Перайсьці да зьместу

Пірэвічы (Пірэвіцкі сельсавет)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пірэвічы
Першыя згадкі: XVI ст.
Вобласьць: Гомельская
Раён: Жлобінскі
Сельсавет: Пірэвіцкі
Насельніцтва: 1283 чал. (2004)
Часавы пас: UTC+3
Геаграфічныя каардынаты: 52°47′26″ пн. ш. 30°19′12″ у. д. / 52.79056° пн. ш. 30.32° у. д. / 52.79056; 30.32Каардынаты: 52°47′26″ пн. ш. 30°19′12″ у. д. / 52.79056° пн. ш. 30.32° у. д. / 52.79056; 30.32
Пірэвічы на мапе Беларусі
Пірэвічы
Пірэвічы
Пірэвічы

Пірэ́вічы[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Рудзенка. Цэнтар Пірэвіцкага сельсавету Жлобінскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва 1283 чал. (2004). Знаходзіцца за 27 км на паўднёвы ўсход ад места Жлобін, за 3 км ад чыгуначнай станцыі Салтанаўка (лінія Жлобін — Гомель), за 67 км ад Гомелю.

На захадзе мяжуе зь лесам.

У 1924 годзе ў вёсцы знойдзена 2 скарбы 1624 году (манэты Рэчы Паспалітай і Нідэрляндаў), якія сьведчаць пра дзейнасьць чалавека ў гэтых месцах з даўніх часоў. Паводле пісьмовых крыніцаў вядомая з XVI стагодзьдзя як сяло ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. У 1525 годзе пазначана ў матэрыялах пра спрэчныя землі паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ як сяло Пірэвічы ў Стрэшынскай воласьці. У 1740-я гады паводле інвэнтара Гомельскага староства сяло, 6 дымоў, 2 службы, 5 валоў, 5 канёў, пустаўшчызны Маковаўшчына, Дабрыншчына, Юшкаўшчына і Калініншчына.

Пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) у складзе Расейскай імпэрыі. Дваране Солтаны-Пераасьветавы валодалі ў сяле і навакольлі ў 1859 годзе 8102 дзесяцінамі зямлі, броварам, 3 млынамі, цагельняй. З 1880 году дзейнічала хлебазапасная крама. У пачатку 1880-х гадоў адкрыта народная вучэльня (у 1889 годзе 44 вучня). У 1885 годзе дзейнічалі бровар, вадзяны млын, у Стараруднянскай воласьці Рагачоўскага павету Магілёўскай губэрні. Паводле перапісу 1897 году знаходзіліся народная вучэльня, хлебазапасная крама, 2 вятракі, 2 крупадрабільні, крама, піцейны дом. У аднайменным фальварку, які знаходзіўся побач, 2 двары, 22 жыхара працавала крама. У чэрвені 1902 году адкрытая Ўсесьвяцкая царква (цагляная, помнік архітэктуры нэарускага стылю). З 1911 году пры школе працавала бібліятэка.

У пачатку 1920-х у фальварку быў створаны калгас «Праца». З 20 жніўня 1924 году цэнтар Пірэвіцкага сельсавету Жлобінскага раёну Бабруйскага (да 26 ліпеня 1930 году) акругі, з 20 лютага 1938 году Гомельскай вобласьці. У 1929 годзе арганізаваны саўгас «Пірэвічы», працавалі сьпіртовы завод (вырабляў сьпірт-сырэц, які затым перапрацоўваўся на рэктыфікацыйным заводзе ў вёсцы Старая Рудня), нафтавы млын, торфаздабыўная, шавецкая і кравецкая талакі.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны створаны атрад народнага апалчэньня. Абсталяваньне сьпіртзавода было эвакуявана ў Пензу. Акупанты часткова спалілі вёску і забілі 17 жыхароў. У баях каля вёскі ў 19431944 гадох загінулі 139 савецкіх салдатаў і 6 партызан (пахаваныя ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі). Вызваленая 2 сьнежня 1943 году. У сьнежні 1943 — ліпені 1944 у вёсцы разьмяшчаўся палявы шпіталь савецкіх войскаў. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 446 жыхароў зь Пірэвіцкага сельсавету. У памяць пра загінулых у 1976 годзе ў парку ўсталяваны абэліск з імёнамі загінулых.

У 1966 годзе да вёскі далучаныя мястэчкі Літвінаўка, Мікольскі, Машок, Маладняк, Сазонаўка, Селянін, пасёлак сьпіртзавода. З траўня 1998 году выходзіла саўгасная шматтыражка «Пірэвіцкія весткі». Цэнтар саўгаса «Пірэвічы». Працуюць сьпіртзавод, швейная і шавецкая майстэрні, сярэдняя і музычная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, бібліятэка, лякарня, аптэка, дзіцячыя ясьлі-сад, аддзяленьне сувязі, сталовая, 2 крамы.

У склад Пірэвіцкага сельсавету ўваходзілі да 1962 году мястэчка Паросьля, да 1966 году мястэчкі Кастрычнік (да 1962 году Бязбожнік), Гуцішча, Літвінаўка, Маладняк, Заранка, Машок, Мікольскі, Першамайскі, Сазонаўка, Селянін, Узьлесьсе, пасёлак сьпіртзавода, да 1986 году мястэчка Нясоеў Барок, да 1996 году мястэчка Зялёны Рог (усё ў наш час не існуюць).

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004.