Перайсьці да зьместу

Жан Кальвін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Жан Кальвін
Сьвяты
Нарадзіўся 10 ліпеня 1509[1][2]
Памёр 27 траўня 1564[1][2] (54 гады)

Жан Кальві́н ці Ян Кальвін (па-француску: Jean Cauvin; 10 ліпеня 1509, Нуаён — 27 траўня 1564, Жэнэва) — францускі дзяяч Рэфармацыі ў Швайцарыі, заснавальнік кальвінізму — кірунку пратэстантызму.

Гугеноцкі крыж
Копія «95-ці тэзаў» (1522)

Нарадзіўся ў Нуаёне ў Пікардыі, каталік. Вучыўся ў Парыжы, Арлеане і Буржы. У Парыжы малады Кальвін сутыкнуўся з навучаньнем Мартына Лютэра. Выйшаў з каталіцтва, пакінуў Францыю і пасяліўся як выгнаньнік у Базэлі. Тут пачаў фармуляваць сваю ўласную тэалёгію. У 1536 годзе скончыў трактат «Institutio christianae religionis» (лац. «Навука хрысьціянскай рэлігіі»), у 1541 зрабіў яго пераклад на францускую мову, які ў будучыні станецца адным з клясычных тэкстаў маладой францускай мовы.

У 1537 годзе разам з Д. Фарэлям заклікаў жыхароў Жэнэвы прысягнуць на вернасьць пратэстанцкаму вызнаньню веры. Гараджане паставіліся да гэтага адмоўна. Кальвін вымушаны быў выехаць у Страсбург, дзе Марцін Буцэр, мясцовы кіраўнік рэфармацыі, заахвоціў яго да далейшай дзейнасьці. У 1539 годзе Кальвін пачынае публікаваць камэнтары да некаторых кніг Бібліі.

У верасьні 1541 году Яна Кальвіна зноў запрашаюць у Жэнэву. Тут, карыстаючыся падтрымкай грамадзкай улады, ён засноўвае свой уласны касьцёл. Вернікі ў ім самі выбіраюць сваіх пастыраў, рэлігійны культ мае просты характар і скіраваны выключна да Бога.

Кальвін становіцца фактычным кіраўніком Жэнэвы. Пад яго ўплывам у горадзе былі адменены ўсе сьвяты, забаронена гульня ў карты, танцы, наведваньне тэатру, нашэньне шыкоўных вопратак і іншае. Людзей, што не вялі жыцьцё, адпаведнае дактрыне кальвінізму, і тых, хто яе актыўна асуджаў, выдавалі грамадзкім уладам. Ад 1541 да 1546 году ў Жэнэве было выдадзена 56 сьмяротных прысудаў і 78 загадаў на выгнаньне. У 1553 годзе Мішэль Сэрвэт, актыўны крытык поглядаў Кальвіна, быў арыштаваны ў Жэнэве і жыўцом спалены.

У 1549 годзе Кальвін і Булінгер, спадкаемца Ульрыха Цьвінглі, падпісалі Consensus Tigurinus, які спрычыніўся да зьяднаньня швайцарскіх рэфармаваных Касьцёлаў. У 1559 годзе Кальвін засноўвае Жэнэўскую акадэмію, да якой прыбываюць вучыцца студэнты з розных краінаў Эўропы.

У Швайцарыі ў тыя гады заставаліся моцнымі пазіцыі цьвінгліянства, што абмяжоўвала распаўсюджваньне кальвінізму. У іншых краінах (Нідэрланды, Францыя) колькасьць прыхільнікаў Яна Кальвіна пачынае моцна ўзрастаць.

На погляды Я. Кальвіна вялікі ўплыў аказала лютэранства. Паводле Кальвіна ўсе чалавечыя веды пра Бога паходзяць выключна зь Бібліі. Можна пазнаць Бога, толькі калі Ён дасьць сябе пазнаць чалавеку. Прабачэньне заганаў і збаўленьне чалавека магчыма толькі праз пасрэдніцтва Божай ласкі. Яшчэ да нараджэньня чалавеку прызначана, незалежна ад яго будучага жыцьця, трапіць пасьля сьмерці ў Неба або ў Пекла. Кальвін лічыў, што Касьцёл ня можа абмяжоўвацца дзяржаўнай уладай.

Institutio christianae religionis, 1597

«Навука хрысьціянскай рэлігіі» 1536 году — зборны твор, які зьмяшчае перажытае Янам Кальвінам на ўласным досьведзе. У ім выказаў тэорыю прэдыстынацыі (прадвызначэньне Богам чалавечага лёсу). Паводле яго, таямніца прадвызначэньня вынікае з усемагутнасьці Бога. У «Навуцы хрысьціянскай рэлігіі» выказаны грамадзкі характар калівіністычнай пабожнасьці.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]