Стывэн Крыстафэр Роўэл
Стывэн Крыстафэр Роўэл | |
Дата нараджэньня | 9 траўня 1964[1] (60 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | гісторык, перакладнік, прафэсар унівэрсытэту |
Навуковая сфэра | гісторыя[2] і пераклад[2] |
Месца працы | |
Сябра ў | Baltic Historical Commission[d] |
Навуковая ступень | доктар філязофіі |
Стывэн Крыстафэр Роўэл (анг. Stephen Christopher Rowell; 9 траўня 1964) — летувіскі гісторык ангельскага паходжаньня[3].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скончыў Кембрыдзкі ўнівэрсытэт. Атрымаў ступень доктара (Ph. D.) за працу «The role of Christianity in the last pagan state in Europe: Lithuania, 1315—1342».
У 1993 годзе на запросіны летувісаў пачаў працаваць у Цэнтры гісторыі Заходняй Летувы і Прусіі пры Клайпедзкім унівэрсытэце (у 1998—1999 гадох быў яго дырэктарам). З 1999 году загаднік катэдры гісторыі Вялікага Княства Літоўскага Інстытуту гісторыі Летувы, пазьней — старэйшы навуковы супрацоўнік аддзелу гісторыі ВКЛ Інстытуту гісторыі Летувы.
Летувізацыя і расейскі этнацыд беларусаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выдаў у 1994 годзе твор «Lithuania Ascending: A Pagan Empire within East-Central Europe, 1295—1345» («Уздым Літвы: паганская імпэрыя ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, 1295—1345»), беларускі пераклад якой ў 2015 годзе выдала рэдакцыя часопісу «ARCHE». Нягледзячы на заяву ў назьве «паганскай імпэрыі», у самой кнізе не падаў нейкіх сьведчаньняў і фактаў пра летувіскія паганскасьць і імпэрскасьць, замест гэтага падаў адно прыклады маргінальнасьці паганства ў Вялікім Княстве Літоўскім і выцясьненьня яго хрысьціянствам[3].
У арыгінальным ангельскамоўным тэксьце гэтага твору выкарыстоўвае вынятна сучасныя летувізаваныя формы імёнаў літоўскіх князёў і баяраў (не падаючы арыгінальных напісаньняў нават у дужках), у тым ліку «Švarnas» датычна Шварна, сына галіцка-валынскага князя Данілы Раманавіча[4].
Ва ўступе твору прапагандуе ўласьцівы ідэалёгіі расейскага нацызму (г. зв. рас. «русский мир») наратыў пра «вялікарусаў» і «братніх ім русінаў Украіны і Беларусіі»[a][5], у тэксьце твору пасьлядоўна называе беларускія землі «Заходняй Русьсю», а ўкраінскія — «Паўднёва-Заходняй Русьсю»[6].
Гісторык Аляксандар Краўцэвіч зьвяртае ўвагу на вялікую колькасьць фактычных памылак і недакладнасьцяў у тэксьце твору, у тым ліку[7]:
- Зэмгалы ня жылі ў суседзтве з Прусіяй;
- Ліда не была значным местам у ХІІІ стагодзьдзі, яе разьвіцьцё пачалося зь вёскі па пабудове замка ў XIV стагодзьдзі;
- Горадня не знаходзілася за 5 км ад Прусіі;
- Наваградак не пачаў хутка расьці па 1316 годзе — наадварот, па пагроме 1275 году пэрыяд росквіту места скончыўся;
- У Полацку ў XIV cт. не збудавалі велізарнай колькасьці цэркаў і манастыроў — наадварот, мураванае будаваньне ў месьце спынілася ў ХІІІ стагодзьдзі і не вялося ў XIV стагодзьдзі;
- Гедзімін не займаў Галіцка-Валынскую зямлю каля 1323 году, там да 1340 году валадарыў уласны князь Юры-Баляслаў;
- Каляністы ў Ордэнскай дзяржаве, насуперак меркаваньню Роўэла, імкнуліся сяліцца як мага далей ад небясьпечнай літоўскай мяжы, уздоўж якой заставаліся незаселеныя пусткі з прычыны ваеннай небясьпекі;
- Хан Залатой Арды даваў ярлык на кіраваньне Вялікім княствам Уладзімерскім не абавязкова старэйшаму з Рурыкавічаў;
- Гедзімін не аддаваў сваім сынам Яўнуту і Кейстуту Жамойць, гэтая зямля ўвогуле не ўпамінаецца ў ягоным тастамэнце, бо яшчэ не належала да ВКЛ.
Аўтарскай фальсыфікацыяй выглядае сьцьверджаньне Роўэла, што «паводле дакумэнтаў Тэўтонскага ордэну, Міндоўг збудаваў катэдру ў Вільні; апошнім часам былі адкапаныя, як мяркуюць, падмуркі гэтай бажніцы», бо аўтар не падае спасылкі на памянёныя дакумэнты, а выяўленыя археолягамі фрагмэнты падмуркаў ня могуць быць дакладна датаванымі[8].
Апроч таго, Аляксандар Краўцэвіч адзначае шэраг супярэчлівых сьцьверджаньняў Роўэла, у тым ліку[9]:
- Заявіўшы пра пабудову першага каталіцкага храма ў Вільні Міндоўгам, далей аўтар піша пра «магчымае заснаваньне Гедзімінам першага храма ў Вільні»;
- Сьцьверджаньне пра імкненьне вялікіх князёў парадніцца з арыстакратамі важных памежных зонаў супярэчыць выснове, што вялікія князі як маглі перашкаджалі арыстакратам праз шлюбы ўлучацца ў кіроўную дынастыю;
- Літоўскіх князёўнаў, якія выйшлі замуж за хрысьціянаў, аўтар у адным месцы называе «пагрозьлівай пятай калёнай у Польшчы і на Русі», а ў іншым — сьцьвярджае, што Гедзімінаўны за мяжой «горача прымалі новую рэлігію і пазьней былі слынныя сваёй пабожнасьцю і апекаваньнем царквы»;
- Аўтар сьцьвярджае слабасьць пазыцыяў абедзьвюх галінаў Тэўтонскага ордэну — лівонскай і прускай — у 1322 годзе, а далей апавядае пра атакі крыжакоў на ВКЛ і што Гедзімін у тым жа годзе спадзяецца «прапановамі міру нэўтралізаваць магутнасьць крыжакоў, якую ён ня змог адолець ніякімі іншымі высілкамі»;
- «Імкнучыся захаваць адзінства ў Вялікім Княстве, ён [Гедзімін] падзяліў дзяржаву паміж сямю сваімі сынамі».
Некаторыя аўтарскія высновы не пацьвярджаюцца довадамі або аргумэнтамі, напрыклад пра Вільню як месца спачыну князёў прынамсі з XIII ст.; пра пабудову паганцамі местаў пры шляхох, каб бараніць купцоў (ніводнага прыкладу такой пабудовы не падаецца)[9].
Прапагандуючы расейска-савецкі шавіністычны наратыў пра летувіскую заваёву земляў сучаснай Беларусі, Роўэл не падае ніводнага прыкладу захопу ці хоць бы нападу летувісаў на хоць якое беларускае места і замест гэтага канстатуе: «абставіны летувіскіх уварваньняў застаюцца няяснымі»[10].
Праз усю працу прасочваецца аўтарскі «дасьледчы метад», які палягае на тым, каб усе важныя, але цьмяныя, дрэнна асьветленыя крыніцамі падзеі і здарэньні запісваць на карысьць летувісаў[11].
Як паўсумоўвае Аляксандар Краўцэвіч: «Увогуле, ацэньваць кнігу Роўэла як навуковую працу даволі складана. Па яе прачытаньні ствараецца ўражаньне, што пры наяўнасьці навуковага апарату (спасылак, паказальніка, бібліяграфіі ды інш.) яна ня ёсьць цалкам навуковай. Больш выглядае на твор патрыятычнай летувіскай публіцыстыкі, калі не прапаганды, апублікаваны пад шыльдай аднаго з старэйшых унівэрсытэтаў Эўропы. Праца Роўэла аб’ектыўна антыбеларуская, таму выклікае зьдзіўленьне ўдзел у гэтай справе рэдакцыі часопісу „АRCHE-Пачатак“»[12].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://www.vle.lt/straipsnis/stephen-christopher-rowell/
- ^ а б Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ а б Канстанцін Семяновіч, «Паганская імперыя» Вялікае Княства Літоўскае. Рэальнасць ці міф?, Budzma.org, 29 сьнежня 2023 г.
- ^ Rowell S. C. Lithuania Ascending: A Pagan Empire within East-Central Europe, 1295—1345. — Cambridge, 1994. P. 13.
- ^ Rowell S. C. Lithuania Ascending: A Pagan Empire within East-Central Europe, 1295—1345. — Cambridge, 1994. P. XIII.
- ^ Rowell S. C. Lithuania Ascending: A Pagan Empire within East-Central Europe, 1295—1345. — Cambridge, 1994. P. 7, 20, 32—33, 35—36, 42, 48—49, 59, 76, 78, 80, 82, 84, 115—116, 149, 157, 264, 292.
- ^ Краўцэвіч А. Папяровы імперыялізм, або ці была Літва ў XIV ст. «паганскай імперыяй»? Рэцэнзія: С. К. Роўэл, Уздым Літвы: Паганская імперыя ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, 1295—1345 г.; пераклаў з англ. А. Мікус. Мінск: Медысонт, 2015. — 424 с. // Гадавік Цэнтра Беларускіх Студыяў. № 6, 2020. С. 239—241.
- ^ Краўцэвіч А. Папяровы імперыялізм, або ці была Літва ў XIV ст. «паганскай імперыяй»? Рэцэнзія: С. К. Роўэл, Уздым Літвы: Паганская імперыя ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, 1295—1345 г.; пераклаў з англ. А. Мікус. Мінск: Медысонт, 2015. — 424 с. // Гадавік Цэнтра Беларускіх Студыяў. № 6, 2020. С. 240.
- ^ а б Краўцэвіч А. Папяровы імперыялізм, або ці была Літва ў XIV ст. «паганскай імперыяй»? Рэцэнзія: С. К. Роўэл, Уздым Літвы: Паганская імперыя ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, 1295—1345 г.; пераклаў з англ. А. Мікус. Мінск: Медысонт, 2015. — 424 с. // Гадавік Цэнтра Беларускіх Студыяў. № 6, 2020. С. 241.
- ^ Краўцэвіч А. Папяровы імперыялізм, або ці была Літва ў XIV ст. «паганскай імперыяй»? Рэцэнзія: С. К. Роўэл, Уздым Літвы: Паганская імперыя ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, 1295—1345 г.; пераклаў з англ. А. Мікус. Мінск: Медысонт, 2015. — 424 с. // Гадавік Цэнтра Беларускіх Студыяў. № 6, 2020. С. 242.
- ^ Краўцэвіч А. Папяровы імперыялізм, або ці была Літва ў XIV ст. «паганскай імперыяй»? Рэцэнзія: С. К. Роўэл, Уздым Літвы: Паганская імперыя ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, 1295—1345 г.; пераклаў з англ. А. Мікус. Мінск: Медысонт, 2015. — 424 с. // Гадавік Цэнтра Беларускіх Студыяў. № 6, 2020. С. 243.
- ^ Краўцэвіч А. Папяровы імперыялізм, або ці была Літва ў XIV ст. «паганскай імперыяй»? Рэцэнзія: С. К. Роўэл, Уздым Літвы: Паганская імперыя ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, 1295—1345 г.; пераклаў з англ. А. Мікус. Мінск: Медысонт, 2015. — 424 с. // Гадавік Цэнтра Беларускіх Студыяў. № 6, 2020. С. 246.