Мешка II Лямбэрт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Мешка II Ламбэрт»)
Мешка II Лямбэрт
Mieszko II Lambert
Кароль Польшчы
1025 — 1031
Папярэднік Балеслаў I Храбры
Наступнік Безпрым
1032 — 1034
Папярэднік Безпрым
Наступнік Балеслаў Запамятаваны
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 990
Памёр 10 траўня 1034,
Дынастыя Пясты
Сужэнец Рыкса Латарынгская[d]
Бацька Балеслаў I Храбры
Маці Эмнільда

Мешка II Лямбэрт (па-польску: Mieszko II Lambert, 990 — 10 траўня 1034) — кароль Польшчы з 1025 па 1031 і з 1032 па 1034 гады. Прадстаўнік дынастыі Пястаў, сын Баляслава Храбрага і Эмнільды, дачкі лужыцкага князя Дабраміра.

Пачатак кіраваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мешка ня быў старэйшым сынам Баляслава, але гэта не перашкодзіла яму атрымаць сталец у 1025 годзе, а два ягоныя браты Безпрым і Атон былі выгнаныя з Польшчы і знайшлі сабе прытулак у Кіеве. Мешка стаў каралём у часы сацыяльна-палітычнага крызісу Польшчы, які быў выкліканы экспансіянісцкай палітыкай яго бацькі і які ўсё больш паглыбляўся. Польшча знаходзілася ў палітычнай ізаляцыі, была зьнясіленая бесьперапыннымі войнамі. Адначасова ўзмацнілася царкоўная і княская апазыцыя каралю, абвастрыліся сацыяльныя канфлікты.

Новы кароль працягваў актыўную зьнешнюю палітыку свайго бацькі, чым выклікаў незадавальненьне імпэратара Конрада II. У пошуках выйсьця з палітычнай ізаляцыі Мешка ў 1027 годзе вымушаны быў саступіць Вугоршчыне тэрыторыю Славаччыны, што дало магчымасьць заключыць польска-вугорскі зьвяз супраць імпэрыі. Адначасова кароль рашуча падавіў мяцеж заходнепаморскага князя Дытрыха й паскорыў хрысьціянізацыю Памор’я й Куявіі.

Вайна з імпэрыяй[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каб адхіліць непазьбежную нямецкую пагрозу для Польшчы, Мешка ў 1028 годзе зьдейсьніў паходы на Чэхію й Саксонію. У адказ на гэта ў наступным годзе імпэратар Конрад II уварваўся ў Сылезію. Становішча пагоршылася ў 1031 годзе, калі Вугоршчына заключыла мір з імпэратарам. У той жа час у Польшчу ўвайшло войска кіеўскага князя Яраслава Мудрага, які падрымліваў прэтэнзіі Безпрыма на польскі сталец. Імкнучыся ўратаваць сваю ўладу, Мешка аб’явіў пра адмову ад Лужыцаў і Маравіі, каб атрымаць падтрымку з боку імпэратара. Аднак нямецкі імпэратар адмовіўся й Мешка быў вымушаны бегчы ў Чэхію. Безпрым амаль безь перашкодаў заняў польскі сталец.

Рэстаўрацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1032 годзе Мешка пры падтрымцы чэскага войска здолеў вярнуць сабе пасаду караля Польшчы. Тым ня менш у 1033 годзе на мэрзэбурскім зьезьдзе імпэратарскіх князёў Мешка быў вымушаны пацьвердзіць адмову Польшчы ад прэтэнзыі на Лужыцы і Моравію. 10 траўня быў забіты, відаць, змоўшчыкамі зь ліку польскіх фэадалаў. Яго сьмерць пацягнула пэрыяд хаосу й бязладзьдзя ў Польшчы.

Папярэднік
Балеслаў I Храбры
Кароль Польшчы
10251031
Наступнік
Безпрым
Папярэднік
Безпрым
Кароль Польшчы
10321034
Наступнік
Балеслаў Запамятаваны

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Mieszko II
  2. ^ Mieszko II // (нявызначаны загаловак)
  3. ^ King of Poland Mieszko II // Faceted Application of Subject Terminology