Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 21:23, 2 кастрычніка 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак (здымак XIX ст.)

Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынакрымска-каталіцкі кляштарны комплекс у Менску. Дзейнічаў з 1-й паловы XVII ст да 1850-х гадоў.

Комплекс складаўся з мураваных будынкаў касьцёла і 2-павярховага кляштарнага жылога корпусу, 3-павярховага флігеля і драўляных гаспадарчых пабудоў. Усе кляштарныя збудаваньні ў 1860-х гадах былі перададзены расейскімі ўладамі праваслаўнай царкве [1].

Гісторыя

Першыя бэрнардынкі зьявіліся ў Менску ў 1630 годзе. Спачатку ў іх не было свайго касьцёла і кляштара. Сярод першых менскіх бэрнардынак лічылася Людвіна Завішанка – дачка віцебскага кашталяна Мікалая Завішы [2]. Першая фундацыя на кляштар бэрнардынак была атрымана 20 верасьня 1633 ад троцкага ваяводы Аляксандра Слушкі, дзякуючы намаганьням якога ў тым жа годзе быў пабудаваны драўляны касьцёл і жылы корпус [3]. Адначасова Слушка падараваў кляштару маёнтак Гатаў з чатырма вёскамі, столькімі ж карчмамі, дзвюма млынамі, гэты маёнтак налічваў больш за 109 валок ворнай зямлі [2].

У 1642 годзе па ініцыятыве таго ж Слушкі пачалося будаўніцтва новага мураванага касьцёла і будынкаў кляштара [2]. Дабудаваць іх перашкодзілі ваенныя падзеі сярэдзіны XVII ст., і толькі 31 жніўня 1687 г. новы касьцёл быў кансекраваны біскупам Мікалаям Слупскім ў гонар Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі [3].

У галоўным алтары святыні знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай, якому нават была прысвечана спецыяльная кніга (гл. ніжэй).

15 красавіка 1697 года маскоўскі стольнік Пётар Талстой(ru) занатаваў у сваім дзёньніку наступныя радкі, прысьвечаныя касьцёлу і кляштару бэрнардынак:

Той самай даты быў і ў кляштары ў паннаў Бэрнардынак... . Дзявіцы Бэрнардынкі ходзяць ў чорным, на голым целе замест кашуль носяць уласяніцы тоўстыя і падперазаныя вяроўкамі з вузламі, ступаюць заўсёды босымі нагамі ўзімку й улетку і на калодках, у касьцёл уваходзяць таемнай лесьвіцай уладкаванай у сьцяне, і стаяць у хорах гледзячы ў касьцёл малымі сьвідравінамі скрозь рашоткі, каб іх людзі ня бачылі. Тыя Бэрнардынкі пры мне гралі на арганах на хорах і сьпявалі надзвычай дзівосна. Вячэрні і ранішнія служаць самі без папа, толькі да іх прыходзіць ксёндз каб служыць імшу.

— Путешествие стольника П. А. Толстого [4]

Пасьля пажару 1741 года комплекс кляштара бэрнардынак аднавілі і рэканструявалі [2]. Гэтыя працы сконьчыліся ў 1746 годзе [3], а ў 1760-я гады ў касьцёле быў пабудаваны новы манументальны мураваны алтар [2].

Кляштар пацярпеў ад вялікага пажару горада ў 1835 годзе, але хутка быў адноўлены [1]. Каля 1842 года ў менскім кляштары бернардынак знаходзілася 20 законьніц, навіцыятка, кандыдатка і дзьве тэрцыяркі. У ім выхоўваліся таксама каля 20 дзяўчат, большасць зь якіх страціла бацькоў [2].

У 1853 годзе кляштар бэрнардынак быў скасаваны расейскімі ўладамі [1]. Законьніцы былі вывезены ў Нясьвіж [5]. Перад адыходам ім удалося перадаць некаторыя касцёльныя прадметы ў суседнія парафіі. Прыгожы арган трапіў у кальвінскі збор у Койданава, а што сталася з абразом, невядома [6].

У 1860 годзе былы касьцёл быў пераўтвораны ў праваслаўную царкву, якая была асьвечана ў імя сьвятых Кірылы й Мятода. Гэтая царква прызначалпся дзеля студэнтаў Менскай духоўнай сэмінарыі, якія часова, пасьля пераезду са Слуцка, разьмяшчаліся ў кельлях былога бэрнардынскага кляштара. Потым семінарыя была пераведзена ў перабудаваныя будынкі шпіталя Таварыства Дабрачыннасьці на Траецкай гары [5].

Пасьля падаўленьня паўстаньня 1863-1864 гадоў у кляштары працавала дзяржаўная следчая камісыя, некалькі гадоў знаходзіліся зьняволенныя паўстанцы, у тым ліку Каміла Марцінкевіч (дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча) [7].

У 1870 годзе ў будынкі былога кляштара бэрнардынак перавялі Слуцкі Сьвята-Траецкі мужчынскі манастыр. Галоўны алтар сьвятыні пераасьвяцілі ў гонар Сашэсьця Сьвятога Духа, а правы прыдзел ў імя сьвятых Кірылы й Мятода [5].

Архітэктура

Плян кляштара, зроблены ў 1869 годзе, пры перадачы комплексу ў праваслаўнае ведамства

Касьцёл

Паводле візітаў і інвентароў канца XVIII – першай паловы XIX стагодзьдзя. касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі, пабудаваны ў стылі сталага барока, уяўляў трохнававую, пакрытую гонтай, 6-слуповую базіліку з двухвежавым галоўным фасадам і трохграннай апсідай, да якой сіметрычна прыбудаваны прамавугольныя ў плане сакрыстыі [2] [3]. Цэнтральная нава накрыта 2-схільным дахам, бакавыя навы - 1-схільнымі [1]. Галоўны паўночна-заходні фасад, завершаны высокім фігурным франтонам, карнізнымі цягамі падзелены на 3 ярусы. Вылучаецца трохчасткавы падзел і па вертыкалі, дзьве бакавыя часткі - асновы 2 трох'ярусных вежаў (вышынёй 34 метра), завершаныя складанымі барочнымі купаламі, дэкараваныя пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, плоскімі паўцыркульнымі нішамі ў ніжніх і лучковымі праёмамі ў верхніх ярусах. Паміж вежамі разьмешчаны складаны па абрысу шчыт, упрыгожаны падвойнымі пілястрамі, карнізнымі паясамі. Бакавыя фасады раскрапаваны пілястрамі, карнізнымі паясамі, прарэзаны вялікімі лучковымі і арачнымі ваконнымі праёмамі. Цэнтральная нава перакрыта цыліндрычным скляпеньнем з распалубкамі, а бакавыя – крыжовымі [7] [1] [3].

Інтэр'ер касьцёла ў VIII ст. ўпрыгожвалі 7 стукавых алтароў. Галоўны алтар, у якім знаходзіўся абраз Маці Божай з Дзіцяткам, уяўляў сабой 6 калонаў, якія неслі барочны антаблемэнт з 2 анёламі і 2 вазонамі. Астатнія алтары былі 2-яруснымі. Бакавыя алтары Хрыста Укрыжаванага і сьвятога Францішка Серафіцкага фланкавалі праём прэзбітэрыя. Пры апорах стаялі алтары сьвятога Антонія і сьвятой Клары. Бакавыя навы завяршаліся капліцамі з каменнымі алтарамі Найсьвяцейшай Тройцы і Міхала Арханёла [3].

Кляштар

З паўночна-заходняга фасада да касцёла далучаўся 2-павярховы кляштарны корпус, які замыкаў унутраны двор. Далучаная да апсіды «лінія» выходзіла на Вялікую Бернардынскую вуліцу двума рызалітамі, якія ўтваралі невялікі курданёр, дзе быў кветнік [3]. Сьцены будынка рытмічна падзелены пілястрамі і прамавугольнымі ваконнымі праёмамі. Жылы корпус меў калідорную планіроўку: уздоўж аднабаковага калідора, перакрытага крыжовымі скляпеньнямі і арыентаванага на ўнутраны дворык, разьмяшчаліся кельлі, трапезныя, а таксама склады і розныя гаспадарчыя памяшканьні [7]. З паўночнага ўсходу ад жылога корпуса знаходзіцца 2-павярховы лямус, з паўднёвага усходу - 3-павярховы флігель, накрыты вальмавым дахам [1].

У двары бэрнардынскага кляштара пад зямлю вялі два ўвахода, якія зачыняліся масіўнымі жалезнымі дзьвярыма. Адзін з іх даволі прасторны, ў рост чалавека, быў выкладзены цэглай і вёў у бок ракі Сьвіслач. Іншы ход ішоў пад зямлёй да касьцёла і кляштара баніфратаў [8].

На тэрыторыі комплексу знаходзіўся сад, драўляныя флігель і гаспадарчыя пабудовы [2] [3].

Цудатворны абраз Маці Божай

Гравюра, зробленная Лявонціем Тарасевічам з абраза Маці Божай з Дзіцяткам, які захоўвался ў галоўным алтары менскага касьцёла бэрнардынак

У касьцёле Зьвеставаньня Панны Марыі жаночага кляштару бэрнардынак быў цудатворны абраз Маці Божай, аздоблены сярэбранай шатай і каронамі.

Прыарыса кляштару Юдзіцкая паведамляла, што абраз быў прысланы з Рыма ад Папы Урбана VІІІ Зоф’і з Зяновічаў, жонцы Аляксандра Слушкі, тады кашталяна троцкага за тое, што яна паслала Найсьвяцейшаму Пастару «містэрн, выраблены ў ахвяру «Apparat ze wszystkim» (магчыма, нейкае дарагое адзеньне) [6].

У доме Слушкаў абраз адразу праславіўся цудамі аздараўленьня і дапамогі ў розных хваробах, ласкі дазнала тройчы і сама гаспадыня, пані Мар’яна Абрамавічоўна (1640), а таксама іншыя. Да таго ж менскі канцылярый Сымон Плявіза ў сьне бачыў абраз, акружаны сьвятлом, і нібы Маці Божая сказала: «ведай сам і іншым скажы, што хто будзе зьвяртацца, будзе ўсьцешаны». Тады Слушкі аддалі абраз у кляштар, дзе ён дапамагаў многім у хваробах і няшчасных выпадках [6].

Калі Менск быў заняты маскоўскім войскам, бэрнардынкі з абразом выехалі на Жмудзь, дзе Юдзіцкі меў староства ў Ясвойнях. За 12 гадоў, якія паненкі правялі па-за сваім кляштарам, ніхто іх не крануў, не пашкодзіла ім і эпідэмія 1657 года, што яшчэ больш упэўніла сясьцёр у цудатворнасьці абраза. У хуткім часе пасьля вяртання ў Менск, сёстры апісалі цуды ў кнізе, і Юдзіцкая запрасіла біскупа Слупскага прыслаць кананічную камісію. У 1672 г. віленскі біскуп-суфраган Мікалай Слупскі і правінцыял бэрнардынаў Гіяцынт Буркевіч, вывучыўшы адпаведныя дакумэнты, прызналі абраз цудатворным [6]. Тады ж у езуіцкай друкарні ў Вільні была надрукавана кніга аб гісторыі і цудах абраза: Historia o cudownym obrazie Najśw. Marii Panny w klasztorze mińskim Panien Zakonnych Św. Franciszka, b.m. 1672 [9]. У кнізе мелася прысвячэньне менскаму кашталяну Аляксандру Юдзіцкаму, які ў нейкіх абставінах, усё пакінуўшы, ад шведаў уратаваў абраз, вывез яго зь небяспекі як Энэй калісьці сваіх багоў (пісала ў прадмове сястра дабрадзея бернардынак Францішка, прыарыса кляштару) [6].

Неўзабаве пасьля прызнаньня абраза цудатворным гравэр Лявонцій Тарасевіч наштыхаваў зь яго гравюру на медзі, якая дазваляе ўявіць іканаграфію сьвятыні. Марыя стаіць за сталом, на якім ляжыць разгорнутая кніга і раскіданы галінкі ружаў. Дзіцятка Езус стаіць на гэтым стале, прыхінуўшыся да Маці, якая прытрымлівае Яго праваю рукой, а левай (са скіпетрам) паказвае Дзіцяці на літары, як бы навучаючы. На галовах высокія кароны, вакол - шырокія німбы з шасьціканцовымі зорачкамі ўздоўж краю. Сюжэт не мае аналагаў у беларускім іканапісу, ён выглядае як трансфармацыя больш вядомага сюжэта «Сьвятая Ганна, якая навучае Марыю» [6].

Крыніцы

  1. ^ а б в г д е Уладзімір Дзянісаў. Менскі кляштар бернардзінак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 292-293.
  2. ^ а б в г д е ё ж Дзянісаў У. Касцёлы г. Мінска ў XVI – пачатку XX стст. (паводле дакументаў НГАБ). Нацыянальны гістарычны архіў БеларусіПраверана 4 ліпеня 2012 г.
  3. ^ а б в г д е ё ж Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Ч. 1. Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты / Тэкст і фота А. Яроменкі. Уводзіны Ул. Трацэўскага, — Мн.:ВУП "Выд-ва "Про Хрысто"", 2003. — 256 с. — ISBN 985-6628-37-7.
  4. ^ Толстой П. А. Путешествие стольника П. А. Толстого / Предисл. Д. А. Толстого // Русский архив, 1888. — Кн. 1. — Вып. 2. — С. 161—204; Вып. 3. — С. 321—368; Вып. 4. — С. 505—552; Кн. 2. — Вып. 5. — С. 5-62; Вып. 6. — С. 113—156; Вып. 7. — С. 225—264; Вып. 8. — С. 369—400.
  5. ^ а б в Церкви и приходы Минска. - Мн.: Свято-Петро-Павловский собор, белорусское Православное Братство Трех Виленских Мучеников, 1996 - 192 с. ISBN 985-6143-05-5. С. 32.
  6. ^ а б в г д е Аляксандр Ярашэвіч. Абразы Маці Божай XVII-XVII стст. у Мінскіх касцёлах // «Наша вера», 1(4) / 1998.
  7. ^ а б в Т.І. Чарняўская. 19. Кляштар бернардзінак // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С.В.Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.- Мн.: БелСЭ, 1988.-333 с.: іл. ISBN 5-85700-006-8. С.52-53.
  8. ^ Памятники Минска / Авт.-сост. В.П. Шамов.- Мн.: Полымя, 1991.- 208 с.- С.68.
  9. ^ Opisy parafii diecezji wileńskiej z 1784 roku T. 2. Dekanat Mińsk / Maroszek J., Maroszek M. oprac. - 2009. - Białystok.

Літаратура