Перайсьці да зьместу

Сьвяцак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьвяцак
лац. Śviacak
Палац Валовічаў
Палац Валовічаў
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гарадзенская
Раён: Гарадзенскі
Сельсавет: Сапоцкінскі
Насельніцтва: 32 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 152
Паштовы індэкс: 231738
Нумарны знак: 4
Геаграфічныя каардынаты: 53°50′0″ пн. ш. 23°44′0″ у. д. / 53.83333° пн. ш. 23.73333° у. д. / 53.83333; 23.73333Каардынаты: 53°50′0″ пн. ш. 23°44′0″ у. д. / 53.83333° пн. ш. 23.73333° у. д. / 53.83333; 23.73333
Сьвяцак на мапе Беларусі ±
Сьвяцак
Сьвяцак
Сьвяцак
Сьвяцак
Сьвяцак
Сьвяцак
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Сьвя́цак[1] — вёска ў Беларусі, у міжрэччы Нёману і Чорнай Ганчы. Уваходзіць у склад Сапоцкінскага сельсавету Гарадзенскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 32 чалавекі. Знаходзіцца за 24 км на паўночны захад ад Горадні.

Сьвяцак — старажытная вёска гістарычнай Гарадзеншчыны (частка Троччыны). Да нашага часу тут захаваўся палацава-паркавы комплекс Валовічаў, адзін з найлепшых архітэктурных твораў стыляў барока і клясыцызму на тэрыторыі сучаснай Беларусі[2].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Сьвяцак упамінаецца ў XVI стагодзьдзі як двор Гарадзенскага павету, які з 1521 знаходзіўся пад кіраваньнем старосты гарадзенскага Ю. Радзівіла. У сярэдзіне XVI ст. існавала два паселішчы пад назвай Двор Сьвяцак — уладаньні Ф. Валовіча і Веламоўскага адпаведна. Пад 1639 годам Сьвяцак упамінаецца як асочніцкая вёска Пераломскага лясьніцтва, тут было 10 валокаў зямлі і 19 радзінаў сялянаў-асочнікаў.

У другой палове XVIII стагодзьдзя маршалак Ю. Валовіч выкупіў увесь маёнтак Сьвяцак (частку атрымаў у спадчыну), у 1779 годзе ягоны сын Антоні пашырыў уладаньне (набыў 2 суседнія фальваркі). У 1779 годзе — пачатку XIX стагодзьдзяў тут збудавалі мураваны палац паводле праекту італьянскага архітэктара Дж. Сака.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Сьвяцак апынуўся ў Прусіі, з 1807 году — Расейскай імпэрыі, у Аўгустоўскім павеце Царства Польскага, з 1837 году — у Аўгустоўскай, з 1867 году — у Сувалкаўскай губэрні. У другой палове XIX стагодзьдзя маёнткам валодаў Ю. Гурскі. Былое ўладаньне роду Валовічаў распалася на 5 частак: Сьвяцак-Горны або Сьвяцак Гурскіх (фальварак, палац, сад, 4 вёскі), Сьвяцак Шаняўскіх, Сьвяцак-Шымкаўцы, Сьвяцак «Ясудаў» і Сьвяцак-Кулакоўшчына. У Сьвяцку-Горным у 1887—1914 гадох працаваў патачны завод, які вырабляў вінаградны цукар, бульбяную патаку, глюкозу.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Сьвяцак абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[3]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921 год) Сьвяцак апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Валавічоўскай гміне Аўгустоўскага павету Беластоцкага ваяводзтва. у гэты час існавалі фальваркі Сьвяцак Гурскіх (8 дамоў) і Сьвяцак Вялікі (7 дамоў).

У 1939 годзе Сьвяцак увайшоў у БССР, у Гарадзенскі раён. На 2000 год у вёсцы было 32 двары.

  • XIX стагодзьдзе: 1827 год — 29 чал. у Сьвяцку Гурскіх, 41 чал. у Сьвяцку «Ясудаў» і 40 чал. у Сьвяцку-Кулакоўшчыне; 1870 год — 55 чал. у Сьвяцку Гурскіх і 80 чал. у Сьвяцку Ясудаў[4]
  • XX стагодзьдзе: 1921 год — 168 чал. у Сьвяцку Гурскіх і 94 чал. у Сьвяцку Вялікім[5]; 1999 год — 63 чал.; 2000 год — 57 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2010 год — 32 чал.

У Сьвяцку працуюць бібліятэка і пошта.

Палацава-паркавы комплекс

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Сьвяцку знаходзіцца палацава-паркавы комплекс, збудававаны Антоніем Валовічам у 1779 годзе паводле праекту італьянскага дойліда Джузэпэ Сака. Палац і гаспадарчыя пабудовы разьмяшчаюцца на мясцовасьці, перасечанай сажалкамі і каналамі. Парк і вадаёмы ўтвараюць маляўнічы фон.

Комплекс складаецца з трох карпусоў: цэнтральнага і двух флігеляў, аб’яднаных паўцыркульнымі галерэямі. Парадныя сходы, залі, гасьцёўні і іншыя парадныя памяшканьні засяроджаюцца ў цэнтральным корпусе палаца. Ён мае простае плянаваньне: сярэдняя частка адведзеная пад трохмаршавыя сходы і васьмігранную залю, у бакавых частках сабраныя малыя залі і кабінэты. Калідор, які падоўжна разразае асноўны корпус палаца, пераходзіць у паўцыркульныя галерэі, што ідуць да флігеляў. Такое плянаваньне забясьпечвае зручную сувязь асобных частак усяго комплексу. У галоўным корпусе ўжыты распаўсюджаны для палацавых будынкаў таго часу прыём кампазыцыі фасада з трыма рызалітамі. Кожны зь іх адзначаны спаранымі пілястрамі, паміж якімі разьмяшчаецца высокае паўцыркульнае акно. Завяршаюцца бакавыя рызаліты выгнутымі франтонамі. Бакавым рызалітам у паркавым фасадзе супрацьпастаўляюцца пяцігранны выступ галоўных заляў. Гэтая частка палаца, упрыгожаная пілястрамі і завершаная фігурным дахам, тлумачыцца як манумэнтальны эркер. Падобны элемэнт з паўкруглымі кутавымі часткамі зьяўляецца ўласьцівасьцю сталю барока.

Працы ўнутранага аздабленьня палаца працягваліся да канца XVIII стагодзьдзя. Панэлі сьценаў, каміны, дзьверы, рамы для люстэркаў, кансолі, вазоны, мэбля і г. д. вырабляліся паводле эскізаў і пад кіраўніцтвам Сака. У стварэньні інтэр’ераў бралі ўдзел мастакі Т. Манькоўскі і А. Смуглевіч. Вялікая частка аздабленьня палаца канцэнтравалася на другім паверсе і насіла рысы як барока, так і клясыцызму. Сьцены асноўнай залы ўпрыгожвалі калёны, ліштвы дзьвярэй пакрываў прыгожы рэльеф, а глыбокія нішы зьмяшчалі каміны са скульптурамі. У афармленьні інтэр’еру ўжываліся два тыпы дэкарацыі — ляпны і маляваны. Апошні займаў вялікае месца і быў разнастайным як паводле стылю, так і паводле тэматыкі. У адных выпадках сьценнае малярства адлюстроўвала антычныя статуі, вазоны і нішы, у іншых — пэйзажы.

У пачатку ХХ стагодзьдзя комлексам валодалі Гурскія. У міжваенны час у палацы знаходзіўся пансіянат для нарказалежных, у якім ад марфінавай і іншай залежнасьці лячыліся сярод іншых прадстаўнікі гарадзенскіх творчых колаў. У 1930-я палац быў перабудаваны. За савецкім часам у палацы знаходзілася здраўніца для хворых на сухоты. Старадаўні інтэр’ер быў зьнішчаны. У 2000-х гадох санаторыя была выведзеная з будынкаў палацу, а палац перададзены на балянс упраўленьня адукацыі гарадзенскага райвыканкаму. Палацавы комплекс апынуўся ў занядбаным стане[6][7]. У 2020-я гады завяршылася рэстаўрацыя палаца.

Капліца

Недалёк ад палацу знаходзіцца нэагатычная капліца. Яе збудавалі з цэглы на мяжы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў. Гэты будынак, бадай, унікальны для беларускай архітэктуры. Кампактны і прыземісты кубападобны аб’ём з трохсьценнай алтарнай часткай. Стрэльчатыя вокны на галоўным фасадзе (суцэльны двухгранны шчыт-вімпэрг) разам са стрэльчатым уваходным парталам ствараюць урачыстасьць фасаду і імітуюць грандыёзную трохнававую базыліку. Гатычную вэртыкальнасьць будынку надае таксама высокі двухсхільны дах[8].

За савецкім часам капліца ня дзеяла. Наноў яе асьвяцілі 6 жніўня 1996. У наш час капліца належыць да Сапоцкінскай парафіі Сапоцкінскага дэканату[9].

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) C. 164.
  2. ^ Вольга Князева. Свяцк // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 273.
  3. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  4. ^ Świack // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. 634.
  5. ^ Вольга Князева. Свяцк // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 274.
  6. ^ Палац Валовічаў у Свяцку развальваецца на вачах // Архітэктура Гродна. Гісторыя і сучаснасць, 15 красавіка 2007.
  7. ^ Свяцк — разбурэнне працягваецца // Архітэктура Гродна. Гісторыя і сучаснасць, 10 лютага 2008 г.
  8. ^ А. Вашкевіч, Дз. Нарэль. Паміж Ласоснай і Чорнай Ганчай. Гісторыя каталіцкіх парафій у паўднёва-ўсходняй частцы Аўгустоўскай пушчы. — Менск, 2006. — С. 92.
  9. ^ Гродзенская Рыма-Каталіцкая Дыяцэзія на Беларусі — XIII. Дэканат Сапоцкін.(недаступная спасылка)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]