Перайсьці да зьместу

Дунайчыцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дунайчыцы
трансьліт. Dunajčycy
Сядзіба ў Дунайчыцах на здымку Яна Булгака
Сядзіба ў Дунайчыцах на здымку Яна Булгака
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Клецкі
Сельсавет: Кухчыцкі
Насельніцтва: 159 чал. (2009)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1793
Паштовы індэкс: 222654
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 53°0′33.599″ пн. ш. 26°36′35.201″ у. д. / 53.00933306° пн. ш. 26.60977806° у. д. / 53.00933306; 26.60977806Каардынаты: 53°0′33.599″ пн. ш. 26°36′35.201″ у. д. / 53.00933306° пн. ш. 26.60977806° у. д. / 53.00933306; 26.60977806
Дунайчыцы на мапе Беларусі ±
Дунайчыцы
Дунайчыцы
Дунайчыцы
Дунайчыцы
Дунайчыцы
Дунайчыцы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Дуна́йчыцы[1] — вёска ў Клецкім раёне Менскай вобласьці. Уваходзіць у склад Кухчыцкага сельсавету.

У часы Вялікага Княства Літоўскага вёска адносілася да Наваградзкага ваяводзтва, а пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай увайшла ў склад Слуцкага павету Менскай губэрні.

Павал Яленскі, польны стражнік ВКЛ

Да 1939 году належала шляхецкаму роду Яленскіх гербу «Корчак», якія паводле сямейных паданьняў заяўлялі, што атрымалі яе ў канцы XIV ст. Аднак згодна з дакумэнтамі, напачатку 1630-х вёскі Дунайчыцы і Тучу набыў польны стражнік Вялікага Княства Літоўскага Павал Яленскі. Дунайчыцы разам з маёнткам Туча, з Капаткевічамі, Людзяневічамі і Лучыцамі сталі адной зь сядзіб Яленскіх, якія мелі шмат маёнткаў у Наваградзкім ваяводзтве і ў Мазырскім павеце, дзе займалі высокія земскія пасады і лічыліся рэгіянальнай элітай.

Пасьля Паўла Яленскага вёскі Туча і Дунайчыцы перайшлі да яго сына Яна Яленскага, мазырскага земскага пісара, а пасьля мазырскага земскага судзьдзі, які выбіраўся ад Мазырскага павету паслом на элекцыйныя соймы (1669, 1674) і дэпутатам (1726) у Трыбунал ВКЛ. Ад Яна вёска перайшла да яго сына Антона-Даджыбога Яленскага, мазырскага падчашага (1702—1731), а пасьля да ўнука — наваградзкага кашталяна (1780—1795) Гедэона Яленскага (1712—1798), які пабудаваў у Дунайчыцах, побач са старым, маленькім мураваным (пазьней празваным «кашталянка»), новы драўляны атынкаваны і пакрыты гонтай палац. Цэнтральнай часткай палацу з васьмі пакояў была галоўная заля з мураваным комінам у стылі клясыцызм. За палацам быў разьіты парк на 8 га, які выходзіў на раку Лань.

Невядома, каму зь Яленскіх належала вёска пазьней: верагодна, яна перайшла да брата Гедэона — наваградзкага кашталяна (1773—1780) Рафала-Юзафа Яленскага (альбо яго дзяцей), бо вядома, што Дунайчыцамі сталі валодаць нашчадкі Рафала. У прыватнасьці, дакладна вядома, што вёскай, дзе паводле рэвізіяў у 1844—1850 гадах мелася каля 1500 дзесяцін зямлі, валодалі ўнукі Рафала — супольна падсудак мазырскага павятовага суду (1805—1808) і засядацель (1811—1814) Угалоўнай палаты Галоўнага суду Віленскай губэрні Рамуальд Яленскі (1781 — пасьля 1856) і мазырскі павятовы харунжы (1811—1812), старшыня мазырскага павятовага гранічнага (межавага) суду (1814—1817), старшыня мазырскага павятовага суду (1817—1820) Павал Янавіч Яленскі (1776—1842). Пасьля маёнтак пераходзіць да Антона Яленскага (1818—1874), сына Паўла Янавіча Яленскага і Барбары Лянкевіч.

Антон Яленскі (1818—1874)

Антон Яленскі быў адным з кіраўнікоў паўстаньня 1863—1864 гадоў, уваходзіўшы ў групоўку «белых». За ўдзел у паўстаньні расейскія ўлады канфіскавалі ўсе яго маёнткі (маёнтак Капаткевічы і частку маёнтку Людзяневічы ў Мазырскім павеце, маёнтак Дунайчыцы ў Слуцкім павеце, маёнтак Меляховічы ў Троцкім павеце Віленскай губэрні і маёнтак Акніста ў Вількамірскім павеце Ковенскай губерні), якія пасьля плянавалася прадаць альбо ўзнагародзіць бясплатна расейскіх афіцэраў, што прымалі ўдзел у падаўленьні паўстаньня. Продаж альбо перадача маёнткаў Антона Яленскага зацягнуліся да 1869 году, бо не былі зроблены папярэднія ацэнкі іх кошту. Жонка Антона Сабіна Леапольдаўна Яленская (1820—1912), з роду Дыбоўскіх, зрабіла ўсе намаганьні, каб канфіскаваны ўладамі родавы маёнтак Дунайчыцы ў Слуцкім павеце набыў з таргоў найстарэйшы сын Антона Яленскага Павал, якому ўлады дазволілі прымаць удзел у аўкцыёне. Калі шляхта, якая прыехала на аўкцыён, даведалася, што будзе ўдзельнічаць і сын паўстанца, дык усе адмовіліся ад удзелу ў таргах, каб даць магчымасьць Паўлу набыць канфіскаваны родавы маёнтак па нізкім кошце.

Сабіна Леапольдаўна Яленская (з роду Дыбоўскіх)

У далейшым маёнтак перайшоў ва ўладаньне брата Паўла — Эдварда Яленскага (1853—1920), хросным бацькам якога быў Напалеон Яленскі (1810—1883), адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863—1864 гадоў, стрыечны брат Антона Яленскага. Эдвард Яленскі прыбудаваў да палаца зь дзесяцьцю пакоямі і сенцамі яшчэ два пакоі і кухню. Каля палаца мелася капліца, а перад палацам — вялікі газон з клюмбай кветак у цэнтры. У палацы было шмат старажытнай мэблі, якая засталася ад ранейшых пакаленьняў роду.

Пасьля Рыскай мірнай дамовы (1921) вёска апынулася ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. Пасьля Эдварда апошнімі ўладальнікамі вёскі (да 1939 году — пачатку Другой сусьветнай вайны) сталі дочкі яго брата Вітальда Яленскага (1843—1879) — Канстанцыя і Антаніна. У тыя часы маёнтак меў каля 400 га зямлі.

У 1939 годзе вёска, як і іншая тэрыторыя паўночна-ўсходніх ваяводзтваў Другой Рэчы Паспалітай (Заходняя Беларусь), увайшла ў склад БССР, маёнтак быў канфіскаваны савецкай уладай. На сёньня захаваліся часткова зруйнаванымі тры будынкі бровару, пара флігеляў і рэшкі парку.

Дунайчыцы былі апісаны ў 2-м томе «Гісторыя рэзыдэнцыяў на даўніх крэсах Рэчы Паспалітай» Рамана Афтаназы.

Да 28 траўня 2013 году вёска ўваходзіла ў склад Тучанскага сельсавету[2].

  • 2009 год — 159 чалавек
  • 1999 год — 300 чалавек

Інфармацыя для турыстаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Сядзіба Яленскіх (XVIII—XIX стагодзьдзі)
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 215
  2. ^ «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 (рас.)
  • Раман Афтаназы Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im. Ossolinskich Wyd-wo, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — 474 s.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дунайчыцысховішча мультымэдыйных матэрыялаў