыбярэжныя катэры, а таксама рамантаваць рыбалоўныя судны. У студзені 1960 году сталі таксама выпускаць вытворчае абсталяваньне. У 1966 годзе пры заводзе пабудавалі аўтаматычную тэлефонную станцыю на 600 нумароў і страўню на 500 месцаў. Таксама аднавілі трамвайныя зносіны з Талінам. Караблі сталі чыніць паточна-пазыцыйным спосабам[9]. У сьнежні 1989 году «Балтыйскі суднарамонтны завод» пераўтварылі ў арэнднае прадпрымества, што належала супрацоўнікам. У 1989 годзе першым замежным адрамантаваным караблём стаў фінскі цеплаход «Трэйдўінд». У 1991-м стварылі сумеснае прадпрыемства «Балтыйскі Прэматор» са швэдзкім АТ «Прэматор» (Гётэборг), якое занялося афарбоўкай суднаў. У 1993 годзе энэргамэханічную службу заводу пераўтварылі ў прадпрыемства «Эльмэ». У 1995 годзе «Балтыйскі суднарамонтны завод» («БСРЗ») пераўтварылі ў акцыянэрнае таварыства. У 1996-м у Латвіі стварылі даччынае прадпрыемства «Эльмэ Л» для вытворчасьці прамысловых газаў. У 1999 годзе завод аднавіў караблебудаваньне вытворчасьцю памежнага, лоцманскага і патрульнага катэраў для Памежнай аховы і Воднага ведамства Эстоніі, а таксама гідраграфічнага судна для Калінінградзкага порта (Расея). У 2001 годзе «БСРЗ» набыў «Талінскі марскі завод», дзе сталі займацца пачынкай і будаўніцтвам караблёў. Таксама ў 2001 годзе набылі паі «Клайпедзкага суднарамонтнага заводу» (Летува), які пераўтварылі ў «Заходнюю верф». У кастрычніку 2001 году «БСРЗ» утварыў аднайменны холдынг (групу), у якую ўвайшло 40 даччыных прадпрыемстваў. У 2007 канцэрн «БСРЗ» набыў «Туркускую рамонтную верф» у Фінляндыі, што валодала найбольшым сухім докам у Паўночнай Эўропе. Таксама ў 2007 годзе стварылі сумеснае прадпрыемства «Фіскэрстранд-БСРЗ» з нарвэскай «Фіскэрстрандзкай верфю», што пачало будаўніцтва 3-х паромаў для «Саарэмскай суднаходнай кампаніі». Пазьней «БСРЗ» атрымаў заказы на будаўніцтва ветравых электрастанцыяў (ВЭС) для амэрыканскага ТАА «ЎіндЛіфт» (Дарэм, штат Паўночная Караліна) і часткі падводнага тунэля для Стакгольмскага мэтрапалітэну (Швэцыя). У 2010 набылі «Балтыйскую суднабудаўнічую верф» у Клайпедзе і «Балтыйскі інжынэрны цэнтар», якія перайменавалі ў «Заходнебалтыйскае суднабудаваньне» і «Заходнебалтыйскую інжынэрыю». Адначасна набылі нарвэскага караблепраектавальніка «Шматморская кампанія». У 2011 годзе пабудавалі 28-ы паром, які стаў найбольшым пасажырскім газавым паромам у сьвеце. Таксама пабудавалі днопаглыбляльнае судна і рыбалоўны траўлер, катамараны для прыбярэжных ВЭС і рыбаводчыя баржы. У 2012 годзе запусьцілі 2 паветрападзяляльныя заводы ў Ліепае (Латвія) і Днепрапятроўску (Украіна) для вытворчасьці прамысловых газаў. У 2013 годзе такі завод адчынілі ў Вайвары (Іда-Вірускі павет). Адначасна адчынілі 2 таварні для мэталу ў Маарду (Хар’юскі павет) і Рызе (Латвія)[10]. У 2013 годзе выручка холдынгу «БСРЗ» вырасла на 2% да 378,4 млн эўра. Экспарт склаў 84% збыту. Страты зьменшыліся на 14% да 14,7 млн эўра[11].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кантакты(рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
  2. ^ Управа(рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
  3. ^ а б Зьміцер Фефілаў. Фёдар Берман: хацелася б пры жыцьці ўсё ўбачыць(рас.) // «Дзелавыя ведамасьці» (Талін), 31 ліпеня 2019 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
  4. ^ Сьцісла пра Групу «БСРЗ»(рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
  5. ^ Праца ў Групе «БСРЗ»(рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
  6. ^ Кіраваньне(рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
  7. ^ Дзейнасьць(рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
  8. ^ Гісторыя 1912—1946 гадоў(рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
  9. ^ Гісторыя 1947—1989 гадоў(рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
  10. ^ Гісторыя 1989—2013 гадоў(рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.
  11. ^ Вынікі(рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Прадпрыемствы(рас.) // АТ «Балтыйскі суднарамонтны завод», 2020 г. Праверана 24 траўня 2020 г.