Зузана Чапутава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зузана Чапутава
Прэзыдэнт Славаччыны[d]
з 15 чэрвеня 2019
Папярэднік Андрэй Кіска
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася: 21 чэрвеня 1973(1973-06-21)[1] (50 гадоў)
Партыя:
Сужэнец: Іван Чапута[d][5]
Адукацыя:
Узнагароды:

Зу́зана Ча́путава (па-славацку: Zuzana Čaputová; нар. 21 чэрвеня 1973, Браціслава, Чэхаславацкая Сацыялістычная Рэспубліка) — славацкая адвакатка, грамадзкая актывістка і лібэральная палітыкіня. Атрымала перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах у Славаччыне 30 сакавіка 2019 году, першая жанчына-прэзыдэнт у гісторыі краіны[6].

Здабыла вядомасьць дзякуючы сваёй актыўнай грамадзянскай пазыцыі. Яна змагалася за спыненьне выкарыстаньня сьмецьцевага палігону ў горадзе Пэзінак (Браціслаўскі край), які, на яе думку, засьмечваў навакольнае асяродзьдзе. Пасьля таго, як на яе бок стала большасьць жыхароў, мясцовыя ўлады былі вымушаныя выканаць патрабаваньні Чапутавай і спыніць дзейнасьць аб’екту.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Юрыстка паводле адукацыі, яна займалася сямейным правам, вяла справы аб хатнім гвалце, у прыватнасьці, у дачыненьні да дзяцей. Потым пачала супрацоўнічаць зь некамэрцыйнымі арганізацыямі — перш за ўсё, грамадзкім аб’яднаньнем VIA Iuris, чыім адвакатам неўзабаве стала. Паколькі гэтая НКА атрымала некалькі грантаў ад фонду «Адкрытае грамадзтва» Джорджа Сораса, у перадвыбарчай кампаніі гэта стала пракметай для нападкаў на яе з боку нацыяналістычных кандыдатаў, якія абвесьцілі што ў выпадку абраньня прэзыдэнтам яна «прадасьць Славаччыну Сорасу і амэрыканцам».

Найбольшую вядомасьць Зузане Чапутавой прынесла кампанія па барацьбе зь велізарнай звалкай у мястэчку Пэзінак, дзе яна жыла. Звалка, якая пачыналася за 300 мэтраў ад жылой забудовы, стварала жыхарам мноства праблем, аднак улады прынялі рашэньне аб яе пашырэньні. Чапутава, якая ўзначаліла пратэст жыхароў Пэзінка, дайшла да Вярхоўнага суду Славаччыны, які прызнаў незаконным рашэньне пашырыць звалку. Барацьба доўжылася больш за 10 гадоў. Пазьней Эўрапейскі суд на падставе гэтай справы вынес шэраг пастановаў, якія вызначаюць сёньня парадак вырашэньня падобных спрэчак у рамках усяго ЭЗ. У 2016 годзе Зузана Чапутава атрымала прэстыжную міжнародную прэмію Голдмана, якая прысуджаецца за посьпехі ў галіне абароны навакольнага асяродзьдзя.

Балятавацца на пасаду прэзыдэнта Чапутава вырашыла, даведаўшыся, што цяперашні кіраўнік дзяржавы Андрэй Кіска — ён падтрымаў яе кандыдатуру — вырашыў не вылучацца на другі тэрмін.

16 сакавіка 2019 году яна атрымала перамогу ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў, набраўшы больш як 40 адсоткаў галасоў, а праз два тыдні выйграла другі тур, набраўшы каля 60% галасоў і стаўшы пятым прэзыдэнтам незалежнай Славацкай рэспублікі — і першай жанчынай на гэтай пасадзе. У другім туры яе супэрнікам быў дыплямат Мараш Шэфчавіч, за якога прагаласавала каля 40 адсоткаў.

У сваёй праграме яна абяцала радыкальную рэформу праваахоўных органаў і судовай сыстэмы. (У гэтай сфэры ў прэзыдэнта Славаччыны ёсьць уплыў, хоць ягоныя паўнамоцтвы паводле канстытуцыі невялікія).

Зьяўляецца адной з заснавальніц і намесьнікам старшыні сацыял-лібэральнай партыі «Прагрэсіўная Славаччына».

Разьведзена, мае дзьвух дачок.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]