Дэклярацыя Аб’яднаных народаў
Дэклярацыя Аб’яднаных народаў | |
Постэр са сьцягамі 26 Аб’яднаных народаў (жнівень 1942 г.) | |
Падрыхтаваная | 29 сьнежня 1941 |
---|---|
Падпісаная | 1 студзеня 1942 (82 гады таму) |
· месца | Вашынгтон (ЗША) |
Набыла моц | 1 студзеня 1942 |
· умовы | адмова адзінаасобнага замірэньня зь дзяржавамі Траістага пакту |
Тэрмін дзеяньня | бестэрміновая |
Падпісанты | Ўінстан Чэрчыль, Франклін Рузвэлт, Сун Цзывэнь, Максім Літвінаў |
Бакі | Вялікабрытанія, ЗША, Кітай, СССР |
Статус | дзейная |
Мова | ангельская |
Тэкст у Вікікрыніцах: s:en:Declaration by United Nations | |
un.org |
Дэклярацыя Аб’яднаных народаў (анг. Declaration by United Nations) — міжнароднае пагадненьне між урадамі Вялікабрытаніі, ЗША, Кітая і СССР, падпісанае 1 студзеня 1942 году ў Вашынгтоне (ЗША), пра адмову ісьці на адзінаасобнае замірэньне зь дзяржавамі Траістага пакту 1940 году (Італія, Нямеччына і Японія). 2 студзеня 1942 г. свае подпісы паставілі прадстаўнікі яшчэ 22 урадаў[1], якія ўдзельнічалі ў 1-й Вашынгтонскай нарадзе: 5 брытанскіх дамініёнаў, 9 дзяржаваў Паўночнай Амэрыкі і 8 эўрапейскіх урадаў у выгнаньні. Пасьля сканчэньня нарады ў Вашынгтоне 14 студзеня, цягам 1942—1945 гг. да Дэклярацыі далучыўся яшчэ 21 урад.
Пры канцы 2-й сусьветнай вайны ўдзельнікаў Дэклярацыі запрасілі ў Сан-Францыска (штат Каліфорнія, ЗША) на Канфэрэнцыю Аб’яднаных народаў аб міжнароднай арганіцыі, якая пачалася 25 красавіка 1945 г. і на якой 26 жніўня падпісалі Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў[1].
Падрыхтоўка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]29 сьнежня 1941 г. падчас сустрэчы ў Белым доме (Вашынгтон) прэзыдэнт ЗША Франклін Рузвэлт, брытанскі прэм’ер-міністар Ўінстан Чэрчыль і дарадца Рузвэлта Гары Гопкінс склалі тэкст Дэклярацыі Аб’яднаных народаў, якая ўлучала прапановы СССР. Рузвэлт прапанаваў назоў «аб’яднаныя народы» замест «злучаных дзяржаваў»[2]. Чэрчыль пагадзіўся і заўважыў, што ангельскі паэт Джордж Байран выкарыстоўваў выраз «аб’яднаныя народы» ў 35-м слупку 3-га разьдзела паэмы «Паломніцтва Чайлда Гаральда» 1818 году[3]. У адрозьненьне ад Атлянтычнай хартыі 1941 году ў прэамбулу Дэклярацыі Аб’яднаных народаў дадалі ўмову пра свабоду веравызнаньня, на што старшыня Савету народных камісараў ССССР Ёсіф Сталін пагадзіўся па настаяньні Рузвэлта.
Удзельнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]1 студзеня 1941 г. Дэклярацыю падпісалі брытанскі прэм’ер-міністар Ўінстан Чэрчыль, прэзыдэнт ЗША Франклін Рузвэлт, міністар замежных справаў Рэспублікі Кітай Сун Цзывэнь і амбасадар СССР у ЗША Максім Літвінаў.
2 студзеня 1942 г. прадстаўнікі 22 урадаў дадалі свае подпісы[4]:
- брытанскія дамініёны (5): Аўстралія (амбасадар Рычард-Гэвін Кейсі), Канада (амбасадар Лейтан Макарці), Індыя (галоўны агент Гірыджа Баджпаі), Новая Зэляндыя (міністар зьнешніх справаў Фрэнк Лэнгстоўн) і Паўднёвая Афрыка (пасланьнік Ральф Клоўз);
- дзяржавы Паўночнай Амэрыкі (9): Гаіці (Фэрнанд Дэніс), Гандурас (Хульян Касэрэс), Гватэмала (Энрыке Лопэс-Гэрартэ), Дамініканская Рэспубліка (Х.М. Транкосо), Коста-Рыка (Люіс Фэрнандэс), Куба (Аўрэльё Канчэсо), Нікарагуа (Леон дэ Байль), Панама (Хаен Гуардыя) і Сальвадор (С.А. Альфаро);
- эўрапейскія ўрады ў выгнаньні (8): Бэльгія (князь Р. ван Стратэн), Грэцыя (амбасадар Сімон Дыямантопулас), Люксэмбург (Юго лё Гале), Нарвэгія (амбасадар Вільгельм Моргэнсьцерн(no)), Нідэрлянды (А. Лаўдэн), Польшча (амбасадар Ян Цеханоўскі(pl)), Чэхаславаччына (Уладзімер Гурбан) і Югаславія (амбасадар Канстанцін Фоціч)[5].
Пасьля сканчэньня нарады ў Вашынгтоне 14 студзеня, цягам 1942—1945 гг. да Дэклярацыі далучыўся яшчэ 21 урад.
- 1942 год (2): 14 чэрвеня — Мэксыка і Філіпіны.
- 1943 год (4): 10 красавіка — Ірак і Бразылія; 5 траўня — Балівія; 14 верасьня — Іран.
- 1944 год (3): 17 студзеня — Калюмбія; 5 сакавіка — Этыёпія; 10 красавіка — Лібэрыя.
- 1945 год (12): 1 студзеня — Францыя; 14 лютага — Эквадор, Парагвай, Пэру і Чылі; 20 лютага — Вэнэсуэла; 24 лютага — Уругвай; 28 лютага — Турэччына і Эгіпет; 12 красавіка — Саудаўская Арабія, Сырыя і Лібан[5].
Умовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Урады, якія падпісаліся ніжэй,
Далучыліся да супольнай праграмы задачаў і прынцыпаў, увасобленай у Сумеснай дэклярацыі прэзыдэнта ЗША і прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі ад 14 жніўня 1941 году, вядомай як Атлянтычная хартыя,
Перакананыя, што поўная перамога над іх ворагамі неабходная для абароны жыцьця, свабоды, незалежнасьці і свабоды веравызнаньня, для захаваньня правоў чалавека і справядлівасьці ў іх уласных землях[4], і што яны цяпер уцягнутыя ў супольнае змаганьне супраць дзікунскіх і зьверскіх сілаў, якія імкнуцца скарыць сьвет,
Абвяшчаюць:
1) Кожны Ўрад забавязваецца выкарыстаць усе свае сродкі, будзь то вайсковыя або гаспадарчыя, супраць тых удзельнікаў Траістага пакту і яго пасьлядоўнікаў, зь якімі такі ўрад у стане вайны;
2) Кожны Ўрад забавязваецца супрацоўнічаць з Урадамі, якія падпісаліся ніжэй, і не ісьці на адзінаасобнае замірэньне або мір з ворагамі.
Да вышэйпададзенай дэклярацыі могуць далучыцца іншыя народы, якія аказваюць або могуць аказаць матэрыяльную дапамогу і садзейнічаньне ў змаганьні за перамогу над гітлерызмам»[5].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б 1942: Дэклярацыя Аб’яднаных Народаў (анг.) // Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў, 2016 г. Праверана 7 сьнежня 2022 г.
- ^ Дэклярацыя Аб’яднаных народаў (анг.) // Мультымэдыя ААН, 2009 г. Праверана 28 ліпеня 2017 г.
- ^ Джордж Байран. Паломніцтва Чайлда Гаральда (анг.) // Праект «Гутэнбэрг», 1 лютага 2013 г. Праверана 28 ліпеня 2017 г.
- ^ а б Выступленьне Аляксандра Лукашэнкі на цырымоніі ўскладаньня вянкоў да манумэнта Перамогі // Зьвязда : газэта. — 10 траўня 2012. — № 87 (27202). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в Дэклярацыя Аб’яднаных народаў (анг.) // Бібліятэка Кангрэсу ЗША, 2016 г. Праверана 11 сакавіка 2014 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |