Касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага і кляштар францішканаў (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 08:57, 3 кастрычніка 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Кляштар францішканаў пасьля перабудовы пад мескую ўправу

Касьцёл Сьвятога Антонія і кляштар францішканаў — рымска-каталіцкі кляштарны комплекс у Менску. Дзейнічаў з 2-й пал. XVII да 1-й пал. XIX стст. Знаходзіўся на Высокім Рынку, на рагу вуліцаў Францішканскай і Юраўскай.

Комплекс складаўся з драўлянага, пазьней (за часамі знаходжаньня ў будынках каталіцкай сэмінарыі) мураванага касьцёла, мураванага і драўлянага кляштарных карпусоў і шэрагу гаспадарчых пабудоваў. Тэрыторыя кляштару мела драўляную агароджу, якую пазьней замянілі на мураваную зь некалькімі брамамі. Кляштарныя пабудовы зьнішчылі напрыканцы 1940-х рокаў.

Гісторыя

19 кастрычніка 1680 року падкаморы менскі Тэадор Караль Горскі ахвяраваў манахам-францішканам пляц для будаўніцтва касьцёла і кляштару. У 1681 року стольнік і падстароста менскі Тэадор Антоні Ваньковіч падараваў кляштару пляц на Татарскай вуліцы і запісаў 2 тыс. злотых. У 1689 року Ежы Кастравіцкі ахвяраваў францішканам пляц на Лошыцкай вуліцы, а Станіслаў Заблоцкі — пляц на вуліцы Няміскай.

У XVIII ст. мэцэнатамі кляштару былі Антоні Прушынскі, Самуіл і Клара Камоцкія, Юры Сьвіты-Іліч.

Напрыканцы XVIII ст. у рэзыдэнцыі было 5 манахаў. У 1798 року кляштар францішканаў перавялі ў будынкі былога Менскага кляштару кармэлітаў. Па задушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 року яго зачынілі расейскія ўлады.

Пасьля пераводу францішканаў у кляштарных будынках разьмясьцілася каталіцкая духоўная сэмінарыя. У 1801 року на месцы старога драўлянага касьцёла заклалі новы мураваны. У 1843 року сэмінарыю перавялі ў будынкі зачыненага дамініканскага кляштару, а ў колішніх францішканскіх мурах разьмясьцілі каталіцкую кансысторыю.

Па задушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 рокаў расейскія ўлады канфіскавалі будынкі ў каталікоў і перабудавалі іх пад Менскую мескую ўправу.

За часамі Другой Сусьветнай вайны кляштарныя будынкі былі пашкоджаныя, а ў канцы 1940-х рокаў іх разбурылі пры рэканструкцыі вуліцы Леніна (колішняй Францішканскай).[1]

Архітэктура

Касьцёл

Стары драўляны касьцёл, арыентаваны галоўным фасадам на Францішканскую вуліцу, уяўляў сабой крыжападобны ў пляне двухвежавы храм. У паўночна-заходняй вежы знаходзілася 3 званы.

Інтэр'ер касьцёла ўпрыгожвалі 4 драўляныя алтары. У галоўным алтары, які аздаблялі 12 мэталічных ліхтароў, знаходзіўся абраз Сьв. Антонія. Астатнія алтары мелі абразы Сьвв. Францішка, Яна і Найсьвяцейшай Панны Марыі. Падлога ў касьцёле была цагляная.

Кляштар

Паводле візыты 1796 року паміж тады яшчэ драўляным касьцёлам і вуліцай Юраўскай стаяў стары драўляны кляштарны корпус.

Новы мураваны Г-падобны ў пляне двухпавярховы кляштарны будынак меў калідорнае плянаваньне і быў накрыты двухсхільным дахам, які аддзяляўся ад сьцяны магутным прафіляваным гмызам. У паўднёва-заходняй частцы тарэц даху закрываў трыкутны франтон, які аздаблялі скульптуры двух анёлаў і рэльефная выява сонца з праменямі ў тымпане. Рытм фасадаў стваралі прастакутныя аконныя праёмы бязь ліштваў. Будынак кляштару быў накрыты дахоўкай.[2]

На тэрыторыі кляштарнага комплексу знаходзіўся гарод, а таксама фруктовы дэкаратыўны сад.[1]

Крыніцы

  1. ^ а б Уладзімір Дзянісаў. Менскі кляштар францысканцаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 295
  2. ^ У. М. Дзянісаў. Кляштар францысканцаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 328

Літаратура

Вонкавыя спасылкі