Ян Ласкі (малодшы)
Jan Łaski | |
Кораб[d] | |
Кораб | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1499 Ласк |
Памёр | 8 студзеня 1560 Піньчаў |
Пахаваны | |
Род | Ласкія[d] |
Бацькі | Яраслаў Ласкі Зузана з Банковай Гуры |
Жонка |
|
Дзеці |
|
Дзейнасьць | тэоляг, перакладнік, перакладнік Бібліі, каталіцкі сьвятар |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Ласкі (неадназначнасьць).
Ян Ла́скі (па-польску: Jan Łaski) гербу «Кораб» (1499, Ласк — 8 студзеня 1560, Піньчаў) — эвангельска-рэфармацыйны багаслоў, найвыбітнейшы дзяяч польскай Рэфармацыі, пастар, гуманіст, літаратар, перакладнік і дыплямат. Закладальнік эвангельскіх збораў у Ангельшчыне і ўсходняй Фрысьляндыі, арганізатар кальвінісцкай царквы ў Польшчы. Адзіны дзяяч польскай Рэфармацыі, зьмешчаны на Помніку Рэфармацыі ў Жэнэве.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў заможнай і ўплывовай польскай шляхецкай сям’і, сын ваяводы серадзкага Яраслава і Зузаны з Банковай Гуры. Навуку пачаў засвойваць на двары свайго стрыя, таксама Яна (1456—1531), канцлера вялікага кароннага. У 1514—1519 рокаў вывучаў багаслоўскае права, старажытную літаратуру і мовы (лаціну, грэцкую, нямецкую й італьянскую) ў Вене, Балёньні і Падуі.
У 1525 року, перабываючы ў Базэлі, пазнаёміўся з выбітным гуманістам Эразмам Ратэрдамскім, некалькі месяцаў мешкаў у ягоным доме, выкупіў каштоўныя бібліятэчныя зборы Эразма, якія пазьней былі перавезеныя ў Польшчу Андрэем Фрычам Мадрэўскім.
У Заходняй Эўропе паўставала Рэфармацыя, і Ласкі пазнаёміўся зь ейнымі выбітнымі прадстаўнікамі: Ульрыхам Цьвінглі, Ёахімам Камэрарыюсам, Янам Экалямпадыюсам, Альбэртам Гардэнбэргам, Марцінам Буцэрам і Філіпам Мэлянхтонам.
Вярнуўшыся ў Польшчу, Ян Ласкі стаў служыць у касьцёлах, пазьней дэкан гнезьненскі і канонік кракаўскі. Быў таксама каралеўскім сакратаром.
У 1529 Ласкі выехаў у Вугоршчыну як дарадца свайго брата Гераніма, атрымаў ад Яна Запольі тытулярнае біскупства і дыпляматычную службу ў каралеўстве. Аднак з кампрамэтацыяй і сканчэньнем кар’еры Гераніма спынілася й ягоная кар’ера.
У 1540 ў Лёвэне Ласкі ўзяў шлюб з Барбарай[1], дачкой лёвэнскага купца, і паведаміў пра выхад з каталіцкай царквы куяўскаму біскупу Лукашу Гурцы. За гэта ён быў пазбаўлены даходаў ад ягоных польскіх маёнткаў. Ласкі, застаўшыся бяз сродкаў да існаваньня, вярнуўся ў Польшчу і фармальна адмовіўся ад «герэзіі», тады яму вярнулі маёмасьць.
У траўні 1540 Ласкі выехаў у Нямеччыну. Праз 3 гады атрымаў ад рэгенткі Ўсходняй Фрызіі Ганны Ольдэнбург пасаду эфора ўсіх касьцёлаў і пробашча парафіі ў Эмдэне. Ян Ласкі стаў пачынальнікам Рэфармацыі ў Фрызіі, дзе склаў свой багаслоўскі маніфэст Эпітома і апрацаваў катэхізіс.
На запрашэньне арцыбіскупа Томаса Кранмэра ў 1550 року выехаў у Ангельшчыну. 24 ліпеня 1550 року кароль Эдуард VI надаў Ласкаму тытул супэрінтэнданта (біскупа) збораў для іншаземцаў-пратэстантаў, якія ўцякалі ў Ангельшчыну ад перасьледу. У 1551 року Ян Ласкі напісаў вызнаньне веры «Confessio Londinensis» дзеля разьвязаньня спрэчных пытаньняў унутры збораў. Пасьля гэтага актыўна заняўся стварэньнем збораў у кальвінскім духу, у чым яму дапамог набыты ў Фрызіі досьвед.
Напісаў таксама ўласны катэхізіс, які пазьней ляжа ў аснову «Гайдэльбэрскага катэхізісу», абавязковага ў эвангельска-рэфармаванай царкве.
У 1553 вымушаны быў пакінуць Ангельшчыну з-за рэпрэсіяў супраць пратэстантаў, учыненых каралевай Марыяй Цюдор, і пасьля зьвестак пра разьвіцьцё Рэфармацыі ў Польшчы ў 1556 року вярнуўся на радзіму. Каталіцкае духавенства запатрабавала ягонага ад’езду, аднак кароль Жыгімонт II Аўгуст дазволіў застацца.
Асеў у Піньчаце, адкуль кіраваў польскімі рэфарматамі. Найперш заняўся рэарганізацыяй малапольскіх збораў: уводзіў свой кальвінскі катэхізіс і сынадальна-прэсьбітэрыянскую структуру, спрасьціў літургію. Разьвіваў місіянэрска-прапагандысцкую дзейнасьць, дзякуючы чаму колькасьць збораў павялічылася ўтрая. Праўдападобна, узяў удзел у перакладзе на польскую мову Бібліі, выдадзенай у Берасьці Мікалаем Радзівілам «Чорным».
Пахаваны ў піньчаўскім кальвінскім зборы (цяпер каталіцкі касьцёл сьвятога Яна).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Henning P. Jürgens, Jan Łaski 1499—1560. Europejczyk doby reformacji, Warszawa 2006, s. 24.
- Памерлі 8 студзеня
- Памерлі ў 1560 годзе
- Пахаваныя ў Польшчы
- Выпускнікі Балёнскага ўнівэрсытэту
- Выпускнікі Падуанскага ўнівэрсытэту
- Дыпляматы Рэчы Паспалітай
- Польскія дзеячы Рэфармацыі
- Канонікі гнезьненскія
- Канонікі кракаўскія
- Нарадзіліся ў Ласку
- Ласкія
- Польскія біскупы
- Лацінскія пісьменьнікі
- Рэлігійныя літаратары
- Кальвінісцкія багасловы
- Польскія пратэстанцкія багасловы
- Перакладчыкі Бібліі на польскую мову
- Пратэстанцкія перакладчыкі Бібліі
- Польская кальвінісцкая шляхта
- Памерлі ў Піньчаве