Памылкі надпісаў на паштовых марках
Памылкі надпісаў на паштовых марках — сукупнасьць чалавечых памылак пры напісаньні тэксту на афіцыйна выпушчаных у абарот паштовых марках — у наміналах, назвах дзяржаваў, найменьнях і датах падзеяў, імёнах і тытулах выяўленых асобаў, пэрыядах жыцьця, назвах элемэнтаў малюнку ды інш.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Памылкі ў надпісах зьяўляюцца на этапе стварэньня малюнку паштовай маркі праз памылку мастака, гравэра, паштовага чыноўніка, пошты ў цэлым або ўладаў, якія некарэктна сфармулявалі заданьне ці не прасачылі за яго належным выкананьнем. Большасьць памылак у надпісах выкліканая недастатковай пісьменнасьцю, недасьведчанасьцю ці няўважлівасьцю выканаўцаў.
У вельмі рэдкіх выпадках памылкі ў надпісах робяцца сумысна, аднак у гэтым выпадку нельга казаць пра афіцыйныя выпускі. Зазвычай памылкі ў надпісах неспалучальныя з статусам афіцыйнага знака паштовай аплаты, і паштовае ведамства прыкладае намаганьні дзеля ліквідацыі браку. Часам праз памылкі ў надпісах паўстаюць скандалы і адпаведны камэрцыйны ажыятаж.
Клясыфікацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Памылкі ў надпісах ці наддрукоўках звычайна падзяляюць на наступныя катэгорыі:
- Памылкі ў лічбах:
- памылкі ў намінале;
- памылкі ў датах;
- памылкі ў геаграфічных каардынатах.
- Памылкі ў статусных надпісах:
- памылкі ў найменьнях дзяржаваў, тэрыторыяў і дзяржаўнай сымболіцы;
- памылкі в імёнах, прозьвішчах, тытулах асобаў;
- памылкі ў мовах, альфабэтах;
- памылкі ў службовых надпісах.
- Памылкі ў фактах і паняцьцях.
- Дадатковыя «таемныя» надпісы зь ініцыятывы гравэра.
Памылкі ў лічбах
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Швэцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У стандартнай сэрыі марак узору 1872 року, якая зьмяшчала пазначэньне наміналу як лічбай, так і надпісам, і друкаванай са старых клішэ, апошнія пры друку маркі ў 20 эрэ былі пашкоджаныя. Гэты фрагмэнт быў зьняты з друкавай формы і заменены на клішэ маркі 30 эрэ. Пры гэтым лічбу «30» у цэнтры памянялі на «20», а пра надпіс забылі. У выніку ў абарот паступіла марка-гібрыд зь лікам «20» і надпісам tretio («трыццаць») замест tjugo. У канцы 1970-х рокаў ейны камэрцыйны кошт складаў 5000 даляраў ЗША. У наш час паводле зьвестак каталёгу «Скот» нягашаны асобнік каштуе ўжо $7500, а нармальныя адпаведнікі — $175 за марку ў 20 эрэ й $260 за 30.
ЗША
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пры друку стандартнай сэрыі 1917 року з профілем Джорджа Вашынгтона частка клішэ чырвонай двухцэнтавай маркі была замененая на аналягічнае клішэ пяціцэнтавай — без выпраўленьня лічбаў у ніжніх кутах. У выніку ў аркушах па 400 двухцэнтавікаў зьявіліся і такія ж чырвоныя пяціцэнтавыя маркі (іхні нармальны колер — сіні). Плюс да таго частка накладу аказалася без пэрфарацыі. Цяпер каталёгавая цана непэрфараванага аркуша двухцэнтавікаў зь пяціцэнтавай украпінай (такіх вядома ўсяго 48) — 24 000 даляраў ЗША (кожны пяціцэнтавы асобнік — 500). Вэрсія з зубцоўкай (такіх марак болей за 100 тысячаў штук) каштуе 350—400 даляраў для добра адцэнтраванага асобніка.
Польшча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На паштовай марцы 1948 року наміналам 30 злотых з сэрыі, прысьвечанай стагодзьдзю антыманархічных эўрапейскіх рэвалюцыяў 1848 року, з выявамі двух польскіх генэралаў-удзельнікаў тых падзеяў, дзьве памылкі ў датах. Генэрал Генрык Дэмбінскі памёр не ў 1866, а ў 1864 року, а генэрал Юзэф Бэм нарадзіўся ў 1794, а не ў 1795 року.
Італія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На паштовай марцы 1950 року наміналам 20 ліраў, выпушчанай у памяць пра заснавальнікаў тэкстыльнай прамысловасьці краіны Гаэтана Марцота і Алясандра Росьсі, памылкова пазначаны год сьмерці апошняга: ня 1898, а 1918.
Бэльгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адлюстраваны на паштовай марцы 1976 року кардынал Дэзырэ-Жазэф Мэрсье, духоўны і нацыянальны лідэр бэльгійцаў часоў Першай сусьветнай вайны, нарадзіўся ў 1851-м, а не ў 1856 року, як надрукавана.
Украіна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У рамках шматгадовай сэрыі «Гісторыя войска ва Ўкраіне» ў 2005 року пабачыла сьвет паштовая марка з выявай літоўскага гетмана князя Канстанціна Астроскага, прысьвечаная бітве пад Воршай, дзе аб’яднаныя войскі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага зьнішчылі войска Маскоўскае дзяржавы 8 верасьня 1514 року. Аднак на марцы памылкова напісанае імя князя («Констянтин» замест «Костянтин») і дата падзеі «Орша 1512».
Памылкі ў статусных надпісах
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Маўрыцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1847 року 31-гадовы маўрыцыйскі залатар, гадзіншчык і гравэр Джозэф Барнард, зрабіў памылку ў клішэ, зь якіх былі надрукаваныя першыя паштовыя маркі гэтага вострава: замест надпісу «Post paid» («Паштовы збор спагнаны») ён выгравіраваў «Post office» («Паштовае аддзяленьне»). Цяпер гэтыя маркі вядомыя як «Блакітны Маўрыцы» і «Ружовы (ці „Аранжавы“) Маўрыцы», наклад кожнай склаў усяго 500 (паводле іншых зьвестак 1500) асобнікаў. Пасьля выяўленьня памылкі пошта Маўрыцыю неадкладна надрукавала другі, выпраўлены наклад. Да сёньняшняга дню выяўленыя толькі 29 штук з надпісам Post office.
Двухпэнсавыя «Блакітныя Маўрыцыі» з надпісамі Post office і Post paid (Скот #1 і 2) |
Адну з такіх нягашаных двухпэнсавых марак набыў у 1904 року на аўкцыёне прынц Ўэйлскі, будучы кароль Георг V, за 1450 фунтаў стэрлінгаў. У 1963 року капэрта з двума «маўрыцыям», выпадкова набытая ў 1897 року на індыйскім рынку, была прададзеная за 78 400 даляраў ЗША. Друкавая плястына, зь якой Барнард друкаваў знакамітыя маркі, у 1912 року пасьля сьмерці губэрнатара Маўрыцыю была неадкладна выкупленая ў ягоных нашчадкаў ангельцам Лэсі Стокенам. Нягледзячы на актыўнае процідзеяньне каляніяльнага дэпартамэнту Вялікабрытаніі, яна засталася ў прыватных руках, некалькі разоў перапрадавалася і пэрыядычна экспанавалася на філятэлістычных выставах, у прыватнасьці, у 1930-х роках на бэрлінскай Iposta. Цяпер цана кожнага з «маўрыцыяў» паводле каталёгу «Михель» складае болей за 15 млн даляраў.
Шэраг дасьледчыкаў, зрэшты, ня лічаць друк Барнарда памылкай — у тым жа 1847 року, напрыклад, была выдрукаваная першая агульнафэдэральная паштовую марку ЗША з тым жа надпісам «Post office», якая ня выклікала з гэтай нагоды асаблівага ажыятажу. Надпіс «Post office» быў заменены на «US postage» толькі ў 1851 року.
Брытанская Гвіяна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Поштмайстар калёніі Брытанская Гвіяна зьмясьціў замову на друк сэрыі марак 1 і 4 цэнты ў друкарні Джозэфа Баўма і Ўільяма Даласа, і распарадзіўся, каб маркі як мага болей былі падобныя да афіцыйнага выпуску. Гэта, аднак, атрымалася не напоўніцу, і ня толькі праз прымітыўнасьць друку. У выпуску-правізорыі 1852 року дэвіз калёніі лацінай «Damus Petimus Que Vicissim» («Даём і пытаем наадмен») пераўтварыўся ў «Damus Patimus Que Vicissim» («Даём і церпім наадмен»).
Брытанская Гвіяна, 1852 і 1856[a] (Скот #6 і 13) |
Асманская імпэрыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У камэмаратыўнай сэрыі 1913 року на марцы наміналам у 10 пара пад радком «Атаманская пошта» (па-француску: Postes Ottomanes) дададзеная палоска дробнага арнамэнту. Праз два гады турэцкія ўлады выявілі, што арнамэнт складаецца з дробных армянскіх літараў. Мастак-армянін быў арыштаваны і пазьней памёр у ссылцы. Між тым у ягоным надпісе не было значнага ўзрэху — там было напісана «Атаманская пошта» па-армянску.
Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У чэрвені 1920 року ўпершыню ў новай валюце — парах і дынарах — выйшаў трэці выпуск сэрыі «Вэрыгар», першых паштовых марак Югаславіі. З волі мастака сэрыі славенца Івана Ваўпатыча кірылічная назва гэтай валюты на марках наміналаў 2, 4, 6 і 10 дынараў выглядае як «ДNНАРА», то бок з адлюстраванай люстэркава літарай «И». Пры гэтым на марцы 1 дынар з тым жа сюжэтам надпіс слушны.
СССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На марцы 1936 року, прысьвечанай стагодзьдзю з дня нараджэньня публіцыста Мікалая Дабралюбава, пераблытаныя ягоныя ініцыялы — замест «Н. А.» надрукавана «А. Н.».
Бэльгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Імя першай бэльгійскай каралевы — Люіза Марыя Арлеанская. Аднак на выпушчанай зь ейным партрэтам паштовай марцы 1962 року ў правым верхнім куце стаіць манаграма «ML»: яе зблыталі з гішпанскай каралевай-рэгенткай Марыяй Люізай Арлеанскай, якая жыла на паўтары стагодзьдзі раней. Пасьля выяўленьня памылкі быў выдадзены паўторны, выпраўлены наклад маркі.
Гамбія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На марцы 1986 року вартасьцю 10 даласі (Скот #627) з сэрыі, прысьвечанай аўтамабілям Карла Бэнца, зробленая памылка ў імені — замест «Karl Benz» напісана «Larl Benz».
Азэрбайджан
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У дзьвюхмарачнай сэрыі 1993 року, выдадзенай да дню нараджэньня Гейдара Аліева, на марцы наміналам 25 манатаў з выявай тэрыторыі Нахічэвані, радзімы першага прэзыдэнта краіны, у першай літары назвы мастак зблытаў кыріліцу і лацінку. Марка была адкліканая і праз восем дзён перавыдадзеная з выпраўленьнм, але ўжо з новай памылкай: замест «Naxçıvan» надрукавана «Naxcivan».
ЗША
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адна памылка за іншай здарылася ў гісторыі зьяўленьня 60-цэнтавай авіяпаштовай маркі (Скот #C135) 2000 року, на якой быў адлюстраваны Вялікі Каньён — галоўная славутасьць амэрыканскага штату Арызона. Надрукаваная масавым накладам у 100 мільёнаў асобнікаў, мініятура мела хібны надпіс: «Вялікі Каньён. Каларада». Пры гэтым ня толькі быў пазначаны іншы штат, але й ягоная назва сканчалася не на тую літару (Colorada замест Colorado). Усе маркі былі зьнішчаныя, наўзамен былі эмітаваныя новыя, з выпраўленым надпісам — «Вялікі Каньён. Арызона», што дадаткова каштавала паштоваму ведамству прклыдна ў 500 тыс. даляраў. Аднак і на новай марцы неўзабаве знайшлася памылка, гэтым разам у малюнку, на якім каньён быў пададзены ў люстэркавым адбітку.
Памылкі ў фактах і паняцьцях
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Францыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На паштовай марцы 1937 року, выдадзенай да трохсотгодзьдзя выхаду філязофскага твору Рэнэ Дэкарта «Разважаньне пра мэтад, каб верна накіроўваць свой розум і адшукваць ісьціну ў навуках», замест «Разважаньне пра мэтад» атрымалася «Разважаньне мэтаду» (франц. le Discours sur la méthode заместа le Discours de la méthode). Марка была перавыпушчаная з выпраўленым тэкстам (Скот #331), прычым ейны карэктны варыянт ацэньваецца каталёгамі ўтрая вышэй за пачатковы.
СССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На дзьвюхмаркавай сэрыі 1943 року (30 і 60 капеек), прысьвечанай 125-годзьдзю з дня нараджэньня Івана Тургенева, прыведзены радок зь ягонага вершу ў прозе «Маскальская мова» з памылкай: замест «великий, могучий, правдивый и свободный» — «великий, могучий, справедливый и свободный». Марка была адкліканая і не перавыдавалася.
Надпіс на марцы 1967 року з савецкай сэрыі «Касьмічная фантастыка» быў часткова задрукаваны з прычыны падазрэньня ў астранамічнай памылцы. Мастак сюжэту маркі, герой-касманаўт Аляксей Лявонаў, адлюстраваў выгляд Зямлі зь Месяцу, нібыта яе назіралі ўдзельнікі будучай месяцавай экспэдыцыі, і так і назваў сваю карціну: «На Месяцы. Узыходзіць Зямля». Задрукоўка была зробленая чорнай фарбай так, каб яна выглядала часткаю малюнку на марцы — ценевай дэтальлю паверхні Месяца, але адначасна закрыла першую частку надпісу з словамі «Узыходзіць Зямля». Магчыма, пасьля вытворчасьці гэтай сэрыі палічылі, што ўзыходу Зямлі зь Месяца пабачыць немагчыма. Тым ня меней у адной з пазьнейшых публікацыяў факт узыходу Зямлі на Месяцы пры пэўным становішчы назіральніка быў пацьверджаны, і, адпаведна, выпраўленая на паштовай мініятуры памылка на самай справе такой не зьяўлялася.
На дзьвюх марках сьнежаньскай сэрыі 1974 року «Айчыннае авіябудаўніцтва», нягледзячы на надпісы, замест біпляну Сьцяпана Грызадубава № 2 намаляваны першы тып самалёту гэтага канструктара, вядомы як «Грызадубаў-Райт», а замест самалёту «Россия-А» — самалёт «Farman-IV», канструктыўныя ідэі якога леглі ў аснову стварэньня «России-А».
-
«Самалёт „Россия-А“» (ЦФА [ВГЦ «Марка»] №4423)
НДР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На сэрыі з двух (10 і 20 пфэнігаў) паштовых марак 1956 року, прысьвечанай стагодзьдзю з дня сьмерці кампазытара Робэрта Шумана пасьля выхаду марак у сьвет выявілася, што па-за ягоным партрэтам былі дадзеныя ноты «Песьні начнога вандроўніка» на верш Гётэ аўтарства Франца Шубэрта. Марку вынялі з продажу праз чатыры дні і праз тры месяцы дадрукавалі выпраўлены варыянт з нотамі самога Робэрта Шумана.
Польшча і Марока
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Абедзьве краіны ў 1968 року з прамежкам два месяцы выпусьцілі паштовыя маркі, прысьвечаныя Алімпійскім гульням у Мэхіка, з адной і той жа памылкай. На выяве баскетбалістаў-мужчынаў на грудзёх аднаго зь іх пэўна чытаецца нумар «3» — хоць у баскетболе гульцы маюць нумары з 4-га па 15-ы.
Тайныя надпісы (мікрадрук)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гернсі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нармандзкія астравы (у адміністрацыйным дачыненьні — бэйлівікі Гернсі і Джэрзі) былі адзінай брытанскай тэрыторыяй, акупаванай нацысцкай Нямеччынай у часе Другой сусьветнай вайны (з 30 чэрвеня 1940 па 9 траўня 1945). У лютым 1941 року на востраве Гернсі вычарпаўся запас паштовых марак, і з дазволу нямецкіх акупацыйных уладаў увесну былі выпушчаныя маркі мясцовай пошты вартасьцю ў 1 пэні (18 лютага), ½ пэні (7 красавіка) і 2½ пэні (12 красавіка) — першыя паштовыя маркі Гернсі. Усе тры маркі мелі аднолькавы малюнак (толькі розных колераў): замест традыцыйнага для брытанскай пошты партрэту караля на іх былі выяўленыя тры геральдычныя леапарды. Хоць акупанты думалі, што так выглядае герб вострава, у рэчаіснасьці шматлікія жыхары разумелі сапраўдны сэнс малюнку: леапарды выглядалі амаль так сама, як і тры леапарды на гербе Вялікабрытаніі. Акрамя таго, з чатырох кутоў выявы мастак зьмясьціў драбнюткія літары V; гэтая літара ўжо з 1941 року набыла новы сэнс, стаўшы знакам непазьбежнай перамогі сілаў Супраціву над ворагам.
Джэрзі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Яшчэ далей зайшоў мастак Мэйджар Райбат, якому даручылі падрыхтаваць аналягічны выпуск марак мясцовай пошты для вострава Джэрзі. Ён падрыхтаваў да выпуску маркі вартасьцю 1 пэні (выпушчаная ў зварот 1 красавіка 1941) і ½ пэні (29 студзеня 1942) — адпаведна, першыя паштовыя маркі Джэрзі. Яны не зьмяшчалі нацысцкай сымболікы і таму былі прызнаныя і выкарыстоўваліся Вялікабрытаніяй пасьля вызваленьня астравоў у якасьці афіцыйных. Аднак на чырвонай аднапэнсавай марцы з гербам тэрыторыі па кутам арнамэнту стаялі чатыры мікраскапічныя перакуленыя літары АААА, а на зялёнай паўпэнсавай — ААВВ.
Лічыцца, што такім чынам іхні стваральнік выказаў пратэст Адольфу Гітлеру і Бэніта Мусаліні: АААА расшыфроўваецца як «Ad Avernum Adolpf Atrox» («Да чорта цябе, Адольф-зьвер!»), а ААВВ — як «Ad Avernum Bloody Benito» («Да чорта цябе, крывавы Бэніта!»). Таксама на малінавай трохпэнсавай марцы Джэрзі 1943 року некаторыя назіральнікі знаходзяць забаронены на той момант брытанскі каралеўскі вензель GR (анг. George VI Reign), схаваны ў малюнку справа і зьлева ад наміналу 3d мастаком гэтай маркі Эдмундам Блампідом.
Зрэшты, ня выключана, што мудрагелістыя легенды складзеныя задняй датай: у краіне, якая не пасьпела акрыяць ад вайны, даводзілася эканоміць шмат на чым — і, пэўна, трэба было пашукаць пэўнае апраўданьне выкарыстаньню накладаў гітлераўскіх марак, якія часова вырашалі паштовыя праблемы гэтай брытанскай тэрыторыі. Так або інакш, усе акупацыйныя маркі Джэрзі былі вынятыя з абароту 13 красавіка 1946 року.
Польшча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На паштовай марцы 1954 року наміналам 1 злоты 40 грошаў з сэрыі, прысьвечанай дзесяцігодзьдзю ПНР, дзе намаляваныя чытачы ў бібліятэцы, на карэньчыках і вокладках кнігаў, пастаўленых на стэляжах, бачныя імёны родных і сяброў мастака гэтай маркі Чэслава Слані. Цана такой маркі паводле каталёгу «Скотт» — 10 даляраў ЗША, хоць астатнія маркі той жа сэрыі каштуюць у сярэднім па даляры.
Данія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На марцы 1965 року, прысьвечанай стагодзьдзю першый бізнэс-школы ў краіне (гандлёвага коледжу ў Оргусе), у графах табліцы на адкрытай старонцы касавай кнігі мастак Чэслаў Сланя дробнымі рукапіснымі літарамі напісаў імёны сваіх сяброў-датчанаў А. Э. Расмусэна і Р. Сундгарда.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Выява маркі 1856 року ўяўляе зь сябе позьнюю рэканструкцыю «Брытанскай Гвіяны».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кисин Б. М. Страна Филателия / Ред. В. Нездвецкий. — М.: Просвещение, 1969. — 240 с. — 100 000 ас.
- Обухов Е. Забавная филателия. — М.: ИТЦ «Марка», журнал «Филателия», 2002—2005.
- Обухов Е. Ошибки на знаках почтовой оплаты: справочник / Под ред. В. И. Пищенко. — М.: ИТЦ «Марка», 2006. — 80 с — (Прил. к журн. «Филателия», № 6, 2006).
- Scott 2007. Standard Postage Stamp Catalogue. — New York, NY, UAS: Scott, 2006. (анг.)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Памылкі на марках» (рас.) — нізка артыкулаў на партале «Филателист.ru»
- Каталёг памылак на паштовых марках краінаў Брытанскай садружнасьці (анг.)
- Каталёг памылак «Crazy stamps» (анг.)
- Каталёг памылак «Dan’s Topical Stamps» (анг.)
- Схаваныя выявы на паштовых марках ЗША