Перайсьці да зьместу

Галіна Жураўкова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі


Галіна Жураўкова
3-я кіраўніца справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь
22 лютага 2001 — 10 лютага 2004
Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар Уладзімер Ярмошын (да 1 кастрычніка 2001), Генадзь Навіцкі (да 10 ліпеня 2003), Сяргей Сідорскі
Папярэднік Уладзімер Ганчарэнка
Наступнік Генадзь Лаўранкоў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася19 верасьня 1952 (73 гады)
вёска Бародкі, Чавускі раён, Магілёўская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
АдукацыяВіцебскі тэхналягічны інстытут лёгкай прамысловасьці (1986)
Сужэнец Уладзімер Жураўкоў
Дзеці Сын; прыёмны сын Віталь Пахомаў[1]

Галіна Анісімаўна Жураўкова (нар. 1952; в. Бародкі, Чавускі раён, Магілёўская вобласьць, цяпер Беларусь) — дзяржаўная дзяячка Рэспублікі Беларусь. 3-я кіраўніца справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (2001—2004).

У 1974—1987 гг. працавала на Чавускім раённым камбінаце бытавога абслугоўваньня: інспэктаркай кадраў, кіраўніцай і старшым тэхнолягам. У 1986 г. скончыла Віцебскі тэхналягічны інстытут лёгкай прамысловасьці. У 1987—1992 гг. была начальніцай управы бытавога абслугоўваньня Бярозаўскага раёну(ru) (Ханты-Мансійская аўтаномная акруга, Цюменская вобласьць, Расейская СФСР) і кіраўніцай Белаярскага вытворчага аб’яднаньня (Ханты-Мансійская аўт. акруга, Расея). У 1992—1994 гг. — кіраўніца швейнай фабрыкі «Дзіна» (Вяліж, Смаленская вобласьць, Расея). У 1994—1995 гг. — начальніца аддзела абслугоўваньня дзярж.спэц.мерапрыемстваў Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (КСП РБ). У 1995—2001 гг. — старшыня канцэрна «Белмастацпромыслы» КСП РБ.

22 лютага 2001 г. заняла пасаду кіраўніцы справаў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, на якой заставалася да адстаўкі 10 лютага 2004 г. у сувязі затрыманьнем для расьсьледаваньня крымінальнай справы[2].

На пачатку чэрвеня 2004 г., праз 4 месяцы арышту ў Сьледчым ізалятары КДБ Беларусі, яе выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе за мяжу[3]. На кастрычнік 2004 г. за Жураўкову заплацілі звыш $1,633 млн у якасьці спагнаньня за крадзеж у дзяржаўнага прадпрыемства «Белая Русь» КСП РБ[4]. 2 сьнежня пазоўнік ад «Белай Русі» заявіў суду аб нанесеных стратах у $3,627 млн, у тым ліку пры гандлі цукрам на $3,264 млн (90%), нафтапрадуктамі — на $260 тыс. (7%) і тытунем — на $118 тыс. (3%)[5]. Сьледзтву ўдалося даказаць крадзяжы Жураўковай і кіраўніцтвам «Белай Русі» пры закупе цукру-сырцу за мяжой, нафтавым гандлі і пастаўцы ў Беларусь цыгарэтаў «LD»(en) («Галахер Груп»(en); Ўэйбрыдж, графства Сурэй, Ангельшчына) на $3 626 547[6].

8 лютага 2005 г. Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь вырак яе на 4 гады зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай пасьля зьняволеньня займаць кіраўнічыя пасады цягам наступных 5 гадоў за «завалоданьне маёмасьцю, учыненае службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў, паўторна групай асобаў па папярэдняй змове, у асабліва буйным памеры»[7] (частка 4 артыкула 210 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь)[8]. Да ўсіх 5 асуджаных ужылі артыкул 70 «Прызначэньне больш мяккага пакараньня, чым прадугледжваецца за дадзенае злачынства» Крымінальнага кодэксу Беларусі. Аднолькавае з Жураковай пакараньне атрымалі начальнік управы зьнешнеэканамічных сувязяў КСП РБ Юры Матусевіч і намесьнік кіраўніка «Белай Русі» Аляксандар Мурашка. Па 5 гадоў зьняволеньня атрымалі кіраўнік «Белай Русі» Віктар Асіпенка і начальнік аддзела паставак нафтапрадуктаў «Белай Русі» Сяргей Сьцяпанаў. У якасьці закладу суд канфіскаваў у 4 абвінавачаных, у тым ліку Жураўковай, на карысьць «Белай Русі» $3,251 млн. Таксама суд пастанавіў спагнаць з асуджаных яшчэ каля 425 млн беларускіх рублёў[9] ($197,2 тыс.)[10]. У красавіку 2005 г. А. Лукашэнка памілаваў Жураўкову сваім указам[11].

  1. ^ Алег Грузьдзіловіч. За што былі асуджаныя муж і сын Галіны Жураўковай // Радыё «Свабода», 17 студзеня 2005 г. Праверана 13 сьнежня 2015 г.
  2. ^ Алег Грузьдзіловіч. Былой кіраўніцы справаў прэзыдэнта Г.Жураўковай абвінавачаньне выставяць цягам трох дзён // Радыё «Свабода», 11 лютага 2004 г. Праверана 13 сьнежня 2015 г.
  3. ^ Алег Грузьдзіловіч. Былую кіраўніцу справаў прэзыдэнта Галіну Жураўкову вызвалілі з ізалятару КГБ // Радыё «Свабода», 11 чэрвеня 2004 г. Праверана 13 сьнежня 2015 г.
  4. ^ Алег Грузьдзіловіч. Былая кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова заявіла, што невінаватая ў крадзяжы 3,5 мільёнаў даляраў // Радыё «Свабода», 28 кастрычніка 2004 г. Праверана 13 сьнежня 2015 г.
  5. ^ Алег Грузьдзіловіч. Прадпрыемства «Белая Русь» патрабуе ад Галіны Жураўковай і яе суўдзельнікаў больш як 3 мільёны даляраў // Радыё «Свабода», 2 сьнежня 2004 г. Праверана 13 сьнежня 2015 г.
  6. ^ Алесь Кудрыцкі. Суд без Жураўковай // Наша ніва : газэта. — 11 лютага 2005. — № 6 (412). — С. 1, 3. — ISSN 1819-1614.
  7. ^ БелТА. Галіне Жураўковай вынеслі прыгавор // Зьвязда : газэта. — 9 лютага 2005. — № 22 (25354). — ISSN 1990-763x.
  8. ^ Асудзілі Жураўкову // Беларус : газэта. — люты 2005. — № 505.
  9. ^ Мікола Дзябёла. Жураўкову на Палесьсе этапуюць // Зьвязда : газэта. — 10 лютага 2005. — № 23 (25355). — ISSN 1990-763x.
  10. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2005 год (2 155,13 руб. за $) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2006 г. Праверана 13 сьнежня 2015 г.
  11. ^ БелаПАН. Валянцін Сукала: Лукашэнка памілаваў Жураўкову ў красавіку 2005 году // Радыё «Свабода», 8 лютага 2006 г. Праверана 13 сьнежня 2015 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]