Барсукова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Барсукова
трансьліт. Barsukova
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Лунінецкі
Сельсавет: Лахвенскі
Насельніцтва: 118 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1647
Паштовы індэкс: 225667
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 52°20′26″ пн. ш. 27°8′10″ у. д. / 52.34056° пн. ш. 27.13611° у. д. / 52.34056; 27.13611Каардынаты: 52°20′26″ пн. ш. 27°8′10″ у. д. / 52.34056° пн. ш. 27.13611° у. д. / 52.34056; 27.13611
Барсукова на мапе Беларусі ±
Барсукова
Барсукова
Барсукова
Барсукова
Барсукова
Барсукова

Барсуко́ва[1]вёска ў Лунінецкім раёне Берасьцейскай вобласьці. Уваходзіць у склад Лахвенскага сельсавету.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З ХV стагодзьдзя ўгодзьдзі ў раёне Перунова адносіліся да маёнтку Лахва і належалі спачатку Кішкам (да 1523 г.), потым — Радзівілам (да 1885 г.) і Вітгэнштэйнам. У канцы ХIX ст. маёнтак купіў немец фон Дэрвіз. У 1906 г. ён залажыў 25 тысячаў гектараў зямель у Менскі сялянскі банк. Сюды была накіравана экспэдыцыя зямельных ліквідатараў на чале з вучоным аграномам — мэліяратарам Уладзімерам Раманавічам Рыдзігерам. Ва ўрочышчы Раі (цяпер каля вёскі Рыдзігерава) быў створаны «ліквідатарскі штаб», задачай якога было раздрабіць усе банкаўскія землі на хутары і ацаніць кожны хутар па катэгорыі зямлі (ад гэтага залежаў кошт участка).

За кожным чальцом ліквідатарскай групы была замацавана плошча ў некалькі кварталаў. Аграном-каморнік П. Перуноў атрымаў для ліквідаваньня паўднёвыя землі, ад межаў любанскіх надзелаў ва ўрочышчах Бродкі, Журавіннэ, Каціска, Замарочнэ, Марочна, Мэсіна і Купяцічы; далей у бок Краснай Волі і Грычына ліквідаваў землі аграном-каморнік В. Барсукоў (урочышчы Жучкова, Глажова, Ражышча, Смалярня, Доўгае, Азёрцы).

Ужо праз год, у 1907 годзе, Менскі зямельны банк, філіял якога быў у Лахве, даў у друку абвесткі аб продажы зямлі. Першыя пакупнікі зьявіліся адразу ж, найбольш з Гарадзенскай і Валынскай губэрняў. Тыя, што ня мелі грошай, бралі ў банку крэдыт. Першапасяленцы на ўчастку П. Перунова: Шэшка Сямён Есіпавіч, Заверач Пётар Іванавіч, Пунька Ямельян Іванавіч, Байдук Іван Сілавіч, на ўчастку ж В. Барсукова — Мароз Панцялей Фаміч, Аноцка Піліп Сьцяпанавіч, Валашчук Аляксей Назаравіч і Кандрашчук Панцялей Антонавіч.

З самага пачатку засяленьня назвы хутароў рэгістраваліся не па назвах ўрочышчаў, а па носьбітах іх заснавальнікаў: хутары Перунова, хутары Барсукова.

З пачаткам Першай сусьветнай вайны адбыўся масавы прыліў перасяленцаў (бежанцаў) з Кобрынска-Пінскага рэгіёну. Засяліліся цэлыя роды Нікіцічаў, Рахацэвічаў, Комараў, Дземідовічаў.

У часы польскай улады большасьць хутаранаў жыла заможна. У канцы 1930-х гадоў і ў Барсукове, і ў Перунове налічвалася прыблізна па 140 гаспадарак, прычым, мелася шмат мнагадзетных сем’яў. Так, у Барсукове было 35 сем’яў, а ў Перунове — 31, дзе колькасьць радзіны перавышала 7 чалавек. Пры Польшчы была ўведзена абавязковая пачатковая адукацыя. На Перуноўскіх хутарах дзейнічалі 3 чатырохклясныя школы, на Барсукоўскіх — 2, разьмешчаныя па прыватных кватэрах. Першымі настаўнікамі (яны ж працавалі працяглы час) былі ў Перунове Леакадзія Купнеўська, у Барсукове — Вінцук Гендэль.

Пасьля даручэньня Заходняй Беларусі да БССР зь першых дзён быў сфармаваны склад Перуноўскага сельсавету і хутарскія сялянскія камітэты, на чале якіх стаў Пётар Сьцяпанавіч Салівончык. З найбяднейшых хутаранаў былі вылучаны дэпутаты ў Ленінскі раённы Савет, а ў пачатку лістапада 1939 г. дэлегатам Народнага Сходу Заходняй Беларусі — барсукоўская дзяўчына Ганна Рыгораўна Кудрэвіч.

Падчас нямецкай акупацыі значна пацярпелі барсукоўцы. Хутары знаходзіліся ў партызанскай зоне, а таму ворагі тут асабліва жорстка абыходзіліся з насельніцтвам. У першыя месяцы вайны былі расстраляны сельскія актывісты, пазьней некалькі чалавек вывезены ў канцлягеры і зьнішчаны, а ў лютым 1944 г. у час аблавы — яшчэ 11 чалавек. Усяго ж загінула 36 жыхароў Барсукова. Меншыя страты панесьлі перуноўцы: 9 чалавек. Пасьля прыходу Савецкага войска на фронт былі мабілізаваныя мясцовыя жыхары, дзе за 1944—1945 гг. загінула 28 барсукоўцаў і 24 перуноўцы.

У пачатку 1946 году Барсукоўскія хутары налічвалі 142 гаспадаркі (737 жыхароў), Перуноўскія — 143 гаспадаркі (683 жыхары). У 1948 годзе пачалася арганізацыя калгасаў. Барсукоўскія гаспадаркі арганізаваліся ў арцель імя Дзяржынскага (старшыня Сьцяпан Валашчук), Перуноўскія — у імя Чкалава (старшыня Іван Скірук). У 1950 г. гэтыя гаспадаркі аб’ядналіся ў адну — імя Дзяржынскага, якая ў 1959 г. была далучана да любанскага калгасу «Сьцяг камунізму», што ўзначальваў старшыня Ўладзімер Сьцепчанка. Па яго ініцыятыве пачалося інтэнсіўнае высяленьне хутаранаў у вёску. Стварыліся вёска Барсукова і сяленьне Жучкова, а ў цэнтры Перуноўскіх хутароў — в. Перунова і ўрочышча Журавіннае, дзе быў пабудаваны птушкакомплекс, — пасёлак Пцічнік (так яго празвалі неафіцыйна). Былыя гаспадаркі сталі комплекснымі брыгадамі №5 i 6 калгасу «Новае Палесьсе».

Паступова вёска Барсукова адышла да разраду непэрспэктыўных і спыніла свой рост, а Перунова па-ранейшаму будавалася, шырылася. У 1970—1980-х гадах пабудаваны мэдпункт, паштовае аддзяленьне. Пасьля катастрофы на ЧАЭС вёскі апынуліся ў забруджанай зоне (Барсукова — у павышанай), і многія жыхары кінулі абжытыя мясьціны, падаліся ў чыстую зону. У 1993 годзе ў Барсукова засталося 102 двары, 352 жыхары, у Перунова — 137 двароў, 360 жыхароў[2].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XX стагодзьдзе: 1993 год — 352 жыхары, 102 двары; 1999 год — 231 жыхар
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 201 жыхароў, 84 двары; 2009 год — 118 жыхароў

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 199
  2. ^ Матэрыялы трэціх і чацьвёртых Лунінецкіх краязнаўчых чытаньняў 13 сьнежня 2003 г. і 26 сьнежня 2004 г., Сьцяпан Нефідовіч, Лунінецкі сшытак № 3-4