Гісторыя Вялейкі
Вялейка, або Каралеўскі Куранец, — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Вялейку як вялікакняскі маёнтак Каралеўскі Куранец датуецца 16 лістапада[1] 1460 году[2]. Пад 1464 годам упамінаецца дзяржаўца куранецкі Івашка (Ян) Кучук, маршалак гаспадарскі. У канцы XV стагодзьдзя маёнтак перайшоў у вотчыну П. Мантыгірдавічу, а па ягонай сьмерці — да ўдавы Г. Гальшанскай. Зь сярэдзіны XVI стагодзьдзя Куранец знаходзіўся ў валоданьні Мікалая Радзівіла «Чорнага», у 1558—1566 гадах — ува ўтрыманьні М. Нарушэвіча, з 1567 году — у М. Сноўскага. У гэты час на тэрыторыі маёнтку ўтварылася аднайменнае мястэчка.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Куранец увайшоў у склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. З 1567 году ў мястэчку існавала царква. У 1588 годзе маёнтак перайшоў да Льва Сапегі. На 1599 год мястэчка было цэнтрам староства[3].
У 1617 годзе паселішча ўпершыню ўпамінаецца пад дзьвюма назвамі — Куранец і Вялейка. У 1635 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза перадаў Вялейку ў валоданьне ваяводу смаленскаму А. Гасеўскаму. У 1667—1676 гадах мястэчкам валодаў скарбовы пісар Я. Эйдзятовіч. У 1676 годзе кароль і вялікі князь Ян Сабескі перадаў яго Пацам.
У 1702 годзе староста вялейскі М. А. Пац зрабіў фундуш на карысьць царквы Сьвятога Спаса. У 1727 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў мястэчку прывілей на штотыднёвыя таргі ў нядзелі і на 3 кірмашы ў год. На 1765 год тут было 30 будынкаў[2]. У 1773 годзе мястэчка перайшло ў валоданьне Ігната Куранецкага, да таго часу ў ім яшчэ не было ніводнай камяніцы[4]. На 1789 год налічвалася 32 гаспадары-домаўладальнікі, 9 кутнікаў, 3 жыдоўскія радзіны[2].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Вялейка апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе 3 траўня 1795 году атрымала статус места і стала цэнтрам павету Менскай, з 1842 году Віленскай губэрні. 22 студзеня 1796 году расейскія ўлады зацьвердзілі мескі герб: «у чырвоным полі срэбная рака, па ёй плыве судна зь цюком тавараў і залатым коласам пасярэдзіне»[5]. На 1797 год — 49 будынкаў, працавала паштовая станцыя, на 1801 год — 62 будынкі, дзейнічала царква, працавалі карчма і млын. У 1810 годзе адбыўся вялізны пажар.
На 1841 год у Вялейцы было 220 будынкаў, 15 вуліцаў і завулкаў, дзейнічалі 3 царквы і юдэйская малітоўная школа, працавалі 6 крамаў і 5 корчмаў, правіянцкі магазын і перавоз. На 1860 год — 272 будынкі, дзейнічалі царква, 3 капліцы і 3 юдэйскія малітоўныя школы, працавалі шпіталь, бровар і 14 крамаў.
За часамі вызвольнага паўстаньня 14 красавіка 1831 году Вялейку на пэўны час вызвалілі з-пад расейскай улады[6]. У наступнае нацыянальна-вызвольнае паўстаньне ў ваколіцах места дзейнічаў аддзел В. Козела. У 1874 годзе з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады гвалтоўна ператварылі збудаваны ў 1863 годзе касьцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату. Апроч таго, у 1865 годзе тут збудавалі царкву-мураўёўку і адкрылі народную вучэльню.
У канцы XIX ст. у Вялейцы было 496 будынкаў, дзейнічалі 2 царквы, капліца і 4 юдэйскія малітоўныя школы, працавалі прыходзкая вучэльня, шпіталь, завод штучнай вады і ліманаду, паштовая станцыя, 48 крамаў і 8 корчмаў, у нядзелі адбываліся таргі. У 1907 годзе празь места праклалі чыгунку, у гэты час тут было 630 будынкаў. У Першую сусьветную вайну зь лютага да 16 сьнежня 1918 году Вялейку займалі нямецкія войскі. У ліпені 1919 году сюды ўвайшлі польскія войскі, пазьней — бальшавікі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Вялейка абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Вялейка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам павету Віленскага ваяводзтва.
У Вялейцы дзейнічалі арганізацыі Беларускай сялянска-работніцкай грамады (26 жніўня 1928 году адбыўся павятовы зьезд) і Таварыства беларускай школы (13 траўня 1928 году адбыўся павятовы зьезд). У рабоце зьездаў удзельнічалі Рыгор Шырма, Аляксандар Уласаў. Адным з кіраўнікоў мясцовага грамадзка-дэмакратычнага руху быў Флягонт Валынец. У Беларускім народным доме вялася палітычна-асьветная работа, пры ім існаваў драматычны тэатар (кіраўнік А. Каляда). Спэктаклі ставіліся ў будынку пажарнай аховы на Рынку (цяпер галоўны будынак Вялейскага краязнаўчага музэю).
На 1931 год у Вялейцы было 876 будынкаў, дзейнічалі 2 царквы, касьцёл і сынагога, працавалі 7-клясная школа, гімназія, паліцэйскі пастарунак і вязьніца. На 1935 год — 29 вуліцаў, пляц, лякарня, кінатэатар, народны дом, электрастанцыя, ласазавод.
У 1939 годзе Вялейка ўвайшла ў БССР, дзе 4 сьнежня 1939 году стала цэнтрам вобласьці. У гэты час тут было 911 будынкаў, сярэдняя і 2 няпоўныя сярэднія школы, дом культуры, кінатэатар, друкарня, паштова-тэлеграфная кантора, электрастанцыя, 2 лесапільныя заводы, 2 паравыя млыны. Выдавалася абласная «Сялянская газета», у рэдакцыі якой працавалі Максім Танк, Міхась Машара, Натальля Арсеньнева, Ежы Путрамант, Мікола Шыла.
У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 да 2 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Перад акупацыяй сотні зьняволеных Вялейскай турмы былі этапіраваныя ўглыб тэрыторыі СССР. Частку арыштаваных катавалі і расстрэльвалі на месцы. Зь сьведчаньняў Васіля Місюля, дадзеных ў 1954 годзе кангрэсу ЗША:
Калі ўсе ўпэўніліся, што наехаўшыя з Савецкай Расеі бальшавікі ўцяклі, а іх мясцовыя памочнікі пахаваліся, то шмат народу захацела адведаць турму, зь якой уначы выгналі ўсіх арыштованых невядома куды. У турме нашым вачом паказаліся абставіны, у якіх бальшавікі трымалі людзей і якіх нельга забыцца да сьмерці. На ніжэйшым паверху камэры былі высака забалочаныя нечыстотамі, урынай, бруднай саломай. Вышэйшыя камэры былі пазаліваныя нечыстотамі з парашак. Смурод у будынку быў не да вытрыманьня.
На турэмным панадворку была пабудаваная невялікая зямлянка, зь якой ішоў акрываўлены сьлед па зямлі ад нечага цяжкага валочанага ў бок сьвежа закопанай траншэі тут-жа на гародзе. У зямлянцы мы пабачылі моцна апырсканую кроўю сьцяжу, на якой было шмат дзюрак ад куль. На падлозе зь пяском быў аграмадны грыб згусьцелай крыві. Тут стралялі людзей, якіх пасьля цягнулі па зямлі ў траншэю. На другі дзень створаная гарадзкая ўправа, пад кіраўніцтвам Л. Сапешкі, прыступіла да раскопак на турэмным панадворку. Я бачыў як адкапалі адну самую сьвежую траншэю. Тут былі застрэленыя куляй у патыліцу людзі, са зьвязанымі назад калючым дротам рукамі, уложаныя адзін каля другога і прысыпаныя ня тоўстым слоям зямлі. Пласты людзей ляжалі адзін над другім, разьдзеленыя ня тоўстымі слаямі зямлі. Пры мне адкапалі тры пласты яшчэ сьвежых трупаў. Шмат хто з людзей мог распазнаць сваіх родных, ці знаёмых па твары, а ў ніжэйшых пластох — па вопратцы. Далейшых раскопак я ня бачыў, бо на панадворку турмы немагчыма было стаяць дзеля цяжкога паху ад адчыненых магіл. Пры мне было выдабыта больш за сотню трупаў. Распазнаных забрал: і родныя з бліжэйшых вёсак і пахавалі на сваіх магілках. Рэшту ахвяраў перавезьлі на гарадзкі могільнік і пахавалі па хрысьціянскаму абраду.[7] |
||
З чэрвеня 1946 году Вялейка стала цэнтрам раёну (са студзеня 1960 году ў Менскай вобласьці). 13 красавіка 2001 году адбылося афіцыйнае зацьверджаньне мескага гербу[8].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вяльля
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1896 г.
-
да 1910 г.
-
1930-я гг.
Рынак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1890-я гг.
-
1900 г.
-
1901 г.
-
1905 г.
-
1915 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1920-я гг.
-
1919—39 г.
-
1930-я гг.
Вуліца Асіпаўская
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
каля 1900 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1919—39 гг.
Вуліца Менская
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Скарбніца, 1904 г.
-
1915 г.
-
1919—39 гг.
-
Паводка, 1930 г.
-
1930-я гг.
-
1930-я гг.
-
1932 г.
-
Гімназія, 1930-я гг.
-
Фінансавая ўправа, да 1930-я гг.
-
Сынагога, да 1930-я гг.
Вуліца Нароцкая
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Вязьніца, каля 1900 г.
-
Жаночая прагімназія, да 1918 г.
-
Будоўля суду, 5.11.1928 г.
-
Вязьніца, 1930-я гг.
Вуліца Чыгуначная
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Воданапорная вежа, да 1918 г.
-
Станцыя, 23.12.1915 г.
-
Станцыя, 1918 г.
-
Станцыя, 1918 г.
-
Станцыя, да 1919 г.
Іншае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Вуліца Юраўская. Павятовы зьезд, да 1918 г.
-
Могілкавая капліца, да 1918 г.
-
Агульны выгляд, 1918 г.
-
Вуліца Юраўская, да 1919 г.
-
Школа, да 1939 г.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Знойдзеная новая дата заснавання Вялейкі, Vialejka.org
- ^ а б в Пазднякоў В. Вілейка // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 408
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
- ^ Гісторыя ўзнікнення і развіцця Вілейкі, Vialejka.org
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 132.
- ^ Callier E. Bitwy i potyczki stoczone przez wojsko polskie w roku 1831. — Poznań: Drukarnia Dziennika Ponzańskiego, 1887. S. 74. (.djvu) (пол.)
- ^ За Дзяржаўную Незалежнасьць Беларусі. — Лёндан: Выданьне Беларускай Цэнтральнай Рады, 1960. — С. 80—81.
- ^ Геральдика, Вилейский районный исполнительный комитет
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — 480 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 8. Мінская вобласць. Кн. 1 / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2010. — 736 с.: іл. ISBN 978-985-11-0520-1.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście. — Warszawa, 1887.