Перайсьці да зьместу

Палескае паўстаньне 1918—1919 гадоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Палескае паўстаньне 1918-1919»)

Палескае паўстаньне або Дубровіцкае паўстаньне — узброены выступ супраць Дырэкторыі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі ў раёне Лунінцу, Століна, Дубровіцы, інсьпіраванае ў сьнежні 1918 году левымі эсэрамі і бальшавікамі пры падтрымцы камандаваньня Заходняга фронту. Цэнтрам паўстаньня была тэрыторыя тагачасных Пінскага і Ровенскага паветаў паміж гарадамі Пінск — Лунінец — Давыд-Гарадок — Столін — Дубровіца — Дольск.

Створаная за нямецкай падтрымкі Украінская Дзяржава, на чале якой стаяў гетман Павал Скарападзкі, распаўсюдзіла сваю ўладу на тэрыторыю Беларусі па лініі Берасьце — Лунінец — Гомель. У сялянаў забіралі жывёлу і збожжа. Нямецкая вайсковая адміністрацыя і ўкраінскія ўлады вывешвалі загады аб суровым пакараньні тых, хто ня будзе выконваць іх распараджэньні. Увесь 1918 год па чыгунцы на захад ішлі эшалоны з нарабаваным немцамі харчаваньнем, сыравінай, іншымі каштоўнасьцямі. Настрой насельніцтва быў выключна варожы да такой улады, пачаліся забастоўкі чыгуначнікаў у многіх чыгуначных цэнтрах, у тым ліку і ў Лунінцы.

1 сьнежня 1918 начальнік штабу Заходняй арміі А. Новікаў паведаміў у Рэўваенсавет пра дамоўленасьць з нямецкімі салдацкімі дэпутатамі, згодна зь якой акупанты адыходзілі з раёну Рэчыца — Каленкавічы — Лунінец, і пра намер немцаў «застацца нейтральнымі пры барацьбе за ўстанаўленьне Савецкай улады ў названых пунктах».

25 сьнежня 1918 ў Століне на пасяджэньні паўстанцкага ваенна-рэвалюцыйнага камітэту, на якім прысутнічалі 224 чалавекі, быў выбраны Палескі РВК у складзе: старшыня — Рыгор Астроўскі, загадчыкі аддзелаў: адміністрацыйнага — К. Ф. Русак, прадуктова-рэквізіцыйнага — Р. А. Каняхін, распарадчага — Паўловіч, агітацыйнага — М. С. Кавалевіч, агульнага — А. Г. Палхоўскі, сакратарыяту — Г. З. Сахнік, судова-адміністрацыйнага — М.Ц Лазнуха. Агульнае камандаваньне было ўскладзена на Рыгора Астроўскага і Андрэя Нагорнага.

Да гэтага на Палесьсі дзейнічала ўжо каля сотні атрадаў паўстанцаў, якія неўзабаве былі зьведзены ў роты і батальёны і аб’яднаны ў тры паўстанцкія палкі. На тэрыторыі сучаснай Беларусі былі сфармаваныя 1-ы (камандзір Апанас Разановіч) і 2-і (камандзір Фёдар Казубоўскі) Палескія палкі. Яшчэ адзін полк — 1-ы Дубровіцкі (камандзір Мікола Ляскавец) — быў створаны на тэрыорыі сучаснай Украіны. Штабы палкоў разьмясьціліся адпаведна ў Століне, Відзіборы і Дубровіцы. Абвешчана пра мабілізацыю ўсіх мужчынаў ва ўзросьце 20-30 гадоў. На пасяджэньні прынята рашэньне пра стварэньне ў Століне міліцыі.

27 сьнежня 1918 Палескі РВК часова разьмясьціўся ў вагоне на станцыі Відзібор (сёньня — у Столінскім раёне) чыгункі Вільня — Роўна. Было вырашана, што пасьля адыходу немцаў з Лунінца ён будзе разьмешчаны там.

Напачатку паўстанцы вялі баявыя дзеяньні на чыгуначнай лініі Сарны — Дубровіца — Лунінец — Пінск супраць нямецкай вайсковай адміністрацыі і дзяржаўнай варты УНР, пазьней — супраць народнай міліцыі і вайсковых частак УНР.

Паўстанцы Палесься выдавалі газету «Лесное эхо». Сябрамі рэдакцыйнай калегіі былі Фёдар Казубоўскі, Мадэст Вішнеўскі, Фёдар Рамановіч, О. Ф. Растаргуеў, Кузьма Русак, Аляксей Карась.

Калі германская армія пачала адыход з акупаваных зямель, СНК бальшавіцкай Расеі 16 лістапада вырашыў накіраваць туды сваіх прадстаўнікоў, каб яны не далі вывезьці ўзбраеньне былой царскай арміі. З гэтай мэтай на ст. Відзібор, дзе былі артылерыйскія склады аднаго з карпусоў расейскай арміі, быў накіраваны бальшавік Аляксандар Ільін, які стаў адным з кіраўнікоў паўстаньня.

Аляксандар Ільін, як прадстаўнік ЦК РКП (б) прыбыў у Лунінец 5 студзеня 1919. Германскае камандаваньне загадала сваім салдатам зьняць з расейскіх трафейных і аўстрыйскіх гармат, кулямётаў замкі ды іншыя дэталі, каб зброя не дасталася чырвонаармейцам. Ільін вырашыў зьвярнуцца непасрэдна да нямецкіх салдат з Лунінецкага гарнізону. На пасяджэньні нямецкага салдацкага камітэту 5 студзеня 1919 ён патрабаваў, каб за 2 дні іх дывізія эвакуявалася зь лініі Каленкавічы — Лунінец. Немцы згадзіліся перадаць Лунінецкаму рэўкаму чыгунку, рухомы састаў, усё абсталяваньне, таксама вялікія склады былой царскай арміі. Усю маёмасьць узяла пад ахову сфармаваная 3 студзеня Камуністычная рота з 250 чалавек.

З 8 студзеня 1919 году на тэрыторыю, кантраляваную паўстанцамі, уступіла 17-я стралковая дывізія Заходняга фронту. Яна была сфармавана ў асноўным з смаленскіх і віцебскіх рабочых і сялянаў, у той час ёю камандаваў Рыгор Барзінскі. Для насельніцтва ў студзені 1919 прызыўны ўзрост быў пашыраны да 40 гадоў. Да сярэдзіны студзеня 1919 у трох паўстанцкіх палках Палескага РВК было каля 3 тысячаў воінаў. З падпарадкаваньнем паўстанцкіх палкоў камандаваньню Заходняга фронту ў іх былі накіраваныя прафэсійныя лекары і выпускнікі Петэргофскіх курсаў чырвоных камандзіраў. Палкі былі ператвораныя ў кадравыя часткі Чырвонай арміі. 1-Дубровіцкі полк быў перайменаваны ў 21-ы Валынскі. 14—19 студзеня — перыяд актыўных баёў у раёне м. Дубровіца. Паўстанцы былі адкінутыя на станцыю Гарынь (Столінскі раён), утрымліваючы Рэчыцу, Столін, Манькавічы, Пераброды. Сюды ж прыбылі часткі 152-га стралковага палка. Пасьля сюды перакінутыя 146-ы 148-ы стралковыя палкі. Пасьля баёў пад Дубровіцай 1-ы Палескі полк быў расфармаваны, яго рэшткі ўключаны ў 2-і Палескі.

Аднак, паколькі эвакуацыя нямецкіх войскаў не была скончаная, 15 студзеня Лунінец у чарговы раз часова быў заняты немцамі. Пасьля ўступленьня ў Лунінец часьцей бальшавікоў нямецкая дэлегацыя заявіла, каб чырвонаармейцы ачысьцілі мястэчка для праходу іх 50-тысячнага войска з Гомеля. Немцы адкрылі агонь па чырвонай ахове, параніўшы трох і арыштаваўшы некалькі чалавек з Камуністычнага атраду. Інцыдэнт быў ліквідаваны на перамовах. Па дасягнутай згодзе чыгуначная станцыя аб’яўлялася нейтральнай, а мястэчка — у падпарадкаванні рэўкама.

У студзені 1919 нямецкае камандаваньне перадало ўладу ў Пінску ўкраінскім войскам С. Пятлюры, раззброіла роты 152-га палка, якія былі пасланы заняць Пінск, а таксама атрады 2-га Палескага палка. У адказ на гэта паўстанцы спынілі пропуск эшалонаў з нямецкімі войскамі праз Лунінец, што вымусіла немцаў вярнуць зброю бальшавікам і паўстанцам. Чарговым патрабаваньнем стала перадача паўстанцам Пінска, а таксама вызваленьне ўвязьненых там 22 студзеня 1919 паўстанцаў. Горад быў перададзены паўстанцам падчас выезду апошняга нямецкага эшалону 25 студзеня 1919. Вось як гэтыя падзеі апісваў старшыня Палескага рэўкама Рыгор Астроўскі:

«…Рэўкам пастанавіў не прапускаць эшалоны з Лунінца, якія вярталіся ў Германію, пакуль немцы не здадуць Пінск. У неабходных месцах мы расставілі кулямёты. У Лунінцы скапілася некалькі эшалонаў. Немцы не разумелі, чаму іх затрымліваюць. У рэўкам прыйшла група афіцэраў і 2 генэралы. Сталі пратэставаць. Адзін з генэралаў заявіў, што яны і бяз нашага дазволу змогуць паехаць у Пінск. Але рэўкам прадугледзеў гэта. Мы папярэдзілі, што пуці замініраваны і могуць быць узарваны разам з эшалонамі. …Прыйшла дэлегацыя нямецкіх салдат. Мы растлумачылі ім прычыну затрымкі, прапанавалі правесьці перамовы па прамым провадзе з Пінскам і паведаміць нашыя патрабаваньні. На плошчы адбыўся мітынг. Я выступіў з прамовай, у якой імкнуўся растлумачыць ім, хто мы і за што змагаемся. Нямецкія салдаты заапладзіравалі, пачалі зрываць пагоны з сваіх афіцэраў. Паўстанцы ў Пінску былі вызваленыя. Толькі адну нашую ўмову нямецкае камандаваньне ня выканала — гайдамакі не былі перададзеныя нам, яны зьбеглі да сваіх, перад адыходам абрабаваўшы мірных жыхароў».[1]

  • Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна. — Мінск, Беларусь, 1995.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]