Ян Радзівіл (сын Мікалая)
Ян Радзівіл | |
Герб Трубы | |
| Асабістыя зьвесткі | |
|---|---|
| Нарадзіўся | 1492[1] |
| Памёр | не раней за 13 лютага 1542 і не пазьней за 18 лютага 1542[2][3] |
| Пахаваны | |
| Род | Радзівілы |
| Бацькі | Мікалай Радзівіл Альжбета з Саковічаў |
| Жонка | Ганна з Касьцевічаў |
| Дзеці | Ганна, Пэтранэля, Альжбета |
| Дзейнасьць | палітык |
Ян Радзівіл (1492, Гонядзь — 1542, Хоўхла) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падчашы вялікі літоўскі (з 1517), староста генэральны жамойцкі (з 1535).
Валодаў маёнткамі на тэрыторыі сучаснай Летувы і на Падляшшы. Быў старостам васілішкаўскім (1523) і бельскім (1522), дзяржаўцам маркаўскім (1520—1534). Князь Сьвятой Рымскай імпэрыі на Гонядзі і Мядзелі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
З гонядзка-мядзельскай лініі княскага роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Мікалая, канцлера вялікага літоўскага, і Альжбеты з Саковічаў. Меў брата Мікалая, біскупа жамойцкага. Апошні мужчына-прадстаўнік гэтай галіны роду.
У 1516—1521 гадох ваяваў супраць Тэўтонскага ордэна. Браў удзел у вайне з Маскоўскай дзяржавы 1534—1537 гадоў.
У 1517 годзе атрымаў урад падчашага вялікага літоўскага. Уваходзіў у склад камісіяў датычна разьмежаваньня Вялікага Княства Літоўскага з Мазовіяй (1529), Прусіяй (1532) і Інфлянтамі (1540—1541). У 1535 годзе стаў старостам генэральным жамойцкім.
У 1530—1540-х гадох трыюмвірат у складзе Ян Радзівіла, ягонага дзядзькі Юрыя Радзівіла і Альбрэхта Гаштольда фактычна кіраваў Вялікім Княства Літоўскім у час адсутнасьці ў дзяржаве Жыгімонта Старога.
У 1524 годзе ажаніўся з Ганнай, адзінай дачкой і спадкаемніцай мечніка вялікага літоўскага Януша Касьцевіча. У шлюбе нарадзіліся 3 дачкі[4]:
- Ганна (1525—1600), жонка ваяводы віцебскага Станіслава Кішкі (пам. 1554)
- Пэтранэля (1526—1564), жонка ваяводы полацкага Станіслава Давойны (пам. 1573)
- Альжбета (пам. 1565), жонка ваяводы рускага Гераніма Сяняўскага (1519—1582)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Іканаграфія Яна Радзівіла
-
З альбома «Выявы роду Радзівілаў». Г. Ляйбовіч, 1758 г.
-
М. Старкман, 1857 г.
-
В. Герсан, 1860 г.
У картцы да артыкула прыводзіцца партрэт зь Нясьвіскай партрэтнай галерэі, напісаны каля 1733 году невядомым мастаком. У 1950 годзе на загад уладаў СССР гэты партрэт перадалі Польшчы, цяпер ён захоўваецца ў Нацыянальным музэі ў Варшаве.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ^ Jan Radziwiłł // MAK (пол.)
- ^ Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. III, Księstwo Żmudzkie XV‒XVIII wiek (пол.) / пад рэд. A. Rachuba — Warszawa: Wydawnictwo DiG, 2015. — С. 264–265. — 370 с. — ISBN 978-83-7181-312-2
- ^ а б Antoniewicz M. Protoplaści książąt Radziwiłłów. Dzieje mitu i meandry historiografii (пол.) — Warszawa: Wydawnictwo DiG, 2011. — С. 63. — 423 с. — ISBN 978-83-7181-641-3
- ^ Грыцкевіч А. Радзівіл Крыштоф // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 500.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8