Канстантын Астроскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Канстанцін Астроскі»)
Канстантын Астроскі
лац. Kanstantyn Astroski
Канстантын Астроскі
Канстантын Астроскі

Герб «Астроскі»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1460(1460)
Памёр 11 верасьня 1530
Пахаваны
Род Астроскія
Бацькі Іван Астроскі
Марыя Бельская[d]
Жонка Тацяна Ганна з Гальшанскіх
Аляксандра з Алелькавічаў
Дзеці ад 1-га шлюбу: Ільля
ад 2-га шлюбу: Канстантын Васіль, Соф’я
Дзейнасьць дыплямат, палітык, вайскавод

Канстанты́н Астро́скі (1460 — 11 верасьня 1530) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Найвышэйшы гетман (1497—1500 і з 1507), кашталян віленскі (1511—1522), ваявода троцкі (з 1522)[2].

Колькасьцю падданых быў другім землеўладальнікам у Вялікім Княстве Літоўскім (пасьля Альбэрта Гаштольда), з усіх маёнткаў ставіў у войска 426 конных ваяроў[3][4]. Валодаў вялікімі абшарамі на Валыні (Астрог і інш.), атрымаў ад вялікага князя Дубну, Красілаў, Зьдзецел (1498), Тураў (1508), Балажэвічы, Шастовічы і Капцэвічы ў Мазырскім павеце (1512), Дарагабуж на Валыні (1514), Смаляны (1522), Копысь і інш. Як пасаг атрымаў ад жонкі частку Гальшанаў і Глуску, Смалявічы і Жыцін на Меншчыне, Шашолы і Сьвіраны на тэрыторыі сучаснай Летувы, як спадчыну — Славенск каля Ашмянаў, Лемніцу і Палонну каля Воршы, набыў Тарасаў каля Менску (1516), Азяраны і возера Сьвіцязь (1516), Нізгалаў і Сушу на Полаччыне (1526)[5]. Быў старостам брацлаўскім, віньніцкім (1497—1500 і з 1507) і луцкім (з 1507).

Канстантын Астроскі — выдатны вайскавод, якога высока цанілі сучасьнікі: з 35 праведзеных бітваў прайграў толькі дзьве. Па сьмерці яго называлі «другім Ганібалам» (М. Стрыйкоўскі) і «рускім Сцыпіёнам».

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З княскага роду Астроскіх гербу ўласнага, магчыма, нашчадак тураўскіх князёў, якія з канца XIV ст. мелі галоўнай рэзыдэнцыяй горад Астрог на Валыні. Сын Івана, князя астроскага, і Васілісы, дачкі князя бельскага Івана. Пэўны час ідэнтыфікацыя асобы маці была спрэчнай, пакуль гэтае пытаньне не разьвязаў прывілей[a] ад 20 або 21 сьнежня 1522 году, які называе поўнае імя маці К. Астроскага і перадае яе «двор» Смальяны ў Аршанскім павеце Канстантыну і ягонаму сыну Ільлі.

Рана страціў бацькоў. Вайсковую службу распачаў удзелам у змаганьні з крымскімі татарамі і Маскоўскай дзяржавай. За перамогу пад Ачакавым над войскамі Махмэт-Гірэя 10 жніўня 1497 году атрымаў булаву гетмана найвышэйшага. Быў першым, хто атрымаў гэты ўрад. Правёў некалькі ўдалых вайсковых кампаніяў супраць крымскіх татараў і Маскоўскае дзяржавы.

Прайграўшы 14 ліпеня 1500 году бітву на рацэ Вядрошы, патрапіў у палон да маскоўцаў. У 1506 годзе мусіў прысягнуць на вернасьць маскоўскаму князю Васілю ІІІ, але скарыстаў свабоду руху і ўцёк на радзіму, дзе яму вярнулі ўрад гетмана найвышэйшага.

К. Астроскі ў час Аршанскай бітвы

У 1508 годзе пад Слуцкам і 28 красавіка 1512 годзе ў бітве пры Вішняўцы разграміў крымскіх татараў. Асабліва слаўнай была перамога над амаль утрая большым маскоўскім войскам на рацэ Крапіўне пад Воршай 8 верасьня 1514 году. Бітва пад Воршай увайшла ў эўрапейскія хрэстаматыі з ваеннай гісторыі як узор удалае тактыкі змаганьня з нашмат перасяжнымі сіламі ворага, як прыклад вызначальнага ўплыву таленту і майстэрства вайсковага начальніка на вынік баталіі.

Надмагільле К. Астроскага

У 1517 годзе ваяваў на Пскоўшчыне. 2 жніўня 1519 году пад Сокалам атрымаў паразу ад татараў. У 1524 годзе супольна з гетманам вялікім каронным Мікалаем Фірлеем імкнуўся спыніць набегі крымскіх татараў на Валынь і Падольле, аднак яны ня мелі дастаткова сілаў. 2 ліпеня таго ж году разьбіў туркаў пад Церабоўляй[6]. 27 студзеня 1527 году перамог татараў у бітве пад Альшаніцай.

У 1511 годзе атрымаў урад кашталяна віленскага, у 1522 годзе — ваяводы троцкага. Увесну 1518 году быў паслом ад паноў-рады ў Каралеўства Польскае. Заняў нэўтральную пазыцыю ў канфлікце паміж Альбэртам Гаштольдам і Мікалаем Радзівілам. Быў пасярэднікам паміж імі. Меў напружаныя стасункі з А. Гаштольдам па выбарлах 4 сьнежня 1522 году, добрыя — зь вялікай княгіняй Бонай Сфорцай.

Мэцэнат, галоўны апякун Праваслаўнай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім. У 1507 годзе атрымаў ад Жыгімонта Старога ў кіраваньне Жыдычынскі манастыр на Валыні, таго ж году дамогся Магдэбурскага права Астрогу. У 1511 годзе атрымаў дазвол на перабудову Віленскай Прачысьценскай саборнай царквы, у 1514 годзе — на пабудову ў Вільні цэркваў Сьвятой Тройцы і Сьвятога Мікалая (Перанясенскай) у гонар бітвы пад Воршай, збудаваў цэрквы ў Дубне (1492), Смалявічах (каля 1520), Астрогу (1521[7]). Рабіў падараваньні цэрквам Вільні, Наваградку, Турава, Дзярманскаму і Межырэцкаму манастырам, Кіеўска-Пячорскаму манастыру. У 1511 годзе дамогся ад Жыгімонта Старога пацьверджаньня Праваслаўнай царкве права на незалежны суд і забароны сьвецкім асобам прызначацца на царкоўныя пасады. Кіраваў маёнткамі Кіеўскай мітраполіі па сьмерці мітрапаліта Язэпа Солтана ў 1521 годзе.

Першы раз ажаніўся з Тацянай Ганнай (пам. 1522 або 12.7.1531[8]), дачкой князя Сямёна Гальшанскага і Анастасіі Нясьвіцкай-Збараскай. У шлюбе меў сына Ільлю (1510—1539), старосту брацлаўскага і віньніцкага. Другі раз пабраўся шлюбам з Аляксандрай (пам. па 1555), дачкой князя Сямёна Алелькавіча і князёўны амсьціслаўскай Ганны. У шлюбе нарадзіліся сын Канстантын Васіль (1526—1608), ваявода кіеўскі, і дачка Соф’я.

Памёр у Вільні, спачыў у Кіеўска-Пячэрскай лаўры.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малярства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Меркаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усё сваё жыцьцё Канстантын Астроскі аддаў вернаму служэньню Радзіме, бесьперапыннаму змаганьню зь яе ворагамі. Расейскі гісторык Мікалай Карамзін пісаў пра яго:

« Напраўду, ніхто ня служыў Літве і Польшчы стараньней за Астроскага, брата расейцаў у царкве, але страшэннага ворага іх у полі. Адважны, бадзёры, славалюбівы, гэты ваявода адушавіў палкі Літоўскія, шляхецкія паны і шараговыя ваяры ахвотна ішлі зь ім у бой. »

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 12 (1522—1529): Užrašymų knyga 12 / Parengė D. Antanavičius ir A. Baliulis. — Vilnius, 2001. P. 192—193; AS. Т. III. № CCXLVIII. — Lwów, 1890. S. 242—243.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Пазднякоў В. Астрожскі Канстанцін Іванавіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 260.
  3. ^ Юхо Я., Насевіч В. Астрожскія // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 223.
  4. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 149.
  5. ^ Пазднякоў В. Астрожскі Канстанцін Іванавіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 261.
  6. ^ Пекалід С. Про Острозьку війну під П’яткою проти низових… // Українська поезія XVI століття. — К., 1987. С. 210.
  7. ^ Wojtkowiak Z. Ostrogski Konstanty Iwanowicz książę (ok. 1460—1530) // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk : Zakład Narodowy Imienia Ossolińskich, Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk, 1979. — Tom XXIV/3, zeszyt 102. S. 488.
  8. ^ Калнофойскій А. Эпитафіи фундаторам лавры / Отделъ ІІ. Извѣстія очевидцевъ, современниковъ и иностранныхъ писателей // Сборникъ матеріаловъ для исторической топографіи Кіева и его окрестностей. — К. : типографія Е. Я. Федорова, 1874. С. 32.
  9. ^ Нові назви вулиць Дніпра (Дніпропетровск)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]