Кітайская аэракасьмічная навукова-тэхнічная карпарацыя
кіт. 中国航天科技集团 | |
Тып | таварыства з абмежаванай адказнасьцю |
---|---|
Заснаваная | 1 ліпеня 1999 (25 гадоў таму) |
Уласьнікі | Дзяржаўная рада Кітаю |
Краіна | Кітай |
Разьмяшчэньне | Пэкін |
Адрас | раён Хайдзянь, Фучэнская дарога, д. 16[1] |
Ключавыя фігуры | Чэнь Мінбо (старшыня), Чжан Чжуньян (кіраўнік), Дун Юньпэн (рэвізор)[2] |
Галіна | касьмічная прамысловасьць |
Прадукцыя | ракета-носьбіт, спадарожнік, касьмічны карабель і зонд, касьмічная станцыя і ракета |
Абарачэньне | 43,42 млрд даляраў (2021 год) |
Чысты прыбытак | 3,099 млрд даляраў (2021 год) |
Лік супрацоўнікаў | 180 521 (2022 год)[3] |
Матчына кампанія | Камітэт кіраваньня і нагляду за дзяржаўнай маёмасьцю Кітаю |
Даччыныя кампаніі | Кітайскі дасьледчы інстытут ракетнай тэхнікі, Навукова-дасьледчы інстытут аэракасьмічных тэхналёгіяў |
«Кітайская аэракасьмічная навукова-тэхнічная карпарацыя» — дзяржаўнае прамысловае прадпрыемства Кітаю, заснаванае ў ліпені 1999 году з часткі «Кітайскай карпарацыі аэракасьмічнай прамысловасьці».
На 2024 год уваходзіла ў 500 найбольшых прадпрыемстваў сьвету. Было найбольшым прадпрыемствам касьмічнай прамысловасьці Кітаю. Мела ў падпарадкаваньні Інстытут аэракасьмічных інавацыяў, 8 навукова-дасьледчых і вытворчых аб'яднаньняў, 10 галіновых прадпрыемстваў і 14 прадстаўленых на біржы прадпрыемстваў. Распрацоўвала, вырабляла і запускала ракеты-носьбіты, спадарожнікі, пілятаваныя і грузавыя касьмічныя караблі, касьмічныя зонды і касьмічныя станцыі, а таксама тактычныя і стратэгічныя ракеты. Навукова-дасьледчыя ўстановы і заводы працавалі ў Пэкіне, Шанхаі, Цяньцзіні, Сіяні, Чэнду, Ганконгу і Шэньчжэні. Распрацоўвала дастасункі для спадарожнікаў і матэрыялы для касьмічных апаратаў. Была адзіным пастаўніком паслуг спадарожнікавай сувязі ў Кітаі і найбольшым запісвальнікам выяваў у краіне. Брала ўдзел у такіх кітайскіх касьмічных праграмах, як пілятаваны палёт у космас, дасьледаваньне Месяца і навігацыйная сыстэма «Бэйдоў». Была пачынальніцай у Кітаі такіх праграмаў, як цяжкі ракета-носьбіт, дасьледаваньне Марса і астэроідаў, абслугоўваньне касьмічных апаратаў на арбіце і касьмічна-зямная інфармацыйная сетка[4].
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год «Кітайская аэракасьмічная навукова-тэхнічная карпарацыя» ўлучала 6 акадэміяў і 5 базаў[5].
Кітайскі дасьледчы інстытут ракетнай тэхнікі (1-я акадэмія) распрацоўваў ракеты-носьбіты, балістычныя і стратэгічныя ракеты ды меў 13 падведамных установаў, у тым ліку 9 навукова-дасьледчых інстытутаў і 3 заводы:
- Пэкінскі інстытут інжынэрных дасьледаваньняў касьмічнай сыстэматыкі (1-ы аддзел), які распрацоўваў канструкцыю ракетаў лятальных апаратаў;
- Пэкінскі інстытут інжынэрыі касьмічнай прасторы (10-ы НДІ), які распрацоўваў канструкцыю лятальных апаратаў;
- Пэкінскі інстытут аэракасьмічнага аўтаматычнага кіраваньня (12-ы НДІ), які дасьледаваў ракетнае кіраваньне;
- Пэкінскі аэракасьмічны навукова-дасьледчы інстытут Чанджэн (14-ы НДІ), які распрацоўваў канструкцыю спусканага апарата ракеты;
- Пэкінскі інстытут тэхналёгіі касьмічных запускаў (15-ы НДІ), які распрацоўваў крыягенную запраўку і запуск зброі;
- Пэкінскі навукова-дасьледчы інстытут дакладнага прыборабудаваньня (18-ы НДІ), які дасьледаваў аэракасьмічныя сыстэмы абслугоўваньня;
- Пэкінскі інстытут аэракасьмічнай інфарматыкі (19-ы НДІ), які распрацоўваў тэхнічную інфармацыю і архівы ракетаў і ракетаў-носьбітаў;
- Пэкінскі інстытут аэракасьмічных тэхналёгіяў і маніторынгу (102-і НДІ), які распрацоўваў наглядальна-вымяральныя тэхналёгіі і абсталяваньне;
- Пэкінскі інстытут устойлівага глябальнага навакольнага асяродзьдзя (702-і НДІ), які праводзіў выпрабаваньні навакольнага асяродзьдзя;
- Інстытут аэракасьмічных матэрыялаў і тэхналёгіяў (703-і НДІ), які дасьледаваў апрацоўку і зварку мэталаў, кампазытаў і матэрыялаў;
- «Сталічную кампанію аэракасьмічнага машынабудаваньня» (211-ы завод), якая вырабляла ракеты-носьбіты;
- «Машынабудаўнічы завод Чанчжы Цынхуа» (519-ы завод), які распрацоўваў устаноўку запуску і пускавыя пляцоўкі;
- «Інжынэрнае прадпрыемства аэракасьмічнага кантролю Чанчжэн» (аб'яднаньне 811-га завода і 18-га НДІ), якое распрацоўвала вырабы кіраваньня абслугоўваньнем і прылады інтэлектуальнага электрамэханічнага і гідраўлічнага кіраваньня[5].
Навукова-дасьледчы інстытут аэракасьмічных тэхналёгіяў (база 063 пры 4-й акадэміі) распрацоўваў цьвердапаліўныя ракетныя рухавікі і меў 8 падведамных установаў, у тым ліку 5 НДІ і 3 заводы:
- Шэньсійскі энэргамашынабудаўнічы інстытут (41-ы НДІ), які праектаваў цьвердапаліўныя ракетныя рухавікі;
- Хубэйскі навукова-дасьледчы хімічны інстытут Чырвонай зоркі (42-і НДІ), які распрацоўваў зарады цьвёрдага ракетнага паліва;
- Сіяньскі інстытут аэракасьмічных кампазытных матэрыялаў (43-і НДІ), які вырабляў кампазытныя матэрыялы;
- Шэньсійскі інстытут электрапрыбораў (44-ы НДІ), які вырабляў чуйнікі і дапаможныя прыборы;
- «Завод машынаў хімічнай прамысловасьці» (47-ы НІТ) зь Інстытутам навукова-тэхнічнай інфармацыі;
- Сіяньскі інстытут аэракасьмічных сілавых вымярэньняў і тэхналёгіяў кіраваньня (401-ы НДІ), які выпрабоўваў цьвердапаліўныя рухавікі;
- «Сіяньскі завод аэракасьмічнага энэргетычнага машынабудаваньня» (7414-ы завод), які ладзіў мэханічную апрацоўку цьвердапаліўных рухавікоў;
- «Сіяньскі хімічны завод» (7416-ы завод), які зьбіраў зарады цьвердапаліўных рухавікоў[5].
Інстытут аэракасьмічнай рухавіковай тэхнікі (база 067 пры 6-й акадэміі) распрацоўваў вадкасныя ракетныя рухавікі і меў 5 падведамных установаў, у тым ліку 3 НДІ і 2 заводы:
- Шэньсійскі інстытут праектаваньня энэргетычных машынаў (11-ы НДІ) з Пэкінскі інстытутам аэракасьмічнай энэргетыкі, які праектаваў вадкасныя рухавікі;
- Пэкінскі інстытут аэракасьмічных сілавых выпрабаваньняў (101-ы НДІ), які выпрабоўваў вадкасныя рухавікі;
- Шэнсійскі інстытут выпрабаваньня энэргетычных тэхналёгіяў (165-ы НДІ);
- «Шанхайскі інстытут касьмічнага руху» (801-ы НДІ і 203-і завод), праектаваў рухавікі касьмічных апаратаў;
- «Сіяньскі завод аэракасьмічных рухавікоў» (7103-і завод), які вырабляў вадкасныя ракетныя рухавікі[5].
Хэсійская кампанія хімічнага машынабудаваньня (6-я акадэмія) вырабляла цьвердапаліўныя ракетныя рухавікі і мела 5 падведамных установаў, у тым ліку 3 НДІ і 2 заводы:
- Інстытут энэргетычнага машынабудаваньня Ўнутранай Манголіі (41-ы НДІ), які праектаваў цьвердапаліўныя рухавікі;
- Інстытут сынтэтычнай хіміі Ўнутранай Манголіі (46-ы НДІ), які вырабляў зарады цьвердапаліўных ракетаў;
- Інстытут выпрабаваньня энэргетычнага абсталяваньня Ўнутранай Манголіі (601-ы НДІ), які выпрабоўваў цьвердапаліўныя рухавікі;
- «Машынабудаўнічы завод Хунган» (359-ы завод), які зьбіраў цьвердапаліўныя рухавікі;
- «Хімічны завод Хунся» (389-ы завод), які вырабляў зарады цьвердапаліўных рухавікоў[5].
Кітайскі аэракасьмічны архітэктурны навукова-дасьледчы інстытут (7-я акадэмія) ажыцьцяўляў архітэктурнае праектаваньне[5].
Шанхайскі інстытут аэракасьмічных тэхналёгіяў (8-я акадэмія) распрацоўваў ракеты і спадарожнікі ды меў 11 падведамных установаў, у тым ліку 8 НДІ і 2 заводы:
- Шанхайскі інстытут машынабудаваньня і электратэхнікі (8-ы аддзел), які праектаваў зэнітныя ракеты;
- Шанхайскі інстыт спадарожнікавай інжынэрыі (509-ы НДІ), які выпрабоўваў спадарожнікі;
- Шанхайскі інстытут дакладных вымяральных прыладаў (803-і НДІ) з Прыборабудаўнічым заводам Сіньюэ, які распрацоўваў аўтапілёты, інфрачырвоныя прыборы навядзеньня і мэханізмы абслугоўваньня для ракетаў-носьбітаў;
- Шанхайскі інстытут аэракасьмічнай электронікі (804-ы НДІ), які распрацоўваў наземныя сродкі кіраваньня касьмічнымі ракетамі;
- Шанхайскі інстытут аэракасьмічных сыстэмаў (805-ы НДІ), які праектаваў касьмічныя караблі і ракеты-носьбіты;
- Шанхайскі інстытут аэракасьмічных энэргетычных тэхналёгіяў (806-ы НДІ), які выпрабоўваў цьвердапаліўныя ракетныя энэргетычныя сыстэмы;
- Шанхайскую базу аэракасьмічных тэхналёгіяў (807-ы НДІ), якая дасьледавала аэракасьмічную навуку і тэхналёгіі, архівы і вымяральныя выпрабаваньні;
- Шанхайскі інстытут касьмічнай энэргетыкі (811-ы НДІ), які распрацоўваў аэракасьмічную энэргетыку;
- «Шанхайскі завод аэракасьмічнага абсталяваньня» (149-ы завод), які зьбіраў ракеты-носьбіты;
- Шанхайскі інстытут аэракасьмічнай тэхнікі кіраваньня (812-ы НДІ), які распрацоўваў апаратуру ракетнага і спадарожнікавага кіраваньня;
- «Шанхайскі завод новай оптаэлектронікі» (814-ы НДі і 224-ы завод), які вырабляў аэракасьмічныя далямеры і злучальнікі[5].
Навукова-дасьледчы інстытут тэхналёгіяў аэракасьмічнай электронікі (9-я акадэмія) распрацоўваў вузлы аэракасьмічнай электронікі і інэрцыйнае абсталяваньне ды меў 14 падведамных установаў, у тым ліку 6 НДІ і 6 заводаў:
- Пэкінскі інстытут аэракасьмічнага абсталяваньня (13-ы НДІ) з Цэнтрам праектаваньня і вытворчасьці абсталяваньня для навігацыі і кіраваньня, які праектаваў інэрцыйныя прылады;
- Сіяньскі інстытут тэхналёгіі мікраэлектронікі (771-ы НДІ), які вырабляў мікракампутары і інтэгральныя схемы;
- Машынабудаўнічы завод Шэньсі Цансун (7171-ы завод і 16-ы НДІ), які вырабляў інэрцыйныя прыстасаваньні;
- Шэньсійскі маторны завод «Маяк» (7107-ы завод), які выпускаў спадарожнікавыя прылады кіраваньня і сувязі;
- «Пэкінскі машынабудаўнічы завод Сінхуа» (230-ы завод), які вырабляў інэрцыйныя прыстасаваньні;
- Пэкінскую кампанію аэракасьмічных электронных тэхналёгіяў Гуанхуа (200-ы завод), які выпускаў электроннае абсталяваньне для сыстэмаў кіраваньня касьмічнымі апаратамі і ракетамі;
- Пэкінскі інстытут тэлемэтрычных тэхналёгіяў (704-ы НДІ), які распрацоўваў касьмічнае сачэньне і вымярэньне;
- «Башанскі прыборны завод» (289-ы завод), які вырабляў далямеры, абсталяваньне спадарожнікавай сувязі, шырокапалосныя бяздротавыя прылады сувязі, каналы перадачы дадзеных кіраваньня бесьпілётнікамі і ракетамі;
- «Чжэнчжоўскае прадпрыемства аэракасьмічных электронных тэхналёгіяў» (693-і завод), якое выпускала аэракасьмічныя электрычныя раздымы, электронныя прыборы і кабэльныя сеткі;
- «Гуйліньскае прадпрыемства аэракасьмічных электронных тэхналёгіяў» (165-ы завод), якое вырабляла аэракасьмічныя рэле, электрычныя раздымы і пераключальнікі;
- «Ханчжоўскае прадпрыемства аэракасьмічных электронных тэхналёгіяў» (825-ы завод), якое выпускала аэракасьмічныя электрычныя злучальнікі;
- Шанхайскі інстытут касьмічнай электроннай апаратуры, які распрацоўваў наземныя наглядальна-вымяральныя прылады, ракетнае і спадарожнае абсталяваньне;
- Пэкінскі інстытут мікраэлектронікі (772-і НДІ), які распрацоўваў інтэгральныя схемы;
- Пэкінскі інстытут аэракасьмічных электрамэханічных тэхналёгіяў (773-і НДІ), які распрацоўваў аэракасьмічныя электрамэханічныя вузлы і электрычныя сыстэмы[5].
Саньцзяньская аэракасьмічная прамысловая карпарацыя (база 066 пры 9-й акадэміі) распрацоўвала крылатыя ракеты і балістычныя ракеты малой і сярэдняй далёкасьці ды мела 9 падведамных установаў, у тым ліку НДІ і 8 заводаў:
- Хубэйскі інстытут аэракасьмічных лятальных апаратаў (9-ы аддзел), які праектаваў ракеты;
- «Завод Хун'ян», які зьбіраў ракеты;
- «Завод Хунлінь», які распрацоўваў ракетныя падрывальнікі;
- «Завод Цзяньбэй», які вырабляў цьвердапаліўныя ракетныя рухавікі;
- «Завод Ванфэн», які выпускаў наземнае абсталяваньне і пускавыя сыстэмы;
- «Завод Сюаньфэн», які вырабляў радыёлякацыйныя станцыі навядзеньня;
- «Завод Цзянхэ» зь Інстытутам тэхналёгіяў хімічнай энэргетыкі, які вырабляў цьвердапаліўныя рухавікі;
- «Завод Ваньшань», які выпускаў ракетна-транспартыя машыны;
- «Завод Хунвэн» зь Інстытутам кантрольнага абсталяваньня, які вырабляў інэрцыйныя прылады[5].
Кітайскі навукова-дасьледчы інстыт аэрадынамікі (11-я акадэмія) праводзіў аэрадынамічныя дасьледаваньні і меў 3 падведамныя ўстановы:
- Першы дасьледчы аддзел, які ладзіў аэрадынамічнае праектаваньне і гідрадынамічныя вылічэньні;
- Другі дасьледчы аддзел, які праводзіў аэрадынамічныя выпрабаваньні;
- Аддзел агульнатэхнічнага праектаваньня адмысловых лятальных апаратаў, які распрацоўваў экранапляны і малыя бесьпілётнікі[5].
Кітайскі аэракасьмічны канцэрн Цзянань (база 061 або 065) вырабляў ракеты клясы «зямля-паветра» і меў 13 падведамных установаў, у тым ліку НДІ і 12 заводаў:
- 302-і НДІ, які праектаваў ракеты клясы «зямля-паветра»;
- «Гуйчжоўскі завод дакладнага абсталяваньня» (3247-ы завод), які вырабляў шасьцерні;
- «Гуйчжоўскі ліцейны завод Сіньлі» (3297-ы завод), які меў ліцейна-кавальскую вытворчасьць;
- «Хімічны завод Мэйлін» (3401-ы завод), які выпускаў касьмічныя батарэі;
- «Гуйчжоўскае прадпрыемства аэракасьмічных тэхналёгіяў кіраваньня» (3405-ы завод), якое вырабляла прылады аўтаматычнага кіраваньня лятальнымі апаратамі, інэрцыйныя прылады і прывадныя мэханізмы;
- «3408-ы завод», які вырабляў радары;
- «Прадпрыемства мадыфікацыі тэхнікі Кайшан» (3420-ы завод), які пераабсталёўваў адмысловую тэхніку;
- «Дзяржаўны машынабудаўнічы завод Фэнхуа», які зьбіраў ракеты;
- «Гуйчжоўскае прадпрыемства дакладнай вытворчасьці» (3536-ы завод), якое вырабляла крапяжы і гумавыя дэталі;
- «Гуйчжоўскі завод аэракасьмічных рухавікоў Ліньцюань» (3651-ы завод), які выпускаў малыя і сярэднія электрарухавікі;
- «Гуйчжоўскі завод аэракасьмічнага наземнага абсталяваньня» (3655-ы завод), які вырабляў наземныя транспартныя сродкі;
- «Гуйчжоўскі завод электрамэханічнага абсталяваньня Ўцзян», які выпускаў абсталяваньне для алюмінавай прамысловасьці;
- «Гуйчжоўскі завод аэракасьмічнай электратэхнікі», які вырабляў рэле і раздымы[5].
Хунаньская аэракасьмічная ўправа (база 068 пры 2-й акадэміі) распрацоўвала інэрцыйныя вузлы, аэрастаты і касьмічныя апараты ды мела 12 падведамных установаў, у тым ліку 3 НДІ і 5 заводаў:
- Хунаньскі інстытут электрамэханічнага абсталяваньня і спэцыяльных матэрыялаў (7801-ы НДІ), які распрацоўваў блёк чуйнікаў інэрцыйнай сыстэмы;
- «Машынабудаўнічы завод Хунань Тайшань» (7803-і завод), які вырабляў гідраабсталяваньне і ёмістасьці высокага ціску;
- «Хунаньскае прадпрыемства тэхналёгіяў спадарожнікавай сувязі» (7861-ы завод), якое выпускала вайсковыя радары, прылады спадарожнікавай сувязі і тэлевізійныя антэны;
- Хэнаньскую касьмічную ўправу, якая распрацоўвала манамэтрычныя вузлы;
- «Сіньянскі завод дэталяў» (694-ы завод), які вырабляў крапяжы;
- «Хэнаньскі завод манамэтрычных элемэнтаў» (695-ы завод), які выпускаў кляпаны;
- Юньнаньскую аэракасьмічную ўправу, якая распрацоўвала аўтакухні і энэргаашчадныя пліты;
- Кітайскі аэракасьмічны інжынэрны кансалтынгавы цэнтар (710-ы НДІ), які дасьледаваў аэракасьмічныя тэхналёгіі, інфарматызацыю і эканоміку;
- Кітайскі інстытут аэракасьмічнай стандартызацыі (708-ы НДІ), які дасьледаваў надзейнасьць аэракасьмічных стандартаў у галіне вагі;
- «Аэракасьмічны канцэрн Сіньгуан» (111-ы завод), які вырабляў аэракасьмічныя рухавікі, мэханізму злучэньня і разьдзяленьня;
- «Аэракасьмічную навуку і тэхніку Харбін Фэнхуа», якая распрацоўвала абсталяваньне для электрастанцыяў;
- «Кітайскую імпартна-экспартную карпарацыю дакладнага абсталяваньня», якая ажыцьцяўляла міжнародны гандаль авіякасьмічнымі вырабамі[5].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]8 кастрычніка 1956 году Міністэрства нацыянальнай абароны Кітаю заснавала 5-ы навукова-дасьледчы інстытут, які ўзначальвалі Цянь Сюэсэн, Лю Ялоў і Ван Бінчжан. 26 сьнежня 1964 году Ўсекітайскі сход народных прадстаўнікоў пастанавіў заснаваць 7-е Міністэрства машынабудаўнічай прамысловасьці Кітаю. Яго міністрамі былі Ван Бінчжан, Ван Ян, Сунь Жэнцён і Чжэн Цяньсянь. 8 сакавіка 1982 году Пастаянны камітэт УСНП Кітаю перайменаваў ведамства ў Міністэрства касьмічнай прамысловасьці. Яго міністрамі былі Чжан Цзюнь і Лі Сюэ. 9 красавіка 1988 году УСНП перайменаваў ведамства ў Міністэрства аэракасьмічнай прамысловасьці. 22 траўня 1993 году УСНП скасаваў ведамства. У чэрвені 1993 году са згоды Дзяржаўнай рады Кітаю зь яго часткі стварылі «Кітайскую карпарацыю аэракасьмічнай прамысловасьці», кіраўніком якой стаў Лі Цзіюань. 1 ліпеня 1999 году зь яе часткі стварылі «Кітайскую аэракасьмічную навукова-тэхнічную карпарацыю», кіраўніком якой стаў Ван Ліхэн. У сьнежні 2001 году яе ўзначаліў Ван Цынвэй. У жніўні 2007 году Ма Сінжуй стаў 3-м кіраўніком пасьля прызначэньня Дзяржаўнай радай Кітаю[6].
За 2021 год «Кітайская аэракасьмічная навукова-тэхнічная карпарацыя» ажыцьцявіла 55 запускаў у космас, у выніку чаго Кітай выйшаў на першае месца ў сьвеце паводле гэтага паказьніка[7].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]26 сакавіка 2018 году «Кітайская аэракасьмічная навукова-тэхнічная карпарацыя» падпісала пагадненьне аб намеры ўступу ў індустрыяльны парк «Вялікі Камень» (Смалявіцкі раён). 19 ліпеня 2018 году намесьнік кіраўніка «КАНТК» Чжан Цзяньхэн сустрэўся з намесьнікам міністра эканомікі Беларусі Аляксандрам Чарвяковым, якому распавёў пра падрыхтоўку стварэньня дасьледчага сумеснага прадпрыемства для праектаваньня спадарожнікаў і касьмічных зондаў. На той час навукова-дасьледчыя інстытуты і заводы «КАНТК» месьціліся ў такіх кітайскіх гарадах, як Пэкін, Шанхай, Цяньцзінь, Сіянь, Чэнду, Ганконг і Шэньчжэнь[8]. 21 сьнежня 2018 году «КАНТК» стварыла ў «Вялікім камені» ТАА «Кітайска-беларускі высокатэхналягічны аэракасьмічны цэнтар дасьледаваньняў і распрацовак» (ТАА «КБВАЦДР»). Яго кіраўніком на 2021 год быў Лі Пін[9].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Зьвяжыцеся з намі (кіт.) // «Кітайская аэракасьмічная навукова-тэхнічная карпарацыя», 2024 г. Архіўная копія ад 2024 г. Праверана 12 жніўня 2024 г.
- ^ Кіраўніцтва (кіт.) // «Кітайская аэракасьмічная навукова-тэхнічная карпарацыя», 2024 г. Архіўная копія ад 2024 г. Праверана 12 жніўня 2024 г.
- ^ «Кітайская аэракасьмічная навукова-тэхнічная карпарацыя» (анг.) // Часопіс «Дастатак», 3 жніўня 2022 г. Праверана 12 жніўня 2024 г.
- ^ Агляд холдынгу (кіт.) // «Кітайская аэракасьмічная навукова-тэхнічная карпарацыя», 2024 г. Архіўная копія ад 2024 г. Праверана 12 жніўня 2024 г.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л Кан Цзяньмін. Арганізацыйная структура Кітайскай аэракасьмічнай навукова-тэхнічнай карпарацыі // Пакарэньне космасу: гісторыя шляху кітайскай касманаўтыкі / адказн. Сяргей Байкоў, перакл. з кіт. — Менск: Белстан, 2021. — С. 132—141. — 418 с. — (Пояс і шлях). — 1000 ас. — ISBN 978-985-6944-93-5
- ^ Гісторыя (кіт.) // «Кітайская аэракасьмічная навукова-тэхнічная карпарацыя», 2024 г. Праверана 12 жніўня 2024 г.
- ^ Да канца года Пэкін запусьціць больш за 40 ракет // Міжнароднае радыё Кітаю, 11 лютага 2022 г. Праверана 12 жніўня 2024 г.
- ^ Аляксандар Чарвякоў і Чжан Цзяньхэн абмеркавалі стварэньне дасьледчага цэнтра Кітайскай аэракасьмічнай карпарацыі навукі і тэхнікі ў «Вялікім камені» // Міністэрства эканомікі Беларусі, 19 ліпеня 2018 г. Праверана 12 жніўня 2024 г.
- ^ Рэзыдэнт «Вялікага каменя» зацікаўлены ў камэрцыялізацыі навукова-тэхнічных распрацовак // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 7 верасьня 2021 г. Архіўная копія ад 7 верасьня 2021 г. Праверана 12 жніўня 2024 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Кітайска-беларускі высокатэхналягічны аэракасьмічны цэнтар дасьледаваньняў і распрацовак» (рас.)
- Аэракасьмічныя вырабы (кіт.) // «Кітайская аэракасьмічная навукова-тэхнічная карпарацыя», 2024 г. Архіўная копія ад 2024 г. Праверана 12 жніўня 2024 г.
- Ракеты-носьбіты (кіт.)
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |