Сабор Сьвятога Міхаіла Арханёла (Мазыр)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
храм
Сабор Сьвятога Міхаіла Арханёла
Сучасны выгляд
Сучасны выгляд
Краіна Беларусь
Горад Мазыр
Каардынаты 52°02′45.11″ пн. ш. 29°16′16.71″ у. д. / 52.0458639° пн. ш. 29.2713083° у. д. / 52.0458639; 29.2713083Каардынаты: 52°02′45.11″ пн. ш. 29°16′16.71″ у. д. / 52.0458639° пн. ш. 29.2713083° у. д. / 52.0458639; 29.2713083
Канфэсія Праваслаўе
Эпархія Тураўская 
Архітэктурны стыль позьняе барока
Заснавальнік род Аскеркі
Першае згадваньне 1645
Дата заснаваньня 1745
Будаваньне 1745—??? гады
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Сабор Сьвятога Міхаіла Арханёла на мапе Беларусі
Сабор Сьвятога Міхаіла Арханёла
Сабор Сьвятога Міхаіла Арханёла
Сабор Сьвятога Міхаіла Арханёла
Сабор Сьвятога Міхаіла Арханёла на Вікісховішчы

Сабо́р Сьвято́га Міхаі́ла Арханё́ла — праваслаўны сабор у Мазыры, галоўны храм Тураўскай япархіі, пабудаваны як касьцёл бэрнардынаў ў XVIII стагодзьдзі ў стылі позьняга барока ў выглядзе дзьвюхвежавай трохнэфавай базылікі.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар бэрнардынаў (Мазыр)

У 1645 годзе адстаўны палкоўнік Стэфан Лозка падарыў манахам-бэрнардынам драўляны кляштар, які пабудаваў насупраць Мазырскага замку. Гэты кляштар разам з усім местам быў зруйнаваны маскоўскім войскам падчас вайны 1654—1667 гадоў.

Сабор Сьвятога Міхаіла Арханёла (былы касьцёл і кляштар бэрнардынаў), малюнак XIX стагодзьдзя

У 1745 годзе ўладальнікі адноўленага Мазыру Аскеркі на чале з маршалкам Рафаілам Аскеркам пачынаюць будаўніцтва новага мураванага кляштара бэрнардынцаў, цэнтрам якога павінен быў быць велічны касьцёл. Колькі гадоў цягнулася будаўніцтва — невядома. У збудаваным каталіцкім кляштары разьмясьціліся бібліятэка і пачатковая школа. Гэта быў адзін з найбагацейшых кляштараў.

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай Мазырскі павет уключаны ў склад Расейскай імпэрыі. Аскеркі болей не зьяўляюцца ягонымі ўладарамі, змагаючыся супраць расейскай інтэрвэнцыі ў часы паўстаньня Касьцюшкі.

Пасьля вызваленчага паўстаньня 1831 году бэрнардынскі кляштар зачынены, а храм канфіскаваны, хоць манахі й не прымалі ўдзелу ў паўстаньні. У карпусах кляштара разьмясьціліся розныя канторы Мазырскага павету і шпіталь. На працягу 30 гадоў сабор неаднаразова гарэў, прыйшоў у заняпад і пачаў руйнавацца. Пасьля падаўленьня паўстаньня Кастуся Каліноўскага храм асабістым распараджэньнем імпэратара Аляксандра II быў перададзены Праваслаўнай царкве.

5 верасьня 1865 году царква была асьвечана ў гонар сьвятога Архістратыга Міхаіла. У 70-я гады яму быў нададзены статус катэдральнага сабору.

Рэпрэсіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1930-я гады бальшавікі разьмясьцілі ў будынку сабора турму НКУС у Палескай вобласьці[1]. Тут дзейнічалі «асобыя тройкі», вяліся допыты. Цэнтральная заля сабору падзялялася на камэры, дзе трымалі вязьняў з усяго Палесься. На верхнім ярусе знаходзілася ўзброеная ахова, у сутарэньнях дзейнічаў карцар. З 1937 року у храме пачалі і расстрэльваць асуджаных. Паводле зьвестак Тураўска-Мазырскай япархіі, тут было расстраляна каля 2000 чалавек. Забітых хавалі тут жа[2].

Цяпер у крыптавым храме сабору ўстаноўленыя лямпады ў памяць пра нявінна забітых у часы рэпрэсіяў. Побач у трунах знаходзяцца каля 60 чарапоў і косткі людзей, знойдзеных пры расчыстцы склепаў сабору<ref name="зьвязда">.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кляштарны комплекс ўяўляе сабой помнік архітэктуры позьняга барока XVII—XVIII стагодзьдзяў у выглядзе простакутнага храму, падзеленага ўнутры двума шэрагамі калён на тры нэфы: цэнтральны і два бакавыя. Галоўны фасад, які ўяўляе сабой трох’ярусную кампазыцыю зь дзьвюма вежамі-званіцамі па бакох, мае крывалінейныя абрысы, што надае будынку адмысловую плястычнасьць. У архітэктуры вежаў прасочваюцца элемэнты клясыцызму.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ірына Асташкевіч Гісторыя бляску і галечы галоўнага сабора Палесься // «Звязда» : газэта. — 15 чэрвеня 2011. — № 110 (26974). — С. 10.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ірына Асташкевіч. За захоўваньне дробнаразьменнай манэты // Зьвязда : газэта. — 31 траўня 2011. — № 99 (26972). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ НКУС расстрэльваў людзей проста ў храме Соцыюм. Эўрарадыё (12 ліпеня 2020). Праверана 6 жніўня 2020 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  312Г000511