Зэмфіра Рамазанава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Зэмфіра Рамазанава ў 2008 годзе

Зэмфі́ра Талга́таўна Рамаза́нава (па-расейску: Земфира Талгатовна Рамазанова, па-башкірску: Земфира Талғат ҡыҙы Рамаҙанова; нарадзілася 26 жніўня 1976) — расейская пост-рок-сьпявачка, аўтарка музыкі й тэкстаў песень.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1976—1997[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася ва Ўфе 26 жніўня 1976 году. Маці паводле прафэсіі лекарка, бацька — выкладчык гісторыі. Музыкай цікавілася зь дзяцінства, у музычную школу пайшла ва ўзросьце 5 гадоў, займалася па клясе фартэпіяна. Пазьней самастойна навучылася граць на гітары, зарабляла грошы, граючы на вуліцах. Таксама ў школьныя гады актыўна займалася баскетболам, гуляла за маладзёвую зборную Башкартастану. Скончыўшы базавую школу, паступіла ва Ўфімскую навучальню мастацтваў, адразу на другі курс. У 1996 годзе скончыла навучальню са спэцыяльнасьцю «эстрадная вакалістка». Працавала апэратарам на радыёстанцыі «Европа плюс», таксама сьпявала ў рэстаранах і клюбах гораду. Падчас працы на радыё пачынае запісваць свае ўласныя песьні на студыйным кампутары.

1998—1999[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На пачатку 1998 году сьпявачка арганізуе гурт «Zемфира». Першы канцэрт гурта адбыўся на сьвяце гораду 19 чэрвеня 1998 году. У тым жа годзе Зэмфіра займае грошы на паездку ў Маскву. Амаль выпадкова касэта зь яе песьнямі трапляе да прадусара гурта «Мумий Тролль» Л. Бурлакова. Песьні спадабаліся, Бурлакоў запрашае гурт у Маскву дзеля запісу альбома.

З амаль 30 песень, запісаных ва Ўфе, у кружэлку ўвайшлі 14; на працягу сьнежня яны былі перазапісаныя на студыі «Мосфильм», зьвядзеньне фанаграмы праводзілася на пачатку 1999 году ў Лёндане. У лютым 1999 году песьні «СПИД», «Ракеты», «Ариведерчи» пачынаюць гучаць па радыё, на тэлебачаньні зьяўляецца кліп «Ариведерчи». Альбом пад назвай «Земфира» паступіў у продаж 10 траўня 1999 году. Ужо праз два месяцы было прададзена больш за 300 000 дыскаў і касэтаў. У ліпені-жніўні таго ж году Зэмфіра з гуртом працуе над песьнямі да другога альбома, на гэты раз адмовіўшыся ад паслугаў прадусараў.

1 верасьня 1999 году канцэртам у Маскве адкрыты гастрольны тур гурта. За два з паловай месяцы адбылося 60 канцэртаў у розных гарадох Расеі й СНД. Часта прыходзілася граць ва ўмовах, абсалютна дзеля гэтага не прыдатных. Выступленьне ў Кіеве на фэстывалі «Просто рок» 30 верасьня было перапынена АМАПам. У Цьверы адміністрацыя лёдавага палацу, дзе меўся адбыцца канцэрт, вырашыла не прыбіраць лёд з катку — тэмпэратура ў залі была ніжэй за нуль. 12 кастрычніка ў Краснадары Зэмфіры даводзіцца сьпяваць з тэмпэратураю вышэй за 40 градусаў. Назаўтра ў Маскве яе проста з аэрапорту вязуць у рэанімацыю; дыягназ — поўнае фізычнае зьнясіленьне ды абгостраны з гэтай прычыны бранхіт, апроч таго хвароба дала ўскладненьне на вуха. Колькі канцэртаў былі прапушчаныя, але тур быў узноўлены, як толькі сьпявачка збольшага ачуняла.

2000—2001[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У студзені 2000 году выходзіць другая кружэлка Зэмфіры — «Прости меня, моя любовь». З 24 сакавіка ўзнаўляюцца канцэрты гурта, якія зьбіраюць усё больш гледачоў. Пра Зэмфіру піша бадай што кожная газэта: зьвяртаюць на сябе ўвагу сутычкі сьпявачкі зь нядобрасумленнымі арганізатарамі канцэртаў, рэзкія адповедзі журналістам.

Па выніках 1999 году Зэмфіра атрымвае 8 красавіка 2000 прэмію музычнага часопіса «Fuzz» у трох намінацыях. 1 красавіка адбыўся вялікі сольны канцэрт гурта ў маскоўскім спарткомплексе «Алімпійскі»; выступленьнямі Зэмфіры завяршаюцца фэстывалі «Максидром» (20 траўня) і «Нашествие» (20 жніўня). 26 жніўня віцэ-прэм’ер Башкартастану ўручыў ёй дзяржаўную маладзёвую прэмію ў галіне культуры імя Ш. Бабіча.

14 верасьня 2000 году на канцэрце Зэмфіры ў Якуцку з-за халатнасьці арганізатараў і міліцэйскай аховы адбылася даўка, ў якой 20 чалавек былі параненыя. Канцэртны тур працягваецца; Зэмфіра бярэ ўдзел у канцэртах памяці В. Цоя 17 і 19 сьнежня ў Маскве й Пецярбургу. Апошняе выступленьне ў тым годзе адбылося ў Вільні 28 сьнежня. Напрыканцы году быў зроблены сынгл «До свидания» зь песьнямі, што выконваліся на канцэртах, але ў альбомы не ўвайшлі.

У 2001 годзе Зэмфіра не выступала, поўнасьцю зьнікла з публічнага жыцьця. Пачынаецца праца над трэцім яе альбомам, у запіс якога, паводле яе словаў, былі ўкладзеныя ўсе грошы, атрыманыя за папярэднія два гады. 11 верасьня прэзэнтаваная песьня Зэмфіры «Трафик», таксама быў зьняты кліп на гэтую песьню — але яго ніводзін тэлеканал, апроч MTV, ня ўзяў у ратацыю, палічыўшы «парнаграфічным».

2002—2003[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 красавіка 2002 году прэзэнтаваны альбом «Четырнадцать недель тишины», які хутка абышоў першы альбом Зэмфіры па колькасьці прададзеных асобнікаў. Прыхільнікі сьпявачкі ды музычныя крытыкі рэзка падзяліліся паводле стаўленьня да альбома: у друку зьявілася вялікая колькасьць як ухвальных, так і разгромных рэцэнзыяў, на ўсіх расейскіх музычных інтэрнэт-сайтах адбываюцца бурныя дыскусіі. Канцэртам 4 красавіка ў Чалябінску гурт «Zемфира» распачынае гастрольны тур. Музыкі больш сур’ёзна паставіліся да арганізацыі канцэртаў, у гурта зьявіліся свае гукарэжысэр і сьветлатэхнік, амаль да кожнага выступленьня рыхтаваліся новыя аранжыроўкі песень. Тур працягнуўся да траўня 2003 году, канцэрты адбыліся бадай што ва ўсіх буйных гарадох Расеі ды ў суседніх краінах, гурт прымаў удзел ва ўсіх вялікіх фэстывалях. Гурт «Zемфира» атрымаў прэмію часопісу «Fuzz» за лепшы канцэрт па выніках 2002 году.

2004[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

8 лютага 2004 году Зэмфіра Рамазанава стала ляўрэаткай незалежнай прэміі «Триумф». Канцэртаў яна дае мала, працуе над новым альбомам. Плянавалася, што альбом выйдзе ў лістападзе і будзе выключна электронным. Аднак падчас працы над кружэлкаю пляны сьпявачкі зьмяніліся, частка песень мусілі быць перапрацаванымі, і да канца году альбом так і ня выйшаў. Тым часам Зэмфіра паступае ў Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт на факультэт філязофіі, піша песьню да фільму Р. Літвінавай «Багіня: як я пакахала». Літвінава здымае таксама 2 кліпы на песьні Зэмфіры — «Прогулка» (прэзэнтаваны 13 сьнежня 2004) і «Блюз» (1 сакавіка 2005). 16 кастрычніка на цырымоніі ўручэньня ўзнагародаў «MTV Russia music awards» адзіным «жывым» нумарам было выступленьне Зэмфіры з музыкамі гурта Queen; таксама сьпявачка ўдзельнічае ў юбілейных канцэртах гурта «Браво» 21—27 лістапада.

2005[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каб скончыць працу над альбомам, Зэмфіры даводзіцца перанесьці здачу экзамэнаў ва ўнівэрсытэце на лютысакавік. Кружэлка, нарэшце, была прэзэнтаваная 1 сакавіка. Першапачатковая назва альбома «Нефть» («Нафта»), але ў продаж альбом паступіў пад назваю «Вендетта». Сьпявачка абвясьціла, што ў гэтым жа годзе плянуе выдаць яшчэ адзін дыск зь песьнямі, якія ў альбом не ўвайшлі.

Гурт «Zемфира»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На пачатку 1998 году разам з Зэмфіраю гралі: Р. Ахмадзіеў (бас-гітара), С. Міралюбаў (клявішныя), С. Созінаў (бубны); пасьля першага канцэрту ва Ўфе да іх далучыўся В. Салаўёў (гітара). У запісе першага альбома ўдзельнічалі музыкі гурта «Мумий Тролль» А. Пунгін ды Ю. Цалер. Падчас гастрольнага туру 2002—2003 гадоў рытм-сэкцыя гурта складаецца з І. Сёміна (бас) ды І. Джавад-Задэ (бубны, раней удзельнічаў у гуртах «Nautilus Pompilius», «Арсенал», «А-Студио»); у 2003 годзе абодва зыходзяць з гурта. Альбом «Вендетта» Зэмфіра пачынала запісваць у супрацоўніцтве з маскоўскім кампазытарам І. Удовіным, бязь іншых музыкаў; пазьней у працы над альбомам узялі ўдзел Цалер, Пунгін ды Карней (музыкант, кружэлку якога Зэмфіра спрадусавала ў 2004 годзе).

Стылістыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У прэсе Зэмфіра часта згадваецца як поп-сьпявачка, але гэтую характарыстыку нельга лічыць дакладнай: сама Зэмфіра заўсёды адмяжоўвалася ад поп-культуры. Музычны стыль яе першых двух альбомаў можна збольшага азначыць як мэлядычны рок з элемэнтамі джазу й электроннае музыкі, трэцяга — як пост-рок, гучаньне гурта на канцэртах бліжэйшае да гард-року. Песьні, што ўзьніклі ў 2004 годзе, плянавалася запісаць у электронным выглядзе; аднак у альбоме «Вендетта» зьявіліся таксама гард-рокавыя аранжыроўкі, элемэнты пост-року, былі ўжытыя мэлатрон ды арган Гаманда, папулярныя ў 70-х гадох. Тэкстам Зэмфіры ўласьцівая нескладаная мова, вобразнасьць, імкненьне перадаць эмоцыі, імгненныя ўражаньні. Альбом «Вендетта» можна лічыць першым сапраўдным канцэпт-альбомам сьпявачкі.

Запісы й кліпы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Альбомы:

  • «Земфира» (1999) («Зэмфіра»)
  • «Прости меня, моя любовь» (2000) («Прабач мяне, маё каханьне»)
  • «Четырнадцать недель тишины» (2002) («Чатырнаццаць тыдняў цішыні»)
  • «Вендетта» (2005) («Вэндэта»)

Сынглы:

  • «Снег» (1999) («Сьнег»)
  • «До свидания» (2000) («Да пабачэньня»)
  • «Трафик» (2001) («Трафік»)

Удзел у супольных праектах:

  • «КИНОпробы. Виктор Цой. Посвящение» (2000) («КІНАспробы. Віктар Цой. Прысьвячэньне»)
  • Гукавая дарожка да фільму «Багіня: як я пакахала» (2004)

Відэакліпы:

  • «Ариведерчи» (1999) («Арыведэрчы»)
  • «Почему?» (1999) («Чаму?»)
  • «ПММЛ» (2000)
  • «Искала» (2000) («Шукала»)
  • «Хочешь?» (2000) («Хочаш?»)
  • «Трафик» (2001) («Трафік»)
  • «» (2002)
  • «Мачо» (2002)
  • «Прогулка» (2004) («Шпацыр»)
  • «Блюз» (2004)
  • «Самолет (live 2005)» (2005)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Зэмфіра Рамазанавасховішча мультымэдыйных матэрыялаў