Гісторыя Бабра

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Панарама мястэчка. Альтанка, 1918[1]

Бобр — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны). Да нашага часу тут захавалася сядзіба Барталамеяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся Мікольская царква (клясыцызм, 1842), зруйнаваная савецкімі ўладамі, і касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (нэаготыка, 1862).

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Бобр датуецца 1516 годам, калі князь Іван Друцкі-Красны адпісаў яго разам з Сакаловічамі і Недаходавым сваёй жонцы Марыне з князёў Заслаўскіх. У 1559 годзе мясьціна згадваецца як уладаньне Хадкевічаў. Захаваўся дакумэнт 1573 году на перадачу Бабра ў заставу швагру Яна Хадкевіча Станіславу Пацу, у якім паселішча значыцца як мястэчка Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. У гэты час тут, паводле інвэнтару, быў 71 дом, дзейнічаў гасьціны двор[2].

Як сьведчыць інвэнтар, у 1614 у Бабры было 180 аселых мяшчанскіх двароў (пляцаў) на абодвух берагах рэчкі. Апрача таго, мяшчанам належала 90 надзелаў ворыўнай зямлі, вымеранай у валоках і моргах, і 16 г.зв. «гуменных» пляцаў пад гаспадарчымі пабудовамі. Сярод уладальнікаў валокаў і гуменных пляцаў сустракаюцца прозьвішчы яшчэ прыкладна 44 мяшчанаў, не пазначаных у ліку ўладальнікаў мяшчанскіх пляцаў. У Бабры існавала царква, сьвятару якой айцу Фёдару належалі пляц і валока, вольныя ад усіх падаткаў. Упамінаецца таксама карчма на Рынку, вадзяны млын з двума коламі і мост, якія здаваліся ў арэнду. У 1699 маёнткам валодаў Бэнэдыкт Сапега, які ў 1700 годзе прадаў яго Яну Казімеру Лендорфу.

Пячатка з гербам места, 1735

У 1733 Бобр перайшоў у валоданьне Агінскіх. На 1743 у мястэчку было 60 дымоў. У 1760 тут збудавалі драўляны касьцёл; мястэчка налічвала каля 100 двароў і было найбольшым з усіх паселішчаў сучаснай Крупшчыны.

1 сьнежня 1762 (паводле іншых зьвестак у 1735[3] кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Бабру Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі дзьве збройныя постаці сьвятых Глеба і Барыса ў каронах»[4].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бобр апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Сеньненскага павету Магілёўскай губэрні. У 1828 у мястэчку пачала працаваць цагельня. У 1842 тут збудавалі царкву, у 1862 — мураваны касьцёл. На 1859 — 67 жылых і 29 пустых двароў, штогод праводзіўся кірмаш.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (18631864) у 1868 з мэтаю маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі ў Бабры народную вучэльню. На 1885 у мястэчку існавалі 2 царквы, касьцёл, капліца, сынагога, лячэбніца на 12 месцаў, народная вучэльня, праваслаўная і 3 юдэйскія школы, 2 млыны, 22 крамы; штогод праводзіліся 3 кірмашы. У 1904 працавалі 2 цагельні. На 1907 — 445 будынкаў. У Першую сусьветную вайну ў 1918 мястэчка занялі нямецкія войскі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бобр абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 Бобр вярнулі БССР. 27 верасьня 1938 статус паселішча панізілі да вёскі, аднак ужо 17 лютага 1941 яно атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 27 чэрвеня 1944 Бобр знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

З 31 сакавіка 1977 году да 18 лютага 2010 году цэнтар Бобрскага пасялковага савету. З 31 сьнежня 2013 году цэнтар Бобрскага сельсавету[5].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Дэмух Я., Ліцьвін А. З гісторыі каталіцкай парахвіі ў Бабры // Малое Палесьсе. Гісторыка-краязнаўчы літаратурна-мастацкі альманах Друцка-Бярэзінскага Краю. — Крупкі, 2012. С. 136.
  2. ^ Насевіч В. Бобр // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 336.
  3. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Крупскага р-на / Склад. і навук. рэд. Дз. М. Хромчанка; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.), Дз. Дз. Карань і інш. — Мн.: БелЭн, 1999.
  4. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 120.
  5. ^ «О переносе административного центра сельсовета». Решение Крупского районного Совета депутатов от 31 декабря 2013 г. № 163(недаступная спасылка) (рас.)
  6. ^ Малое Палесьсе. Гісторыка-краязнаўчы літаратурна-мастацкі альманах Друцка-Бярэзінскага Краю. — Крупкі, 2012. С. 145.
  7. ^ Аляхновіч А. Калі ж нам сьвяткаваць юбілей? // Малое Палесьсе. Гісторыка-краязнаўчы літаратурна-мастацкі альманах Друцка-Бярэзінскага Краю. — Крупкі, 2011. С. 33.
  8. ^ Ржэуцкая А., Ржэуцкая В. Далей Бабра — няма дабра // Малое Палесьсе. Гісторыка-краязнаўчы літаратурна-мастацкі альманах Друцка-Бярэзінскага Краю. — Крупкі, 2010. С. 29.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Бабрасховішча мультымэдыйных матэрыялаў