Перайсьці да зьместу

Гомель — Горкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Трубаправод
«Гомель — Горкі»
Месцазнаходжаньне
Краіна Беларусь
Вобласьць Гомельская і Магілёўская
Агульны кірунак з поўдня на поўнач
Пачатак Бабовічы (Гомельскі раён)
Праляганьне Буда-Кашалёўскі, Чачэрскі, Кармянскі, Чэрыкаўскі, Прапойскі і Крычаўскі раёны
Канец Горацкі раён
Агульныя зьвесткі
Від нафтаправод
Стан пабудаваны
Уласьнік «Гомельтранснафта Дружба»
Праектавальнік «Беларуснафта»
Падраднік «Беларуснафта»
Трубаўкладнік «Нафтаспэцбуд»
Пачатак пракладкі 22 кастрычніка 2020 (4 гады таму)
Кошт 300 млн рублёў (122 млн даляраў)
Тэхнічныя зьвесткі
Даўжыня 207 км
Прапускная здольнасьць 6 млн тонаў за год
Прамер трубы 53 см
Перапамповачныя станцыі ППС «Гомель», ЛВДС «Горкі»
Падвадны трубаправод «Дружба»
Адводы «Унеча — Полацак»

«Гомель — Горкі» — магістральны нафтаправод Беларусі, пабудаваны ў жніўні 2022 году.

29 красавіка 2020 году А. Лукашэнка падпісаў Распараджэньне аб будаўніцтве магістральнага нафтаправода «ГомельГоркі» ў 2020—2023 гадох дзеля дывэрсыфікацыі паставак нафты ў Беларусь. Заказчыкам праектаваньня і будаўніцтва вызначылі «Гомельтранснафту Дружба». Галоўным праектна-падрадным прадпрыемствам прызначылі «Беларуснафту»[1]. Гэты нафтаправод узводзілі дзеля злучэньня завода «Нафтан» у Наваполацку з магістральным нафтаправодам «Дружба», які разгаліноўваўся на паўднёвую частку, якая вяла да Чорнага мора ў Адэсу (Украіна), і на паўночную частку, якая вяла ў Польшчу да Балтыйскага мора. Пабудова перамычкі «Гомель — Горкі» дазваляла пастаўляць нафту на «Нафтан» праз нафтаправод «Дружба» з Чорнага і Балтыйскага мора па рэвэрсе[2].

Трубаправод «Гомель — Горкі» быў 1-м унутраным у Беларусі. Нагодай для будаўніцтва паслужыла нястача паставак расейскай нафты маркі «Ўрал» з Заходняй Сыбіры па нафтаправодах «УнечаПолацак» і «Ўнеча — Мазыр». Са студзеня 2020 году пастаўку расейскай нафты на нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі прыпынілі праз адмову плаціць павышаную цану. 11 траўня 2020 году намесьнік кіраўніка «Гомельтранснафты Дружба» Андрэй Карабань адзначыў: «Новы трубаправод стане свайго роду перамычкай, якая злучае паўднёвую і паўночную ніткі сыстэмы транспартаваньня нафты. Гэта дасьць магчымасьць, ні ад каго не залежачы, ажыцьцяўляць перапампоўку сыравіны паміж Наваполацкім і Мазырскім нафтаперапрацоўчымі заводамі. Да таго ж, мінулай восеньню ў выніку рэарганізацыі ААТ «Полацактранснафта Дружба» на правах філіі ўвайшло ў склад ААТ «Гомельтранснафта Дружба», што робіць аб’яднаньне дзьвюх трубаправодных сыстэмаў яшчэ больш заканамерным». Труба прамерам 53 см дазваляла перапампоўваць да 6 млн тонаў нафты за год, якія мелі скласьці па 30 % пастаўкі з Балтыкі праз Польшчу і з Чорнага мора праз Украіну. Таксама трубаправод «Гомель — Горкі» даваў магчымасьць дастаўляць беларускую нафту з Рэчыцкага раёну (Гомельская вобласьць)[3].

Даўжыня маршруту складала 207 км. Нафтаправод пракладалі ў міжрэччы Дняпра і Сожа бяз водных перашкодаў, каб абысьці водаахоўныя зоны. Адлегласьць трубаправода ад паселішчаў складала прынамсі 150 мэтраў. Пракладвалі трубаправод з поўдня на поўнач у 12 чэргаў. Маршрут браў пачатак у Гомельскім раёне і праходзіў праз Буда-Кашалёўскі, Чачэрскі і Кармянскі раёны Гомельскай вобласьці ды далей Чэрыкаўскі, Прапойскі і Крычаўскі раёны Магілёўскай вобласьці. У Горацкім раёне яго мелі злучыць зь дзейным магістральным нафтаправодам «Унеча — Полацак». Перапады вышыняў на мясцовасьці цягам маршруту даходзілі да 100 мэтраў. Спадарожна прадугледзелі ўзьвядзеньне нафтаперапамповачнай станцыі і перабудову 2-х дзейных станцыяў «Гомель» і «Горкі». Кошт пабудовы разам з запаўненьнем трубы тэхналягічнай нафтай складаў каля 300 млн рублёў (122 млн даляраў) з уласных сродкаў «Гомельтранснафты Дружба» без прыцягненьня пазыкі і бюджэтных грошай[3].

10 чэрвеня 2020 году намесьнік кіраўніка па капітальным будаўніцтве і рамонце «Гомельтранснафты Дружба» Андрэй Карабань паведаміў: «праектныя працы пачаліся ўжо, вядуцца геалягічныя пошукі і геадэзічныя працы, уключаючы падрыхтоўку тэхнічных умоваў на перасячэньне з камунікацыямі»[4]. 22 кастрычніка 2020 году «Нафтаспэцбуд» выканаў 1-е зварачнае шво на трубе магістралі ДН500 каля Бабовічаў на паўднёвы захад ад Гомля. На будоўлі выкарыстоўвалі абсталяваньне арбітальнай зваркі. На адкрыцьці будоўлі намесьнік старшыні ўраду Беларусі Юры Назараў адзначыў: «Гэты інвэстпраект не такі вялікі паводле кошту, але значны тым, што зьвяжа 2 рэзэрвуарныя паркі захоўваньня нафты ў Мазыры і Полацку. Гэта дасьць магчымасьць гарантаваць бясьпеку і манэўранасць 2-х буйных нафтасховішчаў. Мы таксама вядзём іх мадэрнізацыю, павялічваючы карысны аб’ём захоўваньня нафты. Неабходна забясьпечыць пастаянны запас сыравіны і бесьперабойнай працы 2-х беларускіх НПЗ, незалежна ад розных фактараў». Большасьць праектнай і будаўніча-мантажнай працы выконвалі прадпрыемствы канцэрну «Белнафтахім». Праект прадугледжваў уладкаваньне 75 пераходаў праз аўтадарогі і чыгунку, мэліярацыйныя каналы і рэкі. Па лесе мелі правесьці 85 км нафтаправода[5]. Пры зварцы стыку трубаў нафтаправода выкарыстоўвалі робата[6].

23 лістапада 2020 году «Беларуснафта» набыла 2 форвардэры «Амкадар 2662» для пагрузачна-разгрузачнай працы на будоўлі нафтаправода. Форвардэры дааснасьцілі плятформамі з дызэль-генэратарамі, зьменнымі касэтамі для газавых балёнаў і грузавымі крукамі для падыманьня і апусканьня робата арбітальнай зваркі[7]. 19 лістапада 2021 году «Гомельтранснафта» паведаміла, што ў выніку паскарэньня будаўніцтва трубаправод «Гомель – Горкі» мелі здаць у эксплюатацыю яшчэ на 6 месяцаў раней у красавіку 2022 году[8]. 12 жніўня 2022 году старшыня канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў паведаміў пра завяршэньне будаўніцтва нафтаправода «Гомель — Горкі»[9].

  1. ^ Падпісана распараджэньне аб будаўніцтве магістральнага нафтаправода «Гомель — Горкі» // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 29 красавіка 2020 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
  2. ^ Для дывэрсыфікацыі паставак нафты пабудуюць нафтаправод «Гомель — Горкі» // Партал «Наша ніва», 29 красавіка 2020 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
  3. ^ а б Руслан Праляскоўскі. Усе плюсы ўнутранага транзыту // Рэспубліка : газэта. — 12 траўня 2020. — № 7470. — ISSN 1991-5322.
  4. ^ Будаўніцтва нафтаправода «Гомель — Горкі» будзе каштаваць каля Br300 млн і пачнецца 1 лістапада // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 10 чэрвеня 2020 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
  5. ^ «Гомельтранснафта Дружба» пачала будаўніцтва нафтаправода «Гомель — Горкі» // БелТА, 22 кастрычніка 2020 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
  6. ^ Натальля Капрыленка. «Гомельтранснафта Дружба» распачала будаўніцтва нафтаправода «Гомель – Горкі» // Газэта «Зьвязда», 23 кастрычніка 2020 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
  7. ^ Новая тэхніка // ВА «Беларуснафта», 23 лістапада 2020 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
  8. ^ Прапампоўку нафты спынялі, бо тэставалі новую лінію трубаправода ў абыход санкцый // Партал «Наша ніва», 19 лістапада 2021 г. Праверана 22 студзеня 2022 г.
  9. ^ У Беларусі дабудавалі нафтавод «Гомель-Горкі» // Радыё «Рацыя», 14 жніўня 2022 г. Праверана 15 жніўня 2022 г.