Лошыцкі яр
Ло́шыцкі яр (Чорны Яр) — урочышча (раней вёска Лошыца) на ўскрайку Менску, дзе ў аднайменным яры праводзіліся масавыя расстрэлы органамі НКУС у 1937—1941 гадох. Колькасьць ахвяраў на сёньняшні дзень дакладна невядомая. Паводле ацэнак беларускага гісторыка Зянона Пазьняка, у Лошыцкім яры знаходзяцца ад 7 да 10 тысячаў рэпрэсаваных.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1988 годзе Лошыцкі яр быў часткова засыпаны, а на яго месцы збудаваны гаражны каапэратыў. Спроба з дапамогай валянтэраў-археолягаў пракапаць насыпны слой грунту (канец 1980-х гадоў) не прынесла посьпеху.
З успамінаў Зянона Пазьняка:
У гэтым жа годзе, пасьля раскопак у Курапатах я падрыхтаваўся да раскопак у Лошыцы. Але калі я летам перад раскопкамі прыйшоў сюды, то ўбачыў, што велізарны яр засыпаны, а вакольныя ўзгоркі, на якіх рос сад, скапаныя і грунт ссунуты ў яр[1]
У 1995 годзе высілкамі актывістаў БНФ ў Лошыцкім яры ўсталяваны Крыж пакутнікам. Штогод на Дзяды ў Менску адбываецца шэсьце ад Менскага гадзіньнікавага заводу да Курапатаў, а наступны тыдзень КХП-БНФ арганізоўвае шэсьце ад Менскага камвольнага камбінату да Крыжа пакутнікам у Лошыцкім яры[2]. На працягу 2010—2018 гадоў сярэдняя колькасьць удзельнікаў шэсьця складае ад 50 да 100 чалавек, што значна менш чым падчас шэсьця ў Курапаты. Цікавая асаблівасьць, што на шэсьце ў Лошыцу і ў Курапаты ўлады даюць дазвол. Дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі падчас шэсьцяў ў Лошыцкі яр на працягу 2010—2018 гадоў былі стрыманымі. Затрыманьні, як правіла, не праводзіліся (за выняткам 2011 году). Звычайна мерапрыемства праходзіць па адным сцэнары, абвесткаў напярэдадні мерапрыемства практычна няма ў медыя. Арганізатары з КХП БНФ не зацікаўлены ў супрацы зь іншымі арганізацыямі. Усё гэта абумоўлівае слабую інфармацыйную раскрутку тэмы масавых расстрэлаў у Лошыцкім Яры.
У 2009 годзе ў сувязі з будаўніцтвам мікрараёну Лошыца гарадзкія ўлады Менску плянавалі цалкам засыпаць Лошыцкі яр і правесьці празь яго аўтадарогу[3].