Любань (Берасьцейская вобласьць)
Любань | |
трансьліт. Liubań | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Берасьцейская |
Раён: | Лунінецкі |
Сельсавет: | Лахвенскі |
Насельніцтва: | 736 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1647 |
Паштовы індэкс: | 225663 |
СААТА: | 1247830021 |
Нумарны знак: | 1 |
Геаграфічныя каардынаты: | 52°12′37.79683″ пн. ш. 27°7′49.22173″ у. д. / 52.2104991194° пн. ш. 27.1303393694° у. д.Каардынаты: 52°12′37.79683″ пн. ш. 27°7′49.22173″ у. д. / 52.2104991194° пн. ш. 27.1303393694° у. д. |
± Любань | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Лю́бань[1] — вёска ў Лунінецкім раёне, Берасьцейскай вобласьці. Уваходзіць у склад Лахвенскага сельсавету. У вёсцы маецца прыпыначны пункт на чыгуначнай лініі Каленкавічы — Лунінец, паміж станцыяй Сінкевічы і станцыяй Лахва.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У друкаваных крыніцах першае ўпамінаньне пра Любань датуецца 1588 годам. Вядома, што тады вёска належала маёнтку Лахва, тут мелася 29 валок зямлі. Аднак яшчэ ў 1523 годзе вёска не існавала. Бо вядома, што калі ў 1523 годзе троцкі кашталян і слонімскі дзяржаўца Ян Мікалаевіч Радзівіл запатрабаваў ад швагра, уладальніка Лахвы, Пятра Станіслававіча Кішкі выдзелу сястры Ганьне (жонцы Радзівіла) адпаведнай часткі атчызных, мацярызных земляў, і пагаджэньне было дасягнутае, то пры складзе інвэнтарызацыі ў сьпісах вёсак і двароў Любань яшчэ не ўпамінаецца. У далейшых інвэнтарах лічыцца: у 1672 годзе Любань — сяло маёнтку Лахва, 22 двары і 28,5 валокі (зь іх 13 пустых); у 1785 годзе Любань — сяло маёнтку Лахва, 46 двароў.
У 1912 годзе ў Любані быў 61 двор. У 1914 годзе на свае сродкі любанцы адкрылі пачатковую школу. На пасады настаўнікаў былі запрошаны вясковыя больш адукаваныя па тым часе хлопцы Іван Караніха, а з 1915 г. — Андрэй Шэўчык. Заняткі вяліся ў хатах вяскоўцаў, на расейскай мове.
З 1922 году зноў адкрылася школа, і к канцу 30-х гадоў вучобай была задзеяна асноўная колькасьць вясковых дзяцей.
У 1928 годзе пачалося польскія ўлады пачалі масавае перасяленьне насельніцтва зь вёсак на хутары. Шмат хто зь вёскі працавалі на нарыхтоўцы і пасадцы лесу, на будаўніцтве грэблі Лахва — Давыд-Гарадок, на копцы канаваў і насыпцы дамбаў у рыбгасе «Лахва». У Любані была пабудавана цагельня, якой кіраваў Янкель Клаз (8 рабочых). У 1934 г. арганізавана рыбалавецкая арцель. Абслугоўваньне паромнай пераправы праз раку Прыпяць (Лахаўскі перавоз) вялося таксама брыгадай любанцаў.
У 1946 годзе пражывала 980 жыхароў (224 гаспадаркі). У 1948—1949 гг. у Любані былі створаны 2 калгасы: імя Панамарэнкі і імя Някрасава. У 1950 г. гэтыя калгасы і калгасы вёскі Лахаўка былі аб’яднаныя ў адну гаспадарку «Сьцяг камунізму». У верасьні 1959 году «Сьцяг камунізму» аб’яднаўся зь перуноўскім калгасам імя Дзяржынскага ў адну буйную гаспадарку, якая ў 1964 годзе атрымала назву «Новае Палесьсе». Дзякуючы Ўладзімеру Сьцепчанку, які ў 1959 годзе ўзначаліў гэтую гаспадарку, калгас за кароткі тэрмін змог з адстаючых выйсьці на перадавыя рубяжы ня толькі ў раёне, але і ў вобласьці. У часы яго кіраваньня (да 1974 г.) «Новае Палесьсе» — адзін з найбуйнейшых калгасаў (меў 5151 га зямлі, у тым ліку 1864 — ворыва) стаў эканамічна моцнай гаспадаркай. Тут была разьвіта ня толькі мяса-малочная і зерневая галіна, але і сьвінагадоўля, птушкагадоўля, пчалярства, вырошчваліся бульба і буракі. Так, у 1967 г. у калгасе мелася 55 трактароў, 18 камбайнаў, больш за 30 аўтамашын і многа іншай сельгастэхнікі.
У 1960—1970 гадах пабудаваны Дом культуры і сярэдняя школа, КБА з гатэлем і гандлёвы цэнтар, 2 дзіцячыя садкі і лазьнева-пральны камбінат, паштовае аддзяленьне і ФАП, праўленьне калгасу і ашчадная каса, закладзены вялікі парк і ўзьведзены стадыён. Працавалі шматлікія спартовыя сэкцыі. А футбольная каманда «Новае Палесьсе» не аднойчы заваёўвала кубкі раёну, вобласьці і нават рэспублікі.
У 1960—1980 гг. працавала музычная школа, пры СДК меўся вялікі калектыў мастацкай самадзейнасьці; вельмі часта на сцэне ДК выступалі вядомыя хоры, ансамблі і найлепшыя артысты Беларусі. У вёсцы неаднаразова бываў Пётар Машэраў, прыяжджалі Ніл Гілевіч, Пімен Панчанка, Іван Шамякін, Анатоль Вярцінскі і іншыя, а таксама артысты Купалаўскага тэатру. А Андрэй Макаёнак па сямейных абставінах некаторы час жыў тут. У той час ім напісана п’еса «Таблетка пад язык», прататыпам галоўнага героя якой зьяўляецца У. А. Сьцепчанка[2].
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XXI стагодзьдзе: 2002 год — 939 чалавек, 314 гаспадарак; 2009 год — 736 жыхароў
- XX стагодзьдзе: 1972 год — 1202 чалавекі, 326 гаспадарак; 1992 год — 1137 чалавек, 360 гаспадарак; 1999 год — 918 чалавек
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Іван Верамчук — кандыдат фізыка-матэматычных навук, выкладчык Горацкай сельгасакадэміі
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 199
- ^ Любань. Матэрыялы другіх Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў 7 снежня 2002 г., Сьцяпан Нефідовіч , Лунінецкі сшытак № 2